Уранні, як амаль заўсёды, я прачнуўся ад тупату ног Пятра Максімавіча: чымся мацнейшы тупат, тым болей Пятро Максімавіч нечым устрывожаны.
— Можа, на рыбку адскочым, га?.. — сказаў ён мне, калі я выйшаў са свайго пакоя. Мабыць, ён хоча як хутчэй забыцца на ўчарашні казус, падумаў я, а можа, проста любіць возера, бераг, ваду...
Я таксама ўмеў і любіў лавіць рыбу; лічы, з той пары, як і помню сябе, як усвядоміў, што жыву на свеце, магу чуць і бачыць, адчуваць і разумець. Я вырас на Сажы; мой старэйшы брат быў заядлы рыбак, цяпер плавае на рыбалавецкім траўлеры ў Балтыйскім моры; ён часта браў мяне з сабою на Сож; я лавіў у траве цвыркуноў, на кветках — мух і ўсякіх мяккіх кузурак; у чэрвені ў паветра выляталі чорнымі хмарамі касцюры, гэта па-нашаму, а па-навуковаму — аўсянік (эфетэраптэра), яны жывуць усяго некалькі гадзін, адно каб спарыцца, а затым падаюць у ваду, і рыба хапае іх, аж кіпіць рака. З ручаёў я выграбаў шыцікаў — беленькіх маленькіх чарвячкоў у адмыслова склееных трубачках. Калі запас нажыўкі быў вялікі, брат даваў мне вудачку.
Праўда, ужо тады, як жыццёвая плынь адарвала і панесла мяне ад берагоў Сажа, жаданне рыбаліць прытупілася, а можа, і назусім адпала б, калі б не сны: часта і нават вельмі часта я сніў, як цягаю вудаю зубастых шыракалобых шчупакоў ды паласатых, як зебры, акунёў, заўсёды здаравенных, якіх, помніцца, у сапраўднасці ніколі не лавіў. Але як толькі выпадала апынуцца дзе-небудзь каля вады, у душы абзывалася тая даўняя, дзіцячая, хваравіта-салодкая прага да рыбнай лоўлі.
Дык вось, рыбу вудзіць я любіў і ўмеў, а таму абрадаваўся прапанове Пятра Максімавіча. Але першае, што падумалася — гэта: «А як ён будзе лавіць?» Не мог я ўявіць ніводную снасць, з якою мог бы ўправіцца чалавек без рук. Пятро Максімавіч убачыў гэту маю разгубленасць.
— Вудачкі ў мяне ёсць, пад страху падторкнуў. Жылка, кручкі, грузілы, паплаўкі запасныя і ўсё такое... у прыскрынку ў каробцы. — Голас у яго быў нейкі хапатліва-адрывісты, нервовы.
На гародзе за сенцамі, пад цэглаю, я накапаў чарвякоў; замясілі цеста, спырснулі яго алеем.
Возера было вялікае, над ім вісеў рэдкі туман; далёкі бераг ледзь угадваўся, цямнеў тонкаю рудою нітачкаю. Блізкі бераг быў пясчаны, называўся выспаю; сонечнымі днямі тут загаралі людзі, хаця дно ў возеры і глеістае, слізгае пад нагамі, як мыла, а патрывожаная вада зразу становіцца мутна-зеленаватаю, бы сыроватка. Але ўсё роўна Пшонік хадзіў сюды купацца — адно таму, што тут, на зялёненькай траўцы, каля вады, любіў загараць адзін высокі начальнік, і ў Пшоніка была магчымасць лішні раз паказацца таму на вочы, перакінуцца словам ці няўзнак паднесці запалку, стрэсці з адзення наліплыя пясчынкі... А вось, не пайдзі на грэх, прыдасца!
Пятро Максімавіч спыніўся перад белым валуном, што, як нарваны гуз, вытыркаўся з травы метраў за пяць ад вады.
Я ўзяўся наснуджваць вудкі, іх было дзве, а Пятро Максімавіч сеў на валун. Адну вудку, з большым кручком, я закінуў на чарвяка, а другую нажывіў галушкаю з цеста.
— Паменей глыбіню, а то кручок дастае дно, — параіў Пятро Максімавіч.
Паплавок — гусінае пяро — і праўда спакойна ляжаў на вадзе. Я знізаў яго бліжэй да кручка. Чырвоны канец паплаўка цяпер стаяў тырчком, паказваў у неба, у якім плыў, распластаўшыся крыжам і выцягнуўшы тонкія, як цапкі, ногі, вяла пазыбваў крыламі бусел: мабыць, выглядаў жаб.
— Клюнула!.. — Я аж схамянуўся ад пошапку Пятра Максімавіча. Паплавок нахіліўся і дробненька падрыгваў, няйначай, рыба смакавала нажыўку; потым паплавок лёг на ваду і стаў апісваць круг. Па дыханні за спінаю я адчуваў, што Пятро Максімавіч хоча сказаць: «Цягні!» — але баіцца адпудзіць рыбу.
Я тузануў на сябе вудзільна, яно сагнулася: на кручку сядзела рыбіна, валтузілася, як нешта цяжкае, нязграбнае, на глыбіні. Вудзільна ў руках дрыжала, і з вады нарэшце вырвалася рыбіна; бліснуўшы кароценькай маланкаю над галавою, паляцела мне за спіну, напяўшы жылку, шлёпнулася ў траву каля ног Пятра Максімавіча.
Рыбіна была незвычайная, залаціста-жоўтая, з рэдкімі белымі лускавінкамі; спіна вузкая, а галава лабатая, з шырокім, як шклянка, ротам. Я ўпершыню бачыў такую рыбіну і дзівіўся на яе, не беручы ў рукі. Яна ляжала спакойна, як сонная, і адно паварушвала чорным шырокім хвастом, захіляючы яго на сябе, акурат хацела ім прыкрыцца.
— Помесь, — сказаў Пятро Максімавіч, і я зразу здагадаўся, што гэта і ёсць тая рыба-цуд, пра якую шмат гавораць у Рэпкавічах і якая нібыта паходзіць ад карпа і дзікага карася.
Удалы пачатак «завёў» мяне: я ўважліва пільнаваў паплавок. Клюнула на чарвяка — імгненне! — і ёмкі акунь бушаваў у вадзе ў вядры, аж пырскі ляцелі, зіхацелі на траве, як раса, як чые-небудзь слёзы.
Пятро Максімавіч то ўскакваў з валуна, то зноў садзіўся, то падбягаў да мяне, потым адступаў на некалькі крокаў назад, каб цень не клаўся на ваду. Вочы ў яго ашклянела гарэлі густым бляскам, які хаваў у сабе і сінь радужкі, і чорныя зрэнкі, і сам Пятро Максімавіч быў падобны на нейкага казачнага чараўніка. Я, здаецца, ніколі ў жыцці не бачыў, каб чалавек нечым так захапляўся: у такія імгненні, мабыць, для яго нічога, акрамя аблюбаванага, не існуе, усё шматфарбнае і цікавае, прыгожае і брыдкае, што ёсць у свеце і што ў звычайных абставінах магло б уразіць, пралятае міма, як птушка-невідзімка, чалавек як бы выключае сябе з асяроддзя, існуе сам па сабе, як выразаная з кавуна долька.
Сонца паднялося на самую макаўку неба, ліло чыстае, яснае гарачае святло. Дробныя, бы луска, хвалькі бліскалі-калолі ў вочы. Рыба перастала кляваць: паплаўкі ціхамірна зыбаліся, як маленькія загадкавыя чоўнікі.
* * *
Гора крышыць усякія ўмоўнасці, што людзі прыдумалі, каб адчужаць сябе. У Любы нечакана памёр бацька. Наглядна я ведаў яго, а блізка пазнацца нам не выпала. Ён быў нязграбна-тоўсты, з ляніва адвіслым жыватом, цяжка дыхаў, аж сіпела ў грудзях, бы вада ў чайніку на пліце; хадзіў ён павольна, калышучы жыватом, і здавалася мне, што вочы яго глядзяць пагардліва: ці то ад раўнадушша, ці то ад пастаяннай засяроджанасці ў сабе.
Я і хвіліны не думаў пра тое, што першы саступаю. Наша каханне вытрымала праверку пакутлівай разлукаю, і цяпер яму ўжо нічога не перашкодзіць, і ніякія легкадумнасць не разаб’е яго. Я купіў чырвоных гваздзікоў і пайшоў да Любы дахаты. Мяне ўвесь час муштравала пачуццё, што гэта ненармальна — несці кветкі мёртваму. Кветкі ў мяне звычайна вяжуцца з радасцю і прыемным, гэта — сімвал шчасця, любові, поспеху, але не смерці.
Люба сядзела каля бацькавай труны ў чорным плацці і чорнай газавай касынцы з бліскучымі ніткамі; калі яна павярнула твар, я жахнуўся: ён быў белы, нейкі блакітнаваты і зусім пусты без усмешкі; пад вачыма залеглі чорныя дугі. Я дакрануўся да яе пляча і палажыў на стол каля труны кветкі, чамусьці баючыся, каб яны не скінуліся на падлогу.
Нябожчыка я не помню, мне запомніўся толькі падняты над труною вялікі жывот, акрыты белаю прасцінаю. І яшчэ, здаецца, тады я падумаў, што ў свеце паменела на аднаго ветэрана, сумленнага чалавека, а ў Любы, пяшчотнай, чыстай, даверлівай, бы кацяня, дзяўчыны, не стала бацькі...
Замест эпілога
На стары, здратаваны, брудны снег уначы лёг пушыста-мяккі, чысты, цнатлівы. Я ішоў да Любы, беражліва трымаў у руках вялікі букет белых, як гэты малады з начы снег, ружаў. Я быў у цёмна-сінім касцюме (пад паліто) і белай кашулі, пры гальштуку. На нагах на ўсе Рэпкавічы рыпелі новыя лакіраваныя туфлі.
Перад Любіным домам я спыніўся: у садзе проста на снезе сядзелі два снегіры, згіналі дзюбкамі сухія былкі крапівы. Адзін быў яркі, чырвоны, а другі — бледна-фіялетавы, дымчаты. Ад іх саміх, іх мірнага спакою веяла на ўвесь свет цішынёю.
На ганак выбегла Люба і, разгубленая, спынілася.