— Справядловы ў мяне мёд, дзетка, ні грамачка якой лішніцы... На во пасмакуй! — І, пакуль я думаў, як мне смакаваць, яна падчапіла кончыкам нажа мёду з бітона, мазнула мне на руку. Я лізнуў языком — так рабілі ўсе, хто правяраў мёд, — мёд і праўда быў салодкі, густы, пах ліпавым цветам.
— Прадаю, бо нямашака есці каму... Дачка адна, у Ленінградзе яна, дык вядро ўлетку ўзяла.
— Добра, бабуля, начэрпайце мне слоік.
Па дарозе я купіў яшчэ дзве бутэлькі малака.
Было па-ранейшаму ціха, неба зусім ачысцілася ад хмар, ясная сінь калола вочы, і мне хацелася пабыць на вуліцы. Але хіба я мог аддацца на волю гэтага жадання, калі мяне чакаў Пятро Максімавіч.
Я спарыў малака, падмяшаў мёду і даў Пятру Максімавічу абматаную марляю конаўку.
Можа, праз якую гадзіну ён паклікаў мяне і сказаў, што яму стала лягчэй глытаць, не чуецца вострых, як цвікі, штуршкоў у патыліцу.
— Сумна, — сказаў ён. — Пасля хваробы заўсёды так...
— А ў мяне спатканне, ды я не ведаю, як...
— Ну што ты!—ледзь не падхапіўся з ложка Пятро Максімавіч. — На мяне не глядзі. Я ўжо ачуняў. Дзякуй табе! Ад любой хваробы душа чалавечая вылечвае лепш за ўсякія таблеткі... Улічы гэта, ты яшчэ малады во... Дык, можа, і жаніцца ўжо надумаў? — Пятро Максімавіч хітравата прыжмурыў вочы. — Справа патрэбная, але... Мае вунь хлопцы, два малодшыя, у тых нібыта трохі пакладлівей жонкі, а ў Сцяпана... Так ужо яго пякла, так пякла, чуць што: ты такі, ты сякі, гультай, няўмека... Цярпеў! Ды другі на яго б месцы з ходу рукі развязаў бы. А Сцяпан наш прыкладу такога не меў... Нават сварак нашых з маткаю не чуў, ні папрокаў ніякіх. А што ёй, Галіне маёй, не было ў чым мяне папракаць? Ого-о-о!.. Зразу, як сышліся, мы ў вёсцы жылі, у бацькоў маіх. Я кароў калгасных пасвіў, пужку пад паху і за імі... З помаччу старых так-сяк перабіваліся, а памерлі яны... Застаўся я, як кажуць, нуль без палачкі. Які з мяне гаспадар? А трэба і сена, і дровы, і гарод... Пераехалі мы ў горад. Нялёгка нам было абжывацца, будавацца — выдзюжылі. — Вочы ў Пятра Максімавіча пасумнелі, мабыць, ён нанова перабіраў у памяці перажытыя гады.
— Мой бацька дык амаль усё можа рабіць, толькі за плугам не паспявае...
— З рукамі лягчэй, канечне... Як паедзеш, перадаваў прывітанне бацьку. А наконт жаніцьбы, то мая табе парада: абавязкова паглядзі, які ў тваёй дзяўчыны род, што за бацькі, ці правільна жывуць... Ведаеш, усякія махляры бываюць.
— А вы, мабыць, павінны ведаць яе бацьку. Начальнік вузла сувязі...
— Арцюшкевіч? Ну, канечне! Мужчына талковы. І жонку яго ведаю, у банку працуе... Адно каб гультайкаю яна не была... Яны, гэтыя Арцюхі, у дастатку жывуць.
— Ды не як быццам, не гультайка...
— Ну, глядзі! — кіўнуў падбародкам Пятро Максімавіч. — Бяжы на сваё спатканне і не думай нават пра мяне.
Як лёгка ўсё-такі з людзьмі, якія цябе разумеюць з паўслова!
Мы з Любаю ўбачыліся, як і дамаўляліся, каля Дома культуры, з якога мінулаю зімою адпраўлялі мяне на вайсковыя зборы. Яна была ў блакітнай мяккай куртцы, перацятай у поясе вузкаю дзяжкаю; на нагах чорныя бліскучыя боты з высокімі халявамі, якія шчытна абліпалі ікры («лытка» рэжа вуха грубаватасцю). Вочы ў Любы іскрыліся, і па іх як найлепей чытаўся яе настрой, трохі, мабыць, залішне бравурны, прынамсі, мне, стомленаму, знерваванаму, так здавалася.
Цямнела хутка. Галіны таполяў хісталіся, і разам з імі хісталіся зоркі на чорным небе, таго і глядзі, упадуць. З высокага коміна над кацельняю падымаўся белы, шчытны, як вата, дым: на мароз. Заўтра ўранні на траву, плот, стрэхі, мабыць, зноў ляжа іней, і калі выблісне сонца, будзе раставаць, сплываць да нізовін празрыстаю, тонкаю смугою.
— Холадна. Хадзем у наш клуб, — сказаў я неяк суха і рацыянальна, і мне самому не спадабалася.
Клубам мы называлі бакавушку пры рэдакцыі, дзе захоўвалася папера, старыя падшыўкі газет, паламаныя крэслы, стол; іншы раз хлопцы забіраюцца туды, каб спакойна пасядзець, напісаць матэрыял. Усю дарогу мяне грызла віна, што, можа, пакрыўдзіў Любу.
З акна рэдактаравага кабінета святло падала на куст бэзу: галіны голыя і белыя, як абгрызеныя зайцам. Учора была сесія райсавета, і рэдактар, мабыць, піша з яе справаздачу: пленумы, сесіі, нарады — гэта яго «хлеб». А можа, проста гартае іншыя «раёнкі», што дасылаюцца ў рэдакцыю і якія па яго просьбе акуратна падшывае чамусьці не сакратар-машыністка, а карэктар — тая маўклівая дзяўчына з меланхалічным сумам на твары, якой Альбуціна прызналася, што пасылала свае творы вядомаму пісьменніку.
Я адчыніў дзверы ў кабінет рэдактара; Люба засталася на калідоры. Рэдактар — худы, высокі, з кароткімі светлымі валасамі, зачасанымі ўверх, — стаяў пасярод кабінета: мабыць, пачуўшы стук уваходных дзвярэй, хацеў праверыць, хто прыйшоў.
— Маладое дзела! — міргнуў ён, калі паслухаў мяне. — Можаце пагрэцца, такая халадзіна...
Ён паспрыяў мне не толькі ад спагады, як паказваў, а яшчэ і па разліку: маўляў, дазволю і тады буду мець жывенькі факт з тых правінак падначаленага, якія потым вымушаюць ліслівіць і закрываць вочы на промахі ды недахопы начальніка.
Мы зайшлі з Любаю ў вузкі прадаўгаваты пакой з дзвюма глухімі сценамі. Пад нагамі суха зарыпелі масніцы. Святла не ўключалі: на акне вісела старэнькая штора, і праз яе знадворку цадзіўся морак. Я добра бачыў Любу і нават тое, як блішчаць у яе вочы.
Было ціха, адно за сцяною час ад часу кашляў рэдактар. Мы селі за стол. Я дастаў з кішэні дзве шакаладкі; мы адломвалі па маленечкім кавалку і лажылі ў рот: я — Любе, яна — мне.
Калі мы цалаваліся, нашы вусны былі салодкія, і здавалася, мы не цалуемся, а п’ём-цягнем са шклянкі вільготны тугі цёплы мёд. Я незнарок зачапіў на стале стары вазон, ён упаў, стукнуўся аб падлогу і, гліняны, разбіўся на дробныя чарапкі. На шчасце? На калідор, чуваць было, выйшаў рэдактар, потым зноў вярнуўся ў кабінет.
Наша каханне было чыстае, маладое, але ўжо спелае і салодкае, бы яблык; і цешыліся мы ім спаўна, радаваліся, хаця, у адрозненне ад яблыка, вяршыня кахання — блізкасць — і лічыцца забароненым да пары да часу плодам; хто ведае, а можа, каханне, сапраўднае, мае адзін-адзіны міг найвышэйшага шчасця, які не варта выпускаць і ў які закаханыя павінны спапяліць сябе на яго агні. Колькі загадак яшчэ ў чалавечай душы?
Маўчаннем вялікі цяжар кахання не вытрымаеш — не адбудзеш. Гэта я ведаў. І адчуваў, што Люба чакае ад мяне слоў. І я не здзівіўся, калі яна, апускаючы вейкі, спытала: