— І няпраўду кажаш. Я пастаянна думаю пра цябе. А хіба можа так быць, калі між намі пустата? Можа, мы, маладыя-дурныя, нешта не разгледзелі ці нешта нас стрымала. Не анёлы ж мы. Галоўнае — не зацінацца, а выпраўляць памылкі.
— У цябе дачка, Коля...
«Усё!.. Яна не саступіць. І чаму я не падумаў пра гэту яе ўпартасць? Што ўсё-ткі яе стрымлівае: ці боязь да смерці іграць незайздросную ролю разлучніцы, ці чаканне таго, свайго Адзінага?»
Я выйшаў з хаты, бы з туману, і позірк мой зразу чамусьці ўпаў на грэцкі арэх. На маленечкіх чорных, бы вугаліны, арэхах слупкамі стаяў снег. Я доўга глядзеў на арэхі і на снег: вузельчыкі арэхаў былі зморшчаныя, неразвітыя, і ў душы ў мяне прачнуўся і зноў зашчымеў з новай сілаю даўні боль. Мне так хацелася шчырасці, спагады, чысціні...
Па сцежцы да раз’езду мяне праводзіў Босы: ішоў адзаду, пята ў пяту. Я пачуў далёкі свісток дызеля і спыніўся: «А куды мне ехаць?» Хутар адсюль, дзе я спыніўся, быў яшчэ відаць. Да Мінска намнога-намнога далей, ды не адлегласць мяне палохала.