— Ды што — дзеці, дзеці... — Дзядзька Іван сцяў зубы і на пашчэнках пад скураю суха выступілі жаўлакі — сведчанне злосці. — Ты кусай, кусай... — Голас у яго нечакана аслаб, памякчэў, і мне стала чамусьці непамысна, што іменна цяпер дзядзька Іван звярнуўся да мяне. — Я, па совісці сказаць, ніводнай жэншчыны не пазнаў. Да вайны малы, у парцізанах не да любошчаў было, а пасля... Скажу, маменты выпадалі. Я ж не крычаў усім, што ў мяне... значыць... А бачаць, малады, здаровы.
Помню, на падсочцы рабіў. Адборнікам шчоўк ды шчоўк ля сосен... каб смала цякла. А Рыпіна з Бакунавіч ету смалу выбірала з прыёмнікаў... Тожа маладая баба, удава, ці не двое дзетак у яе. Мужык спіўся і падох у лужыне, як сабака. А баба красівая, ногі такія таўстыя... лыткі во па гарлачу. Ну, ета самае, каб не бегаць двору, з сабой бярэш чаго перакусіць. Кусануў якога сала з хлебам, гурок, дый ладна. А тут і граза нахвацілася, ды такая, што сосны хадуном ходзяць, гнуцца... ну трава, і ўсё. Вада валам пайшла, па кароўскіх сцежках асабліва. Я ў імшанік... там бочкі-дошкі ўсякія, сталы, дзе смалу ачышчаюць, стаяць. Сядзіць там Рыпіна. Намокла ўся, спадніца во да сцёгнаў прыліпла, і каленкі голыя блішчаць... Цяпер у дзевак нейкія вострыя, а то круглыя, як боханы. Ну, што, я паглядзеў толькі... «Змоклі во, пагрэцца нада, — кажа яна,— у мяне якраз бутылка ёсць... — Дастае з сумкі. — Ягаднікі з горада далі, за ўслугу, што паказала, дзе ягад многа, чарніц... Сілаю ўпёрлі ў сумку і пайшлі». Ну, хто ета адмовіцца ад дармовай чаркі. Выпілі мы, тады яшчэ раз... Глядзіць-глядзіць на мяне Рыпіна. Ведама ж, баба маладая, і без мужыка. А я, па совісці сказаць, усякай пустатой забаўляю яе, бытта ў мяне і думкі ліхой няма. Яна мяне і слухаць не хоча, от... «Іван, — кажа і руку на плячо паклала, а ў вачах, каб ты бачыў, такая вінаватасць... не, не вінаватасць, а нешта нападобія таскі. — Дождж не скора шчэ кончыцца. Дык, можа, і абначымся тут?..» Ужэ на вечар было дзела. Мяне з цяпла ў холад, па совісці сказаць... Во папаўся заяц! Сяджу, маўчу, не знаю, што рабіць. Думаю, дай пацалую, можа, адчэпіцца на етым. Дурны, як бот... канечне. Етым толькі растравіў яе. Пацалаваў, а яна і раскісла ўся перада мной, шэпча... я ўжо не помню, што яна мне шаптала, нешта харошае, ласкавае...
А я маўчу, не скажу ж ёй, што ў мяне... што я не магу. Гордасць жа ёсць, ну... мужчынская. Я і кажу ёй: «Совісна, Рыпіна, не красіва будзе... Мы жа з табой не мужык і жонка, каб...» Яна мне тады па мордзе, па мордзе — і выскачыла на дождж. А я сеў у цёмным куце, за бочкамі, і заплакаў. У вайну, смерці бачыў — не плакаў, а тут заплакаў, — выдыхнуў дзядзька Іван і горка зморшчыўся.
Сцяпан Кузьміч сядзеў ужо за сталом і таксама чуў канец споведзі.
— Любоў ета прырода, а прырода — вялікая сіла,— нечакана сказаў ён з філасофскаю строгасцю і з нейкай дзіцячаю бояззю трапіць неўпапад.
Я, яшчэ юнак, нейкім падсвядомым чуццём разумеў, што ў сутнасці ўсяго, чаго чалавек дабіваецца, чым жыве і куды імкнецца, ляжыць вялікая сіла Любоў, у якой каханне да жанчыны займае, мабыць, не першае месца.
* * *
З той пары мінула пяць гадоў. І зараз я мушу здзівіць чытача тым, што з Зінаю мы не пажаніліся. Як часта бывае, спярша ўсё ішло на гэта, і «счастье было так возможно, так близко», пажылыя жанчыны на рабоце адкрыта гаварылі, што мне страшэнна пашанцавала: Зіна будзе добрая жонка, працавітая, не разбэшчаная, ніколі не скажа крыўднага, душа ў яе мяккая, ласкавая. Адна жанчына дык проста з харошаю, як мне здалося, зайздрасцю пашкадавала, што Зіна не падтрапілася яе сыну. Наколькі ведаў я Зіну, так яно і было, і, гаворачы пра яе з ухвалою, ніхто ні на макулінку не перабольшваў. Аднак у каханні, як і ў кожнай пачуццёвай з’яве, назіраецца дыялектычны працэс: з аднаго боку, час і сустрэчы яму спрыяюць, як дождж траве, яго мацуюць, з другога боку (і гэта амаль непрыметна), ёсць сілы, што, падобна эрозіі, раз’ядаюць і падточваюць яго. Мне асабіста імпануе думка, што ад знаёмства да шлюбу крок павінен быць найкарацейшы. У нас ён зацягнуўся, і — мы рассталіся, праўда, без абраз, спрэчак і звадак, чаго звычайна ў падобных сітуацыях цяжка мінаваць; мы проста зразумелі, што нам, у адным хамуце, будзе нязручна і не пад сілу цягнуць рыпучы сямейны воз. Кожнаму свайму ўчынку чалавек шукае нейкую — як тут сказаць? — падкладку, і калі не з безагляднаю ўпэўненасцю, то ў душы абавязкова апраўдвае яго; з гэтых апраўданняў, здаецца, і нараджаецца тое, што мы называем чалавечымі слабасцямі, ці — апошнім часам — комплексамі.
Усё выяснілася, калі Зіна з рэдакцыі, дзе працавала сакратар-машыністкаю, перайшла на наш філіял завода «Калібр»: я падшукаў ёй пасаду інспектара-кантралёра; мы апынуліся ў адным калектыве, сярод адных людзей.
Наіўная, чыстая, як ліст паперы, хутаранская душа, яна, Зіна, часта трапляла ў няёмкія сітуацыі, чырванела, як неўрастэнічка, гублялася не тое што перад нахабствам, з якім на людзях не так ужо і рэдка сутыкаешся, а перад любою (нават не насмешкаю) усмешкаю, заўвагай, проста словам. Мне, «пашліфаванаму» вялікім горадам, студэнцкім інтэрнатам, вядома, было прасцей арыентавацца сярод людзей, у іхняй усякай там моўнай эквілібрыстыцы — ад звычайнае бяскрыўднае рэплікі да ядронае пахабшчыны. І часам, калі не бачыў іншага выйсця, я стараўся сваімі паводзінамі, жартамі паказаць ёй, як можна натуральна глядзець на людзей ды іх выбрыкі, — гэта яе злавала, калі не сказаць болей, «яна гатова была расплакацца, і здавалася мне, што ў такія моманты яна проста ненавідзіць мяне: твар яе блажэў на белае, а вочы станавіліся чужымі і далёкімі. Мне страшна было гэта ўразумець, і я нейкі час адганяў ад сябе думку (але ў непазбежнасці ёсць свае законы): што Зіна — чалавек, які аніяк не хоча прымаць у людзях заган. Уявіце, як цяжка не тое што жыць, а нават гаварыць з ёю, і якія ж мы дурныя ды недалёкія, калі з першага позірку даём незнаёмаму чалавеку ацэнку. Да таго пераходу на наш філіял Зіна здавалася мне зусім-зусім іншаю, а пасля я ўверыўся, што яе так званая пакорлівая рахманасць ішла ад абмежаванасці, ад бедных, няхай і самых чыстых, уяўленняў пра свет чалавечай душы, і гэта ў яе так урасло, што яго наўрад ці пахіснеш, яно, як маладое дрэва, будзе гнуцца, ківацца на ўсе бакі, але стаяць незварушна на месцы.
Я тым часам ішоў далей, хоць і з аглядкаю, але перамежак між намі няўмольна даўжэў і расцягваўся... А неўзабаве я пераехаў (па службовых прычынах) у Мінск. Перапіска наша, як перш сустрэчы, напачатку была частай, нават цікавай і чуллівай, потым патрэба ў ёй стала глушэць, асыпацца халодным попелам раўнадушша, а праз месяцаў восем яна ўвогуле абарвалася, як нітка, у якой заўсёды недзе ёсць канец.
І вось праз пяць гадоў мне пазваніў Жур, былы калега па рабоце ў Зялёным. Прапанаваў сустрэцца. У канцы змены ён чакаў мяне каля прахадной. У чорным кажуху з белаю аблямоўкаю, такі ж ладны, дужы, з шырокім тварам і кучараваю грываю за плячыма, які помніўся мне ад пачатку знаёмства. І нават у куточках вачэй, каля носа, раслі тыя ж кутасікі цёмных валаскоў, якія заўсёды нагадвалі мне птушку драфу — у яе абапал дзюбкі тырчаць даўгія вусы.
Мы павіталіся.
— Ну, якім ветрам цябе занесла сюды? — спытаў я, адчуваючы, што іменна з гэтым пытаннем прыйшоў да мяне Жур.
— Уладкаваўся на працу.
— У Мінск? — чамусьці здзіўлена перапытаў я.
Жур засмяяўся, і ў куточках вачэй заварушыліся валаскі: ад задавальнення, маўляў, і мы не лыкам шыты.
Жур расказаў сваю гісторыю, якая, калі чэсна, мяне не здзівіла. Ён палаяўся ўшчэнт з дырэктарам філіяла, і той выжыў яго, а мякчэй сказаць, стварыў такую псіхалагічную атмасферу, што Жур вымушаны быў звольніцца. Вінаваты ва ўсім, на маю думку, не хто іншы, а сам Жур; чалавек няўступчывы, бескампрамісны і да таго ж яхідны, ён належыў да групы тых людзей, якія, павесіўшы на сябе ярлык змагара за справядлівасць, шчырасць, лезуць ва ўсё і да ўсіх са сваёй дробненькай праўдачкаю, якая не мае нічога агульнага з тым высокім і жыццесцвярджальным сімвалам, што стаіць за словам «праўда», а толькі шкодзіць справе, уносячы нервовасць і мітусню ў адносіны між людзьмі.
— Ды ён падонак, падонак ён! — абураўся Жур, а я думаў, што ўсё наадварот, і словы гэтыя можна смела адрасаваць іх аўтару. — Дрыжыць за сябе, за сваё месца. Бесчалавечны, на людзей яму напляваць... — Шчокі ў Жура вачавідкі наліваліся чырванню.
Я не пярэчыў, моўчкі слухаў, хаця, падтакваючы яму, Журу, мог успомніць, што і мне дырэктар філіяла патузаў нервы, калі я звальняўся: не хацеў адпускаць, давёў справу да райкома партыі, і ў мяне адбылася не вельмі прыемная размова з першым сакратаром, якая і дасюль мутным асадкам калышацца ў душы і якой магло б не быць, калі б дырэктар загадзя не нашаптаў на вуха, што я нібыта хачу «збегчы».
— Работу я знайшоў у... — назваў прадпрыемства.— Толькі ты ўжо нідзе не гавары, а то яшчэ дойдзе да таго ідыёта, можа пазваніць... — І нечакана (Жур на гэта мастак) спытаў: — Ці ёсць у цябе хто са знаёмых, каб прапісацца? Ведаеш, праблема...
— Яшчэ якая! — згадзіўся я, прыпамінаючы, што і сам з паўгода не мог прапісацца, дык жа быў халасцяком, а Жур — сямейны, жонка і сын. — На тры чалавекі наўрад ці знойдзеш лішнюю плошчу.—У Жура, ведаў я, у Зялёным уласны цагляны асабняк з верандаю, хлеў, гараж (для матацыкла з каляскаю), і таму прапанаваў яму: — А ты размяняйся — сваю хату на кватэру ў Мінску.
— Ды я... — Жур запнуўся, паказаў на лаўку ля газетнага кіёска. — Хадзем прызямлімся. Ведаеш, і ў мяне такая думка была, нават пенсіянеры знайшліся, якія далі згоду пераехаць у Зялёнае... У іх двухпакаёўка, вялікая — трыццаць шэсць эм. Раён добры...
— Ну дык за чым справа? Скажу табе, нічога не губляеш. Зялёнае — такая глушэча, забітаўка...
— Жонка рогам упёрлася — хоць у лоб страляй. Хоча, каб яшчэ дзесяць тысяч даплацілі... Кажа, яны, старыя, купяць дом, а потым прададуць тысяч за трыццаць ды пераедуць да дзяцей сваіх жыць.
— Ну і што ёй да гэтага?
— Дык во скажы ж! Плачацца, там ні градкі, ні куронка-свінёнка... Знаеш, як ёй вясковай ад кораня.
— Павер мне, браце, варыянт добры. Упусціш — будзеш шкадаваць.
— Ну, баба! — раптам вылаяўся Жур і сцяў кулакі. — Прыеду, звяжу к чортавай мацеры і забяру дакументы. Яна мне ўсё жыццё поперак дарогі стаіць, параноікам хутка зробіць. А я адчуваю, што магу дабіцца многага. На філіяле мне ўжо нічога не свеціць...
— Што там яшчэ ў Зялёным новага? — спытаў я, калі Жур супакоіўся, з твару адліла чырвань.