У лесе пад елкамі ляжаў снег, усыпаны ржаваю ігліцаю, на камлях застыла жоўтая сухая смала; з лаўжа бязладна тырчалі чорныя сукі, акурат вужыныя галовы... Дарэчы, пра гэтых вужоў. Не так сабе я пра іх падумаў. Днямі, сярод сумных сноў пра Зіну, прысніўся і гэты. Нібыта я натрапіў на краі поля на клубок чорных змей. Поўзаюць — я хачу ўдарыць палкаю, але яны хаваюцца пад бульбоўнікам, у траве, паяўляюцца новыя, усё нейкія рахманыя, спакойныя... І тут прыбягае мая дачка, носіцца па бульбе, а мяне страх ахінае, каб не наступіла на змяю. Змеі шыпяць проста каля яе ножак, і я прымяраю, на якой вышыні яны дастануць укусіць: ведаю, чымся бліжэй да галавы, тым небяспечней. Да чаго б гэты дурны сон?
Мне стала вусцішна, і я мацней прыціснуў да сябе бярданку. Свістаў і зваў Босага. У адным месцы здалося, быццам яго рудое цела мільгнула між куп’я, пасля па слядах убачыў, што спудзіў лісу. Босы — калі быў дзесь паблізу — зацахліў бы. Знаць, не пайшоў за мной, знаць, вярнуўся на хутар. Мабыць, чакае гаспадара і баіцца прапусціць момант, калі той заявіцца. А што будзе, калі Зіна з маці пераедуць у Вербіж? Няўжо Босы застанецца тут на хутары? Канечне, застанецца. Пісалі ж неяк у газеце, што сабака, аўчарка, два гады чакаў свайго гаспадара на аэрадроме, з якога той паляцеў на самалёце.
Мне было непрытульна тут, у змрочным лесе, далёка ад сям’і, думаць, што жыццё ў сваім цячэнні няспыннае і ў логіцы сваёй непарушнае і што са змроку чалавек заўсягды выходзіць да святла... І шмат яшчэ аб чым думаў я ў гэты свой паход у лес, і радасна мне было за Зіну, нягледзячы ні на што, і шкада самога сябе, а можа, і не сябе, а падобных да мяне людзей, якія, бы ўклейкі на крошкі хлеба, кідаюцца, мітусяцца, шукаюць у высях сваю жар-птушку, ды яна, мабыць, зусім не ў высях.
Я выйшаў нарэшце з лесу на поле, на чысты і белы снег — і зажмурыўся.
* * *
Подласць і ёсць подласць, яна — адна, а шляхоў-дарожак у яе шмат. Як у мурашоў, што выпаўзаюць з аднае глыбокае чорнае норкі.
Вярнуўшыся з Зялёнага, я некалькі дзён хадзіў як апушчаны ў ваду. Меланхалічны змрок асеў на мяне страшэннаю сілаю, якая душыла і ўночы. Я баяўся глянуць у люстэрка, ды яскравейшым у свеце люстэркам мне служыла цяпер жонка, «мой разумечык», і па яе твары я чытаў усё, што было напісана на маім. Яна ківала галавою, хмыкала, але маўчала — да пары да часу: у жаночай гордасці таксама ёсць мяжа.
— Што? — пытанне гарачым недакуркам сарвалася з яе губ і ўпілося мне ў сэрца.
— Ты мела рацыю, калі гаварыла, што сям’я — святое дзела, — сказаў я з нястрымнаю дрыготкаю ў голасе: не мог, змучаны перажываннямі, саўладаць з сабою. — У любой сітуацыі дачка застаецца маёй дачкой. Але... Ты павінна зразумець мяне да канца.
— Я слухаю, — жонка, як прадчуваючы замах на яе гонар, села ў крэсла, і вочы яе сталі налівацца нейкай калючаю, яхіднаю помслівасцю.
— Мы не будзем з табою разводзіцца, але я... Я проста не магу не паехаць туды... на хутар, да Зіны.
Я ўбачыў, як у жонкі пачалі імгненна звужацца зрэнкі, у мяне гэты час, адчуваў, яны расшыраны, як у вар’ята. Я і праўда, мабыць, нёс лухту.
— Я не ведаю, што мяне там чакае. Канкрэтна Зіне я нічога не гаварыў. Яна павінна мяне зразумець...
— Дык гэта ж самая вялікая подласць! — сутарга перакрывіла жонцы прыгожыя, поўныя вусны, на сярэдзіне якіх фарбу забрала цыгарэта. — Гэта я не дарую табе ніколі. Ты — здраднік! Разумееш, самы подлы на свеце здраднік!.. Як я магла пражыць з табою цэлыя тры гады? Жах!..
— Марына! Марына, сядзь!.. — здаецца, і мяне пачала біць істэрыка. — Жыць без кахання — таксама подласць. Адказнасць, скажаш? Так. Але яна не зніжаецца ў цябе ад таго, што ты выйшаў з дому на вуліцу і доўга не вяртаешся. Я выходжу іменна на вуліцу, а не з сям’і.
— Не! Я справу гэту не кіну так, я пайду к табе на працу, к дырэктару. Хай разбяруцца. Ты — амаральны тып! Як я гэта зразу не разгледзела? Дурная баба!
— Чалавек усё жыццё памыляецца, і толькі гэта прымушае яго шукаць ісціну, а ісціна адкрываецца толькі перад смерцю. Можа, і я памыляюся.
— Ты не круці хвастом. Я дала табе волю, я старалася ўсё зразумець. А цяпер я не хачу цябе слухаць! Так... — у яе надзіва хутка параўнеў голас. — Або заяву на развод — і тады ты можаш прыходзіць да нас... дачкі. Проці закона не папрэш. Або вымятайся — і ні кроку сюды.
Я дасюль не магу зразумець, што мяне падбіла выбраць другі варыянт. Можа, няўпэўненасць у тым, што намысліў? А можа, наадварот — упэўненасць! Я быў сляпы і бязглузды, як кацяня. Са мною ніколі такога яшчэ не было, каб я кідаўся безразважна ў нейкую крайнасць. Няўжо так хутка сасмыкваюцца на нішто ў чалавека нервы?
Праз два дні, сказаўшы на працы, што, можа, буду звальняцца, я зноў паехаў у Зялёнае. Можна ўявіць, якою доўгаю, быццам у ад, неймаверна пакутліваю здалася мне дарога...
— Ты зноў? О, божа!.. — прастагнала Зіна, адчыніўшы мне дзверы, і апусціла сашчэпленыя ў пальцах рукі. У хаце была і маці — Галіна Сямёнаўна: сядзела пры акне і правярала сшыткі. Здаецца, з твару яна не змянілася, а калі змянілася, то на лепшае — як бы пагладчэлі, расправіліся шчокі; нешта новае, насцярога, ці што, была ў мяккіх, шэрых вачах.
Сутнасць маёй блытанай гаворкі Зіна ўлавіла па першых сказах, вочы яе сталі адчужацца, і яна заматала галавою.
— Ты што, не кахаеш мяне? — я ўжо вымушаны быў пайсці на абразлівую адкрытасць.
Зіна задумалася.
— А чаму мы не пажаніліся? — пытаннем на пытанне адказала яна.
— Па маладосці ўсё бывае. Галава ходзіць кругам, а сэрца рвецца ўдалеч. Вось і разлучыліся.
— У цябе сям’я, Коля. Ты што? Прачніся...
— Бывае, што і не адну сям’ю чалавек заводзіць,— сказала Галіна Сямёнаўна, якая дасюль маўчала, і мне здалося, што яна падтрымлівае мяне, а не дачку.
— Не і не! — Зіна заўсягды была да тупасці ўпартая, але надзіва спакойная, у роўным настроі. — Нам нечага з табою папраўляць, Коля... Мы нічога не разбуралі...
«Што цяпер рабіць? — думаў я, ушчэнт разгублены. — Няўжо ў яе душы нічога не засталося ад нашых сустрэч?»