У іх, я прымеціў раней яшчэ, з любой нагоды разгаралася перапалка — нязлосная, без абраз, проста, мабыць, кожны меў сваю цвёрдую думку на адну і тую ж з’яву ці прадмет, што зацятаю супярэчлівасцю наўрад ці можна было назваць.
— Я, каб мая воля, не толькі ракеты, а і ружжы забараніў бы. — Сцяпан Кузьміч увогуле быў чалавек негаваркі, але норавам круты і таму збоку мог здацца жорсткім, хаця ў сутнасці меў душу мяккую і тонкую. Я, канечне, мог адно меркаваць так, а дзядзька Іван, пэўна ж, ведаў яго і таму вельмі не заядаўся. Больш таго, праз нейкі час, надзіва мне, яны прыйшлі да згоды, мусіць, вельмі рэдкай, а можа, і першай увогуле, і лаялі не адзін аднаго, а некага трэцяга. З усяго іх крыку я зразумеў тое, што яны разносілі ўшчэнт «буржуяў, етых дурняў набітых, якія робяць ракеты, акурат бліны пякуць...».
Рахунак з вайною ў дзядзькі Івана асаблівы: прайшоўшы яе ад пачатку да канца (партызаніў на Прапойшчыне, потым у 43-м іх атрад уліўся ў 362-ю дывізію генерала Далматава) і застаўшыся жывым, што само па сабе было ўжо вялікім шчасцем, ён, аднак, шчаслівым сябе не лічыў: лёгка паранены, аказаўся пустым — без галоўнага мужчынскага козыра. Пакутаваў ад гэтага шмат, надта ў маладыя гады, і дасюль жыве бабылём, гэтакі чырванашчокі жылісты краж. І таму зазвычай, калі размова заходзіла пра вайну (апошнім часам гэта здаралася часта), ён сціскаў кулакі, аж кіпелі вочы, і на вуснах выступала сінька; у такія хвіліны падобны да вар’ята, ён, здавалася, быў раззлаваны на ўвесь свет. «Ракет настаўлялі па ўсёй Еўропе, ліха іх!..— ён глушыў паветра сваім ёмкім кулаком, быццам трушчыў усё ненавіснае яму. — Хай у мяне дзяцей няма. А ў каго дзеці, па совісці сказаць?!»
Я, прыпёршыся да сасніны, моўчкі слухаў дзядзьку Івана, і такой жахлівай недарэчнасцю, самай бяздарнай чалавечаю дурасцю здаваўся мне тут (сярод блакітнай, чыстай белізны, тоненька-шклянога, празрыстага паветра, у якім нерухома застылі галіны сосен) факт, што ёсць на зямлі цывілізаваныя, жалезна-бяскроўныя дыназаўры, якія ў сіле не толькі спляжыць на попел зямлю, а і мяне сцерці ў парашок, мяне, зусім маладога, што так мала пабачыў і паспытаў красы, што яшчэ толькі саспеў для самааддачы.
— Глядзіце!.. — раптам крыкнуў я, убачыўшы, як дарогу перабег заяц. Усе хапіліся за стрэльбы, ды дзе там: густы аснежаны сасоннік дбайна, з яхіднай надзейнасцю схаваў шарака, гэтага, мабыць, адмысловага «стаера», які намнога апярэдзіў не менш адмысловага ганчака — Босы падаваў рэдкі і слабы за далёкасцю голас.
— Чорт, зноў прамаргалі! — прахрыпеў дзядзька Іван і з сілаю кінуў у снег недакурак. Твар у Сцяпана Кузьміча быў надзіва спакойны.
Босы, аб’інелы, з вываленай набок лапаткаю языка, бліснуў ад нас далей, чымся заяц, — браў напярэймы.
— Ну, цяпер заяц, халера, можа саўсім збіцца з круга і сабаку звесці на край свету, — заклапочана сказаў Сцяпан Кузьміч. — Босы не кіне яго, у ноч пойдзе...
— Давай усё-ткі разбяжымся, — сказаў дзядзька Іван. — Можа, яшчэ перахвацім.
Я, задраўшы галаву, чамусьці аглянуўся на бакі, шукаў маленькіх, трапяткіх, як прапелер, каралькоў, ці што, і пагробся ў глыб лесу, з нематы якога, здавалася, глядзеў нейчы дакорлівы позірк і веяла халоднай, цвярозаю разважлівасцю, якой, мабыць, не ўсім хапае ў свеце.
Сабака наш і праўда прапаў. Недзе пад абед чуўся брэх, але Сцяпан Кузьміч сказаў, што гэта — не Босы, і я здзівіўся, як тонка ён розніць галасы сабак; а неўзабаве рэха прынесла і стрэл, які пацвярджаў, што ў лесе яшчэ нехта палюе.
Дахаты вярталіся свежай саннай каляінаю. Сцяпан Кузьміч час ад часу прыпыняўся, калупаў наском валёнка снег між канаўкамі ад палазоў, незразумела бурчаў пад нос; пераламваў ружжо, з якога яшчэ раней дастаў патроны, трубіў у ствалы: зваў Босага.
— Прыцягнецца, — суцяшаў яго дзядзька Іван, але і сам падкручваў канцы вусоў: перажываў.
Я тупаў моўчкі за імі і адчуваў у нагах і плячах салодкую, нейкую мяккую стомленасць; уяўленне паслужліва малявала, як прыйдзем мы да дзядзькі Івана (запрасіў), ён паставіць на стол самавар, нарэжа мёрзленькага, тугога сала з пахам кмену і часнаку. Будзем мы сядзець, гаманіць, смяяцца і не думаць, што нам хораша, лёгка, прыемна, а некаму ў свеце гэтым часам бязрадасна і горка; такі ўжо закон: чалавек не можа быць адначасова ў радасці і горы, хоць на жыцці яму ўсяго хапае: і першага, і другога.
Запырхалі ў паветры лёгкія рэдкія сняжынкі, а потым снег паваліў густа, празрыста-блакітнаватымі хлапякамі, быццам на небе нехта распатрушыў вялізную падушку і трос ёю. Цераз поле ўсё па той жа саннай каляіне выбіліся мы акурат на Вербіж. Вокны ў хатах яшчэ не свяціліся, хоць пачынала ўжо вачавідкі цямнець. Наперадзе ў пройме вуліцы варушыўся натоўп людзей, і дзядзька Іван сказаў, што сабраўся ён не проста так. Мы падышлі.
Мужчыны, падпяразаныя патранташамі, лупілі дзіка: звязаўшы заднія ногі вяроўкаю, яго падвесілі за дошку, якую прыбілі на развілку электрычнага слупа; шкуру сцягвалі мяшком — верхняя палова тушы была ўжо абеленая і фіялетавая на колер; з гарбатага клыкастага лыча капала кроў — расплылася па снезе чорнаю плямаю.
Пры частаколе стаяў запрэжаны конь — на санях, на сене, ляжаў белы, як авечка, сабака і лізаў на баку рану.
Каля дзіка камандаваў лёгкі, сухі стары, якога ўсе называлі Конанам; гэта яго сабаку секануў ікламі дзік, ужо, аказваецца, чацвёрты раз. «О-о, Конан! — сказаў дзядзька Іван мне. — За ім не ўгонішся. Хоць восем дзесяткаў мае».
З яго, старога, жартавалі маладзейшыя мужчыны, кампаньёны ў паляванні.
— Дзік прэ міма Конана, — расказваў шыракатвары, як мангол, але з вялікімі вачыма малады дзяцюк, надразаючы фінкаю шкуру дзіка каля спіны, — а ён цісне на курок, цісне — глядзі, зламае...
Усе рагочуць, але самае смешнае наперадзе.
— Ды дзе ружжо стрэліць, калі куркі не ўзведзены...
«Ледзь не мая гісторыя», — падумаў я і таксама не стрымаў усмешкі.
— Ды не слухайце вы Калупайку, балаболку ету!.. — даволі крамяным, а можа, і зусім дужым голасам звярнуўся да натоўпу стары. — Спярша гаварыў, што як на хату біў, а як выпіў — што на сто метраў. Цалок!
Рогат зноў страсянуў вуліцу і снег на дрэвах.
Пакуль мы стаялі, глядзелі, як мужчыны лупілі дзіка, а заадно слухалі «перастрэлку» дзецюка са старым Конанам, ужо дабравата ссутонела і ў хатах загарэлася святло, толькі ў дзядзькі Івана (калі падышлі) вокны былі цёмныя, і душу мне міжволі зварухнула нейкае магільнае, журботнае пачуццё — адзінае ў сваім родзе, але блізкае, мабыць, тузе, што крамсае чалавека, які апынуўся на чужой зямлі.
Хата была прасторная, нейкая ўся дзябёлая, гулкая, бы звон; у гэту хату, падумалася мне, яшчэ б звон дзіцячых галасоў, тады б не звісала аж да падлогі ядранае лісце з вазонаў, якімі застаўлены падаконнікі, і не было б гэтай мёртвай непарушанасці і правільнасці ў сталах, табурэтках, дарожках-ходніках і падушках-дзяружках... Ды што зробіш, так бывае: той, хто можа мець дзяцей, іх не хоча, цацкаецца з адным ці, як подзвіг, з двума, а таму, каму хацелася б іх, дзяцей, мець, не дае, як кажуць, бог.
Стол дзядзька Іван сабраў багаты, але я лепей за ўсё ўпадабаў марынаваныя барвічкі ў смятане і пахваліў іх гаспадару, а ён аджартаваўся: «Калі добры кусман сала, дык і грыб навара». Дзядзьку Івану, бачыў я, было ў ахвотку з намі зюкаць, бо, як ні круці, чалавеку аднаму цяжка, могуць, кажучы нашым вясковым выслоўем, і курапкі ў галаве завесціся. І дзядзька Іван, расчуліўшыся, зноў навёў размову на тое сваё «бальное» пытанне...
— Што я во пражыў свой век?.. Пустацвет, па совісці сказаць, а не чалавек. Памру — і ўсё. — Ён доўга маўчаў, ківаў сівой калматай галавою, мусіць, каб мы лепш уталкавалі, што ў гэтым «усё». Але тым, што стаў гаварыць далей, ён і сам растлумачыў. — Маёй крыві на свеце болей не будзе. У другіх... у каго дзеці, кроў і пасля смерці будзе рабіць сваю работу, можа, якога і віднага чалавека, па совісці сказаць, дасць... Усяк жа бывае. У Хроліка вунь Казіцкага сын, казалі, пісацель...
Сцяпан Кузьміч, махнуўшы рукою і крэкнуўшы, выйшаў на двор перакурыць, і я зразумеў, што дзядзька Іван ужо знадаеў яму сваёй «гарадою» — адной і тою ж размоваю. А я, прызнацца, слухаў яе з цікавасцю.