Мне і праўда было цяжка, Зіна часта снілася: быдта я пакідаю яе, хворую, бледную, а то зусім параненую, у чыстым полі, яна цягне да мяне рукі... Цяпер, калі не стала Сцяпана Кузьміча, я наогул не ўяўляў, што будзе са мною. Жонка — яна ўсё разумее, і тут павінна зразумець.
* * *
Дызель спыніўся, расчыніліся дзверы, і я саскочыў з падножкі. Раз’езд Вербіж! Як усё тут знаёмае: і масляны востры пах прамерзлых дубовых шпал, цьмяны сталёвы бляск рэек, што, нібы іголкі, падшываюць зямлю да неба; і зялёная будачка, згубленая сярод вузкіх і стройных, як кіпарысы, ялін; і нарэшце — дарога і ледзь пазначаны адростак сцяжыны ад яе...
Хутар адкрыўся вачам зразу, як толькі вынырнуў з ельніку. З коміна слупіўся ўгару густы, тварожна-белы дым — ёсць у хаце жывая душа. Здаецца, дрогнуў, пасвяжэў, бы ад струменьчыка вады, мой настрой.
На галінах у садзе ляжаў снег, і ад таго яны здаваліся тоўстымі, ватна-пушыстымі, як рукі-ногі мядзведзіка, якога я нёс у сумцы на падарунак Зіне. І на вуллях ляжалі шчытныя высокія падушкі снегу: мабыць, яго даўно ніхто не счышчаў. Каля ганка сустрэў мяне і завіляў хвастом Босы. Няўжо пазнаў? Я пагладзіў яго па маленькай касцістай, як у чарапахі, галаве, і ён удзячна лізнуў мае пальцы цёплым языком.
Вокны былі замураваны, і мяне з хаты ніхто не бачыў. Я падзугаў на ганку нагамі — абіваў снег, — потым яшчэ ў сенцах. Калі адчыніў хатнія дзверы, то ўбачыў, што сюды, да парога, спяшаецца Зіна, хаця... у нейкае імгненне мільгнула ў галаве думка: «Ці Зіна гэта?» Так, без сумнення — Зіна, толькі яна вельмі змянілася — пахудзела: вочы, і раней вялікія, сталі, як у народзе кажуць, па яблыку, вакол іх скразіла натуральная густая сінь, з нейкім нездаровым салатавым адценнем; усё гэта было чужое, і я ледзь не заплакаў.
Зіна ўскрыкнула і спынілася; мусіць, аслабелі ногі, і яна не падышла да мяне, а села на табурэтку да стала, глядзела адтуль дзікімі вачыма. Я, роблена, а таму фальшыва, надаючы сабе весялосці, пацалаваў яе, здранцвелую, у шчаку і дастаў з сумкі залацістага плюшавага мядзведзіка і пучок прывялых за дарогу ружовых гваздзікоў: не помню, як Зіне, а мне з маленства падабаюцца кветкі бледна-ружовага колеру, як і дзяўчаты ў сукенках такога ж колеру... Дарэчы, можа б, і не сышоўся я з Марыяй, сваёй цяперашняй жонкаю, калі б не была яна на тых памятных імянінах братавай жонкі ў даўгой атласнай ружовай сукенцы, якая ў мігценні святламузыкі пералівалася, як рыбіна.
— Ну ты і даў! — сказала Зіна, і, калі б не ведаў яе, мог бы падумаць, што яна незадаволена маім нечаканым візітам; яна, канечне, ведала, што я ўжо маю сям’ю, — такія навіны знаходзяць людзей самі. Я спытаў у яе пра бацьку, Сцяпана Кузьміча, паспачуваў: харошы быў чалавек. І зрабіў гэта не па адвечнай завядзёнцы ўспамінаць нябожчыкаў толькі добрым: Сцяпан Кузьміч Драздовік напраўду мне падабаўся, можа, я і не растлумачу да канца — чым, але яго немітуслівыя думкі, простая манера паводзіцца з людзьмі, незалежны, прамы погляд на рэчы — з’ява не такая ўжо частая ў наш век дыпламатыі — знаходзілі ў маёй душы тую струну, трымценне якой дае адчуванні прыемныя і ўзвышаныя.
Зіна — яна не ўмела ўтойваць — расказала мне пра бацьку.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
Ноч была светлая, бо месік у небе стаяў ясны, аж сіні, — вакол ніводнага воблачка, толькі зоркі, і снег на зямлі чысты, блакітны і лёгкі, як шлюбны вэлюм. Светлы смутак наваколля змрочным адбіткам клаўся на душу Драздовіка, можа, чарнейшым, чымся цень ад яго самога, чалавека, і сабакі, — усё здавалася мёртвым.
Ён ішоў згорблены, разбіты, ледзь перастаўляў ногі. Тут, сярод пустога поля, ён мог бы завыць воўкам, калі б не Босы — адзіная істота, якая магла цяпер яго зразумець.
«Ну што, Босы-Басяк, затрашчалі мы па ўсіх швах. Матка наша... ета мая жонка, наставіла рогі, выходзіць... Ты не разумееш, як у людзей ета бывае. Кажуць, з дырэктарам школы знеслася. Во і давярай бабе. Давярай, ды правярай. Ну, позна, позна прыходзіць — клопат, хадзі, работы, канечне, усім хватае. А з дзяцьмі? Папроб навучы кожнага, уталкуй... Ета не зайцоў ганяць. Але як бы ні скрываў сябе, усё наверх рана ці позна вылазіць. І не падумаеш, адкуль і калі вылезе. Рахвяёнкаў дзіцёнак шалік там нейкі гер... р... махеравы... чорт! — шчэ во мацерным словам ні за што ні пра што краянеш. Ну, карацей, нейкі вельмі дарагі, забыўся. Лупіў-лупіў Рахвяёнак сына — не ідзе той па шалік, кажа, баюся. Пайшоў сам... жонка яго з ангінаю ўсю зіму качаецца. Ён блізка ля школы жыве. Не запёрта яшчэ. Ён у адзін клас ныкнуў, у другі... Голыя ногі з-за грубкі тырчаць, дзве пары якраз. У цябе, Басяк, дзве пары дык ты адзін, а калі ў чалавека, дык іх ужо двое... Месік, во як сянні, у акно свеціць, яму і відна. Дзверы рыпнулі — тыя ногі зняцяйкі і падхваціліся... Во такое дзела, брат Басяк. Скажу табе, ніколі і не падумаў бы на сваю жонку... Яна-та не прызнаецца, а я сам не бачыў. Людзі, яны што хочаш выдумаюць, плётку пусцяць, а ты папроб дакажы, так ці не так. Цяпер во сварымся кажнадзень. А толку? Адно нервы свае апошнія смурыжым. Дзеці за яе, за матку... Унук — радасць, але ён далёка. Во як...» — Драздовік уздыхнуў, і сабака глянуў на яго — добрымі, спагадлівымі, але няцямлівымі вачыма, вільнуў хвастом — як знак увагі да гаспадара.
«А на рабоце што ў нас здзеелася, брат Басяк?.. Цэлую дзялянку ў маім абходзе спляжылі, каб іх... Сянні абнаружыў. Пні высокія — нехта спяшыў. Злодзей ён і ёсць злодзей. Па скатах мы з табою кінуліся — на шашу прывялі. Ішчы-свішчы ветру ў полі. Аб’ездчыку заявіў... Ён камісію сабраў, і дырэктар наш, лясгасаўскі... Добры ён чалавек, скажу табе, ты бачыў яго — на лася разам хадзілі залетась. Кажа: «Штрафаваць, Кузьміч, не будзем, але, брат, не спі ў шапку». А ці я штрапу баюся? Штрапам лягчэй за ўсё аддзелацца. А ў совісці ж дзірку ім не залапіш. І будзе ў ёй свістаць вецер, зудзець... Дырэктар наш — чалавек золата, такіх на маім вяку нямнога пападалася. Страм цяпер у вочы яму паглядзець. Ты вот, Басяк, і ёсць Басяк, не знаеш, што калі вінаваты, дык глядзець у вочы чэснаму чалавеку — пакуту большую не прыдумаеш. А нам жа сустракацца з ім. І сянні во чарку з ім узялі. Ён — чалавек харошы, кажа: «Табе, Кузьміч, цяжка на душы, давай вып’ем... »
Сабака зноў павярнуўся да гаспадара — адно і тое ж слова, пачутае некалькі разоў, мабыць, насцярожыла яго: можа, каманда якая. Не, гаспадар сунуўся як нежывы і, здаецца, ніякага жадання да яго, сабакі, не меў.
Тым часам і хутар паказаўся — чорныя плямы на іскрыстым, блакітным палатне. Чалавек спыніў хаду. Куды я іду? Навошта я там?
Спыніўся і сабака, лёг на снег і стаў выгрызаць між пальцаў намёрзлыя лядзяшкі. Падхапіўся, бо гаспадар патупаў далей. На сабаку на поўсці льсніліся сняжынкі — бы тыя зорачкі на небе, не змяніўшы памераў, апалі на яго.
Ціха, чыста, светла было на двары, што на небе ад зорак. Чалавек адчыніў дзверы ў пуню — цемната, хоць вока выкалі, і ён ступіў у гэту цемнату, як у магілу. Дзверы, зачыніўшыся, схавалі ад яго святло і зоркі. Можа, з мінуту стаяў нерухома, адна думка калола яму свядомасць: «Як цяпер жыць?» Раптам здалося, што пасвятлела ў вачах, — падняў галаву: у самым вільчыку, са шчыліны між шыферам свяціла буйная зорка, блішчала, хіталася, акурат яблык. Ён намацаў лесвіцу, па якой лазілі на вышкі па сена, і пабраўся ўверх... Зорка то хавалася з вачэй, то зноў паяўлялася, рэзала вочы. Сена каля праёма было выбрана, і ён стаў на пераплеценыя лазою жардзяныя латы — святло са шчыліны шабельнаю палоскаю ўдарыла яму па галаве і плячы — белым камяком снегу засерабрылася скроня: шапку чалавек трымаў у руцэ, потым выпусціў яе, і яна паляцела ў праём. Уздыхнула ўнізе карова.
Чалавек расперазаў дзягу, зрабіў пятлю і прывязаў канец за крокву, каля самай зоркі. Прыпадняўся на дыбачкі, аж хруснула ў крыжы.
...Па шыферы пайшоў трэск, канула ў цемру зорка, а белую скроню закрыла чорная паска дзягі.
Уранні, яшчэ на цёмнай зары, тужліва завыў на двары сабака — і тое ж імгненне расчыніліся ў хаце дзверы.
. . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . . .
— Мамы няма — у дзядзюша Івана, ён закалоў кабана, — сказала Зіна, калі мы, здавалася, ужо ўсё абгаварылі. — Вадзік у Зялёным — кажуць, ён п’е... — Яна была як нежывая, рыхтык мумія, прыгнечаная, вочы глядзелі міма мяне, на вокны, з тугою і нейкаю старэчаю асуджанасцю. — Есці хочаш? Ой, што я пытаю!..
Зіна заўсягды, колькі помню, была ўважлівая да гасцей, хваравіта чулая да іх просьбаў. Можа, таму да іх, Драздовікаў, часта наязджаў начальнік міліцыі, нібыта далёкі сваяк. Неяк быў (пасля кастрычніцкай дэманстрацыі) і дырэктар філіяла.
Зіна дастала з печы і паставіла на стол боршч з зялёных памідораў, утушаную з індычацінаю бульбу — дыміла густою параю. Наліла мне калінавай настойкі і сабе ўпліснула кроплю — дзеля гасціннасці. Нават яна, гэта пякучая, бы перац, настойка не разбудзіла мой апетыт: я нехаця сёрбаў зачэрпістай драўлянай лыжкаю боршч.
— Калі нясмачна — не еш, — сказала Зіна вельмі непасрэдна, і мне, як заўсягды, здалося, што толькі адна яна ў свеце жыве па законах прастаты і даверу, а не самалюбства.
Утушаная бульба, мяккая, хрупяная, была такая смачная, што міжволі прасілася да рота; кавалачкі індычаціны, падсмажаныя да чырвані, духмянілі самым салодкім, які існуе, водарам вясковае беларускае стравы. І тым не менш уся гэта сідня за сталом была для мяне пакутаю і ніяк не асалодаю. Яна, асалода — ведаў здаўна, — была заўсягды там, на полі, парослым на ўскраінах дробным хмызняком і куртатымі, як венікі, бярозкамі, а таксама ў лесе, сцішаным і здранцвелым у зімовай пакорлівасці лёсу.
Я і папрасіўся ў Зіны туды — на старыя сцежкі. Яна, падобна, узрадавалася: мусіць, ёй было прыемна думаць, што тут, у гэтым краі, і мне ёсць нешта дарагое. А можа, думалася ёй інакш: што я аб нечым незваротным шкадую, — і тады яна, мабыць, бліжэй да праўды. Так ці іначай, я ўзяў, бадай, дзеля прыліку знаёмую мне ламачыну-бярданку і выйшаў на двор. Босы, згледзеўшы мяне на ганку, завішчэў і стаў падскокваць ад радасці. Я лёгенька патузаў яго за мяккае, бы шкумат, вуха, а ён пастукаў мне хвастом па нагах — мы паразумеліся, але адно да... весніц. Я выйшаў з двара, а Босы спыніўся і апусціў хвост. Я пасвістаў яму, пакратаў пальцамі. Сабака глядзеў на мяне як на дзівака: «Ці я табе дурная курыца, што ты маніш мяне, быццам зерне сыплеш?» Я вярнуўся ў хату, па дарозе лісліва правёўшы далоняю Босаму па спіне, папрасіў у Зіны хлеба.
У мяне была надзея давесці Босага да заечых слядоў, а там — адкуль і шал возьмецца! Толькі дарэмна я спадзяваўся: так-сяк, кідаючы вакол сябе кавалкі хлеба, я заманіў Босага ў поле, паказваў яму свежыя начныя сляды, але ён гідліва чмыхаў, як калісьці каля купін, і круціў галавою. Дзіва, дый толькі! Сабака не ішоў за мною і не хацеў мне служыць, хоць, пэўна ведаю, ссумаваўся і па вострым паху слядоў, і па гарачым гоне. Ён што — усё яшчэ тужыць па Сцяпану Кузьмічу ці проста быў і застаецца верным аднаму чалавеку?
У мяне зразу прапала наваяўленая зухаватасць, і я не вельмі радасным вокам глянуў на чорны, глухі лес. Аднак не павярнуў, пайшоў туды — на чорную, глухую, маўклівую сцяну. Азіраўся: Босы, прыпыняючыся раз-пораз, плёўся за мною.