- Які сюжэт! Якая сіла духу! - захоплена выгукнуў, поўны патрыя-тычнага ўздыму, праз што і падаўся на фронт ваенным карэспандэнтам, Брусаў, і, калі б не ягонае захапленне, Купала прамаўчаў бы, як не сказаў нічога ўчора ў Бернардынскім садзе, дзе Брусаў чытаў яму натхнёна:
"Покрыв столицы и деревни,
Взвились, бушуя, знамена.
По пажитям Европы древней
Идет последняя война.
Под топот армий, гром орудий,
Под ньюпоров гудящий лёт,
Все то, о чем мы, как о чуде,
Мечтали, может быть, встает!"
- а пасля ў кавярні "Шуман" даводзіў, што Расія зноў, як у 1812 годзе, уратуе Еўропу. Таму гэтым разам Купала не стрываў.
- Віленскія пакутнікі, можа, і былі, ды наўрад ці праваслаўныя. Гэта, ваша вялебнасць, маскоўскі міт. - Тут архіепіскап ці праз прамоўленую Купалам каталіцкую "вашу вялебнасць", ці праз "маскоўскі міт", ці праз тое і другое зірнуў на яго незадаволена, але Купала не спыніўся. - І прыдуманы ён, каб паказаць, што ў Вялікім Княстве Літоўскім, з якім Масква ваявала, ворагі праваслаўя жывуць. Але ж яно не так. Каму, як не вам, ведаць, што ў часы Альгерда ўжо была Літоўская мітраполія, і літоўскія мітрапаліты афіцыйна называліся мітрапалітамі Літоўскімі, Кіеўскімі і ўсяе Русі. Хрысціянству на гэтых землях было трыста гадоў, у князя Альгерда сястра была праваслаўная, падчас княжання ў Віцебску сам ён пахрысціўся як праваслаўны, жонку меў праваслаўную, дык з чаго раптам яму ў галаву ўзбрыло праваслаўных вешаць? Ёсць нават звесткі, што незадоўга да смерці ён пострыг манаскі прыняў, памёр з імем Алексій.
- А па іншых звестках яго пахавалі з 18 коньмі! Значыць, як нарадзіўся паганцам, гэтак паганцам і сканаў, - не стаў Ціхан адказваць, навошта было праваслаўнаму вешаць праваслаўных. - Ды няхай і не вешаў, і няхай нават прыняў манаскі пострыг. Але міт - іншы. І няма нічога больш трывалага, чым міт, які ўсвядомлены мільёнамі людзей як рэальнасць. Можна перайначыць гісторыю, але нельга перайначыць міт. Яго немагчыма пабурыць. Можна зруйнаваць храмы, але нельга парушыць веру. Можна зруйнаваць, спаліць Ноўгарад, Маскву, але нельга спаліць, парушыць святую Русь… Я ведаю вашы погляды, праглядаю вашу газету, - падліў ён гарбаты Купалу. - І вось што скажу. Сам чалавек маленькі, дасягнуць вялікай мэты не можа без дапамогі Бога. Гэтак і народ. А ў выпадку з беларусамі яно проста немагчыма, бо вам няма ад каго чакаць дапамогі. Бог, вядома, спрыяе ўсім, хто моліць дапамагчы, хто ў малітвах Яго ўслаўляе, але найперш дапамагае Ён тым, хто нечым ахвяруе дзеля Яго. Магчыма, я не ўсё ведаю, але нічым і нікім вы дзеля Бога не ахвяравалі. А калі й ахвяравалі, дык ахвярамі вашымі скарысталіся іншыя, якія называліся не вамі. Хіба не так?..
- Але ж Бог помніць… - пачаў Купала, каб сказаць, што Бог памятае, чые насамрэч былі ахвяры, і архіепіскап паклаў сваю руку на ягоную: "Не".
Рука архіепіскапа была цёплая і мяккая, нават пульхная. Як пірог, якім ён частаваў. Ён не сказаў, як сказала пазней княгіня Радзівіл: "Бо няма беларускага Бога", - але Купала, пачуўшы ягонае "не", менавіта так падумаў, і Брусаў, не зразумеўшы пачутае, спытаў: "Што вы маеце на ўвазе, уладыка?.. "
Ціхан не адказаў.
Пазней, калі скончыцца вайна, выбухне рэвалюцыя, калі ў Мінску абвесціцца незалежная Беларуская Народная Рэспубліка, якую задушаць бальшавікі, Патрыярх Маскоўскі і Усяе Расеі Ціхан дазволіць служыць у праваслаўных храмах па-беларуску і блаславіць беларускі народ і Урад БНР. Зробіць ён гэта дзеля пашырэння ўплыву праваслаўнай царквы, а не праз тое, што чытаў у Вільні "Нашу Ніву" і вёў размовы з Купалам, але, магчыма, згадае, падпісваючы сваё блаславенне, і пра гэта.
На лета, на другім годзе Першай сусветнай вайны, калі ад патрыятычнага ўздыму Брусава нічога не засталося, а вайна "по пажитям Европы" дакацілася да Вільні, вакол Свята-Духава манастыра прайшоў хросны ход. Праваслаўныя вернікі на чале з архіепіскапам Ціханам развітваліся з віленскімі пакутнікамі, мошчы якіх пераносіліся ў Маскву. Са Свята-Духава манастыра ў Данскі манастыр, у Малы сабор, каля якога й стаяў цяпер, гледзячы ў вялізны пралом з парушанай брамай у манастырскай сцяне, на крыжовы шлях Купалы, на "хросны ход" на чале са Сталіным, замардаваны ім патрыярх Ціхан.
- Няхай сабе Альгерд пахрысціўся, каб ажаніцца з праваслаўнай ві-цебскай княжной, і няхай не збіраўся ён праваслаўных караць, - гэтакім голасам, нібы яны толькі ўчора развіталіся, сустрэў Купалу патрыярх. - Дык і Пілат не хацеў караць Хрыста. Гэтага патрабавалі абставіны. І не толькі пасады вялікага князя ці рымскага намесніка. Да гэтага змушала ідэя, носьбітамі якой яны былі. Ідэя, якая большая за любога чалавека. Бо сам чалавек, хай самы найвялікі, што?.. Толькі чалавек. Альгерд стаў манахам, каб грэх замаліць, Пілат атруціўся. Утапіцца хацеў, але вада, якой рукі ён вымыў, не прыняла яго. У кожнага свой грэх і ў кожнага свой крыж, - памаўчаўшы, доўжыў Ціхан, вакол якога збіралася ўсё болей нябожчыкаў са Старых могілак, якія ў сваіх файна пашытых пахавальных строях, у парадных мундзірах адрозніваліся ад нябожчыкаў з могілкаў Новых, як людзі таго свету ад людзей свету гэтага. - Вось і таварыш Сталін, - падышоў патрыярх бліжэй да парушанай брамы.
- Досыць! - зірнуўшы на Сталіна, які насуплена маўчаў, павярнуўся да Несцярэнкі Тухачэўскі. - Выконвайце абавязкі, палкоўнік! - І Несцярэнка ступіў да Купалы: "Гэта тут. Кладзіце крыж і самі кладзіцеся".
Купала паклаў крыж. Лёг на яго спінай, раскінуўшы рукі і заціснуўшы медальён у левай, каб бліжэй да сэрца, руцэ. Над ім плыў месяц і роіліся зоркі.
- Ты не першы, хто, данёсшы свой крыж, адчувае палёгку, - сказаў нехта глухаватым, як бы драўляным голасам.
Голас чуўся знізу, ад зямлі…
Але ж не зямля прамаўляе.
"Крыж!" - успомніўся Купалу парабак Пасляк, які распавядаў яму, малому, паказваючы рубцы на руках і нагах, гісторыю пра тое, як пан Бокша, які быў гэтакім самадурам, якога свет не бачыў, і ў якога служыў Пасляк конюхам, раскрыжаваў яго за тое, што не дагледзеў ён любімага панскага жарабца Цымбала. Пасляк не быў у тым вінаваты, нейкая невядомая хвароба Цымбала скасіла, але Бокша слухаць не хацеў нічога і нікога. Ён проста звар’яцеў, дазнаўшыся, што жарабца не стала - і пахаваўшы Цымбала ў парку пад вокнамі маёнтка, паставіў на магілу крыж з раскрыжаваным конюхам. Пасляк і сканаў бы на тым крыжы, калі б назаўтра крыж не сказаў пану Бокшу, які прынёс кветкі на магілу жарабца: "У смерці таго, хто тут пахаваны, ніхто не вінаваты. А вінаваты ў смерці таго, хто тут раскрыжаваны, будзе пакараны Богам!" Праз гэта Бокша сам ледзь не сканаў са страху і загадаў зняць Пасляка з крыжа.
"Крыжы - сімвалы нашай веры, знакі Бога, і яны заўсёды падаюць голас тым, каго без віны караюць, і заступаюцца за іх", - пачуўшы голас крыжа, згадаў Купала голас Пасляка, неверагодныя ягоныя гісторыі, байкі ды казкі.
На трэці дзень па смерці ён адчуў сябе шчаслівым. Такім шчаслівым, як аднойчы ў Прудзішчы, куды перабраліся бацькі з Сеніцы, калі было яму гадоў дзевяць. У пойме рэчкі Вячы выкасілі яны з бацькам і парабкам Пасляком лугавіну, высушылі сена, пад вечар другога дня склалі стог на ўзлеску, ён ускараскаўся наверх, лёг вачамі ў неба і слухаў Пасляка, які сядзеў пад стогам і распавядаў яму казку пра Яна і Сатану.
"Жыў-быў хлопчык Ян, над панамі пан, і даў яму Бог..."
"Як гэта над панамі пан?"
"Ніяк. Гэта так, для складу. І даў яму Бог талент…"
"Што даў? Талер?.. "