Парабак Пасляк гаваркі быў чалавек. Бацька, калі распавядаў нешта, казаў: "Слухай і маўчы!" А з Пасляком можна было размаўляць. Ён сам прыдумляў свае казкі, і, калі тым, хто слухаў, штосьці не падабалася, тут жа распавядаў іначай. Ці прапаноўваў разам прыдумаць нешта іншае.
"Талент даў. Гэта здольнасць да нечага. Маляваць, штукі ўсялякія паказваць. А Ян меў талент на жалейцы граць ды песні складаць, якія ўслаўлялі Бога. І гэтак ён файна граў, і такія пявучыя песні складаў, што анёлы Божыя прыляталі, каб яго паслухаць. А д’яблавыя анёлы..."
"Якія?.. "
"Д’яблавыя. Ты думаеш, толькі Божыя анёлы ёсць? Не, ёсць і д’яблавыя. Д’ябал сам анёлам быў, пакуль Бог яго з нябёсаў у пекла не скінуў".
"За што?"
"За тое, што чалавеку, стварэнню Божаму, не захацеў пакланіцца. Прызнаць вышэйшым над сабой".
"А ў Святым пісанні я чытаў, што скінуў, бо той анёл, Сатана, захацеў быць роўным Богу. Там так напісана".
Пасляк шморгнуў незадаволена.
"Чаго ж пытаеш, калі чытаў?.. Хітры такі. Ну, напісана й напісана. Там свая казка, а я табе сваю расказваю… Дык вось д’яблавыя анёлы, чэрці, сталі Яна падгаворваць, каб ён для іх граў і спяваў. Сатану ўслаўляў. Абяцалі горы залатыя. Спакушалі: "Сыграй нам - і будзе табе пернік. Саспявай - і будзе цукерка. А Бог, якога ты ўслаўляеш, што табе дае?.."
Бог не даваў ні пернікаў, ні цукерак, і пачаў Ян граць для чарцей. Спачатку паціху, пасля ўсё гучней. Спяваў з імі, скакаў, весяліў. Сам весяліўся. А яны пернікі з цукеркамі, якімі спакушалі, клалі ўсё бліжэй да краю прорвы, якая ў пекла абрывалася…"
"А хто пекла прыдумаў? Сатана?.."
"Не. Усё Бог стварыў. Пекла таксама".
"А нашто?"
"Як нашто? Некуды ж трэба было Сатану падзець… І Сатана сядзеў у пекле, чакаў, пакуль Ян у прорву сарвецца. Божыя анёлы казаць Яну стаміліся, каб не хадзіў па адной дарозе з чарцямі, бо падмануць. Паабяцаюць рай, а зацягнуць у пекла. Ды Ян анёлаў не чуў. Схіліўся, каб цукерку ўзяць на крайку прорвы - і ў прорву паляцеў. Сатану ўслаўляць. Сатана зарагатаў і закрычаў з пекла да неба: Божа! Як я магу пакланяцца таму, каму Ты талент даў, а ён гнецца, каб цукерку ўзяць? Як ён можа быць вышэйшы за мяне?..
І Бог прамаўчаў. Схаваўся за д’яблам".
"Як гэта Бог схаваўся за д’яблам?"
"Ну, як. Прамаўчаў. Не адказаў д’яблу. А што значыць не адказаць? Значыць схавацца… Добра, - адступіўся трохі Пасляк, адчуўшы, як тое, што ён сказаў, напружыла ягонага суразмоўцу. - Няхай не за ім самім схаваўся, за словамі ягонымі. Але гэта адно і тое".
Купала добра помніў, як сказанае Пасляком сапраўды яго напяла, і ён доўга ляжаў моўчкі, узіраючыся ў раенне зорак.
"Я думаў, што адно і тое - слова і Бог. Так напісана…"
"Ну так. Слова і Бог таксама адно і тое. Бог хаваецца за д’яблам, д’ябал - за Богам. Адзін за адным".
"І мы?.. "
"Што і мы?.. "
"І мы з нашымі словамі адно і тое?"
"А як інакш? Калі ў нас і д’ябал, і Бог. Ці ў табе няма д’ябла?"
"Я не ведаю".
"Не ведае ён. Спакусы ж у табе ёсць? Пернікі з цукеркамі."
"Ёсць..."
"Ёсць. Дык а хто спакушае? Сатана. Абяцае, абяцае, абяцае. Але абяцае толькі для падману. А ты верыш. І я. Усе вераць".
Па голасе было чуваць, што парабак Пасляк стаміўся. Але хацелася з ім дагаварыць.
"Таленавіты ён..."