Бацька наліў яшчэ па чарцы:
- Аглаблёвая… Год не быў, а пабыў гадзіну. Што ты забыўся там, дзе ўсе памерлі?
Гэта ён пра Крэва, дзе няма ягоных магіл. Усе ягоныя магілы на Волзе.
- Папрацаваць хачу. Раман пачаў. У Крэве мне добра пішацца.
- Пра што раман?
- У двух словах не скажаш.
- А ўсё ж?
- Пра Купалу.
- Пра якога? Пра таго, на вуліцы якога наша хата?
- Усе нашы хаты на ягонай вуліцы.
- Як гэта?.. Заразумна для мяне. Дык пра таго?
- Пра таго. Пра якога яшчэ?
- Ну, ці мала… Паганскі Купала ёсць…
- Не. Пра таго, на вуліцы якога наша хата.
- Пра сябе, значыць.
- Чаму пра сябе?
- Бо ты ў гэтай хаце жывеш. І ўвогуле ўсе паэты толькі пра сябе пішуць. Ніхто ім болей нецікавы. Табе таксама. Ні маці, ні я.
У голасе ягоным прарывалася крыўда. Раней такога не было. Старэе.
Бацька сам гэта адчуў і, не любячы жаліцца, не стаў чакаць, што Віктар адкажа.
- Добра, гэта я так… Давай вып’ем аглаблёвую.
Выпілі. Бацька паўчаркі глынуў і адставіў. Не той ён ужо піток, які быў, але ваяка яшчэ той.
Выпіўшы, падабрэў.
- Дык што пра Купалу ты напісаць збіраешся?
- Пакуль не ведаю.
- Як гэта? Пішаш - і не ведаеш, што?
- Толькі пачаў…
- Такое ад пачатку трэба ведаць. А то некаторыя пішуць, не ведаючы, што, а нехта жыве, не ведаючы, навошта.
Вось табе і падабрэў.
- Ты гэта да чаго?
- Да таго, што магу параіць.