"Хто?"
"Сатана".
"Бадай што. Абяцаць і падманваць так, каб усе верылі, гэта талент. Талент. Нездарма ён быў любімым анёлам Бога..."
Пасляк засоп. Заснуў пад стогам.
Над стогам, на скошанай лугавінай, над Вячай, над Прудзішчамі, над усёй зямлёй і вадой плыў месяц, на якім сядзеў Сатана з вудай і лавіў зоркі. "Хочаш зорку?.." - спакушаў.
Зоркі роіліся ўсё ясней, Вялікі Воз, на які можна было сесці і паехаць, пакаціўся па Божым шляху, і колькі пасля ні спрабаваў Купала ўспомніць, адказаць сабе самому, што было далей: сон, трызненне, ці на яве ўбачыў ён недзе ў сярэдзіне Божага шляху дзіўнай прыгажосці твар, пра які й гадаць не трэба было, чый ён? - бо гэтакі твар мог быць толькі Божы, і ён наплываў, набліжаўся, усміхаўся ва ўсе нябёсы, нібы радуючыся таму, што бацька з Янкам і Пасляком высушылі сена, склалі такі ладны стог, на якім можна ляжаць і глядзець на зоркі, мроіва якіх - ён раптам гэта адчуў, калі ўзняўся над сабой - было Божым целам, часцінкай якога былі месяц і зямля, і ён сам, лятучы хлопчык, самы маленькі з усяго, што мігцела і свяцілася, што было Божым шляхам, Божым светам, у якім самым дзіўным з усяго, што ён адчуваў, была роўнасць яго, наймаленькага, усяму найвялікаму, і ўсё гэтае найвялікае неверагодным чынам мясцілася ў ім, мясціўся ў ім, маленькім, Бог, чаго, вядома, не магло быць, але адчуванне было менавіта такім, і яно напоўніла яго бязмежнай, здольнай спыняць і зноў пачынаць рух Сусвету, сілай, якая так працяла, што зрок замгліла, і ён спалохаўся, ускрыкнуў: "Божа!.." - а Бог усміхнуўся ў ім самім ва ўсе нябёсы і сказаў: "Не бойся…"
38
- Я не шукала цябе, - сказала, з’явіўшыся, Ганна, як быццам тое, што яна не шукала яго, нешта мяняла. - Круча цябе шукаў. Тэлефанаваў у Мінск, у Саюз пісьменнікаў. Там сказалі, што цябе ў горадзе няма, і яны не ведаюць, дзе ты. Ён падумаў, што ты ў мяне. Што я цябе хаваю. Мы сустрэліся, ён пачаў вінаваціцца. Не перада мной, перад табой. Я не ўцяміла, у чым? Сказала, што таксама не ведаю, дзе ты ёсць. Гэта днём было, а вечарам Круча запрасіў мяне ў цырк. Я так здзівілася, што пайшла. А там дырэктар антыкварнай крамы. Вензель. Аказалася, ён і ў цырку дырэктар. І гэтак пад Кручу сцяліўся, проста пад ногі. Круча пра цябе не казаў яму нічога, ён сам спытаў: "Вы Маргера шукаеце? Дык ён у Крэве". Завёў у кабінет, стаў частаваць. Дарэчы, кабінет такі самы, як у краме. Нібы дырэктар гэты перайшоў з крамы ў цырк разам з кабінетам. З той жа карцінай, на якой Сталін глядзіць у тэлескоп. Вось як такое можа быць, калі карціна ў мяне дома? Я вярнулася - вісіць. Фокус нейкі. А Вензель, калі праводзіў, зноў пра цябе: "Я думаю, вы да яго паедзеце. Перадайце прэзент…" І даў пляшку, - дастала Ганна з сумкі зеленаватую бутэльку. - Прапаную выпіць за сустрэчу!..
З таго, што сказала Ганна, нельга было зразумець не толькі тое, як карціна магла быць адначасова і ў кабінеце дырэктара цырка, і ў яе дома? Ну, няхай гэта фокус. Тады тое, што Круча раптам завінаваціўся, фокус таксама. Бо ў чым яму вінаваціцца? Калі нехта з іх і вінаваты, дык не Круча перад Віктарам. Наадварот. Праз гэта Віктар з’ехаў з Масквы. Уявіў: вось яны спаткаюцца, і Круча спытае…
Ясна, пра што спытае. І што адказаць?.. Не толькі Кручы. Бычыку, Барадзе, Вышэнскаму, Кавалю… Усім. Той жа Ганне, якая, не шукаючы, яго знайшла і прапануе выпіць за сустрэчу.
- Што ты тут робіш? - спытала яна, калі выпілі. - Тут жа адны руіны ды міты пра іх. - І слухаючы, як ён распавядае пра пастушка з жалейкай, глядзела на яго з жалем.
Ён, як ніколі раней, адчуваў сябе моцным. А яна шкадавала яго, як слабога. Бо моцныя не там, дзе руіны.
Яна прыехала, каб забраць яго з руінаў, з ягоных мітаў, з ягонай гісторыі - і перанесці ў сваю.
Яны сядзелі на Юр’евай гары, глядзелі на тое, што засталося ад замка, - і бачылі рознае. Яна зусім не тое, што ён, а ён зусім не тое, што яна.
- Ведаеш, чаго не хапае гэтым руінам? - спытаў ён, і калі Ганна сказала: "Рэстаўрацыі", - кіўнуў. - Так. А чаму ім не хапае рэстаўрацыі? Бо не хапае мітаў. Не даўніх, іх болей, чым гэтых сівых камянёў, а сучасных, якія можна было б звязаць з даўнімі ў адну жывую нітку, і адчуць, як па ёй, жывой, з глыбіні вякоў, пульсуючы, прабягае час. Кроў гісторыі. Не чыйсьці час чыёйсьці гісторыі, польскай, рускай ці літоўскай, а час нашых продкаў, якія жылі на гэтай зямлі і, каб абараніць яе, збудавалі гэты замак. Няхай у тых сівых вяках яны не называліся беларусамі, але кроў у іх была тая самая, што і ў нас. І нельга адрачыся крыві! Нельга! Гэта здрада, ганьба! Але мы адракліся - і не адчулі ганьбы. Чаму? Бо не разумелі, ад чаго адракаемся. Бо не ведалі, што гісторыя Вялікага Княства Літоўскага, гэта і ёсць наша гісторыя. Бо для нас прыдумалі міты, у якіх нашай гісторыі не было, а з нашай гісторыі, з нашай крыві стварылі свае міты суседзі. А міт такая рэч, якую не забраць. Гэта не зямля, якую заваяваць можна, а тое, што над ёй, што і робіць яе тваёй зямлёй. Дык як быць? З руінаў замак падымаць? Так, але, каб падняць гэтыя камяні, трэба падняць міты. У іх, у мітах - мэта, дзеля якой варта падымаць камяні. І, як толькі мы пачалі гэта рабіць, у купалаўскія часы пачалі, цяпер зноў паспрабавалі, Каралевіч у сваіх раманах паспрабаваў, на міты нашы накінуліся, як сабакі на костку. І не толькі чужынцы, прыхадні, але і тутэйшыя. Тыя з іх, у кім, як свае, пасяліліся чужыя міты. Гаўкаюць і грызуць, грызуць і гаўкаюць. Нічога так не грызуць і ні на што гэтак не гаўкаюць. Значыць, разумеюць, што схаванае ў мітах. Якая сіла! А ты кажаш: пыл над руінамі…
Ганна слухала яго здзіўлена, і Віктар разумеў, чаму яна здзіўляецца: ён ніколі з ёй пра гэта не гаварыў. Ніколі не быў з ёй такім. Хіба толькі аднойчы, калі вярнуўся з Даніі, куды ездзіў са студэнцкім тэатрам.
У інстытуцкім самадзейным тэатры паставілі "Гамлета". Люся Бурсіна, якая ў той час яшчэ не пісала піянерскіх вершаў, мела замежнага знаёмца, аташэ па культуры дацкай амбасады. Яна прывяла яго на спектакль, у якім грала ролю каралевы, і іх самапальны, як кальвадос з Рагожскага рынку, тэатр запрасілі ў Данію на шэкспіраўскі тэатральны фестываль.
Праходзіў той фестываль у невялічкім гарадку Хельсінгёр, у замку Кронбарг, які Шэкспір у сваёй п’есе назваў замкам Эльсінор і пасяліў у ім Гамлета. У каралеўскай бібліятэцы стаяў вялізны стол, і акторка студэнцкага тэатра з Капенгагена сказала Віктару, што за тым сталом і напісаў Шэкспір трагедыю пра дацкага прынца. Сказала яна пра гэта без ніякага сумневу - і Віктару ўспомнілася сказанае Шэкспірам: "Нашы сумненні - нашы здраднікі".
Ён не стаў разбірацца, жартуе акторка ці не, бо ў суседняй зале распавядалі, што менавіта тут перад спатканнем з Афеліяй Гамлет задаўся пытаннем "Быць ці не быць?.." У наступнай зале казалі, што менавіта тут закалоў ён Палонія, у чарговай (якая ў Шэкспіра проста "зала ў замку") - што ў ёй Гамлет біўся на рапірах з Лаэртам, што менавіта тут разыграўся крывавы фінал трагедыі… І ўсё гэта разам узятае падавалася так, нібы Шэкспір, які напісаў гэтую трагедыю, дацкі драматург, у чым калі не ва ўсёй Даніі, дык у Хельсінгёры, дзе турысты пытаюць не "як прайсці ў замак Кронбарг?", а "як прайсці ў замак Гамлета?", - ніхто не мае ніякага сумневу.
Усе ведаюць, што Шэкспір ніколі не быў не толькі ў Хельсінгёры, а ўвогуле ў Даніі, што ніколі ў замку не жыў ніякі Гамлет, - але вось што такое літаратура! Створаны ёй міт стаў гэткім жа рэальным, як рэальнасць. Нават большым за яе, бо ён - вышэйшы. І хто б пасля ні даводзіў, што напісаная Шэкспірам трагедыя да гісторыі Даніі не мае ніякага дачынення, - міт заставаўся непарушным.
Не толькі ў вытоках дацкай гісторыі, у якой, між іншым, напісана, што той жа Хельсінгёр, дзе праходзіў фестываль, заснаваны ў 70 годзе да новай эры, пра што нібыта сведчылі рымляне, хоць нічога такога рымляне не сведчылі, бо не было чаго сведчыць, але і ў вытоках гісторыі Англіі, Францыі з усімі іх войнамі і рэвалюцыямі, у вытоках гісторыі любой краіны свету - міт. І ён тым глыбейшы, чым глыбейшая гісторыя, у падмурку якой ён ляжыць, і не ў галаве датчанам, ангельцам, французам, увогуле нікому ў свеце не ў галаве свой нацыянальны міт бурыць.
- Нікому, апроч беларусаў, - казаў ён, вярнуўшыся з каралеўскага замка ў Хельсінгёры ў сваю качагарку ў Маскве, Ганне. - Не паспеў замацавацца міт пра літвінскую Беларусь, пра яе вялікіх князёў, самаахвярных герояў, легендарных ваяроў, як тут жа сабакамі накінуліся грызці гэты міт тыя, для каго Беларусь пачалася з "вялікай кастрычніцкай рэвалюцыі". Чаму? Бо літвінская Беларусь з яе легендарнымі князямі, ваярамі, героямі - гэта гісторыя магутнай еўрапейскай краіны, глыбокая нацыянальныя гісторыя. А такой, як лічаць гаспадары сабачай зграі, у беларусаў няма і не можа быць. Бо на тле гістарычных мітаў пра вялікіх князёў, самаахвярных герояў, легендарных ваяроў цяперашнія "князі", "героі", "ваяры" - блазены. Карлікі.
І нават не з п’ес Шэкспіра.
Дарэчы, Шэкспір - таксама міт. І хто толькі ні спрабаваў яго парушыць! Давесці, што Шэкспіра не было. Але ўсе яны даводзілі гэта толькі самім сабе - і больш нікому. Шэкспір як стаяў, гэтак і стаіць непарушна. Бо ён даўно перарос міт Англіі, стаўшы мітам чалавецтва, у вытоках гісторыі якога - суцэльныя міты.
"Ты хочаш стаць беларускім Шэкспірам?" - спытала Ганна ў качагарцы, і ён адказаў, бо спытала яна з’едліва: "А чаму не? Ты ж стала дачкой Купалы".
Цяпер яна пытае: "Што ты тут робіш над руінамі?.." І глядзіць на яго з жалем.
- Пайшлі! - узяў ён яе за руку і павёў з Юр’евай гары да замка. - Будзем лічыць, што ў нас шэкспіраўскі фестываль… Увесь свет ведае гісторыю пра караля Ліра, які, састарэўшы і стаміўшыся быць каралём, вырашыў скінуць з плячэй сваіх цяжар улады і падзяліць каралеўства на тры часткі паміж трыма дочкамі, адну з якіх, Кардэлію, у апошні момант абдзяліў. Увесь свет ведае, што было з каралём Лірам і ягоным каралеўствам далей. А вось гісторыя пра ўладара Вялікага Княства Літоўскага Гедзіміна, які, састарэўшы, вырашыў падзяліць паміж сямю сынамі найбагацейшыя гарады сваёй дзяржавы, наймагутнай у тыя часы ва ўсёй Еўропе, не такая вядомая.
- Бо на Гедзіміна не было Шэкспіра? - спытала яна, як у качагарцы, з’едліва, але цяпер гэта не зачапіла яго.
- Так. Бо Шэкспіра на Гедзіміна не было, - падвёў ён Ганну да замкавай Княскай вежы. - Але жарсці тут віравалі не меншыя, чым у ягоных трагедыях. Па спадчыне Гедзімін перадаў вялікакняскі вянец старэйшыму сыну Яўнуту, а двух сваіх сыноў вялікі князь абдзяліў. У тым ліку Альгерда, якому дасталося Крэва, а той палічыў, што варты большага. І рушыў вайной на брата свайго Яўнута. Адабраў у яго вялікакняскі вянец - і з дапамогай яшчэ аднаго свайго брата, Кейстута, сам стаў вялікі князем. Амаль праз сорак гадоў Кейстут гэтаксама, як дапамог Альгерду, дапаможа стаць вялікім князем і сыну Альгердаву, свайму пляменніку Ягайлу. А Ягайла ў "падзяку" за гэта загадае яго забіць. І Кейстута забілі. Задушылі. Вось тут, у сутарэннях гэтай вежы. Сюды ж быў кінуты Вітаўт, стрыечны брат Ягайлы, сын Кейстута. Ён меў прэтэнзіі на вялікакняскі вянец, і яго чакаў такі ж лёс, як і бацьку. Але Вітаўт цудам ацалеў. Збег, пераапрануўшыся ў жаночую апратку, падмануўшы варту. І як ты думаеш, хто яго, рызыкнуўшы сваім жыццём, уратаваў?
- Жонка.