- Што параіць?
- Што напісаць… - палез бацька ў падпечак, дзе ў яго схованка была, у якой некалі пісталет ляжаў, дастаў цыгаркі без фільтра, удушлівы "Памір", дым якога можна было б пускаць у газавыя камеры, закурыў, што апошнімі гадамі рабіў рэдка. - Некалі я расказваў табе гэтую гісторыю, як казку. Ты яшчэ ў калысцы быў, немаўля, так што не можаш помніць. Маці тады ў сваім бухгалтарскім тэхнікуме вучылася. Завочна, але то сесія ў яе, то практыка, то яшчэ нешта - я шмат такіх гісторый табе распавёў, каб ты засынаў. Помню, ляжыш, слухаеш і глядзіш так, нібы ўсё разумееш. Палохаешся там, дзе страшна, усміхаешся, дзе смешна. А я расказваю, як на вайне быў, што там перажыў, калышу люльку і думаю: хоць нехта мяне разумее, хоць нехта… Дык вось, - схаваў бацька, бо ў сенях маці затупала, "Памір" у падпечак, - мяне ўлетку сорак другога ў баявы разлік "Кацюшы" залічылі. Кіроўцам на "ЗІС-6". Слабаватая для таго, каб "Кацюшу" з ракетамі цягаць, была машына. І калі прыйшлі амерыканскія "Студабекеры", паслалі мяне ў штаб арміі памяняць "ЗІС" на "Студабекер". Са мной яшчэ двое: лейтэнант, старшы машыны, не помню ягонага прозвішча, беларус з-пад Віцебска, і сяржант, якога дадалі нам, як сказалі, на ўсялякі выпадак. Ягонае прозвішча я памятаю, дзіўнаватае такое: Муляны. І вось ужо на "Студабекеры" едзем назад, лейтэнант газету чытае, якую ў штабе ўзяў, і раптам кажа: "Купалы не стала. Усё ж яны забілі яго". Горка так, з болем кажа… Ён да вайны ў Мінску ў Акадэміі навук працаваў, ведаў Купалу. А Муляны пытае: "Хто забіў, таварыш лейтэнант?.." Я дык падумаў, што немцы, а гэты, бачыш, спытаў.
Лейтэнант не адказаў нічога - і як бы ўсё на тым. А праз дзень мяне асабіст выклікае. І пытае, што казаў лейтэнант пра смерць Купалы? Ясна, што Муляны данёс. А лейтэнант той слаўны, вельмі слаўны быў. Дый смелы: за спіну салдата ніколі не хаваўся. І я асабісту дакладваю: "Таварыш капітан! Таварыш лейтэнант сказаў, што таварыш Купала памёр. Ён прачытаў пра гэта ў газеце". Але асабіст не адстае: "Ён хіба не сказаў, што Купалу забілі?" З асабістам надта не пакруціш, тым больш, што ад Мулянага ён усё ведае, таму адказваю, што так, сказаў, што забілі немцы. Капітан кулаком мне ў сківіцу: "Якія немцы? Якія ў Маскве могуць быць немцы?! Ты дапускаеш, што Чырвоная армія, што таварыш Сталін мог здаць Маскву, сталіцу нашай Радзімы, немцам?!" Во куды закручвае. Як мінімум, у штрафроту, калі не адразу пад расстрэл. Я руку да пілоткі: "Таварыш капітан! Я лічыў, што таварыш Купала на фронце! Таму падумаў, што немцы забілі". Капітан тут жа насеў: "Дык лейтэнант не казаў, што забілі немцы?" - "Не помню. Мусіць, не казаў. Мусіць, гэта я так падумаў". - "Мусіць, мусіць… А як ён сказаў? Сказаў: усё ж яны забілі яго? Так?" Я зразумеў ужо, хто "яны", таму сказаць, што так, значыць, здаць лейтэнанта, і я зноў кажу, што не помню, як дакладна сказаў лейтэнант. Зноў рапартую, што ён прачытаў пра гэта ў савецкай, надрукаванай у Маскве газеце, і сказаў нам, мне і сяржанту, што Купалы не стала - сяржант можа гэта пацвердзіць. А капітан мне ў зубы: і ты пацвердзіш, што Цыркуновіч… во, даўно забыўся, а цяпер, глядзі ты, успомніў: Цыркуновіч прозвішча таго лейтэнанта… - дык вось капітан мне ў зубы: і ты пацвердзіш, што Цыркуновіч сказаў, што ворганы забілі Купалу! Ну, тут ужо ясна, што не толькі лейтэнанту, але і мне капец, калі чуў такое і, як сяржант, не даклаў адразу. Пэўна, я з твару змяніўся, бо асабіст паклаў перада мной паперу: "Табе нічога не будзе. Напішы, падпішыся і можаш ісці". А як такое можна напісаць і падпісаць? Я ж не сяржант, не сука тая муляная! Таму пілотку падняў з падлогі, яна зляцела, калі капітан мне ў зубы садануў, і зноў, хоць з роту кроў, руку да пілоткі: "Таварыш капітан! Таварыш лейтэнант сказаў, што таварыша Купалы не стала. Ён прачытаў пра гэта ў газеце. Ён не казаў, што таварыша Купалу забілі ворганы". Капітан падскочыў: "Але ж ты так падумаў!" - "Не, я падумаў, што таварыш Купала на фронце, што яго забілі немцы". І асабіст мне зноўку: бац!.. Карацей, двух зубоў каштаваў мне Купала. Добра, што не пярэдніх, асабіст збоку біў. А лейтэнант прапаў. Не ведаю, ці немцы яго ў штрафбаце, ці ворганы… - дакурыў бацька сваю памірыну да цёмна-жоўтых, што ніяк не бялелі, пазногцяў на вялікім і ўказальным пальцах, якімі трымаў цыгарку ўжо, здавалася, за агонь. - Мяне ў штрафроту пазней упяклі - па іншым даносе. Але Купалу з лейтэнантам мне таксама прыпомнілі: "Мы ўжо мелі з табой бяседу. На жаль, ты не зрабіў з яе належных высноў". І ў штрафроту! А там і закапалі яшчэ жывога, ледзьве з магілы выкараскаўся, - заслінявіў бацька меншы за пазногаць на мезенцы недапалак. - Так што цябе праз Купалу магло і не быць… Вось, пра што я на тваім месцы напісаў бы, - замітусіўся ён з недапалкам, бо ўвайшла маці, якая, пачуўшы апошнія ягоныя словы, ніякай увагі не звярнула на тое, што ён закурыў, праз іншае абурылася: "Што ты кажаш абы казаць? Як гэта праз Купалу ён мог не быць?.." - а бацька міралюбіва, бо ўзлавалася яна не за "Памір", сказаў, разганяючы газ душагубак, якім задыміў хату: "Ты ж не дачула. Ён раман піша пра Купалу. Дык няхай бы напісаў пра тое, колькі Купалаў праз такую свалату, як той Муляны, не нарадзілася. А калі ўсё ж нарадзіліся, дык колькі іх не стала. Колькі іх павесілася, атруцілася, сторч галавой з верхатуры кінулася, застрэлілася…"
- Падымайцеся, - уздыхнула маці, якая хоць і занесла гасцінец кіроўцу, усё адно праз тое, што ён доўга чакае, вінавацілася.
Яна не пайшла праводзіць сына, бо заўсёды, калі праводзіла, плакала, а плакаць пры кіроўцу, незнаёмым чалавеку, было няёмка, таму праводзіў бацька, які ніколі не плакаў. Нават тады, калі застаў аднойчы сына з вяроўкай на шыі, не пашкадаваў яго, не заплакаў, а сказаў: "Калі зноў такое надумаеш, скажаш мне. Я пісталет дам, з ім самагубства будзе выглядаць больш па-мужчынску, чым з вяроўкай".
XXXV
- Устаць! Суд ідзе! - крыкнуў нехта, як здалося, зверху, з-пад даху, дзе лятала на вянку Спагада, і ў залу ўвайшлі пракурор Ляплеўскі, маршал Тухачэўскі і старшыня таварыства аматараў крэмацыі Кашкадамаў. "У яго твар, нібы яму залаты зуб уставілі. Ці ён у карты ў маршала з пракурорам выйграў", - голасам, якім прамаўляюць, калі не чакаюць нічога добрага, сказаў Маякоўскі, але Купалу ўсё адно было, як выглядае, выйграў у маршала ці прайграў пракурору старшыня таварыства аматараў крэмацыі.
- Мне Паўліна, калі год таму ў Маскве сустрэліся, я ў Казань ад’язджаў, сказала: "Помні, Янка, за тое, што ты пакінуў у пылаючым доме матку, зямля родная не прыме праху твайго ў лона сваё!" - вінаваціўся Купала, не зважаючы на тое, што робіцца ў зале, дзе нябожчыкі мітусліва пачалі ўставаць, і першай, бо сядзела тварам да залы ў прэзідыуме на месцы Кашкадамава, падхапілася таварыш Коган, а поўны важнасці Кашкадамаў кінуў ёй, падышоўшы да стала: "Брысь!" - і таварыш Коган дробненька заківала: "Калі ласка, калі ласка..." - прапускаючы ў прэзідыум Ляплеўскага, які пачакаў, пакуль стануць поплеч Тухачэўскі з Кашкадамавым, дастаў паперыну з тэчкі: "Пратакол № 1 судовага паседжання тройкі Маскоўскага крэматорыя імя таварыша Сталіна…"
- 3 Мінска ў Маскву выпраўляючыся, я набраў, колькі ў машыну ўлезла, барахла, якога за жыццё мне надавалі, якім куплялі мяне, і я разумеў, што купляюць, але браў, браў, браў, а тую, якая само жыццё дала, пакінуў, ёй месца не хапіла, вось і мне не хапае месца, родная зямля прах мой не прымае, - гаварыў і гаварыў Купала, не слухаючы Ляплеўскага, які за час, пакуль засядала тройка, гэтак набраў сталінскіх інтанацый і стаў такі падобны да правадыра, што зала не стрывала, крыкнула "ура!", але нядружна, і Ляплеўскі паглядзеў пахмурна, незадаволены ці то тым, што нядружна крыкнулі, ці то тым, што ўвогуле закрычалі - суд, маўляў, не сход. "Слухалі, - працягваў ён, - справу Луцэвіча (Купалы) Івана Дамінікавіча, 1882 года нараджэння, кіраўніка "Саюза вызвалення Беларусі", контррэвалюцыйнай, нацыяналістычнай, антысавецкай арганізацыі, дзейнасць якой была скіраваная на аддзяленне БССР ад Саюза Савецкіх Сацыялістычных рэспублік, на распад СССР, на ліквідацыю заваёў Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі і аднаўленне ўлады памешчыкаў і капіталістаў. Пастанавілі: Луцэвіча (Купалу) Івана Дамінікавіча - раскрыжаваць!"
Залу нібы хваляй хіснула… Таварыш Коган, хіснуўшыся, гэтак часта заміргала вейкамі, як крыльцамі страказа, і, калі б вейкі былі ў яе большыя, яна магла б узляцець на вянок да Спагады, якая закружыла пад дахам: "Не слухайце вы Купалу, не слухайце, ён на сябе нагаворвае, наўмысна нагаворвае, каб яго пакаралі, бо маці ягоная ў Мінску памерла, і ён думае, што вінаваты, але якая ягоная віна, калі ён клікаў яе з сабой, а яна не захацела, не паехала, куды і чаго, спытала, ехаць мне ў маім веку, сыне, на чужыне паміраць, дык лепш я ў хаце сваёй памру, беларусы нічога гэтак не трымаюцца, як хаты сваёй, вось і памерла яна ў сваёй хаце, бо час настаў, ніхто ёй смерць не прыспешваў, а ён думае, што прыспешыў, нават у тым сябе вінаваціць, што загінуў, а яна адчула, што загінуў, і сэрца яе не вытрывала…" - галасіла, лятаючы, Спагада, але ніхто яе не чуў.
- Во так! - пераможна ўскінуў галаву Кашкадамаў. - А то пачалі тут: па-бальшавіцку, не па-бальшавіцку, правільна, няправільна! Мы аднаго такога, калі яшчэ я старшынёй таварыства ваяўнічых бязбожнікаў быў, раскрыжавалі, дык навек!
Ляплеўскі глядзеў у залу, заклаўшы руку за пруг кіцеля. Як Сталін.
Такога выраку ніхто не чакаў, і па тварах нябожчыкаў відаць было, што ім страшнавата. Вось і памерлі, і ніякага суда, апроч Божага, над імі быць не можа, а страшна. Савецкая ўлада так паўладарыла, што нават мёртвых запалохала.
- Чакайце… - ціха, нібы толькі што апрытомнеў, прамовіў нарэшце Горкі. - Ён Купала. Народны паэт... - і Ляплеўскі перапыніў яго: "Ён вораг народа! І народ патрабуе. ." - а тут Маякоўскі спытаў: "Які народ? Мёртвы?.." - Падняўся і прачытаў, гледзячы на Купалу:
Цела на захад, а кроў выцякае на ўсход.
Мёртвы народ сам сябе ўжо не помніць жывога.
Гэта такая трагедыя - мёртвы народ.
Гэта такая камедыя мёртвага Бога.
- Гэта што?.. І пра што? - уперыўся ў Маякоўскага Кашкадамаў, а пракурор Ляплеўскі павярнуўся да маршала Тухачэўскага, нібы прапануючы яму адказаць Маякоўскаму, але маршал не выявіў жадання ўступаць у спрэчку, не маршальская справа, маўляў, спрачацца з паэтамі, таму Ляплеўскі сам пачаў: "Савецкі народ не можа быць мёртвы, савецкі народ - будаўнік сацыялізму, ідэя якога несмяротная, таму й народ з несмяротнай ідэяй несмяротны…" - на што Кіраў, ступіўшы да прэзідыуму, узняў руку: "Вось-вось! Несмяротны!.. Вы Хрыста з Купалы зрабіць вырашылі? Беларускага Бога?" - і Кашкадамаў хапануў паветра: "Якога яшчэ Бога!.." - ды зашмат паветра хапануў, задыхнуўся, закашляўся, а Ляплеўскі, з якім, відаць, не ва ўсім Тухачэўскі быў згодны, развёў рукамі перад маршалам:
- Бачыце?.. А вы ў мяне пытаецеся: дзе доказы? Маўляў, вас без віны расстралялі, дык, можа, іх таксама?.. Не бывае невінаватых! Пралетарскі пісьменнік бароніць ідэолага мясцовага нацыяналізму, якога ўздымаюць на шчыт нашы ворагі! Фашысты! Савецкі паэт заяўляе, што савецкі народ мёртвы! Кіраўнік правафланговага атрада камуністаў, галава горада, які носіць імя вялікага Леніна, прапагандуе не ленінскія ідэі, а біблейскія казкі пра Хрыста! Гэтага недастаткова?.. Так што ўсё правільна, - стукнуўшы па спіне Кашкадамаву, які ніяк адкашляцца не мог, узяў пракурор яшчэ адну паперчыну з тэчкі. - Пратакол №2 судовага паседжання тройкі Маскоўскага крэматорыя імя таварыша Сталіна. Слухалі: справу сяброў "Саюза вызвалення Беларусі" Пешкава (Горкага) Аляксея Максімавіча, 1868 года нараджэння, Маякоўскага Уладзіміра Уладзіміравіча, 1893 года нараджэння, Кірава (Кострыкава) Сяргея Міронавіча, 1886 года нараджэння, Куйбышава Валяр’яна Уладзіміравіча, 1888 года нараджэння, Несцярэнкі Пятра Іванавіча, 1892 года нараджэння, Машніна Прохара Ісідаравіча (святога Серафіма Сароўскага), 1754 года нараджэння, Цвярской Ганны Дзмітрыеўны (святой Ганны Кашынскай), 1280 года нараджэння, Коган Яўгеніі Саламонаўны, 1886 года нараджэння, дзейнасць якіх была скіраваная на… далей па тэксце пратакола нумар адзін, - не стаў паўтараць пракурор, на што была скіраваная дзейнасць "Саюза вызвалення Беларусі", - і пастанавілі: Пешкава (Горкага) Аляксея Максімавіча, Маякоўскага Уладзіміра Уладзіміравіча, Кірава (Кострыкава) Сяргея Міронавіча, Куйбышава Валяр’яна Уладзіміравіча, Несцярэнку Пятра Іванавіча, Машніна (Сароўскага) Прохара Ісідаравіча, Цвярскую (Кашынскую) Ганну Дзмітрыеўну, Коган Яўгенію Саламонаўну - расстраляць! Старшыня судовага паседжання тройкі - намеснік пракурора СССР Г. Ляплеўскі, намеснік старшыні - маршал Савецкага Саюза М. Тухачэўскі, сакратар - К. Кашкадамаў.
"Во так! - гэтак жа, як нядаўна Кашкадамаў, ускінуў галаву Горкі. І нахіліўся да Маякоўскага. - А вы казалі, што тых, хто застрэліўся, яны не расстрэльваюць".
Маякоўскага, пэўна, здзівіла не тое, што яго расстраляць пастанавілі, а тое, за што пастанавілі расстраляць? - і ён пачаў: "Ды ніколі не быў я ні ў якім Саюзе вызвалення…" - але не дагаварыў: у канцы залы зашумелі. Па лесвіцы, каля якой стаяў палкоўнік Несцярэнка, падымаліся, ззяючы німбамі, святы Серафім Сароўскі і святая Ганна Кашынская, якая спытала стомлена: "Пётр Іванавіч, куды тут на расстрэл?.." - і палкоўнік дапамог ёй падняцца на апошнюю прыступку: "Гэта са мной, я пакажу…" - прычым выглядаў ён такім задаволеным: маўляў, нарэшце і мяне ў неблагую кампанію запісалі, разам з Горкім, Маякоўскім і святымі расстраляюць! - што вайсковец, які стаяў побач з аднойчы ўжо расстраляным дырэктарам крэматорыя, паціснуў яму, віншуючы, руку.
"Госпадзі!.." - перахрысцілася, убачыўшы святых з німбамі, таварыш Коган, і святы Серафім са святой Ганнай падышлі да яе: "Гасподзь з табой…"
Ляплеўскі, склаўшы паперы ў тэчку, сеў за стол. Селі Тухачэўскі з Кашкадамавым.
Зала стаяла.
- Нешта не зразумелі?.. - падаў нарэшце голас маршал Савецкага Саюза, і, калі вайсковец, які паціснуў руку Несцярэнку, сказаў, што паколькі ў нас няма Бога, а, значыць, не можа быць святых, ён згодны з тым, што Сароўскага з Кашынскай трэба расстраляць, але не зусім разумее, за што таварыш Коган расстрэльваць?.. - дык тут жа Кашкадамаў, які аддыхаўся і адкашляўся, ускочыў:
- А хто выступаў за тое, каб зрабіць нацыяналіста ганаровым сябрам крэматорыя імя таварыша Сталіна? Не таварыш Коган? Я ўвогуле спаліць яе прапаноўваў, як ведзьму! Дык таварыш маршал заўпарціўся: маўляў, нейкае сярэднявечча… А нацыяналізм - не сярэднявечча? Тым больш беларускі, які небяспечней за любы іншы. Бо хто - беларусы? Рускія людзі! А прыдумалі нейкую сваю нацыю, мову!.. Калі ёсць тут адукаваныя нябожчыкі-партыйцы, - доўжыў Кашкадамаў з інтанацыяй, з якой вынікала, што, як мінімум, адзін адукаваны нябожчык-партыец тут ёсць, - дык яны ведаюць, што не было й няма ніякай беларускай ці нейкай там украінскай мовы, культуры. Гэта прышчэпы дзічак, зробленыя нацыяналістамі на вялікім рускім дрэве. І каб дрэва рускае не змарнела, каб расло, шумела, каб з яго не выпілі, не высмакталі ўсе сокі, нельга чакаць, пакуль здзічэлыя галіны высахнуць, абламаюцца самі! Трэба абсекчы іх! І сякера павінна быць у бязлітасных сталёвых сталінскіх руках!" - скончыў і сеў Кашкадамаў, пасунуўшыся бліжэй да Ляплеўскага, які спытаў, выступам старшыні таварыства аматараў крэмацыі відавочна задаволены: "Спадзяюся, больш ні ў кога ніякіх пытанняў няма?"
Нябожчыкі маўчалі. Стаялі, перамінаючыся з нагі на нагу, і, нібы нечага чакаючы, глядзелі на Купалу.
Купала глядзеў у сябе. І бачыў там, у сабе, маці. Так дзіўна бачыў, нібы яна жыла ў ім, як некалі ён жыў у ёй, каб нарадзіцца. І яму згадалася паданне, апошняе з усіх, якія яна распавядала. Нядаўна - незадоўга да вайны. Незадоўга да таго, як ён яе ў вайне пакінуў.
У адной жанчыны, вядзьмаркі, нарадзілася мёртвае дзіця. Хлопчык. Ён быў гэтакі ладны, прыгожы, што ніхто веры даць не мог, што нежывы. Вядзьмарка грэла яго на сваіх грудзях, карміла сваім вядзьмарскім малаком - і неяк так начаравала, што мёртвы хлопчык рос, навучыўся хадзіць, чытаць, пісаць, а дарослым стаўшы, ажаніўся, дзяцей нарадзіў. Шмат дзяцей - мёртвых ад мёртвага. І ягоныя мёртвыя дзеці нарадзілі сваіх мёртвых дзяцей, ніхто з якіх не паміраў, бо не паміраюць нежывыя. А жывыя паміралі, з часам іх зусім не стала, толькі мёртвыя жылі, якія ўжо й не ведалі, што яны мёртвыя, што гэты свет падмяніўся на той, што даўно ўжо тут, а не там, пекла, што тут, а не там, грэшнікі, якія адзін аднаго прадаюць і купляюць, купляюць і прадаюць, страляюць, паляць, сякуць, не шкадуючы, бо пашкадаваць мёртвага можа толькі жывы, - і гэтакі жах віраваў на зямлі, што жахнулася нават, бо жывая была, вядзьмарка…