- Чакайце… - абсела з патэльняй у руках маці. - Якая кватэра?.. Што ў гэтай паперы напісана?
- У паперы напісана, што твой сын сракаліз. І вылізаў сабе кватэру.
- Тут так не напісана, - забраў Віктар у бацькі пісьмо Кісяля. - Тут, мама, напісана вось што. "Просім разгледзець магчымасць выдзялення асобнай кватэры сябру Саюза пісьменнікаў Беларусі Маргеру В.П." Подпіс Кісель Ц.Я. І ўсё. Ні пра задніцу, ні пра іншае месца, якое можна лізаць, тут ні слова.
- Хо-хо-хо, - заківаўся на зэдлі бацька. - Не пра ўсё пішуць.
- Гэта які Кісель? - махнула на яго рукой маці. - Мінскі?
- Так, мінскі.
- А паслухаюць яго? Зараз жа гэтакі час: ніхто нікога не слухае. У нас нават галоўнага бухгалтара і таго…
Бацька стукнуў кулаком па стале - патэльня з яечняй падскочыла.
- Ды яму кляп у рот! Каб не разяўляўся! Ведаеш, што на партсходзе сказаў? Што XXVI з’езд КПСС акрэсліў праграму дзейнасці Смаргонскай МТС уключна з бухгалтэрыяй! З’езд уключыў ягоную сраную бухгалтэрыю ў сваю праграму! І ўсе сядзяць, слухаюць, ніхто ў дурдом не тэлефануе! Партайгэносэ наш: "У каго якія пытанні?.." Я кажу: у мяне. І спытаў…
Маці, пэўна, не аднойчы чула, пра што спытаў бацька яе начальніка, таму не стала яшчэ раз слухаць, усур’ёз узлавала.
- Спытаў ён! Пасядзеў бы ціха! Так файна жылі з чалавекам! А цяпер? Насустрач ідзе - адварочваецца.
Бацька таксама ўзлаваўся.
- Во! Чуў?.. Ён даносы на мяне пісаў - і мы файна жылі! А цяпер, калі я сказаў, хто ён такі, адварочваецца. Дык няхай! Дасць Бог, шыю скруціць, сексот!
Бацьку было на што злаваць: праз усё жыццё на яго пісалі і пісалі даносы. Сядзеў бы ціха, не пісалі б, але ён не мог ціха сядзець: праз усё жыццё шукаў справядлівасць у свеце.
Свет гэты ён з аднолькавай сілай і любіў, і ненавідзеў. Маці казала, што нянавісць у ім ад вайны, але Віктару, асабліва тады, калі быў малы, здавалася, што вайну бацька любіў. Там, у ёй, у вайне засталіся ўсе ягоныя сапраўдныя сябры, і засталася нейкая найвышэйшая, аднаму яму зразумелая справядлівасць. Хоць якраз у час вайны напісалі на бацьку данос, па якім яго забралі ў штрафную роту і, кантужанага, цяжка параненага, палічыўшы забітым, пахавалі.
Ён выкарабкаўся з магілы. І, магчыма, праз тое, што, хоць быў пахаваны, але выжыў, пасялілася ў ім адчуванне справядлівасці. А праз тое, што мог не выжыць па даносе, увайшла ў яго найбольшая з усіх нянавісцяў, якія ў ім былі: нянавісць да сексотаў.
Усё дзяцінства Віктара было пазначанае меткамі той нянавісці. Крыкамі бацькі: "Падлюкі! Сукі!.." Стрэламі з пісталета, калі ён дазнаваўся, што зноў на яго нешта "намалявалі". Праз бацьку нянавісць да сексотаў увайшла і ў Віктара, даносы для яго сталі тым, у чым выяўляецца чалавечая подласць.
У дзяцінстве праз гэта было проста страшна.
Нейкі час бацька быў старшынёй сельсавета, і на яго данеслі, нібы ён згнаіў жыта ў полі. А тады за адзін каласок садзілі. Бацька ведаў, хто данёс, прыйшоў да таго сексота з пісталетам. Не застрэліць, папалохаць, а той напісаў, што забіць хацеў. І аднойчы прачнуўся Віктар ноччу ад грукату ў дзверы. "Маёр Вырак! - уварваўшыся ў хату, тыцнуў бацьку ў твар чырвонае пасведчанне з адціснутамі на ім мечам, сярпом і молатам чалавек у ботах з ялавай скуры з хромавымі халявамі, у сініх з малінавым кантам галіфэ, у зелянковага колеру гімнасцёрцы, падперазанай скураной дзягай з кабурой на правым баку, з якой выхапіў ён пісталет. - Здаць зброю!"
Бацька стаяў у споднім, у працёртых ззаду белых кальсонах і выглядаў перад хромава-бліскучым маёрам жаласна. Яшчэ жаласней за маці, якая таксама ў споднім, толькі хустка на плячах, глядзела на маёра з жахам - і з жахам малілася на яго. Гэтак глядзела і гэтак малілася, што Віктар заплакаў, калі болем кальнула ягонае спалоханае маленькае сэрца. І тут бацька выпрастаўся: "Не плач, сынок! Маглі б не ўночы, маёр. І без дзяцей…" - а той бабах у столь: "Зброю здаць!"
Зброя ў бацькі была імянная. Пісталет з гравіроўкай: "За подзвіг пры ўзяцці Кёнісберга. Маршал Васілеўскі. 10.04.45". І калі бацька сказаў: "На вайне б страляў, пацук тылавы. Не ты мне зброю даваў - не табе забіраць", - маёр яму ўруччам пісталета ў зубы. "Ах ты!.." - кінуўся бацька да падпечча, дзе свой пісталет хаваў, але двое, што былі з маёрам, схапілі яго, скруцілі, зацягнулі ў "варанок".
Назаўтра да маці прыйшоў бацькаў франтавы сябрук, які сказаў, што бацьку павезлі ў Маладзечна, у абласны цэнтр, і, калі яна хоча пабачыць мужа, што наўрад ці ўдасца, але раптам, дык трэба ў тое Маладзечна ехаць, бо там будзе суд - і дахаты бацька можа не вярнуцца. Маці ўзяла Віктара, якому каля шасці гадоў было, і яны паехалі.
Судзілі бацьку не ў судзе, а ў абкаме партыі, і судзіў не суд, а так званая "тройка": сакратар абкама, пракурор і старшыня КДБ. Бацькаў сябар папярэдзіў: "Калі ён выйдзе праз парадны ўваход, усё будзе добра. Паедзеце дахаты. А калі не, дык развітаецеся, мусібыць, назаўсёды. Хутчэй за ўсё - другое. Таму, калі хочаце яго ўбачыць, ідзіце з двара".
Маці стаяла на плошчы перад абкамам, не ведаючы, што рабіць… Потым пайшла да брамы ў двор, дзе чарнеў, чакаючы бацьку, "варанок". Віктар паплёўся за ёй, але раптам… Не тое, што зразумеў нешта, якое ў ім разуменне было?.. Дзіцячае… Але пранізала яго недзіцячая думка: "Гэта ж, калі я з двара іду, дык не веру ў тое, што бацька выйдзе і ўсё будзе добра: мы дахаты паедзем". І ён кінуўся да параднага ўваходу. Маці паглядзела ўслед і не стала яго вяртаць.
Віктар стаў так, каб бачыць яе каля брамы. Але стаяў ён не ў двары! На плошчы! Каля параднага ўваходу!
Ён не помніў, колькі яны чакалі… Гадзіну? Дзве? Чатыры?.. Ніхто ў парадныя дзверы не ўваходзіў, ніхто не выходзіў з іх. Нарэшце яны расчыніліся, выйшаў маёр. Убачыў Віктара, пазнаў, падазваў пальцам. Віктар не зрушыўся з месца, маёр рушыў да яго. "Зараз і мяне забярэ!" - спуджана падумаў Віктар, але не пабег, застаўся стаяць, дзе стаяў. Дзе чакаў бацьку. Маёр ткнуў яму палец пад падбароддзе, задраў галаву: "Усё адно я твайго бацьку кончу! Так яму і перадай: маёр Вырак цябе, падла, кончыць! Ну, перадасі?.." - Перадам, - балюча наткнуўшыся на прапахлы порахам палец, шчасліва матлянуў галавой Віктар, убачыўшы за кабурой, што вісела на скураным рамяні маёра, як зноў расчыніліся парадныя дзверы - і на мармуровы ганак ступіў бацька. І як толькі Віктар убачыў яго… там прыступкі былі - ён іх не заўважыў! Ён не пабег - ён ўзляцеў! І ўзляцеў не толькі з радасці, што ўсё будзе добра, што яны паедуць дахаты, але і з адчування перамогі. Бацька выйшаў сюды, бо ягоны сын пастанавіў тут яго дачакацца! І маёра Вырака, Вырадка, як ён для сябе пераназваў яго, у якога пальцы пахнуць порахам - столькі гэты вырадак людзей настраляў, і тых вырадкаў, якія паставілі ў двары "варанок", каб звезці бацьку немаведама куды, ягоны сын перамог! Бацька злавіў сына над прыступкамі, Віктар абхапіў яго за шыю: "Тата! Тата!.." - і потым кожны раз з успамінам пра гэта, самым моцным успамінам дзяцінства, узнікала ў ім адчуванне палёту. Нават цяпер, праз гады…
Ён падняўся з-за стала, пакуль лёгка, пакуль памяць лятае, а не цягне камянём на дно, пакуль не стаў іх шкадаваць - і сябе разам з імі.
- Дзякуй, пара мне. На зваротным шляху яшчэ заеду, пабачымся.
- І праўда, - усхапілася маці. - Мы тут сядзім, а чалавек там гадзіну чакае.
Тое, што яна амаль год сына чакала, нічога. А вось тое, што нейкі чалавек гадзіну пачакаў, бяда. І яна пабегла ў куратнік, каб сабраць свежыя яйкі, каб не дарма чакаў чалавек.