Яна моцна ўразіла яго, княгіня Марыя Ева Магдалена Завіша-Красінская-Радзівіл. У першую ж хвіліну іх знаёмства здзівіла: "Вы беларускі паэт - я беларуская княгіня. Ведаеце, чаму беларуская? Не толькі таму, што польскіх ці рускіх княгінь хапае - я паўсюль сядзела б у чырвоным куце. Але я адчуваю, што я не польская і не руская. Іншая - і ўсё тут. Вось і вы - іншы. І не па-польску, - падала яна газету з ягоным санетам "Przestańcie marzyć o sławnej przeszłości..." - гэта напісана. Калі глядзець, дык нібы па-польску, але не. Бо вы не паляк, мысленне ў вас іншае. "Sercem poddajcie się losów swawoli..." - прыцягальным голасам, у гэтай жанчыны, старэйшай за яго на дваццаць гадоў, быў прыцягальны, заманлівы голас, працытавала яна радок санету, - як гэта па-нашаму!.."
Так, ён не паляк. Іншы - і ўсё тут.
Чаму?.. Як яно сталася, што іншы? Скуль "іншае" ўзялося, калі хадзіў да касцёла, калі па-польску вучыўся, калі пісаць пачаў па-польску, нават не думаючы, што можна "па-іншаму"? Калі маці па-польску размаўляла і казала палякаў трымацца…
Але вось дзіва: казала маці трымацца палякаў, а казку на польскай мове пра беларускую мову расказвала.
Ён помніў тую казку і расказаў яе аднойчы, у зімовую ноч, беларускай княгіні. Казка была доўгая, але і зімовая ноч не кароткая…
"Жыла-была на белым свеце Беларуская Мова. Стройная, гнуткая, звонкагалосая, такая прыгожая, што ўсе толькі дзіву даваліся: "Адкуль Ты такая?" І ўсім Яна адно адказвала: "Ад Бога".
Палюбілі Яе людзі, што жылі на Нёмане, на Прыпяці, на Дняпры, якія называліся хто крывічамі, хто дайновічамі, хто яцвягамі, і сталі размаўляць, як Яна. Спяваць пачалі, як Яна, найпявучыя ў свеце песні, расказваць найчароўныя казкі. І тады ўзраўнавалі суседзі. "Jestem lepszy od ciebie!" - чуўся з захаду Język Polski. "Я лучше тебя!" - чуўся з усходу Русский Язык. "Добра, добра, - гледзячы, як у люстэрка, то ў Нарач, то ў Асвею, то ў Свіцязь, усміхалася Беларуская Мова. - Вы лепшыя з крайкоў, а я лепшая ўсярэдзіне".
- Файна… - прамовіла княгіня, але як бы не пра казку, пра нешта сваё. "Вы лепшыя з крайкоў, а я лепшая ў сярэдзіне". - І далей ужо да самага канца слухала моўчкі.
"Суседзям бы ў адказ усміхнуцца, але яны не ўсміхнуліся. "Кпіны над намі ўздумала строіць! - усхадзіліся Język Polski з Русским Языком. - Дык адусюль знікнеш, анідзе цябе не стане!.."
Не пустой была пагроза. Навалу за навалай насылалі суседзі на Беларускую Мову з захаду і ўсходу. Але колькі стагоддзяў ні нападалі, колькі ні забіралі ў Беларускай Мовы зямлі, гарадоў і вёсак, Яна не знікала. Сыходзіла ад навалы за палескую дрыгву, хавалася ў Налібоцкай пушчы, жыла ў леснічоўках, начавала ў стагах, але адусюль чуўся Яе голас, Яе чароўныя песні.
Калі сканчаліся нашэсці, Яна выходзіла з пушчаў, вярталася з балотаў. Сядала на беразе ці Нарачы, ці Асвеі, ці Свіцязі, глядзелася, як у люстэрка, у воды возера, слухала сама сябе ў галасах людзей, якім была Богам дадзеная, і ўсміхалася.
Так міналі стагоддзі, але не сканчаліся нашэсці… І калі хавалася ад іх Беларуская Мова ў пушчах ды балотах, прыходзілі да людзей, якія жылі на Нёмане, на Прыпяці, на Дняпры, іншыя мовы. "Як вам не сорамна жыць з ёй? - пыталі. - Яе ж нельга свету паказаць, лясную ды балотную!" І дзе сілай змушалі, дзе абяцанкамі спакушалі быць з імі… І змусілі, спакусілі. Здрадзілі беларусы Мове сваёй, іншую назвалі лепшай. І аднойчы ўбачыў Бог, як сядзіць Яна на беразе Свіцязі ў белай сукні, вышытай чырвонымі кветкамі, ды плача. Гэтак слёзы ліе, што вада ў возеры вышэй за берагі падымаецца. "Што з табой, дзіцятка маё? - спытаў Бог. - Мінавалі ўсе навалы, скончыліся нашэсці, а ты сядзіш і плачаш? Чаму?.." - "А таму што ўявіць не магла, - адказвае яна скрозь слёзы, - што калі скончацца нашэсці, мінуюць навалы, людзі з Нёмана, з Прыпяці, з Дняпра, якія спявалі некалі мае песні, прыйдуць і скажуць: "Мы цябе не ведаем". Ці ж магла я падумаць, што скажуць гэтак не чужынцы, якія заганялі мяне ў лясы і балоты, а свае".
Паслухаў Яе і зажурыўся Божа. "Дзіва, - сказаў Ён, - займець сваю мову. Але яшчэ большае дзіва - адрачыся яе. Што ж мне зрабіць з тымі, хто выракся? Наслаць на іх хваробы? Праклясці па саракавое калена? Спаліць агнём, громам пабіць? Што скажаш, тое зраблю…" - супакойваў Яе, каб не плакала, Божа, а Яна выцерла слёзы: "Не карай іх, Госпадзі. Яны не ведаюць, што робяць. Потым ім сорамна будзе. А пакуль я ім не патрэбная, ці забяры мяне на неба, ці ператвары ў крыніцу. Каб маглі яны напіцца, калі захочуць".
Сказала Яна так - і выступілі слёзы ў вачах Бога самога. "Святая мая, - прылашчыў Ён дачку сваю. - Усё можа Бог, але не можа не пакараць тых, хто самім сабе здрадзіў. А табе не дам я памерці. Калі такіх прыга-жунь на неба забіраць, хто ж на зямлі застанецца?.. Будзь крыніцай, калі быць ёй хочаш", - сказаў Божа і ператварыў Яе ў крыніцу, у якую ўпала Ягоная сляза - і стала вада ў крыніцы той жывой вадой. Святой.
А на зямлю, што назвалася Беларуссю, але жыла з мовай чужой, наслаў Гасподзь спякоту. Сухмень. Там, дзе сінеў лён, красавалі сады і каласіла жыта, паслалася пустэча. Спёка такая стаяла, што пыльнымі шляхамі сталі Нёман, Прыпяць і Дняпро, перасохлі Нарач, Асвея, Свіцязь - і толькі адна Крыніца бруіла чыстай, празрыстай вадой. І калі б не Яна, дык звяліся б са свету беларусы, і ніхто б пра іх не ўспомніў, як пра пыл на берагах высахлых рэк і азёр.
Песні, казкі, легенды пра цудадзейную Крыніцу па ўсім беларускім краі разляцеліся - і рушылі да Яе, каб выжыць, беларусы. Прыпадалі да жывой вады, пілі Яе, цалавалі і шапталі, цалуючы: "Святая наша… Ты ўратавала нас - і мы не дадзім Табе памерці…"
І вось цуд: чым болей чэрпалі з глыбіняў Яе, чым болей беларускага люду наталялася Яе жывой вадой, тым глыбейшай, паўнейшай ставала крыніца. Нарэшце Яна выйшла з берагоў і напоўніла Нёман, Прыпяць і Дняпро, Нарач, Асвею і Свіцязь, усе рэкі і азёры, на берагах якіх зноў засінеў лён, закрасавалі сады, закаласіла жыта - загучала Богам дадзеная Мова. І пачуўшы Яе, Бог усміхнуўся з нябёсаў…"
Купала расказваў гэтую казку, седзячы на крэсле каля каміна і неадрыўна гледзячы ў агонь, а Магдалена стаяла за ім і гладзіла, гладзіла плечы, як рабіла гэта маці, калі шкадавала…
- Гэта не народная казка, - сказала княгіня, калі ён змоўк. - Такі народ не мог такую казку прыдумаць. Не таму, што няздольны, проста навошта яна яму? Ты сам яе напісаў. І расказаў маці. А пасля прыдумаў, што гэта маці расказала табе. Так?
Ён не адказаў. Спытаў:
- Які такі?.. Які такі народ?..
- Сам ведаеш, які, калі такую казку пра яго прыдумаў.
Купала падняўся імкліва.
- Не, ты скажы, які? Безнадзейны?..
Пытанне было не да Магдалены - да сябе, і ён закрочыў па пакоі ад сцяны да сцяны, ад сцяны да сцяны то ў адну, то ў другую ўпіраючыся: "Што за свет вакол мяне?.. Што вакол мяне за свет?.." - пачаў біць у сцены кулакамі: "Не скалануць!.. Не праламаць!.. Не прабіць!.." - і збіва-ючыся, паўтараючы некалькі разоў адно і тое, стаў казаць, што знясіліўся, спрабуючы зразумець, што гэта за свет такі беларускі, які цураецца самога сябе, і навошта беларускі паэт у гэтакім свеце, чаму б яму ў гэтакім свеце не пісаць па-руску ці па-польску, на мове, на якой чытаюць, тым больш, што ад самага пачатку, калі раптам, нечакана для яго самога напісаліся першыя беларускія вершы, не было ў яго на іх, проста не магло быць ніякай надзеі, бо нават не ўяўлялася, што тут, на гэтай скамечанай, скалечанай зямлі можа быць Беларусь, што на яе з усіх бакоў не накінуцца, не парвуць на шматкі, і Магдалена спыніла яго, схапіла, страсянула за плечы: "Можа быць!.."
- Можа быць! - пафасна ўсклікнула княгіня. - Можа быць Беларусь! Але дзеля гэтага патрэбная ахвяра, некаму трэба ўзысці на крыж! Не паляку і не рускаму, беларусу, у якім будзе такая беларуская вера, што яго, як сына, прыме, раскрыжаванага, беларускі Бог. А без беларускага Бога не будзе тут нічога. Без беларускага Бога ўсё тут безнадзейна.
Яна ўскліквала: "Некаму трэба ўзысці на крыж!" - і глядзела на яго так, нібы ведала, каму.
Іншаму.
Але чаму яму?..
Хоць чаму не?… Вось жа яна, Магдалена. Княгіня… Ёй, адной з най-знатных і найбагатых жанчын ва ўсёй Польшчы, было што, у адрозненне ад яго, губляць, і яна не баялася дзеля таго, чым жыла, страціць усё, што мела. Заявіўшы: "Я беларуска, мой муж ніколі не пабраўся б з полькай!" - княгіня проста ўзвар’явала палякаў. Наплявала на вышэйшы свет, на ягоныя салоны, кінула Варшаву - і ўсё гэта праз любоў да таго, што яна любіла, нават не надта ўсведамляючы: за што? чаму?.. - апантана любіла. Бо мела такую натуру, бо жарсці, якімі жыла, віравалі ў яе душы з такой сілай, якой не было ў жанчынах, якіх ведаў ён раней. Праз гэта й біла яму кулачкамі ў грудзі Паўліна, робячы выгляд, нібы раўнуе яго не да кнігіні, а да Уладзіславы…