— Расслабся! Мне сказалі: тут такая сістэма аховы, што мышына не прашкрабецца!
— А мы тады нашто?
— Як нашто? Для саліднасці! Давай дапамагу, — прапанаваў другі, гледзячы на тое, як першы намагаецца адкрыць піва аб крышку люка. — Бездапаможны ты, акцёр. Усе мае знаёмыя акцёры такія бездапаможныя — як дзеці! Адразу бачна: ніколі ў арміі СССР не служылі, саранчу ў Казахстане не жэрлі.
— А ты еў? То бок.. жэр? — спытаўся першы і каўтануў сліну.
— Жэр.
— І як?
— На чыпсы падобная.
Першы сумна паглядзеў на свае чыпсы, пасля на піва, затым сеў на люк і паставіў на яго харчы. Другі ўладкаваўся побач. Абодва прымоўклі.
Тым часам Аліна, Дзіма і Таня прадзіраліся праз мокрыя зарасці. З галля раз-пораз падалі буйныя халодныя кроплі і патраплялі ім на валасы і за каўнер. Дзіма змахваў ваду з чуба, Таня выцірала рукавом твар, Аліна бадзёра насвіствала песенькі пра дождж, а калі прамуркатала ўсе песні, якія ведала, сказала:
— Вось вырасцем, як грыбы пасля дажджу, здаро-овыя! О, паглядзіце, я грыбок знайшла! — яна падбегла да пушыстай сасонкі, нагнулася, адшчыкнула пазногцямі сімпатычны маленькі грыб. — Эх, мне б кошык, ножык, дажджавік…
— Няма калі нам грыбочкі збіраць! — Дзіма страсянуў чубам, як грывай.
— Ну, тады я гэтага малёху з сабой забяру! — Аліна схавала грыб у кішэню і прысыпала месца, дзе яго знайшла, ігліцай. — Вы толькі ўявіце сабе, якая прыгода! Нас скралі, звезлі ў невядомым напрамку, замкнулі, ледзьве не ўзарвалі, пабілі, але мы збеглі, ды з цэлай кучай трафеяў: вінчэсцер, газнічка і нават, прашу адзначыць, ядомы грыб! Вакол свежае паветра і надзея на тое, што мы ўсё-ткі будзем жыць вечна! Кажуць, у яловых лапках ёсць фітанцыды, якія ратуюць ад хвароб вуха, горла і носу! Рэкамендую ўсім закусіць галінкамі!
Аліна адламала яловую лапку і, не спыняючы хады, пачала яе жаваць.
Таня адмахнулася ад калючай галінкі і шэптам спыталася ў Дзімы:
— Гэтая Аліна… яна заўсёды такая?
— Я бачу яе трэці раз у жыцці, мы па інтэрнэце перапісваліся.
— І адразу жаніцца?
— Ты нічога не разумееш. Гэта фіктыўны брак.
— Яе не цікавіць, што ў цябе ў душы, ёй патрэбны толькі твой глядкі твар!
— А ты… ты ведаеш, што адбываецца ў мяне ў душы? — Дзіма паглядзеў Тані ў вочы. — Да сённяшняга дня цябе цікавіла толькі маё цела.
— Няпраўда!
— Ну, вядома ж, праз ложак можна вельмі многа даведацца пра ўнутраны свет чалавека! Якая мая любімая кніга?
— Дзіма, я ніколі не бачыла цябе з кнігай!
— Але гэта не значыць, што я не чытаю!
— Дзімава любімая кніга — «Магчымасць вострава» Уэльбэка! — падала голас Аліна. — Дурная кніжка, я выбар не ўхваляю, плясні Дзімку па попе — ад мяне!
Таня змоўкла.
— На слых я ніколі не скардзілася, — працягнула Аліна. — А табе спяшаюся паведаміць, што за дзесяць хвілін размовы з чалавекам можна пра яго даведацца больш, чым за дзесяць гадзін палымянага сексу! Хаця… адно другому не перашкаджае…
Праз дваццаць хвілін шпаркай хады ў прасвеце паміж елачкамі паказалася траса. Дзіма першым выбраўся на ўзбочыну і звыкла падняў вялікі палец уверх, як робяць усе стоперы. Аліна зрабіла тое ж самае. Таня, крыху сумеўшыся, таксама далучылася да калектыву.
Хутка з-за пагорка вылецела фура. Яна міргнула фарамі і спынілася, пракрэсліўшы на ўзбочыне тармазны шлях даўжынёй метраў з пяцьдзясят. Дзіма прабегся за машынай, забраўся ў кабіну і амаль адразу ж вызірнуў, каб паклікаць дзяўчат.
У кабіне было цёпла і ўтульна. Дзяўчаткі хутка перасталі ляскаць зубамі і агледзеліся. На лабавым шкле весела трымцелі сцяжкі розных краін. Над месцам вадзіцеля віселі фотаздымкі двух рудых хлопчыкаў. «Гэта дзеці мае. Сыны!» — з гонарам прамовіў вадзіцель, вывернуўшы руль. Ён многа і гучна смяяўся, калі расказваў нечаканым спадарожнікам гісторыі са свайго жыцця, а спадарожнікі добразычліва ўсміхаліся і адказвалі дзяжурнымі фразамі: «Ды вы што?», «Не можа быць!», «Вось гэта да!» і «Вы ўсё правільна зрабілі!» — словам, тымі, што робяць любую гутарку цёплай і нязмушанай.