Андрэй Сахута, як і большасць ягоных дружбакоў-партакратаў, лічыў, што гэта ўсё робіцца на шкоду партыі і народу, але партыйная дысцыпліна, нібы жалезная аброць, прымушала трымацца баразны, па якой вялі вышэйшыя лідэры, тыя, што сядзелі ў Крамлі і трымалі лейцы. Каб жа толькі трымалі! Дык жа бязлітасна тузалі! І не раз узгадваў Андрэй крылатыя, мудрыя словы беларускага класіка-гумарыста: “Кіраваць то ты кіруй, ды не надта тузай!”
Але не толькі дапякала вышэйшае кіраўніцтва, усё часцей паказвала зубы і само жыццё, тое самае жыццё, якое філосафы называюць аб’ектыўнай рэальнасцю.
Неяк начальства прапанавала Сахуту, тады першаму сакратару райкама, перайсці ў гаркам партыі сакратаром. Ён сустрэў гэтую прапанову без асаблівага жадання. Ды што ён мог сказаць, апрача звыклага: я — салдат партыі, раз трэба — значыць, трэба. Але на партканферэнцыі ўзнікла іншая кандыдатура, альтэрнатыўная — дружбакі вылучылі загадчыка аддзела гаркама. У паветры ўжо адчуваўся подых дэмакратыі, Гарбачоў трубіў пра галоснасць і новае мысленне. Праўда, ніхто, мабыць, і сам генсек не ведаў, што гэта такое — новае мысленне. Але фраза, нібы пробны шар, была запушчана, і паляцела, пакацілася па ўладных і партыйных калідорах, замільгала на старонках газет. Пасля тэлевізійнай праграмы “Время” галоснасць, новае мысленне высвечваў “Пражэктар перабудовы”.
Дык вось, на партканферэнцыі абмяркоўваліся дзве кандыдатуры, выступалі абодва прэтэндэнты. Гаркамавец аказаўся больш тонкім і ўмелым дэмагогам і, мусіць, ён болей прагнуў павышэння і новага крэсла, таму і атрымаў болей галасоў. Балюча перажываў Андрэй Сахута, бо гэта была першая публічная параза.
Затое на абласной канферэнцыі за яго галасавалі дружна: мабыць, паспрыяла вясковае паходжанне, ляснічы па адукацыі, але добра ведае і сталічныя калідоры. Тады яшчэ ўсе прыслухоўваліся да голасу партыі, але з кожным годам яе крытыкавалі ўсё смялей. Першым гэта зрабіў важак маскоўскіх камуністаў Барыс Ельцын на пленуме ЦК у кастрычніку 1987 года. Сахута тады счапіўся з Пятром Махавіковым, земляком, тэлежурналістам. А выйшла вось як.
Пятро прыехаў да яго ў абкам напрыканцы дня. Зняў мокрае ад снегу паліто, страсянуў шапку, гладка зачасаў парадзелыя валасы, якія прыкрывалі шырокую лысіну. Андрэй міжволі падумаў, што ў сябра прычоска, як у знаёмага сакратара гаркама, у некаторых работнікаў ЦК. Тыповая, наменклатурная прычоска.
— У цябе, Пятро, прычоска, як у сакратара гаркама Галко. Наменклатурная. Дарэмна ты не згадзіўся на павышэнне...
— Дзіва, што людзі кажуць — галком. Сабраліся вароны і галкі. Адно робяць, што гарлапаняць і галёкаюць. Крычаць пра галоснасць. Патрабуюць, каб чалавек выказваў свае думкі. А як Ельцын вякнуў на пленуме... Пакрытыкаваў старых бюракратаў. Генсека зачапіў, так і з’елі. Вось і скончылася перабудова, — усхвалявана загаварыў Пятро.
— Занадта крута бярэш. Перабудова не скончылася, — Андрэй прыцішыў голас, дадаў: — Хаця я сам думаю, нешта тут не так. Нам казалі: трэба вучыцца перабудове на прыкладзе Масквы. А тут раптам “политическая ошибка”. Мне здаецца, гэта вялікая памылка Гарбачова. Мы цяпер апраўдваем Бухарына, розных там апартуністаў. А тут чалавек выступіў з крытыкай на пленуме і яго высту прызнаецца “политически ошибочным”. І яго адразу здымаюць з пасады за “крупные ошибки”. І спёкся папуас. А дзе ж дэмакратыя і галоснасць?
— І новае мысленне, пра якое крычыць генсек. Перабудове — капцы. Гэта адназначна, — рубануў рукою, нібы шашкаю, Пятро. — А Ельцын цяпер стане самым папулярным чалавекам. Расія любіць пакутнікаў. Гэта спрадвеку...
Андрэй дастаў з шуфляды даведнік “Коммунист” — тоўстую кніжачку кішэннага памеру, адшукаў спіс партыйнай вярхушкі.
— Тут, браце, чыстка ідзе. Шмат каго няма. Кунаева — няма. Аліева, Зімяніна — таксама... — Тоўстым чырвоным алоўкам Андрэй Сахута выкрэсліваў прозвішчы “былых”. Выкрасліў і Ельцына. — Во, колькі вакансій!
— Ты прамовіў гэтыя словы такім тонам... Ну, падалося мне: шкадуеш, што не можаш заняць адну з іх.
— Не, браток. Шкадаваць няма чаго. Кожнаму сваё. А чаго ты так задзіраешся? Ты супраць, каб я стаў членам Палітбюро? — усміхнуўся Андрэй, каб схаваць раздражненне ад настырнай задзірыстасці земляка. — Сам не ідзеш у начальнікі і мне не жадаеш павышэння.
— Чаму не жадаю? Вялікаму караблю — вялікае плаванне.
Пятро Махавікоў не быў да канца шчыры: не прызнаўся Сахуту, што супраць ягонага прызначэння на пасаду намесніка старшыні Дзяржтэлерадыё выказаўся сакратар парткама, і менавіта таму, што Пятро іншы раз даволі рэзка выступаў на сходах. Можа, і з гэтае прычыны гісторыю з Ельцыным ён прыняў блізка да сэрца, і таму гатовы быў грызці партыйных бюракратаў, да ліку іх далучаў і свайго земляка, бо і ён змушаны галёкаць, як і ўсе. Менавіта з таго дня між сябрукамі нібы праскочыла шэрая кошка.
Неўзабаве прыйшло паведамленне: Ельцына прызначылі першым намеснікам старшыні Дзяржбуда СССР, міністрам. Адразу ж патэлефанаваў Пятру:
— Ну, чуў аб прызначэнні Ельцына? Салідны аклад, партфель міністра. Персанальная “Чайка” яму выдзелена. А ты казаў: з’елі, з’елі...
— Правільна. Не той час, калі выкрэслівалі са спісу. І з жыцця адным махам.
Андрэй Сахута зразумеў закід: сябра нагадваў, як ён, Сахута, чырвоным алоўкам выкрэсліваў з даведніка партыйных начальнікаў.
— Вось пабачыш, праз нейкі час Барыс Мікалаевіч усплыве. На першых жа выбарах у Вярхоўны Савет ён пройдзе. Масквічы за яго стаяць гарою.
— Пажывём, пабачым. Ну, будзь здароў! — Андрэй паклаў трубку, упершыню забыўшы перадаць прывітанне сям’і, жонцы.
У галаве сакратара абкама настойліва білася думка: чаму так адбылося з Ельцыным? Чаму прагучала гэтае выступленне, нібы лыжка дзёгцю, на ўрачыстым пленуме, прысвечаным абмеркаванню даклада аб 70-годдзі Кастрычніцкай рэвалюцыі. І пасеяў сумненні першы сакратар абкама, калі расказаў пра свае ўражанні аб тым пленуме. Гарбачоў скончыў даклад. Лігачоў, які вёў пленум, сказаў: “Даклад скончаны. Можа, у каго ёсць пытанні? Няма. Ну, тады пленум можна лічыць закрытым.” І тут Гарбачоў: “У таварыша Ельцына ёсць пытанне”. Лігачоў кажа: “Давайце параімся. Ці ёсць патрэба пачынаць спрэчкі?” — “Няма”, — выгукнула зала. А Гарбачоў сваё: “У таварыша Ельцына ёсць нейкая заява”. І Лігачоў мусіў даць слова Ельцыну. Выходзіць, Гарбачоў яго выцягнуў на трыбуну. І раней, калі ўжо здымалі за “политические ошибки”, дык здымалі з трэскам. А тут прызначылі міністрам, персанальную “Чайку” пакінулі.
Усё гэта прыгадалася Сахуту асабліва востра, калі слухаў палымяны Ельцынскі выступ у абарону Гарбачова, якога “гэкачэпісты” запёрлі на дачы ў Фаросе, а самі спрабуюць зрабіць пераварот. Але чаму Ельцыну далі магчымасць выступаць? Хіба нельга было адключыць электрычнасць у будынку Вярхоўнага Савета? Няўжо сілавыя міністры, а ў іхніх руках армія, КДБ, міліцыя настолькі бездапаможныя? А можа, Гарбачоў з гэтымі змоўшчыкамі заадно? Калі б супраць быў, дык яго трэба арыштаваць.
Андрэю нават падумалася, што тады, на пленуме 1987 года, Гарбачоў ведаў, пра што будзе гаварыць Ельцын і цягнуў яго на трыбуну. Быццам нечая нябачная рука вяла гэтых партыйных пеўняў па жыцці, часам зводзіла, каб яны счапіліся, потым разводзіла. Гэтая нябачная рука ўзвяла аднаго на трон Прэзідэнта СССР, а другога зрабіла Прэзідэнтам Расіі. Здавалася, што Гарбачоў усё рабіў, каб не дапусціць Ельцына да ўлады, але сваім процідзеяннем яшчэ болей спрыяў ягонай папулярнасці і ўзыходжанню на расійскі ўладны Алімп. А цяпер Ельцын спрабуе выратаваць Гарбачова, сарваць планы ГКЧП. А змоўшчыкі трэці дзень нічога не могуць зрабіць, маючы сілу і ўладу.
У той дзень, а на календары было 21 жніўня, серада, на прыём да сакратара абкама Сахуты запісаліся тры чалавекі. Сямейная пара Бутрымовічаў і мастак Віктар Грышчанка. Апошнім часам на прыём запісвалася ўсё меней людзей, і тэлефанаванняў з абкама партыі чыноўнікі рознай масці не палохаліся гэтак, як раней. Улада перацякала да саветаў. Часам Андрэю Сахуту здавалася, што зямля паступова, але няўхільна выходзіць з-пад ягоных ног.
Аднойчы прысніўся сон, што ён, Андрэй Сахута, апынуўся на бязлюдным востраве, вакол ні душы. На шырокім таўшчэразным пні стаяў чырвоны тэлефонны апарат “вяртушка”, па якім званіла яму высокае начальства, і ён мог таксама патэлефанаваць на самы верх. Але рабіць гэта ён баяўся. Затое ў сне ён настойліва набіраў нумар першага сакратара ЦК, але ніхто не адказваў, чуліся кароткія гудкі: занята. І колькі ні тэлефанаваў, колькі ні галёкаў у трубку, ніхто не адгукнуўся. Тады ён набраў нумар свайго куратара, сакратара ЦК па ідэалогіі, ад якога часцяком атрымліваў ЦУ, а то і прачуханкі. Андрэй моўчкі слухаў, часам падтакваў, але пярэчыў рэдка. Ведаў залатое правіла: дай начальству выпусціць пару і яно супакоіцца, палагаднее. Але цяпер, у сне, Сахута быў настроены ваяўніча, гатовы ўсыпаць куратару па завязку за ўсе ранейшыя крыўды, але і таго не было на месцы. Набраў нумар свайго шэфа — першага сакратара абкама, але і таго таксама не было, і ягоны памочнік не адазваўся. “Дзе яны падзяваліся? Як чорт пугаю іх паразганяў”, — устрывожыўся Сахута.
Раптам на суседнім дрэве затрашчала сарока, у гушчары адгукнулася другая. Птушкі растрашчаліся на ўвесь лес. Што іх так устрывожыла, падумаў Сахута. Ён з маленства памятаў бацькаву навуку: калі ў лесе трашчыць гучна сарока, значыць, там воўк ці ліса. Сахута ўзяў ёмкі дубец і пайшоў у гушчар. Але чым далей ён прадзіраўся, тым лясныя нетры рабіліся гусцейшыя, дрэвы, кустоўе пераплецены ці то хмелем, ці то іншымі раслінамі, якія нагадвалі трапічныя ліяны. Ён ужо зусім змогся, раптам зачапіўся за корч, грымнуўся вобземлю. І... прачнуўся. Сэрца тахкала ў грудзях, як не выскачыць, у роце ўсё пасмягла. Але ён з радасцю ўсвядоміў, што гэта толькі сон.
Пра дзіўны, кашмарны сон Сахута не сказаў нікому, нават жонцы. Ада і так ужо не раз гаварыла яму: “Шукай сабе работу, нічога ты не выседзіш у абкаме. Тваю ідэалогію ўжо моль пабіла”. Ён злаваў, успыхвала спрэчка. Сёння Ада павінна вярнуцца з Масквы, куды паехала са сваёй начальніцай у Мінстэрства фінансаў.
Сакратарка далажыла па тэлефоне, што прыйшла Бутрымовіч. “Няхай заходзіць”, — коратка адказаў ён. Падумалася, што і сакратарка ставіцца да яго без ранейшай павагі, не зайшла ў кабінет, а паведаміла па тэлефоне, маўляў, не вялікі пан сакратар абкама.