3 верасня. Масква. Масква. Афіцыйныя абвінавачванні на падставе артыкула 84 Крымінальнага кодэкса РСФСР (здрада Радзіме) сёння афіцыйна прад’яўлены сямі галоўным арганізатарам дзяржаўнага перавароту ў СССР.
4 верасня. Лондан.Газета “Сандзі Таймс” надрукавала вынятку з падрыхтаванай да друку кнігі Раісы Гарбачовай “Я спадзяюся”, якая павінна выйсці ў выдавецтве “Харпер Колінз”.
5 верасня. Пхеньян. Нягледзячы на бурныя падзеі ў СССР, КНДР “без хістанняў будзе ісці па шляху сацыялізму карэйскага тыпу”, — заявіў сакратар ЦК Працоўнай партыі Карэі Кім Ен Сун.
8 верасня. Санкт- Пецярбург. Жыхары Ленінграда прачнуліся 7 верасня ў новым гістарычным вымярэнні: былой расійскай сталіцы вернута першапачатковае імя — Санкт-Пецярбург.
ІV
Прачнуўся Пятро рана — вокны яшчэ толькі пачалі ружавець. Як паменшаў дзень, мільганула першая думка ў затуманенай ад сну галаве. Спаў ён трывожна, учора позна глядзеў тэлевізар. Да таго ж сёння паедзе ў горад: трэба забраць Еву з Ірынкай на выхадныя. А гэта ўжо ўстрывожанасць, як заўсёды перад дарогаю.
Выехаў а палове шостай. Пятро любіў ранішнія паездкі ў горад. Дарога свабодная, ні гарачыні, ні спёкі, свежы ветрык дыхае ў твар, здаецца, і машына мчыць лягчэй і хутчэй, быццам застаялы конь.
Ехаў і міжволі згадваў нядаўнюю раніцу мінулага панядзелка, калі пачуў паведамленне пра ГКЧП. Тады ім апанавала нейкае дваістае пачуццё трывогі і надзеі. Думалася, што гэтая авантура можа скончыцца грамадзянскай вайной. Калі Гарбачова адхіляць ад улады, то зноў вернецца ўсё ранейшае, а гэта канец беларускаму Адраджэнню. Але выспяваў і парастак надзеі: можа, у Крамлі нарэшце зразумеюць, што трэба даць болей свабоды і саматойнасці рэспублікам. Вось ужо і беларуская мова атрымала дзяржаўнасць, на мітынгах лунаюць бел-чырвона-белыя сцягі, над галовамі людзей уздымаўся нацыянальны беларускі герб “Пагоня”. Назад у стойла не загоніш.
Але турбавала і іншае: у студыйных калідорах усё часцей чуліся размовы пра зварот назад да капіталізму. У глыбіні душы ў ім яшчэ моцна сядзеў той самы “советский простой человек”, выхаваны, выпеставаны ўсім ладам савецкага жыцця — піянерскай, камсамольскай і партыйнай арганізацыямі. У лётным вучылішчы Пятро добрасумленна праштудзіраваў “Капітал” Маркса, чытаў ленінскія творы, выдатна выступаў на палітзанятках. Толькі ў апошнія пяць-сем гадоў у яго раскрыліся вочы, і ён перастаў любіць песню: “Мой адрес не дом и не улица, мой адрес Советский Союз”. Саюз — гэта добра, але перш-наперш у чалавека павінен быць свой дом і свая вуліца, свая маці-Радзіма. Іначай гэта не чалавек, а перакаці-поле, без каранёў, без роднага дому і вуліцы, і коціцца ён туды, куды пагоніць моцны вецер. Пятро гэта зразумеў, калі перачытаў Купалу, Багдановіча і Караткевіча. Асабліва яго ўразіў “Статут Вялікага княства Літоўскага” — першы звод законаў у Еўропе. Багата і іншых кніг па гісторыі роднага краю прачытаў Пятро Махавікоў. І тады ён адчуў сябе беларусам, сынам вялікага народа, які мае шматпакутную гісторыю, старажытную мілагучную мову, які жыве на прыгожай зямлі, дзе тысячы блакітных азёраў і крынічных рэк, па берагах якіх шумяць беластволыя бярозавыя гаі, смольныя хвойныя бары і велічныя пракаветныя дубровы
Але ўсё ранейшае жыццё Пятра Махавикова трымала яго нябачнымі ніцямі, як трымае муху павуцінне. І ён верыў былым антысаветчыкам, дысідэнтам Аляксандру Зіноўеву і Уладзіміру Максімаву, што сацыялізм сябе не вычарпаў, не раскрыў свае здольнасці, магчымасці. Дый сам Пятро часцяком разважаў: вунь кітайцы будуюць сацыялізм, накармілі, апранулі сваю звыш мільярдную сям'ю, нас ужо кормяць тушонкаю. І Генсек у іх сядзіць на месцы, і палітбюро кіруе. А гэта ж краіна не з куцай, як у амерыыканцаў гісторыяй, а з тысячагадовай, ці не самай старажытнай у свеце культурай. Чаму ж наша перабудова прывяла да распаду, да ГКЧП, якое ганебна ляснулася. Чаму вырадзіліся, здрабнелі партыйныя лідэры?
Хутка мчаў “жыгулёнак”, а думкі ляцелі яшчэ хутчэй. Багата пра што паспеў падумаць Пятро Махавікоў за няпоўную гадзіну дарогі. Даехаў хутка. Ціха ўзрадаваўся, што ў двары яго любімае месца было вольнае. Машына будзе стаяць, як пані, у цяньку маладой купчастай бярозы. Напрыканцы дня ён пасадзіць жонку, дачушку і паедуць у вёску, якая ўжо зрабілася роднай. Што ж, калі напраўду родныя Хатынічы апынуліся ў чарнобылькай зоне, дый далёка яны — часта не наездзішся.
Ева ўжо збіралася на працу, Ірынка моцна спала. Пятру захацелася пацалаваць ейны тварык, але пабаяўся пабудзіць.
— Ты памідоры паліваў? Ці забыўся? — як заўсёды, спытала Ева.
— Мілачка мая, ну, канешне! А хто ж будзе паліваць апрача мяне? Гуркі пасохлі. Што зробіш, канец жніўня. Некаторыя яшчэ зялёныя. Сёння была вельмі густая раса. Для гуркоў гэта добра, а для памідораў не дужа.
Выпілі па кубачку кавы. Пятро правёў Еву да тралейбуснага прыпынку, потым сам праз лясок пабег на возера. Вада была ўжо даволі халодная, затое прыдавала болей бадзёрасці, імпэту. Назад бег з лёгкасцю, хораша ўгрэўся. Вось табе курорт, падумаў у лесе, не трэба ехаць да Чорнага мора, цэны шалёныя, пуцёвак не дакупіцца. Хата ў вёсцы, праца на градках у вольны час, каб толькі без надрыву, і каб не было болей ГКЧП, ды зарплата большая, то й жыць можна.
Калі вярнуўся дамоў, дачка па-ранейшаму спала, падклаўшы руку пад галаву, адно павярнулася да сцяны.
Ён прыняў душ і толькі выйшаў з ваннага пакою, як азваўся тэлефон. Па звычцы зірнуў на гадзіннік, які стаяў каля тэлефона, — была палова дзесятай.
— Здароў, Пятро Захаравіч! Я так і знаў, што прыкоціш сёння. Не выседзіш у вёсцы, — пачуўся хрыплаваты голас яго намесніка Яўгена.
— А што здарылася? — Пятро хоць і быў у законным адпачынку, але ўсё роўна часта думаў пра сваю рэдакцыю.
— Ну, ты ж ведаеш сітуацыю. Хунту арыштавалі. Усе ў нас выходзяць з партыі.
— Як усе? І ты, парторг, таксама?
— А што я лысы? Адзін у полі не воін. Галоўны рэжысёр наш учора кінуў партбілет на стол. Хто выходзіць з партыі, хто прыпыняе членства. Карацей, сёння партсход у тры гадзіны. Прыходзь.
Пятро слухаў і не мог паверыць вушам, хоць і разумеў, што ўсё ішло да гэтага, але каб так хутка і рэзка ўсё павярнулася, такога развіцця падзей не чакаў. Але ісці на сход не было ніякага жадання. Дый дзеля чаго? Кідаць партбілет на стол ён не збіраўся, пісаць заяву аб выхадзе — таксама.
— Мусіць, на сход не прыйду. Ну, што ж, і я тады прыпыняю членства, як ты кажаш. Вось і дакаціліся. Ну, а якія навіны на студыі?
— Якія навіны? Усе навіны ідуць з Масквы. Наш парламент заўтра пачне засядаць. Там будзе драчка... А на студыі ціха. Ты ж праграму бачыш. Нашых перадач не ставяць. Ну, адпачывай. Пра гэта не думай. Ці ёсць грыбы?
Пятро пахваліўся, што на днях назбіраў паўкаша адных баравікоў. Намеснік шумна ўздыхнуў у трубку, прамовіў:
— Ну, можа, у верасні і на маю долю нешта вырасце ў лесе. Калі не баравікі, дык зялёнкі ды рыжыкі.
На гэтым развіталіся. Пятро паклаў трубку і стаяў, быццам у здранцвенні. Рой думак узвіхрыўся ў галаве. Амаль трыццаць гадоў быў ён у партыі. Міжволі ўсплыло з памяці, як некалі ўступаў у кандыдаты ў лётным вучылішчы, як хваляваўся. А колькі разоў выступаў з дакладамі на сходах, колькі пісаў пратаколаў! І ўсё кату пад хвост. Колькі ўзносаў плаціў, колькі часу празасядаў! Але каб не быў членам партыі, не прызначылі б галоўным рэдактарам. Гэта цяпер кіраваць літаратурна-драматычнай рэдакцыяй прызначылі беспартыйную паэтку.
І яшчэ мільганула думка: можа, гэтая заваруха ў Маскве і рабілася дзеля таго, каб абвінаваціць партыю ў дзяржаўным перавароце дый разагнаць. Пятро сам спалохаўся крамольнай думкі.
Ён згатаваў моцнага чаю, другі раз, цяпер ужо з дачкою, паснедаў. Яна сказала, што пойдзе з сяброўкамі ў Батанічны сад.