— Слухайце народны жарт: Міхась, куды гэта ты сабраўся так позна? Ды з ліхтаром, — пытаецца сусед. — Да нявесты. — Не думаў я, што ты гэткі баязлівец. Я да сваёй нявесты цёмнай ноччу хадзіў і без ліхтара. — Я так і падумаў, калі ўбачыў тваю жонку…
Усе зарагаталі, але даволі стрымана неяк нерашуча.
— Жарт у працяг тэмы, — выцер сурвэткай вусны Раковіч, перачакаў, пакуль усе сцішыліся: — Звяртраецца мужык у міліцыю: прапала жонка. — Дайце яе пісьмовае апісанне. — З адной умовай: калі яна знойдзецца, вы гэтае апісанне ёй не пакажаце.
На гэты раз смяяліся дружней і гучней, але раскаванасць і шчырасць яшчэ не завалодалі каманіяй стомленых за працоўны дзень мужчын, заклапочаных і ўстрывожаных нечаканымі і незразумелымі падзеямі ў сталіцы.
— Сябры, давайце вып’ем за поспех нашай справы! — падняўся Мікола Шандабыла. — Не ведаю, як там што вырашыцца з гэтым ГКЧП. Вважна. каб у нас быў парадак. А на стале чарка і скварка. Не падайце духам. Усё перамелецца, ператрэцца і зноў добра будзе. Жадаю вам моцнага здароўя, поспехаў ва ўсіх справах і ладу ў вашых сем’ях. За вас, мае дарагія землякі!
Усе дружна выпілі, затым гэтак жа дружна сёрбалі духмяную, трохі прыстылую юшку. Сёй-той смакаваў мяса качкі. Малады ляснічы даводзіў: калі нават і ёсць трохі нуклідаў, то пасля чаркі яны распадаюцца.
— Мікола Арцёмавіч, скажы папраўдзе, як у нас з радыяцыяй? — павярнуўся да госця з вобласці Даніла.
— Хапае праклятых нуклідаў. Але трохі ўзровень знізіўся. Распадаецца, размываецца радыяцыя. І ніхто дакладна не ведае, як прырода будзе з ёю змагацца. Таму што нідзе ў свеце нічога падобнага не было. Гэта за пяць гадоў так змянілася. А што будзе далей? Невядома. Я веру ў сілу прыроды. У яе здольнасць ачышчацца. Усё пералапачваць. Адзін дзед у Саковічах... Вёска адселеная. Там трыццаць два кюры. Ну, дзе болей, а дзе і меней. Там жывуць з дзесятак сем’яў. Дык вось, дзядок і кажа: “Мне восемдзесят два. Нікуды не адсяляўся. А мае аднагодкі, якія пераехалі, усе ўжо адсыпаліся. А я жыву. Хоць бы хны. Самагонку папіваю”.
— Старое дрэва не перасаджваюць, — гучна, аўтарытэтна прамовіў ляснічы Акуліч.
— Правільна. Людзей адарвалі ад усяго роднага, быццам карані адсеклі, — горача падхапіў Даніла. — Хай сабе і на тэрыторыі раёна перасяленне. Але не там, дзе жыццё пражыта. Дзе ўсё роднае з малых гадоў... З адсяленнем наламалі дроў. Маўчалі, маўчалі, а тады давай крычаць: “Ратуйцеся!” І ўсіх адсяляць. Каго трэба, каго не трэба. І Хатынічы можна было не чапаць.
— Ну, як не чапаць? З малымі дзецьмі трэба адсяляць? Трэба! Раз нельга зямлю выкарыстоўваць, значыць, механізатараў, спецыялістаў — таксама трэба, — не пагадзіўся Анатоль Раковіч. — Пакінуць адных нямоглых пенсіянераў? Хто іх будзе даглядаць? Раз школа зачынена, крама зачынена, клубы, бібліятэкі... Якое жыццё без гэтага? Можа, дзе і пагарачыліся, — апраўдваў лінію партыі першы сакратар.
Яму і ў страшным сне не магло прысніцца, што сядзіць ён у партыйным крэсле апошнія дні.
— Мужыкі, давайце яшчэ па адной антабцы, — падаў голас малады ляснічы. Ён асвойтаўся паміж начальнікаў, пасмялеў, дый лічыў сябе адным з гаспадароў: ён і ягоны егер накрылі стол, згатавалі качак, зварылі юшку.
— А што такое антабка? — адважыўся паказаць сваю недасведчанасць абласны госць Шандабыла.
— От вып’ем, тады скажу, — заінтрыгаваў ляснічы. — У наш час не п’ець толькі сава: удзень не бачыць, а ўначы крама зачынена.
Усе зарагаталі, дружна выпілі, захрумсталі свежымі гуркамі — мясам і рыбаю ўжо здаволіліся. Ляснічы расказаў сучасны жарт. Сабраліся жанчыны на сімпозіум — вырашалі праблему: колькі трэба займацца любоўю? Англічанка кажа: адзін раз у тыдзень. Немка: два разы ў тыдзень. Руская : тры разы "в неделю". А наша Ганулька. беларусачка: тры разы ў нядзелю — гэта добры. А ў будныя дні колькі? Магутны мужчынскі рогат узляцеў над вогнішчам і пакаціўся над прыціхлай Бесяддзю, рэхам адгукнуўся у прыбярэжным лесе.
— Ну, малайчына, Дзмітрый, — раскаціста смяяўся Шандабыла. — Дык, кажаш, наша Ганулька не падвяла? Моладзь цяпер зубастая. Палец у рот не кладзі. Смелая, раскаваная. Мы былі сарамлівыя.
— Век сэксуальнай рэвалюцыі, Кастрычніцкая скончылася. Навукова-тэхнічная таксама. Сэксуальная толькі пачыеацца,— задаволены вясёлым настроем сябрыны разважаў Раковіч.
— Гэта ў нас. А на захадзе ўжо ідзе даўно,— падаў голас маўклівы Акапян. — А ў СССР сэксу няма. На Каўказе мужчыны таму і жывуць доўга, што п'юць вінаграднае віно. Не лянуюца займаца любоўю. І не толькі ў нядзелю. А і ў будныя дні. Любяць танцаваць. Спяваць.
— Туман ярам, ярам даліною,
За туманам нічога не відна...— зацягнуў моцным густым барытонам ляснічы.
— Толькі відна дуба зелянога...— з імпэтам падхапіў Мікола Шандабыла. Коліші хатыніцкі гарманіст нібы чакаў імгнення, каб усёй душой аддацца спевам.
— Пад тым дубам крыніца стаяла,— дружна зацягнула ўсё застолле.
Спяваў і Георгій Акапян. Менавіта гэтую песню любіла ягоная жонка. А ён свядома, настойліва развучваў беларускія песні, каб у кампаніі сваіх тутэйшых памагатых, дый начальнікаў таксама, не выглядаць белаю варонай. Апошнім часам актыўна чытаў беларускамоўную прэсу, прачытаў амаль усяго Караткевіча. Акапян мог свабодна гаварыць па-беларуску, нават больш чыста, бліжэй да літаратурнай мовы, чымся да трасянкі, якою карысталася амаль уся раённая эліта. І як толькі скончылася песня, ён першы запляскаў у ладкі:
— Ну, малайцы! Я некалі думаў, што хораша спяваюць толькі каўказскія мужчыны. Асабліва грузіны. Іхнія спевы вельмі зладжаныя, галасы гартанныя. Ну, нейки дзіўны меладызм. Заслухацца! Дык аказваецца, і мы магём!
— Чаму ж не? Магём! Даўно не спяваў з такой радасцю. Гары яно гарам тое ГКЧП! — махнуў рукою Мікола Шандабыла.
“Ліха з ім, з недабудаваным заводам, падумаў Акапян, калі так хораша спяваецца пасля добрай чаркі і смачнай юшкі”.
— Я й не ведаў, што ты етак здорава спяваеш, — Даніла па-сяброўску абняў маладога ляснічага, з якім разам гатавалі юшку.
— Бабуліна школа. О, яна багата беларускіх песень ведае. Ну, і я амаль усе вывучыў, — і як бы ў доказ сваіх слоў, зацягнуў спачатку ціха, нерашуча, быццам узгадваў мелодыю:
Ехалі казакі