У кабінет увайшла высокая паўнагрудая жанчына з вялікімі шэрымі вачыма, зірнула неяк насцярожана, павіталаася прыемным мілагучным голасам, села на прапанаванае крэсла. Спачатку яна прыхінула да ног шырокую спадніцу — і зрабіла гэта , прыгожым, грацыёзным рухам, а потым мякка апусцілася ў крзсла.
— Вы ж запісаліся ўдваіх…
— Так. Муж не змог. Па ўважлівай прычыне. Вендаеце, як цяпер бывае. З раніцы напіўся — цэлы дзень вольны. Прасіла, маліла, радзі Бога, не пі, пацярпі. Не, не вытрымаў. Сам жа параіў схадзіць да вас. Неяк вы ў іх выступалі. Ну, ва ўніверсітэце. Яму сапдабалася ваша выступленне. Паверыў ён. Ну, што вы паможаце…
Жанчына змоўкла. Нібы асеклася ці спалохалася таго, пра што сказала незнаёмаму чалавеку.
— А ў чым сутнасць? Чым я магу памагчы?
Усхвалявана, з паўторамі, з пераскокамі з адной тэмы на другую, вось пра што расказала жанчына.
Валянціна з маленства любіла музыку і спевы. Скончыла музычную вучэльню, выкладала музыку і спевы ў школе. Была вясёлая. Завадная. Усюды — душа кампаніі. Выёшла замуж за фізіка, маладога выкладчыка ўніверсітэта Юрыя, які скончыў аспірантуру, рыхтаваў кандыдацкую дысертацыю. Нарадзтўся сын, потым — дачка. Здавалася, сям'я шчаслівая, дружная, усё ідзе ладам. Дзеці падрасталі, Валянціна ўсё часцей адчувала незадаволенасць жыццём. Не задаволенасць мужам. Ёй хацелася ласкі, пяшчоты, а муж уткне нос у кнігі, канспекты, то дома сядзіць, а то на цэлы вечар сыходзіць у бібліятэку. Знайшла Валя палюбоўніка. Потым другога. Трэцяга. І ўсё было мала. Прага любові не давала адхлання…
Мабыць, Андрэй Сахута вельмі ўважліва слухаў, зычліва хітаў галавою, бо жанчына гэтак разгаварылася, яе пацягнула на такую шчырасць і адкрытасць, што ён гатовы быў пачырванець. І ў глыбіні душы пачуваўся няёмка, бо ніколі нічога падобнага не чуў ад жанчыны.
— Вы можаце не верыць. Але часам я месца сабе не знаходзіла. Так хацелася мужчыны, хоць на сценку дзярыся. Тады і парушылася мая псіхіка. І апынулвся ў псіхбальніцы. Дзеці — школьнікі. А маці з глузду з'ехала. Юрый і дзяцей даглядаў. І да мяне амаль штодня прылятаў.
"Вось чаму ты такая адкрытая і шчырая. Хіба ж нармальны чалавек пра такое скажа?" — падумаў Андрэй. усім сваім выглядам паказваючы спагадлівасць ды ўвагу.
— І так доўжылася некалькі гадоў, — апавядала кабета далей. — Дысератцыю Юрый так і не абараніў. То дзеці былі малыя. А то жонку давялося ратаваць. І ён выратаваў мяне. Памалу я супакоілася. Як людзі кажуць: перабясілася. Далі інваліднасць. Пенсію прызначылі.Дзеці выраслі добрыя. Сын скончыў юрфак. Цяпер заняўся камерцыяй. Дачка ўрач-стаматолаг. Выйшла замуж. Сына мае. Муж — клапатлівы, працалюбівы. Не п'е. не курыць. Жывуць душа ў душу. Усё ,здаецца, добра. Адна бяда — Юра мой уцягнуўся ў гарэлку. Ды ўжо так распіўся. На сабачую пугу. Рэктар папярэдзіў: яшчэ раз трапіш у выцвярэзнік — выганю. Выходзіць, я зламала яму жыццё. Мячне выцягнуў з ямы. А сам туды ўваліўся. Гіне на вачах.
— Ну, чаму вы так? Мець добрых дзяцей — хіба гэта не радасць? Гэта важней любой дысертацыі. Вы ўсё разумееце. Усё робіце. Каб выратаваць яго
— Я гатова жыццё яму аддаць,— праз слёзы спавядалася кабета. — Слухайце далей. Вырашылі мы збудаыаць у вёсцы дом. Разбурылі стары. Юра і не дакрануўся ні да чога. Наняла людзей. Сын даў грошай. Ужо закупіла лесу, цэглы, цэменту. У мяне гэтулькі энергіі. Жадання. Магу горы варочаць. І ўсюды адна. Усё сама. Не хоча муж памагаць. Бог з ім. Не ляжыць у яго душа да гэтай будоўлі. Ён кажа: я стаміўся жыць. Разумею. На яго долю гэтулькі звалілася клопату. Давялося круціцца, як Марку па пекле…
“Вось табе ГКЧП. Чалавечая драма”,— сумна падумаў Сахута, разумеючы, што ён бяссільны памагчы. Рэктар новы, малазнаёмы, дый колькі можа трываць любы рэктар? Сакратара парткама ведае лепш, А што можа зрабіць той? Пакліча на гутарку. Паўшчувае. Чалавек паслухае. Выйдзе ад яго і зноў нап'ецца. Як не вытрымаў сёння…
— З будоўляю я спраўлюся. Але тут выскачыла праблема. Старшыня сельсавета ўпёрся: стаў дом на месцы ранейшай хаты. А я хачу збудаваць новы дом насупраць. Цераз дарогу. Месца там вольнае, вышэйшае. А хату я хачу з гэтай… масандрай. От, каб яе ліха, усё блытаюся — з мансардай. Прыедуць дзеці, унукі. Каб хапіла ўсім… А дзе стаяла старая хата — месца нізкае. Там такія памідоры будуць расці! Любата! Можа б, вы патэлефанавалі ў райкам ці райвыквнкам? Няўжо гэта невырашальная праблема?
— Гэта мы вырашым. — павесялеў Сахута. — Ведаю там раённае кіраўніцтва. Думаю, гэта ўладзім. Валянціна Ігнатаўна, мне здаецца, ваша энергія, ваша жаданне збудаваць дом для ўнукаў павінны зацікавіць і мужа. .Дэпрэсіі прыходзяць і знікаюць Жыццё перамагае. Ваша каханне павінна перамагчы. Ён выратаваў Вас, а цяпер вы ўратуеце яго. Ну, вядома, спатрэбіцца і цярпенне, і каханне, і пяшчота. Нядаўна ў адной газеце прачытаў. Што пацалункі вельмі карысныя. Дык вось. Я й падумаў: нашы бацькі газет не чыталі, а пра пацалункі ўсё ведалі… Я ўпэўнены, што ў вас усё наладзіцца.
— Ой, Андрэй Мацвеевіч, ведаеце,.. Ну, як вам сказаць? Я заўсёды хацела, каб у сям'і быў лад. Ды не атрымліваецца. А цяпер у мяне болей упэўненасці. Вы вярнулі мне веру. Я вам вельмі ўдзячна. Час цяпер скрутны. Невядома, што здарыцца заўтра. Няхай і ў вас усё будзе добра.
Валянціна паднялася, высокая, прыгожая, поўная жаноцкай вабнасці. Ніяк не верылася, што гэта былая штатная пацыентка псіхбальніцы. Яна хоча збудаваць дом, каб даказаць усім, што не дура, не “чокнутая“, а нармальная, практычная, гаспадарлівая. І як раней, прыгожая.
Як толькі яна выйшла, Андрэй кінуўся да тэлевізара: а раптам у Маскве што адбылося. Але тут жа адчыніліся дзверы — увайшоў высокі сутулаваты мужчына ў акулярах, сівагаловы, з чырвоным абветраным тварам. Мастак Віктар Грышчанка. Сахута ведаў яго ўжо даўнавата. Яны пазнаёміліся, калі Андрэй працаваў у райкаме. Аднойчы доўга гутарылі, калі вярталіся з семінара са Слуцка. Гады два назад, мабыць, па камандзе з Масквы мясцовыя ідэолагі пачалі вазіць творчую інтэлігенцыю ў перадавыя калгасы, у лепшыя раёны, каб творцы на свае вочы ўбачылі вялікія дасягненні сацыялізму з чалавечым абліччам.
З першым семінарам, які ладзіўся на Брэстчыне, адбыўся кур’ёз. Запрасілі шмат каго з вядомых літаратараў, мастакоў, артыстаў, рэжысёраў. Семінарам меўся кіраваць сам першы сакратар ЦК. Усе запрошаныя ахвотна згадзіліся паехаць на Брэстчыну, спіс атрымаўся занадта доўгі. Калі яго паклалі на стол першаму, ён паморшчыўся, нахмурыўся, заёрзаў на крэсле, нібы яно зрабілася мулкім, і коратка загадаў: “Падкараціць!” Вось тады Віктар Грышчанка і патэлефанаваў у абкам Сахуту:
— Ну, што гэта робіцца? Запрасілі на семінар. Я згадзіўся. Адклаў усе свае справы. А сёння патэлефанавалі з Саюза мастакоў: прабачце, вас у спіс не ўключылі. Безабразіе!
— Віктар Іванавіч, не крыўдуйце. Ваш Саюз тут не вінаваты. Не змаглі ўзяць шмат каго з вядомых людзей. Нават галоўнага рэдактара “Вожыка” не ўключылі ў спіс. Застаўся дома.
— Ну, хрэн з імі, — павесялелым голасам адказаў мастак. — Затое з мае галавы вожыка вы прагналі. А то варушыцца думка-стрэмка, колецца, быццам вожык: чаму не ўзялі мяне? Хто выкрасліў? Вы супакоілі.
Задаволены гаворкаю застаўся і Сахута: ён лічыў, што супакоіць чалавека, падтрымаць у ім душэўную раўнавагу — вельмі важна. Асабліва для чалавека творчага, бо нічога людскага не напішаш, не намалюеш, не створыш, калі на душы згрызоты, калі точыць яе чарвяк сумневу, калі ў душы няма гармоніі і злагады.
Сахута падняўся, выключыў тэлевізар, падаў руку госцю.
— Што там, у Маскве? Можа, хай працуе тэлевізар?
— Не, Віктар Іванавіч, вы ж не прыйшлі да мяне глядзець тэлевізар. Пэўна ж, дома ёсць свой, як некалі пісалі, блакітны экран. Сядайце, расказвайце. Якія ў вас праблемы? — Сахута запрасіў госця за малы, прыстаўны столік, сам сеў насупраць. — Слухаю вас уважліва, Віктар Іванавіч.
— Тэлевізар у мяне, канечне, ёсць, ды рэдка ўключаю яго. І ведаеце чаму?
— Ну, чаму? — паўтарыў пытанне Сахута, пільна зірнуў на свайго суразмоўніка, не разумеючы, да чаго ён вядзе гаворку.
— Страшна ўключаць. Забойствы, гвалт. Кроў ліецца з экрана. А паглядзіце на афішы кінатэатраў! А зазірніце на вернісажы. Жах, што робіцца! Чарнуха, парнуха, безгустоўшчына правяць баль. Вось таму я з надзеяй пачуў паведамленне пра ГКЧП. Трэба наводзіць парадак. Але пабачыў змоўшчыкаў... Ну, прэс-канферэнцыю, паслухаў. Відаць, нічога ў іх не атрымаецца. А сітуацыя ў краіне страшэнная. Крызіс руйнуе эканоміку. Занядбанне маралі. І ведаеце, Андрэй Мацвеевіч, не базіс вінаваты, а надбудова. Даруйце за гэтую марксісцкую фармулёўку. Страта духоўнасці. Занядбанне спрадвечных традыцый.