— Дзеда, а што такое лучына?
— Пра лучыну раскажу заўтра. А сёння… Твае дзед і баба казалі: сянні. Дык вось. Сянні позна ўжо. Бяры свой амулет і кладзіся спаць.
— А што значыць — амулет?
— Гэта слова лацінскае — амулетум. Маленькі чарадзейны прадмет. Які засцерагае ад няшчасця. Звычайна яго носяць на целе. Я думаю, яго можна насіць і ў кішэні. Галоўнае — пры сабе.
— Дзеда, я хочу каменьчык і ядлоўцавы амулет пакласці пад падушку. Хай яны пасябруюць.
— Пакладзі. І няхай табе прысніцца мора. Ці бераг акіяна, усыпаны каменнем. Камяні — гэта вечная прыгажосць.
— Не, дзеда. Я хачу, каб прыснілася твая родная Бесядзь. Ты некалі казаў, што там багата крэменю. Вада чыстая… Мы з табой плаваем. Даем нырца.
— Твая праўда, унучак. Некалі мы з'ездзім на Бесядзь. Будзем вудзіць рыбу, купацца. — Дзед Міхась адчуў, што гатовы пусціць слязу, цмокнуў унука ў віхрасты чубок, шапнуў: — Дабранач! — хуценька выйшаў.
Ён доўга стаяў каля шырокага вакна, пазіраў на агні вялікага, чужога горада, чуў аддалены гул хайвэя. Хуткасная аўтастрада — хайвэй працуе круглыя суткі, без перадыху. “Усё на свеце змяніў прагрэс”, — міжволі ўзгадаліся словы Гётэ. Але ці ўсё змянілася да лепшага? Прагрэс паспрыяў дзеду Міхасю прыляцець у Амерыку. Значыць, і ўнук з бацькамі можа прыехаць на Беларусь. Міхась Аксючыц дастаў з кішэні цёплы, выгладжаны, адшліфаваны акіянам амулет. “Памажы, дружа, твайму брату, жаўтляваму каменьчыку, прыехаць да цябе на Беларусь”, — бязгучна, нібы малітву, прашаптаў стары.
Цяпер ён будзе жыць і чакаць гэтага шчаслівага дня.
2007