— Нічога. Паспеюць. Хай пачакаць. Цяпер дужа халодная раса. Травы хапае, — Бравусаў пазяхнуў, соладка пацягнуўся. — Паляжым пару хвілін ды й будзем падымацца.
— Я завяду кабылу. І карову выпушчу. А ты адпачні...
— Мілачка мая, усю ноч адпачываў, хвакцічаскі. А што любоўю мы з табою заняліся, дык ці ж ета работа? Ета ж асалода. Смаката. На цэлы дзень, хвакцічаскі, зарадка . Вось пайду касіць атаву. Буду махаць касою і радавацца. Скулля яму, етаму Чарнобылю. Дулю з макам! Будзем жыць і радавацца. І нікукды адсюль не паедзем.
— Я згодна. Што мы лепшае знойдзем? Тут ужо будзем дажываць. Тут дзяды нашы, прадзеды на кладзішчы... І мае, і твае недалёка... — Марына ўздыхнула, спыталася: — А што сянні будзем рабіць?
— Ну, я атаву пайду касіць. Калі надвор’е пастаіць, дык за тры дні высушым. Хоць бы пару вазоў назбіраць яшчэ. Яно і пазней можна ўкасіць. Сянні толькі дзевятнаццатага.
— Ета ж сянні Спас! — спахапілася Марына. — А я хацела жаць бульбоўнік, ён ужо сохне. Ці можна еткім святам?
— Працаўнікам Бог даруе. Гультаёў, латругаў не любіць. А бульбоўнік паложана жаць за два тыдні да ўборкі, — упэўнена сказаў Бравусаў.
Апошнія гады ён шмат чытаў розных вучоных кніжак і мог паспрачацца з аграномам калі што сеяць, калі ўбіраць.
Яны ўвайшлі ў хату. На кухні гаварыла радыё, якое ніколі не выключалі, адно прыцішалі на ноч. Бравусаў прыбавіў гуку і выразна пачуў:
— Соотечественники!.. Граждане!..
У яго аж сэрца ёкнула. Няўжо зноў вайна? Ён прынік да матавага, з мушынымі кропкамі, рэпрадуктара, уключыў на ўсю моц. Рэпрадуктар пачаў трашчаць, шумець, але Бравусаў разабраў усё. У Маскве створаны “Государственный комитет по чрезвычайному положению — ГКЧП”. Уваходзяць у яго восем чалавек: міністры, члены Палітбюро. Бравусаў пачуў знаёмыя прозвішчы: галоўнага кадэбэшніка Кручкова, міліцэйскага міністра Пуга, маршала Язава, а таксама віцэ-прэзідэнта Янаева, сакратара ЦК Бакланава.
“Ну, дык у іх і так уся ўлада. Якога ражна ім трэба? Кіруйце! А можа, Гарбачоў супраць? Не дазваляў... Хто іх разбярэ”, — думаў Бравусаў.
Падышла і Марына, яна завіхалася ля печы, але таксама лавіла вухам тое, што дзеецца ў Маскве.
— Дык што яны задумалі? Навошта ім ета палажэнне надзвычайнае?
— Я мяркую, што яны, хвакцічаскі, хочуць спіхнуць Гарбачова. А тады прышчаміць хвост етым розным дэмакратам. У Прыбалтыцы, ў Малдавіі, у Грузіі..
— Ой, мусіць, прыбалтам ета не спадабаецца. Яны ж сваю ўладу ўстанавілі. Хоць бы вайна не ўсчалася, — устрывожылася Марына. — Хіба мала Чарнобыля на нашу галаву? Дык яшчэ і етае ГКЧП. З жыру бесяцца яны там у Маскве, — Марына крутнулася з вядром за парог.
Бравусаў зноў прынік да рэпрадэктара. Радыё перадавала весткі з Арменіі, Літвы, Малдавіі, Эстоніі. Усюды ўсё спакойна. “Дзякуй Богу, пакуль без крыві”, — падумаў Бравусаў і пачаў збірацца на сенажаць. Ён вывеў кабылу Зорку, Марына выгнала хлабазінаю Красулю. Ярка-ружовае сонца, падобнае на апельсін, нізка вісела над лесам. Яно толькі ўзышло і цяпер памалу ўскочвалася на бялёса-блакітны купал неба. Над Бесяддзю клубіўся рэдкі, белы, нібы касмылі ваты, туманок.
Разгараўся яшчэ адзін жнівеньскі дзень над Прыбяседдзем, засыпаным смертаноснымі радыенуклідамі. Усёабдымная цішыня панавала навокал. Адно зрэдку падавалі голас пеўні. Не чутно было і чалавечых галасоў, быццам усе хатыньчане прыліплі да рэпрадуктараў і лавілі весткі з далёкай Масквы, дзе ўтварылася нейкае незразумелае, страхатлівае ГКЧП.
Думаў пра падзеі ў Маскве і Бравусаў, рытмічна, звыкла, махаючы касою. Расяная атава рэзалася лёгка, услед за ім цягнуліся дзве рудавата-зялёныя дарожкі-сляды і бухматыя валкі-пракосы. Праз гадзіну-другую касец добра ўгрэўся, хапянуў жменю зрэзанай травы, выцер касу, старанна памянташыў. І падалося, што звон ад касы пакаціўся над шырокім парыжэлым лугам і растаў, патануў у Бесядзі. Бравусаў уторкнуў касу, нібы вітку, касільнам у зямлю, каб здалёку была відаць, і нетаропка пайшоў да ракі.
Сонца паднялося вышэй, пачало прыпякаць, але ўжо не так шчыра, як у Пятроўку, быццам зберагала сваю гарачыню да наступнага лета.
Ранішняе сонца ў Спасаўку — нібы позняе каханне, грэе, але не пячэ, падумаў Бравусаў і здзівіўся: ці ён сам зрабіў гэткае адкрыццё, ці дзесьці вычытаў. Але мне пашанцавала зведаць і гарачае каханне на сконе жыцця, разважаў ён далей. І гэта была менавіта яго, уласная думка, гэта было самім перажытае, зведанае, дзесяткі разоў абдуманае, пачуццё. І нават сёння ён з такою асалодаю абдымаў сваю любую...
Ля вады Бравусаў азірнуўся і сцішана ўзрадаваўся — тое самае месца, дзе ён сустрэўся Марынаю, дзе ўпершыню пачуў ейнае прызнанне: “І ты, Валодзечка, наравіўся мне”. Марына ў той дзень пасвіла з бацькам кароў — адбывала радоўку, а ён на добрым падпітку вяртаўся з імянінаў Крупадзёрава. І было гэта летам 1981 года. А ў тую восень Бравусаў сваімі рукамі прыдушыў імянінніка — узяў грэх на душу. Зірнуў на свае далоні, аж сцепануўся. Колькі жахлівых начэй правёў Бравусаў пасля таго здарэння, але і зараз, амаль праз дзесяць гадоў, ён выразна памятае ўсё, што тады адбылося. “Няўжо ён так і будзе мучыць мяне да канца дзён? Сам кінуўся біцца, хацеў схапіць нож...” Закарцела, як найхутчэй памыць рукі...
Спіна ўжо ўзмакрэла. Бравусаў сцягнуў выгаралую, некалі сінюю, міліцэйскую форменную кашулю. Азірнуўся, куды б яе павесіць, бо на мокрую траву класці не хацелася. Згледзеў метраў за дзесяць уніз па цячэнні каржакаваты куст алешніку, пакіраваў да яго. Яшчэ далей тырчалі два пні — усё, што засталося ад колішняга парому.. Як хутка мяняецца ўсё на зямлі, думаў Бравусаў, такая ўезджаная дарога паўз раку вяла да пераправы, а цяпер ад яе няма і знаку — усё зацягнула густым, як воўна, мурагом. А ён жа каціў паўз раку ў той дзень на веласіпедзе.
Паехаў па гэтай дарозе не таму, каб асвяжыцца ў Бесядзі, а каб не трапіць на вочы свату Івану Сырадоеву, бо ён тады быў старшынёю сельсавета і ў душы лічыў Бравусава за выпівоху, хоць і сам чарку ніколі не праносіў міма рота. Гэта Бравусаў ведаў дакладна, бо не раз частаваліся ў маладыя гады — былы ўчастковы і былы фінагент працавалі ў адным сельсавеце. Як усё знітавана ў жыцці! Не паехаў бы ён паўз раку, не сустрэў бы Марыну, мо пасля смерці жонкі сышоўся б з другою жанчынаю, бо каханне да Марыны з гадамі прытупілася, а крыўда на яе жыла ў глыбіні душы. І як не крыўдаваць: адзіная дзяўчына, якая пагрэбавала ім, лепшым кавалерам ва ўсім наваколлі, не паквапілася на блішчастыя афіцэрскія пагоны, не скарылі яе русявыя кудры і нахабна-прыгожыя сінія вочы. Не раз думаў Бравусаў пасля сваркі з Тамараю, што ягонае сямейнае жыццё магло быць інакшым. Адно суцяшала: выгадавалі добрых дзяцей, дачакаліся ўнукаў. Як ні круці, сын — дырэктар школы, а дачка ўрач, а цяпер нават загадчыца паліклінікі ў Магілёве. Гэтым можна ганарыцца!
З Тамараю ён зведаў шмат радасці. Была яна здаровая, не брыдкая з выгляду.. Мела высокія поўныя грудзі, якія любіў цалаваць і жартам прыгаворваць: "Нуй жонка ў мяне! Поўна пазуха цыцок.. Сісі — па місе. На адну можна легчы, а другою накрыцца." І Тамары падабаліся ягоныя грубаватыя жарты. Старалася дагадзіць. Бо заўсёды памятала своё падман: сказала, што зацяжарыла, а дзіця нарадзілася амаль праз год пасля Тамарынага “прызнання”.
Праўда, ён рэдка дакараў жонку за той падман, можа, разы два ўпікнуў за ўсё жыццё, дый то пасля сваркі. Ён ніколі не думаў, што яго Тамара, здаровая, гладкая, незмардаваная цяжкою працаю кабета, так раптоўна згасне. Калі парыўся з ёю ў лазні, заўсёды любаваўся ейнымі шыкоўнымі формамі. У апошнія гады яна пачала таўсцець, прычым не знізу, не ў клубах, а ў плячах і ў грудзях. Але і ў гэтым была свая жаноцкасць і вабная прыгажосць. Ейныя грудзі аказаліся, так бы мовіць, Ахілесаваю пятою, у іх і ўбіўся кляшнясты вусач — рак, які і звёў дачасна ў магілу яшчэ не старую жанчыну — Тамары не было і шасцідзесяці. Цяпер бы спісалі на Чарнобыль, але ж Тамара памерла за тры гады да аварыі на атамнай станцыі,. Значыць заўсёды была гэта праклятая анкалогія.
Бравусаў старанна умыўся, засіліў прыгаршчы вады, лінуў на грудзіну некалькі халодных кропель трапілі ў штаны, ён патупаў гумовікамі, быццам застаялы конь Рачная вада пахла яварам, водарасцямі, рыбінаю лускою, яшчэ нечым таямніча-прыемным. І дзе тут тая радыяцыя? Дзе смяротныя нукліды, разважаў Бравусаў, усё, як і раней. Нават рыбы паболела, бо паменела рыбакоў, а некаторыя і есці баяцца рачную рыбу, таму і не ловяць.
Ён узяў кашулю на руку і пайшоў да сваіх пакосаў. Ідучы, акінуў вокам вёску. Здаля яна па-ранейшаму выдавала вялікай і прыгожай, бо хаты амаль усе стаялі на сваіх месцах, дзве ці тры новыя пяцісценкі вывезлі ў суседнюю Белую Гару, а вось слупкі дыму над комінамі курыліся рэдка. Адшукаў свой двор — цяпер хата Мацвея Сахуты стала для яго амаль што роднаю, а сваю ў Белай Гары прадаў і перасяліўся сюды, у зону. Над страхою кучаравіўся тонкі сівы слупок дыму. Уявіў Марыну, якая завіхаецца каля печы, пэўна, пячэ дранікі, бо што ні кажы, ён зарабіў іх...
Бравусаў кінуў вокам далей. Каля Шамаўскага ручая цягнулася ўгору дымная сцяжынка — там жыў аднарукі Цімох Емельянаў, яшчэ гэткая сцяжынка праставала ў неба з-за купчастых вербаў — там дажывала век Вольга. Ейны сын, Пецька, якога змайстраваў ёй Цімох у пасляваенныя гады, цяпер паважаны чалавек, працуе брыгадзірам у Белай Гары, выгадаваў траіх дзяцей і матку не забывае, часцяком траскоча ягоны матацыкл. І ўсё нешта вязе ў матчын двор. Але і ад маці без гасцінцаў ніколі не вяртаецца.
Жывуць Хатынічы, хоць і слаба, але яшчэ дыхаюць. Бравусаў ведаў, што ў вайну вёску напалову спалілі немцы. Мацвей Сахута, Марынін бацька, будаваў новы дом, у яго сям'я перабралася пасля цёмнай і сырой зямлянкі, у якой давялося зімаваць жонцы з дзецьмі.