Як я перажыла тую ноч, не ведаю. Раніцаю, у восем гадзін, мяне адвезлі ў Інсбрук; у мяне болей не было сілы супраціўляцца.
Маё дзіця ўчора ноччу памерла — цяпер я буду зноў адна, калі лёс накануе мне жыць. Заўтра прыйдуць чужыя, апранутыя ў чорнае, грубыя людзі, прынясуць з сабою труну, пакладуць у яе маё дзіця, маё беднае, маё адзінае дзіця. Можа, прыйдуць сябры і прынясуць вянкі, але што такое кветкі каля труны? Мяне стануць суцяшаць, гаварыць мне нейкія словы, словы, словы; але чым яны мне памогуць? Я ведаю, што ўсё роўна застануся зноў адна. А няма ж нічога болей жудаснага, чым быць адзінокім сярод людзей. Я даведалася аб гэтым тады, у тыя бясконцыя два гады ў Інсбруку, ад шаснаццаці да васемнаццаці гадоў, калі я, як нявольніца, як выгнанніца, жыла ў сваёй сям'і. Айчым, чалавек вельмі спакойны, скупы на словы, добра ставіўся да мяне; мама як быццам хацела загладзіць нейкую ненаўмысную віну перада мною і выконвала ўсе мае жаданні; маладыя людзі дамагаліся маёй прыхільнасці, але я адштурхоўвала ўсіх з нейкаю заўзятаю ўпартасцю. Я не хацела быць шчасліваю, не хацела быць задаволенаю далёка ад цябе. Я наўмысна замыкалася ў змрочным свеце самакатавання і адзіноцтва. Новых, яркіх сукенак, якія мне куплялі, я не апранала; я адмаўлялася наведваць канцэрты і тэатр, удзельнічаць у пікніках. Я амаль не выходзіла з дому — ці паверыш, каханы, што я ведаю не болей дзесятка вуліц у гэтым невялічкім гарадку, дзе пражыла цэлых два гады? Я сумавала і хацела сумаваць, я ап'яняла сябе кожнаю кропляю гора, якая магла паглыбіць маю няўцешную пакуту — не бачыць цябе. І, акрамя таго, я не хацела, каб мяне адцягвалі ад майго захаплення, хацела жыць толькі табою. Я сядзела дома адна, гадзінамі, днямі, нічога не рабіла і толькі думала аб табе, зноў і зноў перабірала сотню маленькіх успамінаў аб табе, кожную сустрэчу, кожнае чаканне. Я, як у тэатры, разыгрывала ў сваім уяўленні ўсе гэтыя малазначныя выпадкі. І таму, што я бясконца ўзнаўляла ў памяці кожную хвіліну мінулага, усё дзяцінства ярка захавалася ў мяне, і ўсё перажытае мною ў тыя далёкія гады я адчуваю гэтак ясна і горача, як быццам яно толькі ўчора хвалявала маю кроў.
Толькі табою жыла я ў той час. Я купляла ўсе твае кнігі; калі тваё імя ўпаміналася ў газеце, гэта было для мяне святам. Ці паверыш, я ведаю на памяць усе твае кнігі — гэтак часта я іх перачытвала. Калі б мяне разбудзілі ноччу і прачыталі наўгад выхаплены з якой-небудзь тваёй кніжкі радок, я магла б нават цяпер, праз трынаццаць гадоў, прадоўжыць яго без запінкі; кожнае тваё слова было для мяне як Евангелле, як малітва. Увесь свет існаваў толькі ў сувязі з табою; я чытала ў венскіх газетах пра канцэрты, пра прэм'еры з адною толькі думкаю: якія з іх могуць зацікавіць цябе, а калі надыходзіў вечар, я здалёку суправаджала цябе: вось ты ўваходзіш у залу, вось садзішся на сваё месца. Тысячы разоў уяўляла я сабе гэта, бо адзін-адзіны раз бачыла цябе на канцэрце.
Але навошта расказваць пра ўсё гэта, пра шалёныя, трагічна безнадзейныя пакуты адзінокага дзіцяці, навошта гэта расказваць таму, хто ніколі ні аб чым не падазраваў, ніколі ні аб чым не здагадваўся? Зрэшты, ці была я тады яшчэ дзіцём? Мне споўнілася семнаццаць, васемнаццаць гадоў; на мяне пачалі азірацца на вуліцы маладыя людзі, але гэта толькі злавала мяне. Каханне ці хоць бы гульня ў каханне да каго-небудзь другога, акрамя цябе, было для мяне немагчымым і незразумелым, адзін намер зрабіць гэта я палічыла б за здраду. Маё пачуццё да цябе заставалася нязменным, але па меры таго як я сталела, як у мяне абуджаліся пачуцці, яно рабілася больш палымяным, больш жаноцкім і зямным. І тое, чаго не разумела дзяўчынка, якая падпарадкоўвалася падсвядомаму парыву і пазваніла ў твае дзверы, стала цяпер маёю адзінаю думкаю: падарыць табе сябе, аддацца табе.
Маё акружэнне лічыла мяне нясмелаю, называла сарамліваю, бо я, сцяўшы зубы, захоўвала сваю таямніцу. Але ў мяне спела жалезная рашучасць. Усе мае думкі і імкненні былі накіраваны на адно: назад у Вену, назад да цябе. І я дамаглася свайго, якімі неразумнымі і незразумелымі ні здаваліся другім мае паводзіны. Айчым быў багаты чалавек і ставіўся да мяне як да свае дачкі. Але я са злоснаю ўпартасцю настойвала на тым, што хачу сама зарабляць на жыццё, і нарэшце мне ўдалося паехаць у Вену, дзе я пачала працаваць у аднаго сваяка ў вялікай краме гатовай адзежы.
Ці трэба гаварыць табе, куды я накіравалася спачатку, калі ў туманны асенні вечар — нарэшце-такі, нарэшце! — я апынулася ў Вене? Пакінуўшы чамаданы на вакзале, я ўскочыла ў трамвай — мне здавалася, што ён паўзе, кожны прыпынак выводзіў мяне з сябе, — і кінулася да нашага старога дома. У тваіх вокнах гарэла святло, сэрца маё спявала. Толькі цяпер ажыў для мяне горад, які сустрэў мяне так холадна і аглушыў бяссэнсавым шумам, толькі цяпер ажыла я сама, адчуваючы тваю блізкасць, цябе, маю нязгаслую мару. Я ж не ўсведамляла, што аднолькава чужая табе далёка, за гарамі, нізінамі і рэчкамі, і цяпер, калі толькі тонкая асветленая шыба ў тваім акне аддзяляла цябе ад майго ззяючага позірку. Я ўсё стаяла і глядзела ўгору; там было святло, быў родны дом, быў ты, быў увесь мой свет. Два гады я марыла аб гэтай гадзіне, і вось яна нарэшце надышла. Я прастаяла пад тваімі вокнамі ўвесь доўгі, цёплы, воблачны вечар, пакуль не патухла святло. Толькі потым я пайшла шукаць сваё новае жыллё.
Кожны вечар прастойвала я пад тваімі вокнамі. Да шасці я была занята ў краме, занята на цяжкай, утомнай рабоце; але мне была па душы гэтая неспакойная мітусня, бо яна адцягвала мяне ад пакутлівага ўнутранага непакою. І як толькі жалезныя аканіцы з грукатам апускаліся за мною, я бегла да твайго дома, жаданай мэты. Убачыць цябе, сустрэцца з табою было маім адзіным жаданнем; яшчэ хоць раз, здалёку, абняць позіркам твой твар. Прайшло каля тыдня, і нарэшце я сустрэлася з табою, сустрэлася знянацку, калі зусім гэтага не чакала; я стаяла перад домам і глядзела на твае вокны, і ў гэты момант ты перайшоў вуліцу. І раптам я зноў стала трынаццацігадовым дзіцём — я адчула, як кроў прыхлынула да шчок, і міжволі, наперакор вялізнаму жаданню адчуць на сабе твой позірк, я апусціла галаву і маланкаю пранеслася міма цябе. Потым я засаромелася гэтых уцёкаў — быццам я нясмелая школьніца, — бо я цяпер добра разумела, чаго хацела: я шукала сустрэчы з табою, хацела, каб пасля доўгіх змрочных гадоў тугі па табе, ты мяне пазнаў, хацела, каб ты заўважыў мяне, пакахаў.
Але ты доўга не заўважаў мяне, хоць я кожны вечар, нягледзячы на мяцеліцу і рэзкі, пранізлівы венскі вецер, прастойвала на тваёй вуліцы. Часта я цэлымі гадзінамі чакала марна, часта ты выходзіў нарэшце з дому з сябрамі, і два разы я бачыла цябе з жанчынамі; і тут я адчула, што ўжо не дзяўчынка, угадала нейкую навізну, змену ў маім каханні да цябе па раптоўным вострым болі, які рваў маё сэрца, варта мне было ўбачыць чужую жанчыну, якая ўпэўнена ішла поплеч з табою. Гэта не было чымсьці нечаканым для мяне: я ж з дзіцячых гадоў ведала, што ў цябе ўвесь час бываюць жанчыны, але цяпер яно выклікала ў мяне фізічны боль, і я з зайздроснаю варожасцю глядзела на гэтую яўную, цесную блізкасць да другой. Аднаго разу я ўзбунтавалася і не пайшла да твайго дома — па-дзіцячы ўпартая і гордая, якою я была і, можа, засталася дагэтуль; але якім жахліва пустым здаўся мне гэты вечар. Назаўтра я зноў пакорна стаяла каля твайго дома, стаяла і чакала, як я прастаяла ўвесь свой век перад тваім недаступным для мяне жыццём.
І вось нарэшце настаў вечар, калі ты заўважыў мяне. Я ўжо здалёку цябе ўбачыла і напружыла ўсю сваю волю, каб не ўхіліцца ад сустрэчы. Выпадкова на вуліцы якраз разгружалі нейкую фурманку, і табе прыйшлося прайсці зусім блізка ад мяне. Ты няўважліва зірнуў на мяне, але ў той жа момант, калі ты адчуў мой пільны позірк, у тваіх вачах з'явіўся ўжо знаёмы мне выраз — ах, як страшна мне было ўспомніць пра гэта! — той, прызначаны жанчынам, ласкавы позірк, які абнімаў і разам з тым распранаў, той усёабдымны позірк, які ўжо прыкоўваў да сябе, які калісьці ў першы раз ператварыў мяне, дзіця, у закаханую жанчыну. Хвіліну-другую гэты позірк прыцягваў мяне — я не магла і не хацела адвесці вачэй, — а потым ты прайшоў ужо міма. У мяне моцна затахкала сэрца; міжволі я запаволіла крок і, паддаючыся неадольнай цікаўнасці, азірнулася — ты спыніўся і глядзеў мне ўслед. І па ўвазе і па цікаўнасці, з якою ты мяне разглядваў, я адразу зразумела, што ты мяне не пазнаў.
Ты не пазнаў мяне ні тады, ні пазней; ты ніколі не пазнаваў мяне. Як перадаць табе, каханы, усё расчараванне той хвіліны? Бо тады першы раз я спазнала тое, на што асудзіў мяне лёс, — быць не пазнанаю табою ўсё жыццё, да самай смерці. Як перадаць табе маё расчараванне? Скажу шчыра: у тыя два гады жыцця ў Інсбруку, калі я ўвесь час думала аб табе і толькі тое і рабіла, што марыла аб нашай будучай сустрэчы ў Вене, я, у залежнасці ад настрою, малявала сабе самыя неверагодныя карціны побач з самымі чароўнымі. Усё я перажыла, калі так можна сказаць, у маім уяўленні; у змрочныя часіны я малявала сабе, што ты адштурхнеш мяне, адвернешся з пагардаю, бо я вельмі ўжо нязначная, непрыгожая, надакучлівая. Я ў думках перанесла ўсе пакуты, якія зваліліся на мяне з-за твае непрыязнасці, халоднасці, абыякавасці, але нават у роспачныя хвіліны, калі я асабліва востра ўсведамляла, што не вартая твайго кахання, я і ў думках не дапускала самага страшнага, жахлівага: што ты наогул не заўважыў майго існавання. Цяпер я гэта разумею — о, ты навучыў мяне разумець, — які зменлівы для мужчыны дзявочы або жаночы твар, бо часцей за ўсё ён толькі люстэрка, якое адлюстроўвае то жаданне, то дзіцячае дзівацтва, то душэўную стомленасць і расплываецца, знікае з памяці гэтак жа лёгка, як адбітак у люстэрку; таму мужчыне цяжка пазнаць жанчыну, калі гады змянілі на яе твары гульню свету і ценю, калі адзенне, як новая рамка, зусім перайначыла яго. Сапраўды, разумны толькі той, хто пакарыўся свайму лёсу. Але я была тады яшчэ вельмі маладая, і твая забыўлівасць здавалася мне дзіўнаю, тым больш што, увесь час думаючы аб табе, я цешыла сябе думкаю, што і ты часта ўспамінаеш і чакаеш мяне; як магла б я жыць, ведаючы, што я для цябе нішто, што нават мімалётны ўспамін пра мяне ніколі не трывожыць цябе! І гэтае абуджэнне да рэчаіснасці пад тваім позіркам, які паказаў мне, што нішто не нагадвала табе пра мяне, што ніводная, нават самая тонкая нітка ўспаміну не працягнулася ад твайго жыцця да майго, — было першым жорсткім ударам, першым прадчуваннем майго лёсу.
Ты не пазнаў мяне ў той раз. І калі праз два дні пры новай сустрэчы ты паглядзеў на мяне амаль як на знаёмую, ты зноў пазнаў не тую, якая кахала цябе, а толькі прыгожую васемнаццацігадовую дзяўчыну, якая сустрэлася табе на тым самым месцы два дні таму назад. Ты паглядзеў на мяне здзіўлена і прыветліва, і лёгенькая ўсмешка з'явілася на тваіх вуснах. Ты зноў прайшоў міма і, як і ў той раз, адразу ж запаволіў хаду, — я дрыжала, я ўпівалася асалодаю, я малілася, каб ты загаварыў са мною. Я зразумела, што першы раз я для цябе жывая істота; я таксама пайшла цішэй, я не пабегла ад цябе. І раптам я адчула, што ты ідзеш за мною: не аглядваючыся, я ўжо ведала, што зараз пачую твой мілы голас, і ты першы раз звернешся да мяне. Я ўся сціснулася ў чаканні, і сэрца гэтак тахкала, што я ледзь не спынілася, але ты ўжо дагнаў мяне. Ты загаварыў са мною, як звычайна, лёгка і весела, быццам мы былі старыя знаёмыя — ах, ты ж нічога не ведаў, ты ніколі нічога не ведаў пра маё жыццё! — і гэтак чароўна проста загаварыў ты са мною, што я нават знайшла ў сабе сілы адказаць табе. Мы прайшлі да канца вуліцы. Потым ты спытаўся, ці не павячэраць нам разам. Я сказала «добра». Няўжо б я асмелілася адмовіць табе?
Мы павячэралі ў невялічкай рэстарацыі — помніш, дзе гэта было? Ах не, ты, канечне, не можаш адрозніць гэты вечар ад другіх такіх жа вечароў, бо кім я была табе? Адною з сотняў выпадковаю прыгодаю, звяном у бясконцым ланцугу. Дый што магло б нагадаць табе пра мяне? Я амаль не гаварыла, мне было надта вялікім шчасцем — сядзець побач з табою, чуць твой голас. Я баялася задаць пытанне, сказаць лішняе слова, каб не страціць хоць адно каштоўнае імгненне. Я заўсёды з удзячнасцю ўспамінаю, што ты апраўдаў мае найлепшыя спадзяванні, што ты быў чуйны, просты і тактоўны, без назойлівасці, без заляцанняў; з першай хвіліны ты гаварыў са мною так натуральна і па-сяброўску, што ўжо адным гэтым пакарыў бы мяне, калі б я ўжо даўно ўсімі сваімі жаданнямі, усёй сваёй істотай не была тваёю. Ах, ты ж не ведаеш, якую маю вялікую мару ты ажыццявіў, не падмануў маіх пяцігадовых дзіцячых спадзяванняў!
Было позна, калі мы ўсталі з-за стала. Каля дзвярэй рэстарацыі ты спытаўся ў мяне, ці спяшаюся я, ці ёсць у мяне яшчэ крыху часу. Ці магла я схаваць ад цябе сваю гатоўнасць ісці за табою! Я сказала, што ў мяне яшчэ ёсць час. Тады ты на хвіліну запнуўся і потым спытаўся, ці не зайду я да цябе пагаварыць. «Чаму ж не?» — падпарадкоўваючыся непасрэднаму пачуццю, сказала я і тут жа заўважыла, што паспешнасць майго адказу не то непрыемна кранула, не то парадавала цябе, але яўна ўразіла. Сёння я разумею тваё здзіўленне; я ведаю, што жанчыны звычайна ўтойваюць гатоўнасць аддацца, нават калі ўпотайкі гараць жаданнем, разыгрываюць спалох ці абурэнне і паддаюцца толькі пасля настойлівых просьбаў, запэўненняў, клятваў і абяцанняў. Я ведаю, што, можа, толькі тыя, у каго каханне — рамяство, толькі прастытуткі, адразу ж адказваюць поўнаю згодаю на падобнае запрашэнне альбо вельмі маладыя, зусім нявопытныя дзяўчаты. Але ў маім адказе — як у цябе магло ўзнікнуць такое падазрэнне? — была толькі ператвораная ў слова ўпартая воля, нястрымная туга тысячы пакутлівых дзён, якая вырвалася наверх. Як бы там ні было, ты здзівіўся, я зацікавіла цябе. Я заўважыла, што па дарозе ты крадком здзіўлена паглядваеш на мяне. Тваё беспамылковае чуццё, тваё прарочае веданне ўсяго чалавечага адразу падказала табе, што нейкая загадка, нешта незвычайнае хаваецца ў гэтай прыгожай даверлівай дзяўчыне. У табе прачнулася цікаўнасць, і па тваіх асцярожных дапытлівых пытаннях я зразумела, што ты стараешся разгадаць гэтую загадку. Але я ўхілілася ад прамых адказаў: я палічыла за лепшае паказацца табе дурніцаю, чым выдаць сваю таямніцу.
Мы падняліся да цябе. Прабач, каханы, калі я скажу, што ты не зразумееш, чым было для мяне гэтае ўзыходжанне, якое гэта было ап'яняльнае, шалёнае, пакутлівае, амаль смяротнае шчасце. Мне і цяпер цяжка без слёз успамінаць пра гэта, хоць у мяне болей няма слёз. Але ты ўдумайся ў тое, што ўсё там было як бы пранізана маім гарачым каханнем, усё было сімвалам майго дзяцінства, маёй тугі: пад'езд, каля якога я тысячу разоў чакала цябе, лесвіца, дзе я прыслухоўвалася да тваіх крокаў і дзе ўпершыню ўбачыла цябе, вочка, праз якое я сачыла за табою, калі ўсёю душою рвалася да цябе; дыванок перад тваімі дзвярамі, дзе я аднаго разу стаяла на каленях, шчоўканне ключа ў замку — колькі разоў я ўсхоплівалася, пачуўшы гэты гук. Усё дзяцінства, усе мае пачуцці захаваліся на гэтай цеснай прасторы; тут было ўсё маё жыццё, і цяпер яно, як бура, навалілася на мяне: бо ўсё, усё здзейснілася, і я ішла з табою — з табою! — у тваім, у нашым доме. Падумай — гэта гучыць банальна, але я не ўмею інакш сказаць, — усё жыццё для мяне, аж да тваіх дзвярэй, было рэчаіснасцю, тупою штодзённасцю, а за імі пачыналася чароўнае дзіцячае царства, Аладынава царства; падумай, што я тысячу разоў зіхоткімі вачамі глядзела на гэтыя дзверы, у якія я цяпер, хістаючыся ад радасці, увайшла, і ты адчуеш — толькі адчуеш, але ніколі не зразумееш да канца, каханы! — чым было ў маім жыцці гэтае непаўторнае імгненне.
Я заставалася тады ў цябе ўсю ноч. Ты і не падазраваў, што дагэтуль ніводзін мужчына не дакранаўся да мяне і не бачыў майго цела. Дый як ты мог западозрыць гэта, каханы, — я не супраціўлялася, я задушыла ў сабе пачуццё сораму, толькі б ты не разгадаў таямніцы майго кахання; яна, напэўна, спалохала б цябе, бо табе падабаецца толькі ўсё лёгкае, мімалётнае, гуллівае, ты баішся ўмяшацца ў чый-небудзь лёс. Ты растрачваеш сябе, аддаеш сябе ўсяму свету і не хочаш што-небудзь ахвяраваць; калі я цяпер кажу табе, каханы, што я, нявінная дзяўчына, аддалася табе першаму, то малю цябе: не зразумей мяне няправільна! Я ж не абвінавачваю цябе, ты мяне не заманьваў, не маніў, не спакушаў — я, я сама прыйшла да цябе, кінулася ў твае абдымкі, кінулася насустрач свайму лёсу. Ніколі, ніколі не буду я вінаваціць цябе, не, я заўсёды буду ўдзячная табе, бо якою багатаю, якою азоранаю шчасцем, якою напоўненаю асалодаю была гэтая ноч. Калі я ў цемры расплюшчвала вочы і адчувала цябе побач са мною, я здзіўлялася, што нада мною не зорнае неба — мне здавалася, што я на небе; не, я ніколі ні аб чым не шкадавала, каханы, дзеля адной гэтай гадзіны. Я помню яшчэ, што, калі я чула тваё соннае дыханне, калі адчувала, што ты гэтак блізка ад мяне, я плакала ў цемры ад шчасця.
Раніцаю я паспяшалася пайсці. Мне нельга было пазніцца на работу, дый, апроч таго, я вырашыла пайсці раней, чым прыйдзе твой камердынер, — мне не хацелася, каб ён мяне бачыў. Калі я, ужо апранутая, стаяла перад табою, ты абняў мяне і доўга глядзеў мне ў твар; можа, у цябе прамільгнуў успамін, далёкі і няясны, а можа, я здалася табе прыгожаю, бо я ўся была перапоўнена шчасцем? Потым ты пацалаваў мяне ў вусны. Я асцярожна вызвалілася з тваіх абдымкаў і павярнулася да дзвярэй. Тут ты спытаўся: «Хочаш узяць з сабою кветак?» Я сказала: «Хачу». Ты выняў чатыры белыя ружы з блакітнай крыштальнай вазы на пісьмовым стале (о, я ведала гэтую вазу яшчэ з таго часу, калі ў дзяцінстве адзін раз заглянула ў тваю кватэру). Ты даў мне гэтыя ружы, і я яшчэ шмат дзён цалавала іх.
Мы дамовіліся сустрэцца яшчэ раз. Я прыйшла, і зноў усё было цудоўна. І яшчэ адну, трэцюю, ноч падарыў ты мне. Потым ты сказаў, што табе трэба паехаць з горада — ах, як я з самага дзяцінства ненавідзела гэтыя падарожжы! — і паабяцаў адразу ж паведаміць мне, як толькі вернешся дадому. Я дала табе адрас — да запатрабавання; імя я не хацела называць. Я ахоўвала сваю таямніцу. Ты зноў на развітанне даў мне ружы — на развітанне.
Кожны дзень, два месяцы, я хадзіла на пошту... не, не трэба, навошта апісваць усе гэтыя пакуты чакання і роспачы? Я не вінавачу цябе, я кахаю цябе такога, які ты ёсць, палкага і забыўлівага, улюблівага і нявернага, я кахаю цябе такога, толькі такога, які ты быў заўсёды, які застаўся і цяпер. Ты даўно ўжо вярнуўся, я бачыла гэта па святле ў тваіх вокнах, але ты мне не напісаў. У мяне няма ніводнага радка ад цябе ў гэтую маю апошнюю гадзіну, ніводнага радка ад цябе, каму я аддала ўсё сваё жыццё. Я чакала, чакала, як чакае чалавек на парозе роспачы. Але ты не паклікаў мяне, не напісаў ніводнага радка... ніводнага радка...
Маё дзіця ўчора памерла — гэта было і тваё дзіця. Гэта было і тваё дзіця, каханы, — дзіця адной з трох начэй; я прысягаю табе ў гэтым, і ты ведаеш, што перад ценем смерці не маняць. Гэта было наша дзіця, прысягаю табе, бо ніводзін мужчына не дакрануўся да мяне з таго часу, як я аддалася табе, да таго часу, як дзіця вынялі з мяне. Маё цела здавалася мне свяшчэнным з той гадзіны, калі да яго дакрануўся ты. Як магла б я дзяліць сябе паміж табою, які быў мне ўсё, і другімі, якія толькі мімалётна з'яўляліся ў маім жыцці? Гэта было наша дзіця, каханы, дзіця майго глыбокага, свядомага кахання і тваёй бесклапотнай, марнатраўнай, амаль несвядомай пяшчоты, наша дзіця, наш сын, наша адзінае дзіця. Але ты спытаешся ў мяне — можа, спалохана, можа, толькі здзіўлена, — ты спытаешся ў мяне, каханы, чаму ўсе доўгія гады я маўчала пра наша дзіця і гавару пра яго толькі сёння, калі яно ляжыць тут, у цемры, заснуўшы навекі, калі яно хутка пойдзе і ўжо ніколі, ніколі не вернецца? Але як я магла сказаць табе гэта? Ты нізашто не паверыў бы мне, незнаёмай жанчыне, выпадковай сяброўцы трох начэй, якая без супраціўлення, нават з жаданнем аддалася табе, ты не паверыў бы мне, безыменнай удзельніцы мімалётнага заляцання, што я засталася табе верная, табе, нявернаму, і толькі з сумненнем прызнаў бы ты гэтае дзіця сваім! Ніколі, нават калі б мае словы здаліся табе праўдападобнымі, не мог бы ты вызваліцца ад таемнай думкі, што я спрабую навязаць табе, багатаму чалавеку, клопат аб чужым дзіцяці. Ты паставіўся б да мяне з падазрэннем, і паміж намі існаваў бы цень, цьмяны, няўлоўны цень недаверу. Гэтага я не хацела. І потым, я ж ведала цябе; я ведала цябе гэтак, як ты сам наўрад ці ведаеш сябе, і я разумела, што табе падабаецца толькі ўсё бесклапотнае, лёгкае, што ты шукаеш у каханні толькі гульню, і таму табе было б цяжка раптам аказацца бацькам, раптам адказваць за чыйсьці лёс. Ты прывык да поўнай свабоды і адчуў бы сябе неяк звязаным са мною. І ты — я ведаю, гэта не залежала ад тваёй волі, — узненавідзеў бы мяне за тое, што я звязала цябе. Можа, на гадзіны, можа, усяго на некалькі хвілін я стала б табе цяжарам, стала б табе ненавіснаю, — я ж у сваёй гордасці хацела, каб ты ўсё жыццё думаў пра мяне без клопату. Я палічыла за лепшае ўзяць усё на сябе, чым стацца табе лішняю, я хацела быць адзінаю жанчынаю, што кахала цябе, пра каго ты заўсёды думаў бы з любоўю і ўдзячнасцю. Але, на жаль, ты ніколі пра мяне не думаў, ты забыўся пра мяне.
Я не вінавачу цябе, каханы, не, я не вінавачу цябе. Прабач, калі часам кропля горычы прасочваецца ў гэтыя радкі, прабач, — маё дзіця, наша дзіця ляжыць мёртвае побач са мною ў святле мігатлівых свечак; я гразіла кулаком богу і называла яго забойцам, думкі ў мяне блытаюцца. Прабач, што я скарджуся, прабач! Я ж ведаю, ты добры і спагадлівы ў глыбіні душы, ты дапамагаеш кожнаму, дапамагаеш незнаёмым людзям, усім, хто звяртаецца да цябе. Але твая дабрата асаблівая, яна адчынена кожнаму, і кожны можа чэрпаць з яе столькі, колькі могуць узяць рукі; яна вялікая, бязмежная, але, прабач, яна лянівая, яна чакае напамінку, просьбы. Ты дапамагаеш, калі цябе паклічуць, калі цябе папросяць, дапамагаеш з сораму, са слабасці, але не з радаснай гатоўнасці дапамагчы. Ты — скажу табе шчыра — чалавека ў горы і бядзе любіш не болей, чым улюбёнца шчасця, які ты ёсць сам. А людзей, падобных на цябе, нават самых добрых сярод іх, цяжка прасіць. Аднаго разу, калі я яшчэ была дзіцём, я бачыла праз вочка, як ты даваў міласціну жабраку, што пазваніў у твае дзверы. Ты даў яму грошай, перш чым ён паспеў папрасіць, і даў шмат, але ты зрабіў гэта неяк спалохана і паспешна; было відаць, што ты хацеў, каб ён хутчэй пайшоў, і здавалася, што ты баішся глядзець яму ў вочы. Я ніколі не забуду, як хуценька і збянтэжана, ухіляючыся ад падзякі, ты дапамагаў гэтаму жабраку. Вось чаму я ніколі не звярталася да цябе. Канечне, я ведаю, што ты дапамог бы мне тады, нават калі б і не быў упэўнены, што гэта тваё дзіця; ты суцяшаў бы мяне, даў бы мне грошай, шмат грошай, але ўсё з тайным жаданнем хутчэй скончыць з гэтаю непрыемнасцю; я нават думаю, ты ўгаворваў бы мяне прадухіліць з'яўленне дзіцяці. А гэтага я баялася больш за ўсё — бо чаго б я толькі не зрабіла дзеля цябе, як магла б я ў чым-небудзь адмовіць табе! Але гэтае дзіця было мне ўсё; яно ж было ад цябе, паўтарэнне цябе самога, але ўсё-такі не такога цябе, шчаслівага, бесклапотнага, якога я не магла ўтрымаць, а цябе, падараванага мне назаўсёды — гэтак я думала, — цябе, які знаходзіўся ў маім целе, неаддзельны ад майго жыцця. Цяпер я нарэшце трымала цябе, я магла адчуваць усёю істотаю, як расце ва мне тваё жыццё, магла карміць, паіць, пеставаць, цалаваць цябе, калі гэтага жадала мая душа. Вось чаму, каханы, я была такая шчаслівая, ведаючы, што нашу тваё дзіця. Вось чаму я ўтоіла гэта ад цябе, — цяпер ты ўжо не мог ад мяне ўцячы.
Праўда, каханы, я перажыла не толькі месяцы шчасця, якія паўставалі мне ў марах; на маю долю выпалі і месяцы жудасці і пакуты, поўныя агіды да людской подласці. Мне выпаў нялёгкі лёс. У краму я ў апошнія месяцы хадзіць не магла, бо сваякі заўважылі б мой стан і паведамілі б пра гэта дадому. Прасіць грошай у маці я не хацела і жыла з таго, што прадавала сякія-такія каштоўныя рэчы, якія зберагліся ў мяне. За тыдзень да родаў прачка ўкрала ў мяне з шафы апошнія некалькі крон, і мне давялося легчы ў радзільны прытулак. Там, куды з вялікага гора прыходзяць толькі самыя бедныя, нікому не патрэбныя і забытыя, там, у віры галечы, радзілася тваё дзіця. У прытулку было жахліва: усё здавалася бясконца чужым, мы ляжалі адзінокія, былі чужыя суседзям і ненавідзелі адна адну; толькі агульнае няшчасце, агульныя пакуты загналі нас у душную, насычаную хлараформам і крывёю, поўную крыкаў і стогнаў палату. Усе ўніжэнні, якія даводзіцца цярпець абяздоленым, сорам, маральны і фізічны, адчула я там нароўні з прастытуткамі і хворымі, пакутавала ад вымушанай блізкасці да іх, ад цынізму маладых дактароў, якія, усміхаючыся, адкідвалі коўдры і з прытворна вучоным выглядам мацалі безабаронных жанчын, ад прагнасці сядзелак — о, там чалавечую сарамлівасць распінаюць позіркамі і хвастаюць словамі. Шыльдачка з прозвішчам — вось усё, што застаецца ад цябе, а тое, што ляжыць на ложку, — проста кавалак дрыготкай плоці, які абмацваюць цікаўныя, рэч, выстаўленая напаказ для вывучэння; таму жанчыны, якія ў сваім доме дораць дзіця любячаму, клапатліваму мужу, не ведаюць, што значыць радзіць адзінокай і безабароннай амаль ці не на лабараторным стале! І нават цяпер, калі я сустракаю ў кнізе слова «пекла», я міжвольна ўспамінаю пра бітком набітую смуродную палату, поўную стогнаў, немых крыкаў і грубага смеху, пра гэтую клааку ганьбы.
Прабач, прабач мне, што я кажу пра гэта. Але я раблю такое першы і апошні раз; ніколі, ніколі болей не буду я гаварыць пра гэта. Я маўчала адзінаццаць гадоў і хутка змоўкну назаўсёды; але хоць раз я павінна даць сабе волю, павінна крыкнуць пра тое, якою дарагою цаною дасталося мне дзіця — шчасце ўсяго майго жыцця, — якое цяпер ляжыць побач нежывое. Я даўно ўжо пра ўсё забылася, забылася ад усмешкі дзіцяці, ад яго гаворкі, ад маёй радасці; але цяпер, калі яно памерла, я зноў пакутую і не магу не крычаць, я мушу аблегчыць душу хоць адзін раз. Але я вінавачу не цябе, а толькі бога, аднаго яго: ён зрабіў бессэнсоўнымі перанесеныя мною пакуты. Прысягаю табе — я не цябе вінавачу, і ніколі я ў гневе не паўставала супраць цябе. Нават у той момант, калі маё цела курчылася ў родавых схватках, нават у тыя хвіліны, калі боль разрываў мне душу, калі практыканты мацалі маё цела позіркамі і яно гарэла ад сораму, я не вінаваціла цябе перад богам; ніколі не шкадавала я аб тых начах, ніколі не праклінала сваё каханне да цябе, я заўсёды кахала цябе, заўсёды благаслаўляла час нашай сустрэчы. І калі б паўтарыліся тыя страшэнныя гадзіны ў прытулку і я ведала б наперад, што мяне чакае, я пайшла б на гэта яшчэ раз, мой каханы, яшчэ раз і тысячу разоў!
Наша дзіця ўчора памерла — ты ніколі не ведаў яго. Ніколі, нават пры мімалётнай выпадковай сустрэчы твой позірк не спыніўся на маленькай квітнеючай істоце, тваім дзіцяці. Я доўга хавалася ад цябе; цяпер, калі ў мяне было дзіця, я, здаецца, нават кахала цябе больш спакойным каханнем, прынамсі, яно ўжо не вымушала мяне нясцерпна пакутаваць, пасля таго як у мяне з'явіўся гэты твой падарунак. Я не хацела дзяліцца паміж табою і сынам, і я аддала сябе не табе, улюбёнцу шчасця, чыё жыццё праходзіла міма мяне, а дзіцяці, якому я была патрэбна, якога я павінна была карміць, якога я магла цалаваць і прыціскаць да грудзей. Я быццам вызвалілася ад улады трывожнага лёсу, які неадольна прыцягваў мяне да цябе, пасля таго як з'явіўся на свет і поўнасцю належаў мне гэты другі «ты»; толькі рэдка, вельмі рэдка я ціха набліжалася да твайго дома. Адно толькі дазваляла я сабе: да дня твайго нараджэння, з году ў год, я пасылала табе букет белых руж, дакладна такіх, якія ты падарыў мне тады пасля першай ночы нашага кахання. Ці папытаўся ты ў сябе хоць раз за гэтыя дзесяць, за гэтыя адзінаццаць гадоў, хто іх табе пасылае? Можа, ты ўспомніў пра тую, якой ты аднаго разу падарыў такія ружы? Я не ведаю і ніколі не даведаюся пра твой адказ. Толькі раз у год працягнуць іх табе з цемры, аднавіць памяць аб той сустрэчы — большага мне і не трэба было.
Ты не ведаў нашага беднага дзіцяці — сёння я дакараю сябе, што ўтоіла яго ад цябе, бо яно б табе спадабалася. Ты не ведаў ніколі нашага беднага хлопчыка, ты ніколі не бачыў, як ён усміхаўся і шырока расплюшчваў цёмныя, задумлівыя вочы — твае вочы! — і абліваў іх ясным, радасным святлом мяне і ўвесь свет. Ах, ён быў такі вясёлы, такі мілы — у ім па-дзіцячы паўтараліся ўся твая лёгкасць, твая імклівая, палкая фантазія. Ён мог гадзінамі самазабыўна гуляць з чым-небудзь, як ты гуляеш з жыццём, а потым засяроджана насупліваць бровы і доўга сядзець над сваімі кніжкамі. Ён усё болей рабіўся падобны да цябе. У ім пачала ўжо выразна выяўляцца ўласцівая табе дваістасць, мешаніна легкадумнасці і сур'ёзнасці, і чым болей ён рабіўся падобны да цябе, тым мацней я любіла яго. Ён добра вучыўся, балбатаў па-французску, як сарока, яго сшыткі былі самыя чыстыя ва ўсім класе; а які ён быў прыгожы ў сваім чорным аксамітным касцюмчыку ці ў белай матроскай куртачцы! Ён заўсёды аказваўся самым зграбным, дзе б ні з'яўляўся; калі я гуляла з ім па пляжы ў Града, жанчыны спыняліся і гладзілі яго доўгія светлыя валасы; калі ён у Зэмерынгу катаўся на санках, людзі зачаравана азіраліся на яго. Ён быў такі прыгожанькі, такі далікатны і ласкавы; летась ён паступіў у інтэрнат Тэрэзіанум і насіў форму і маленькую шпагу, нібы паж васемнаццатага стагоддзя, — цяпер на ім толькі сарочка, і ён ляжыць, бедны, з пасінелымі вуснамі, і рукі складзены на грудзях.
Але ты, можа, папытаешся, як я магла выхоўваць дзіця ў такой раскошы, як здолела забяспечыць яму прыемнае, лёгкае, бесклапотнае жыццё вышэйшых колаў. Каханы мой, я гавару з табою з цемры, я не саромеюся, я скажу табе, але толькі не палохайся, каханы, — я прадавала сябе. Я не стала тою, каго завуць вулічнаю дзеўкаю, прастытуткаю, але я прадавала сябе. У мяне былі багатыя сябры, багатыя палюбоўнікі; спачатку я шукала іх, потым яны шукалі мяне, бо я была — ці заўважаў ты гэта калі-небудзь? — вельмі прыгожая. Усе, каму я аддавалася, былі ўдзячныя мне, адчувалі да мяне прыхільнасць, усе кахалі мяне, — толькі ты не пакахаў мяне, толькі ты, мой каханы!
Можа, ты цяпер пагарджаеш мною, пасля гэтага прызнання? Не, я ведаю, ты ўсё разумееш, зразумееш і тое, што я зрабіла гэта дзеля цябе, дзеля твайго другога «я», дзеля твайго дзіцяці. Тады, у палаце радзільнага прытулку, я атрымала ўяўленне аб жаху галечы, я ведала, што беднага заўсёды топчуць, зневажаюць, што ў гэтым свеце ён заўсёды ахвяра, і я не хацела, каб тваё дзіця, тваё светлае, цудоўнае дзіця вырасла на дне, сярод галечы, сярод грубасці і подласці вуліцы, у зачумленым паветры задворкаў. Я не хацела, каб яго далікатныя вусны гаварылі дрэнныя словы, каб да яго белага цельца дакраналася мулкая, зношаная бялізна беднаты, — у твайго дзіцяці павінна было быць усё, усе даброты зямлі, ён павінен быў падняцца да цябе, у тваю жыццёвую сферу.
Пагэтаму, толькі пагэтаму, каханы, прадавала я сябе. Для мяне ў гэтым не было ахвяравання, бо тое, што звычайна завецца гонарам ці ганьбаю, у маім уяўленні не мела значэння — ты не кахаў мяне, ты, адзіны, каму належала маё цела, а ўсё іншае, што адбывалася з маім целам, мне было ўсё роўна. Пяшчоты мужчын і нават іх шчырыя пачуцці не знаходзілі ў мяне належнага водгуку, хоць некаторых я вельмі паважала і, памятаючы ўласнае нераздзеленае каханне, у душы шкадавала. Усе тыя, каго я ведала, ставіліся добра да мяне, усе песцілі мяне, усе паважалі. Перш за ўсё гэта тычыцца аднаго графа, удаўца ў гадах, які любіў мяне як дачку. Гэта ён абіваў парогі, каб выклапатаць бязроднаму дзіцяці, твайму дзіцяці, месца ў Тэрэзіануме. Тры, чатыры разы прасіў ён маёй рукі, — я магла б быць цяпер графіняй, уладальніцай казачнага замка ў Ціролі, магла б жыць цяпер бесклапотна, бо ў дзіцяці быў бы ласкавы бацька, які абагаўляў бы яго, а ў мяне — спакойны, высакародны, добры муж. Я не згадзілася, нягледзячы на тое, што прычыніла яму вялікі боль сваёю адмоваю. Магчыма, я зрабіла глупства, бо я магла б цяпер жыць дзе-небудзь у цішыні, без турбот, і маё любае дзіця было б са мною, але — чаму не прызнацца табе? — я не хацела сябе звязваць, хацела ў любы момант быць вольнаю для цябе. Дзесьці, у патаемнай глыбіні маёй душы, усё яшчэ жыла даўняя дзіцячая мара, што ты яшчэ паклічаш мяне, хай нават на адну гадзіну. І дзеля гэтай адной магчымай гадзіны я адштурхоўвала ад сябе ўсё, каб толькі быць вольнаю і з'явіцца па першым тваім выкліку. Чым жа было ўсё маё жыццё пасля абуджэння ад дзяцінства, як не чаканнем, чаканнем твайго жадання!
І гэтая гадзіна сапраўды надышла. Але ты не ведаеш яе, не падазраеш аб ёй, мой каханы! Ты не пазнаў мяне і на гэты раз — ніколі, ніколі ты не пазнаваў мяне! Я ж і раней часта сустракала цябе ў тэатры, на канцэртах, у Пратэры, на вуліцы — кожны раз у мяне замірала сэрца, але ты не глядзеў на мяне: я ж вонкава вельмі змянілася, з нясмелага дзіцяці ператварылася ў жанчыну; казалі, што я прыгожая; я заўсёды была багата адзетая і мяне акружалі паклоннікі. Як мог ты пазнаць ува мне нясмелую дзяўчыну, якую бачыў у паўзмроку сваёй спальні! Часам з табою раскланьваўся хто-небудзь з мужчын, якія суправаджалі мяне; ты адказваў на паклон і кідаў позірк на мяне, але гэты халодны позірк быў проста данінаю ветлівасці, знакам звычайнай цікавасці, гэта быў позірк, які не ведаў мяне, чужы, страшэнна чужы позірк. Памятаю, аднаго разу гэтае непазнаванне, да якога я ўжо амаль прывыкла, прычыніла мне пякельны боль: гэта было ў тэатры, я сядзела ў ложы з сябрам, а ты — у суседняй ложы. Пачалася ўверцюра, патухла святло, і я болей не магла бачыць твайго твару, але я адчувала тваё дыханне, як тады, у тую ноч, а на аксамітным бар'еры, што раздзяляў нашы ложы, ляжала твая рука, якою ты падтрымліваў падбародак, твая тонкая, пяшчотная рука. І мяне ахапіла неадольнае жаданне нахіліцца і з ласкаваю пакораю пацалаваць гэтую чужую, такую мілую руку, якая калісьці песціла мяне. Усхваляваная гукамі музыкі, я ледзь стрымлівалася, каб не прыціснуцца да яе вуснамі, не паддацца шалёнаму парыву. Пасля першага акта я папрасіла сябра пайсці з тэатра. Я болей не магла сядзець побач з табою ў цемры — гэтак блізка і гэтак бясконца далёка.
Але час надышоў, ён надышоў яшчэ раз, апошні раз у маім разбураным жыцці. Гэта здарылася амаль год таму назад, на другі дзень пасля дня твайго нараджэння. І дзіўна: я ўвесь дзень думала пра цябе, бо дзень твайго нараджэння я заўсёды адзначала, як свята. Рана на світанні я выйшла з дому, купіла белыя ружы і, як заўсёды, паслала іх табе на памяць аб той гадзіне, пра якую ты забыўся. Пасля абеду я паехала з хлопчыкам катацца, потым павяла яго ў кандытарскую Дэмеля, а ўвечары ў тэатр — я хацела, каб і ён, нічога не падазраючы, з малых гадоў запомніў гэты дзень як нейкае таямнічае свята. Назаўтра ўвечары я была на канцэрце са сваім тагачасным сябрам, маладым багатым фабрыкантам з Бруна, з якім жыла ўжо два гады; ён абагаўляў мяне, балаваў, хацеў, як і другія, ажаніцца са мною і сустракаў маю, здавалася, беспрычынную адмову, хоць ён засыпаў мяне і хлопчыка падарункамі; сам ён быў чалавек прыстойны, і яго крыху тупаватая, але самаахвярная адданасць заслугоўвала іншага адказу. На канцэрце мы сустрэлі добрых знаёмых, і ўсе разам паехалі вячэраць у рэстарацыю на Рынгштрасэ; і вось сярод смеху і жартаў я прапанавала зазірнуць яшчэ ў танцавальную залу — у Табарэн. Звычайна, калі мяне звалі ў такія месцы, я адмаўлялася, бо занадта шумная, п'яная весялосць, якая нязменна панавала там, была мне агідная, як і любая нястрыманасць; але на гэты раз нейкая незразумелая, магічная сіла прымусіла мяне выказаць пажаданне, з бурным адабрэннем падхопленае ўсёй кампаніяй. Я і сама не ведала чаму, але мяне нястрымна цягнула туды, быццам было там нешта незвычайнае. Мае спадарожнікі прывыклі ва ўсім дагаджаць мне і адразу ўсталі. Мы пайшлі ў Табарэн, пілі там шампанскае; мною авалодала нейкая шалёная, амаль пакутлівая весялосць, якой у мяне ніколі раней не было. Я піла і піла, падхоплівала модныя песенькі. — яшчэ крыху, і я пусцілася б у скокі ці пачала б смяяцца на ўсю залу. Але раптам быццам ледзяною вадою ці пякельнаю гарачынёю абліло маё сэрца — я ўбачыла цябе: ты сядзеў за суседнім сталом з сябрамі і глядзеў на мяне захопленым, пажадлівым позіркам, тым позіркам, які заўсёды пранікаў у глыбіню маёй душы. Упершыню за ўсе гады ты зноў глядзеў на мяне з усёю ўласціваю табе сілаю неўсвядомленага жадання. Я ўся задрыжала і ледзь не выпусціла з рук падняты келіх. На шчасце, ніхто з тых, хто сядзеў за нашым сталом, не заўважыў маёй збянтэжанасці — яна згубілася ў грукаце музыкі і ў смеху.
Твой позірк рабіўся ўсё гарачэйшы, ён пёк мяне як агнём. Я не магла ўцяміць: ці пазнаў ты мяне нарэшце, ці я для цябе зноў новая, другая, незнаёмая жанчына? Кроў прыліла мне да шчок, я няўважліва адказвала на пытанні сяброў. Ты не мог не заўважыць, як усхваляваў мяне твой позірк. Ледзь прыкметным кіўком галавы ты падаў мне знак, каб я на хвілінку выйшла ў вестыбюль. Потым ты наўмысна гучна пачаў разлічвацца, развітаўся з сябрамі і выйшаў, яшчэ раз перад гэтым даўшы мне зразумець, што будзеш чакаць мяне. Мяне кідала ў дрыжыкі, мяне калаціла ліхаманка, я не магла выціснуць з сябе ні слова, не магла ўтаймаваць сваё хваляванне. Якраз у гэты момант мурынская пара, дробна стукаючы абцасамі і пранізліва ўскрыкваючы, пачала выконваць модны мудрагелісты танец; усе позіркі звярнуліся ў іх бок, і, карыстаючыся гэтым, я ўстала, сказала сябру, што хутка вярнуся, і выйшла ўслед за табою.