Я бачыў гэта адзін раз з акна майго дома... гэта было страшэннае відовішча... але толькі таму, што я гэта бачыў, я разумею самога сябе ў тыя дні... Дакладна гэтаксама, з такім самым жахлівым, нерухомым позіркам, раз'юшана кінуўся я... услед за гэтаю жанчынаю... Я не помню, як я ўсё зрабіў, з якою надзвычайнаю, шалёнаю хуткасцю ўсё адбылося... Праз дзесяць хвілін, не, што я кажу, праз пяць, праз дзве... пасля таго, як я ўсё даведаўся пра гэтую жанчыну, яе прозвішча, адрас, гісторыю яе жыцця, я ўжо імчаўся на пазычаным у кагосьці веласіпедзе дадому, кінуў у чамадан гарнітур, узяў грошай і падаўся на сваёй калясцы на чыгуначную станцыю... паехаў, не папярэдзіўшы мясцовага чыноўніка... не прызначыўшы замест сябе намесніка, пакінуўшы дом і ўсе рэчы на волю лёсу... Вакол мяне стоўпіліся слугі, здзіўленыя жанчыны аб нечым пыталіся, але я не адказваў, нават не павярнуўся... паехаў на чыгуначную станцыю і першым цягніком падаўся ў горад... Прайшло не болей гадзіны з таго моманту, як гэтая жанчына ўвайшла ў мой пакой, а я ўжо паставіў на карту ўсю сваю будучыню і імчаўся, падганяны амокам, у невядомае...
Я імчаўся наперад на злом галавы... У шэсць гадзін вечара я прыехаў... у дзесяць хвілін сёмай я быў у яе ў доме і папрасіў далажыць пра мяне. Гэта было... ведаеце... самае недарэчнае, самае неразумнае, што я мог зрабіць... але ў падганянага амокам вочы нічога не бачаць, ён не заўважае, куды бяжыць... Праз некалькі хвілін слуга вярнуўся... сказаў ветліва і холадна... пані адчувае сябе дрэнна і не можа мяне прыняць.
Я выйшаў хістаючыся на вуліцу... Цэлую гадзіну я бадзяўся вакол дома ў вар'яцкай надзеі, што яна можа паслаць па мяне... толькі пасля гэтага я заняў нумар у Странд-гатэлі і патрабаваў прынесці мне ў пакой дзве пляшкі віскі... Віскі і двайная доза вераналу памаглі мне... я нарэшце заснуў... і цяжкі, мутны сон быў адзінаю перадышкаю ў гэтай гонцы паміж жыццём і смерцю.
Прагучаў звон — два цвёрдыя, важкія ўдары, якія яшчэ доўга вібравалі ў мяккім, амаль нерухомым акіяне паветра і паступова затухалі ў ціхім, няспынным цурчанні вады, якое неадступна суправаджала ўсхваляваны расказ чалавека, што сядзеў у змроку; мне здалося, што ён здрыгануўся, яго расказ перапыніўся. Я зноў пачуў, як рука намацвае пляшку, пачуў ціхае бульканне. Потым, відаць, супакоены, ён загаварыў больш роўным голасам:
— Час, які настаў пасля гэтага, я наўрад ці змагу вам апісаць. Цяпер я думаю, што ў мяне была ліхаманка, ва ўсякім разе, я быў у стане надзвычайнага ўзбуджэння, якое межавала з вар'яцтвам, — як я ўжо казаў, чалавек, падганяны амокам. Але не забудзьце, што я прыехаў у аўторак увечары, а ў суботу, як я тым часам даведаўся, павінен быў прыехаць на параходзе кампаніі Р. СЕ О. з Іакагамы яе муж; значыцца, заставалася толькі тры дні, тры кароткія дні, каб выратаваць яе. Зразумейце: я ведаў, што павінен неадкладна дапамагчы ёй, і не мог гаварыць з ёю. Менавіта гэтая патрэба прасіць прабачэння за мае смешныя паводзіны, за маю нястрыманасць і распальвала мяне ўсё болей. Я ведаў, якім каштоўным з'яўляецца кожнае імгненне, ведаў, што для яе гэта пытанне жыцця і смерці, і ўсё-такі не меў магчымасці шапнуць ёй слоўца, падаць які-небудзь знак, бо менавіта маё недарэчнае і шалёнае праследаванне напалохала яе. Гэта было... так, пастойце... так бывае, калі адзін бяжыць папярэдзіць другога, што яго хочуць забіць, а той лічыць яго самога забойцам і бяжыць наперад, насустрач пагібелі... Яна бачыла ўва мне толькі вар'ята, які праследуе яе, каб унізіць, а я... у гэтым і была ўся жахлівая недарэчнасць... я болей і не думаў пра гэта... я быў цалкам знішчаны, я хацеў толькі дапамагчы ёй, зрабіць паслугу... Я пайшоў бы на злачынства, на забойства, каб толькі дапамагчы ёй. Але яна, яна гэтага не разумела. Раніцаю, як толькі я прачнуўся, я адразу ж пабег зноў да яе дома; каля дзвярэй стаяў бой, той самы бой, якога я ўдарыў па твары; заўважыўшы мяне — безумоўна, ён мяне чакаў, — ён борздзенька шмыгануў у дзверы. Можа, ён гэта зрабіў толькі таму, што хацеў папярэдзіць аб маім прыходзе... ах, гэтая невядомасць, як мучыць яна мяне цяпер... можа, тады ўсё было ўжо падрыхтавана да майго прыёму... але ў той момант, калі я яго ўбачыў і ўспомніў пра сваю ганьбу, мне не хапіла духу зрабіць яшчэ адну спробу... У мяне дрыжалі калені. Перад самым парогам я павярнуўся і пайшоў прэч... пайшоў у той момант, калі яна, можа, чакала мяне і пакутавала не менш за мяне.
Цяпер я ўжо зусім не ведаў, што рабіць у гэтым чужым горадзе, дзе вуліцы, здавалася, пяклі мне падэшвы... Раптам у мяне бліснула думка; у той самы момант я паклікаў каляску, паехаў да таго самага віцэ-рэзідэнта, якому я калісьці дапамог, і папрасіў далажыць пра мяне... У маім выглядзе было, відаць, штосьці дзіўнае, бо ён паглядзеў на мяне неяк спалохана, і праз яго ветлівасць праглядвала трывога... можа, ён тады ўжо ўгадаў ува мне чалавека, якога гоніць амок... Я рашуча заявіў яму, што прашу перавесці мяне ў горад, бо не магу болей вытрымаць на маім пасту... я павінен пераехаць неадкладна... Ён зірнуў на мяне... не магу вам перадаць, як ён на мяне зірнуў... ну, прыкладна гэтак, як глядзіць урач на хворага...
— У вас здалі нервы, мілы доктар, — сказаў ён, — я гэта вельмі добра разумею. Ну, гэта можна будзе як-небудзь уладзіць; пачакайце толькі крышку... скажам, тыдні чатыры... мне трэба спачатку знайсці вам замену.
— Не магу чакаць ніводнага дня, — адказаў я.
Ён зноў кінуў на мяне дзіўны позірк.
— Трэба пацярпець, доктар, — сур'ёзна сказаў ён, — мы не можам пакінуць пост без урача. Але абяцаю вам, што сёння ж займуся гэтым.
Я стаяў перад ім, сціснуўшы зубы, і першы раз выразна адчуваў, што я прададзены чалавек, раб. У мяне ўжо закіпала абурэнне, але ён са свецкаю ветлівасцю апярэдзіў мяне:
— Вы адвыклі ад людзей, доктар, а гэта таксама, зрэшты, хвароба. Мы тут усе здзіўляліся, чаму вы ніколі не прыязджаеце, ніколі не бераце адпачынку. Вам трэба бываць на людзях, забаўляцца. Прыходзьце, скажам, сёння ўвечары — сёння прыём у губернатара, там будзе ўся наша калонія. Многія даўно ўжо хочуць пазнаёміцца з вамі, пытаюцца пра вас і выказваюць пажаданне, каб вы перабраліся сюды.
Апошнія яго словы ўразілі мяне. Пытаюцца пра мяне? Ці не яна? Я адразу быццам перарадзіўся, падзякаваў віцэ-рэзідэнту самымі ветлівымі словамі за запрашэнне і паабяцаў быць без спазнення. І прыйшоў дакладна ў прызначаны час, нават болей, чым дакладна. Ці трэба казаць, што, гнаны нецярпеннем, я першы з'явіўся ў вялізнай зале ўрадавага будынка; маўклівыя жаўтаскурыя слугі мітусіліся навокал, мякка ступаючы босымі нагамі, і, як здалося майму азмрочанаму розуму, пасміхаліся за маёю спінаю. Чвэрць гадзіны я быў адзін сярод гэтага бясшумнага натоўпу і настолькі адзінокі, што чуў ціканне гадзінніка ў кішэні камізэлькі. Нарэшце прыйшлі два-тры чыноўнікі з сем'ямі, а потым з'явіўся і сам губернатар, які пачаў са мною працяглую размову; я ўважліва слухаў і, як мне здавалася, трапна адказваў, пакуль... пакуль мною не авалодала нейкае незразумелае нервовае хваляванне; я страціў дасціпнасць і пачаў адказваць неўпапад. Я стаяў спінаю да дзвярэй залы, але адразу адчуў, што ўвайшла яна, што яна ўжо тут; я не мог бы растлумачыць вам, чаму ўзнікла гэтае перакананне, якое збянтэжыла мяне, але, размаўляючы з губернатарам і прыслухоўваючыся да яго слоў, я ў той час адчуваў дзесьці за сабою яе прысутнасць. На шчасце, губернатар неўзабаве скончыў размову — мне здаецца, калі б ён не адпусціў мяне, я ўсё роўна, не зважаючы на ветлівасць, павярнуўся б, такая моцная была гэтая дзіўная напружанасць маіх нерваў, такая пакутлівая была гэтая патрэба. І сапраўды, ледзь толькі я павярнуўся, як убачыў яе на тым самым месцы, дзе ў думках уяўляў сабе. На ёй была жоўтая бальная сукенка, матава, як слановая косць, паблісквалі яе цудоўныя вузкія плечы; яна размаўляла, акружаная купкаю гасцей. Яна ўсміхалася, але я ўлавіў на яе твары нейкую напружанасць. Я падышоў бліжэй — яна не бачыла ці не хацела мяне бачыць — і ўгледзеўся ў гэтую ўсмешку, прыязную і халодна-ветлівую, якая гуляла на тонкіх вуснах. І яе ўсмешка зноў ап'яніла мяне, бо яна... бо я ведаў, што яна падман, крывадушнасць, віртуознае ўменне прыкідвацца. Сёння серада, мільганула ў мяне ў галаве, у суботу прыходзіць параход, на якім едзе яе муж... Як можа яна так усміхацца, так... так упэўнена, так бесклапотна ўсміхацца і нядбайна гуляць веерам, замест таго каб камячыць яго ад хвалявання? Я... я, чужы... я ўжо два дні дрыжу, чакаючы той гадзіны... я, чужы, пакутліва перажываю за яе страх, яе роспач... а яна прыйшла на баль і ўсміхаецца, усміхаецца, усміхаецца...
Дзесьці ззаду зайграла музыка. Пачаліся танцы. Пажылы афіцэр запрасіў яе; яна папрасіла прабачэння ў сваіх субяседнікаў і прайшла поплеч з ім міма мяне ў другую залу. Калі яна заўважыла мяне, раптоўная сутарга прабегла па яе твары — але толькі на хвілінку, потым яна ветліва кіўнула мне, як выпадковаму знаёмаму, сказала «добры вечар, доктар!» — і знікла, перш чым я паспеў вырашыць, павітацца з ёю ці не. Ніхто не мог бы разгадаць, што хавалася ў позірку гэтых шэра-зялёных вачэй, і я, я сам гэтага не ведаў. Чаму яна прывіталася... чаму раптам пазнала мяне?.. Было гэта самаабаронай, ці крокам да прымірэння, ці проста збянтэжанасцю? Не магу вам выказаць, як я быў узрушаны, ува мне ўсё ўскалыхнулася і гатова было вырвацца наверх. Я глядзеў на яе, як яна спакойна вальсавала ў абдымках афіцэра, з бесклапотным і халодным выразам на твары, а я ж ведаў, што яна... што яна гэтак жа, як і я, думае толькі аб адным... толькі аб адным... што толькі нам дваім у гэтым натоўпе вядома жахлівая таямніца... а яна танцавала... У гэтыя хвіліны мае пакуты, маё імкненне памагчы ёй і захапленне дасягнулі апагею. Не ведаю, ці сачыў хто-небудзь за мною, але, бясспрэчна, я сваімі паводзінамі мог выдаць тое, што гэтак умела ўтойвала яна, — я не мог прымусіць сябе глядзець у другі бок, я павінен быў... так, павінен быў глядзець на яе, я еў яе вачамі, здалёку ўтаропліваўся ў яе замкнёны твар — можа, маска спадзе хоць на момант. Яна, мусіць, адчувала на сабе гэты ўпарты позірк, і ён прыгнятаў яе. Вяртаючыся поплеч са сваім кавалерам, яна бліснула на мяне вачамі ўладна, быццам загадвала знікнуць; ужо знаёмая мне маршчына высакамернага гневу зноў прарэзала яе лоб.
Але... але... я ўжо гаварыў вам... мяне гнаў амок, я не глядзеў ні направа, ні налева. Я імгненна зразумеў яе — гэты позірк гаварыў: «Не прыцягвай увагі! Вазьмі сябе ў рукі!» Я ведаў, што яна... як бы гэта сказаць?.. што яна патрабуе ад мяне стрыманасці тут, у гэтай зале... я разумеў, што пайдзі я цяпер дадому, я мог бы заўтра з упэўненасцю разлічваць на тое, што яна прыме мяне... Яна хацела толькі пазбавіцца ад маёй дакучлівасці тут... я ведаў, што яна — а для гэтага я даваў ёй поўную падставу — баіцца якой-небудзь маёй дзіўнай выхадкі... Вы бачыце... я ведаў усё, я зразумеў гэты катэгарычны шэры позірк, але... але гэта было звыш маіх сіл, я мусіў гаварыць з ёю. Дык вось я паплёўся да купкі гасцей, сярод якіх яна стаяла і размаўляла, далучыўся да іх, хоць ведаў толькі нямногіх. Я падышоў зусім блізка, бо хацеў чуць, як яна гаворыць, але кожны раз сціскаўся, нібы пабіты сабака, пад яе позіркам, які зрэдку холадна слізгаў па мне, быццам я быў палатнянай парцьерай, да якой прыхінуўся, ці паветрам, якое лёгенька гэтую парцьеру калыхала. Але я стаяў і чакаў слова ад яе, якога-небудзь знака прымірэння, стаяў як слуп і не зводзіў з яе вачэй у агульнай размове. Безумоўна, на гэта ўжо звярнулі ўвагу, безумоўна, бо ніхто не сказаў мне ні слова; і яна, мусіць, пакутавала ад маіх недарэчных паводзін.
Як доўга я прастаяў бы, не ведаю... можа, цэлую вечнасць... я не мог вызваліцца ад чараў, якія скавалі маю волю. Мяне быццам паралізавала шалёная ўпартасць... Але яна не вытрымала... З уласціваю ёй чароўнаю прастатою яна раптам сказала, звяртаючыся да мужчын, якія стаялі навокал:
— Я крыху стамілася... хачу сёння раней легчы спаць... Добрай ночы!
І вось яна ўжо прайшла міма мяне, па-свецку холадна кіўнуўшы галавою... Я яшчэ паспеў заўважыць маршчыну на яе лбе, а потым бачыў ужо толькі спіну, белую, халодную, голую спіну. Прайшла нейкая хвіліна, перш чым я зразумеў, што яна пайшла... што я болей не ўбачу яе, не змагу гаварыць з ёю ў гэты вечар, у гэты апошні вечар, калі магчыма выратаванне... і гэтак я стаяў нейкі момант, знерухомеўшы на месцы, пакуль не ўсвядоміў гэтага... а потым... потым...
Але пачакайце... пачакайце... Гэтак вы не зразумееце ўсёй недарэчнасці, усяго глупства майго ўчынку... спачатку я павінен апісаць вам месца дзеяння... Гэта было ў вялікай зале ўрадавага будынка, у вялізнай зале, залітай святлом і амаль пустой... пары пайшлі танцаваць, мужчыны — гуляць у карты... толькі па кутках размаўлялі невялічкія купкі гасцей... Дык вось, зала была пустая, самы нязначны рух кідаўся ў вочы ў яркім святле... і яна павольнаю лёгкаю хадою ішла па прасторнай зале, узняўшы плечы, зрэдку адказваючы на паклоны... ішла з тым цудоўным высакамерным непарушным спакоем, які так захапляў мяне ў ёй... Я... я заставаўся на месцы, як я вам ужо казаў; я быў быццам паралізаваны, пакуль не зразумеў, што яна пайшла... а калі я гэта зразумеў, яна была ўжо ў другім канцы залы каля самага выхаду... Тут... о, дагэтуль мне сорамна ўспамінаць пра гэта... тут нешта раптам штурханула мяне, і я пабег... я не пайшоў, а пабег услед за ёю, і грук маіх абцасаў гучна адбіваўся ад сценаў залы... Я чуў свае крокі, бачыў здзіўленыя позіркі, звернутыя на мяне... я згараў ад сораму... я ўжо ў час бегу разумеў, што я вар'ят... але не мог... не мог спыніцца... Я дагнаў яе каля дзвярэй... Яна павярнулася... яе вочы шэраю сталлю ўпіліся ў мяне, ноздры задрыжалі ад гневу... Я толькі быў разявіў рот... як яна... раптам гучна засмяялася... звонкім, бесклапотным, шчырым смехам і сказала... гучна, каб усе чулі:
— Ах, доктар, толькі цяпер вы ўспомнілі пра рэцэпт для майго хлопчыка... ах, ужо мне гэтыя вучоныя...
Госці, якія стаялі паблізу, дабрадушна засмяяліся... я зразумеў, я быў моцна ўражаны, як па-майстэрску выратавала яна сітуацыю... Я хуценька вырваў з блакнота чысты лісток... яна спакойна ўзяла яго і... пайшла... падзякаваўшы халоднаю ўсмешкаю... У першы момант я абрадаваўся... я бачыў, што яна ўмела загладзіла мой недарэчны ўчынак, выратавала становішча... але я тут жа зразумеў, што для мяне ўсё страчана, што гэтая жанчына ненавідзіць мяне за маю шалёную гарачнасць... ненавідзіць мацней за смерць... зразумеў, што магу сотні разоў падыходзіць да яе дзвярэй, і яна будзе сотні разоў праганяць мяне, як сабаку.
Хістаючыся, ішоў я па зале... і адчуваў, што на мяне глядзяць людзі... у мяне быў, відаць, вельмі дзіўны выгляд... Я пайшоў у буфет, выпіў запар дзве, тры, чатыры чаркі каньяку... гэта выратавала мяне ад непрытомнасці... нервы болей не вытрымлівалі, яны быццам абарваліся... Потым я выбраўся цераз бакавы выхад, тайком, як злачынца... Ні за якія багацці на свеце не прайшоў бы я зноў па той зале; дзе сцены яшчэ хавалі водгук яе смеху... Я пайшоў... дакладна не ведаю, куды я пайшоў... у нейкія шынкі — і напіўся... напіўся, як чалавек, які хоча ўсё забыць... але... але мне не ўдалося адурманіць сябе... яе смех гучаў ува мне, рэзкі і злосны... гэты пракляты смех я ніяк не мог заглушыць... Потым я блукаў па беразе каля гавані... рэвальвер я пакінуў у гатэлі, а то абавязкова застрэліўся б. Я болей ні аб чым не думаў і з адною гэтаю думкаю пайшоў да сябе... з думкаю аб левай шуфлядцы камоды, дзе ляжаў мой рэвальвер... толькі з адною гэтаю думкаю.
Калі я тады не застрэліўся... прысягаю вам, гэта была не баязлівасць... было б збавеннем спусціць ужо ўзведзены курок... але, як бы растлумачыць гэта вам... я адчуваў, што на мне яшчэ ляжыць абавязак... так, той самы абавязак... Мяне збівала з панталыку думка, што я магу яшчэ быць ёй карысны, патрэбны ёй... бо была ўжо раніца ў чацвер, а ў суботу... я ж казаў вам... У суботу павінен быў прыйсці параход, і я ведаў, што гэтая жанчына, гэтая гордая жанчына не перажыве свайго ўніжэння перад мужам і перад светам... О, як мучылі мяне думкі аб неразумна страчаным каштоўным часе, аб маёй шалёнай неразважлівасці, якая зрабіла немагчымай своечасовую дапамогу... гадзінамі, прысягаю вам, гадзінамі хадзіў я ўзад і ўперад па пакоі і ламаў галаву, намагаўся знайсці спосаб наблізіцца да яе, выправіць сваю памылку, дапамагчы ёй... Што яна болей не дапусціць мяне да сябе, было мне зусім ясна... я ўсімі сваімі нервамі адчуваў яшчэ яе смех і гнеўнае ўздрыгванне ноздраў... Гадзінамі, гадзінамі бегаў я ў трох метрах майго цеснага пакоя... быў ужо дзень, час набліжаўся да поўдня...
І раптам мяне штурханула да стала... я схапіў пачак паштовай паперы і пачаў пісаць ёй... я ўсё напісаў... я скуголіў, як пабіты сабака, я прасіў у яе прабачэння, называў сябе вар'ятам, злачынцам... умольваў даверыцца мне... Я абяцаў знікнуць адразу ж з горада, з калоніі, памерці, пажадай яна гэтага... толькі б яна прабачыла мне, і паверыла, і дазволіла дапамагчы ёй у гэтую апошнюю, самую апошнюю гадзіну... Я спісаў дваццаць старонак... Мусіць, гэта быў шалёны, дзіўны ліст, падобны на гарачкавае трызненне, бо, калі я ўстаў з-за стала, я абліваўся потам... пакой плыў перад вачамі, я мусіў выпіць шклянку вады... Я паспрабаваў перачытаць ліст, але мне стала страшна пасля першых слоў... дрыготкімі рукамі склаў я яго і хацеў ужо сунуць у канверт... і раптам мне прыйшла новая думка, я знайшоў патрэбнае, рашаючае слова. Яшчэ раз схапіў я пяро і напісаў на апошнім лістку: «Чакаю тут, у Странд-гатэлі, вашага прабачэння. Калі да сямі гадзін не атрымаю адказу, я застрэлюся».
Пасля гэтага я выклікаў званком боя і загадаў яму аднесці ліст. Нарэшце-такі я сказаў ёй усё!
Побач з намі штосьці зазвінела і пакацілася, — неасцярожным рухам ён перакуліў пляшку з віскі. Я чуў, як яго рука мацала па палубе і нарэшце схапіла пустую пляшку; моцна размахнуўшыся, ён кінуў яе ў мора. Некалькі хвілін ён маўчаў, потым загаварыў яшчэ больш гарачкава, яшчэ больш узбуджана і хапатліва.
— Я болей не веру ў бога... у мяне няма ні неба, ні пекла... а калі і ёсць пекла, то я яго не баюся — яно не можа быць страшней за гадзіны, якія я перажыў у тую раніцу, у той дзень... Уявіце сабе маленькі пакойчык, нагрэты сонцам, у якім робіцца ўсё гарачэй ад паўдзённай спёкі... пакойчык, дзе толькі стол, крэсла і ложак... На гэтым стале нічога, акрамя гадзінніка і рэвальвера, а каля стала — чалавек... чалавек, які не зводзіць вачэй з секунднай стрэлкі... чалавек, які не есць, не п'е, не курыць, не рухаецца з месца... які ўвесь час... чуеце, увесь час, тры гадзіны запар... глядзіць на белы круг цыферблата і на стрэлку, якая з ціканнем бяжыць па гэтым крузе... Так... так правёў я гэты дзень, толькі чакаў, чакаў, чакаў... але чакаў як... як робіць усё чалавек, гнаны амокам, — неўсвядомлена, тупа, з шалёнаю, прамалінейнаю ўпартасцю.
Ну... не буду апісваць вам гэтых гадзін... гэта не паддаецца апісанню... я і сам жа не разумею цяпер, як можна было гэта перажыць і не... не звар'яцець... І... у дваццаць дзве хвіліны чацвёртай... я ведаю дакладна, бо глядзеў жа на гадзіннік... пачуўся раптоўны стук у дзверы... Я ўсхопліваюся з месца... усхопліваюся, як тыгр, які кідаецца на здабычу, адным скачком я ўжо каля дзвярэй, расчыняю іх... у калідоры маленькі кітаёнак нясмела працягвае мне запіску. Я выхопліваю ў яго з рук складзеную паперку, і ён знікае.
Разгортваю запіску, хачу прачытаць... і не магу... перад вачамі чырвоныя кругі... Уявіце сабе мае мукі... нарэшце, нарэшце я атрымаў ад яе адказ... а тут усё дрыжыць і скача ў вачах... Я акунаю галаву ў ваду... робіцца лепей... Зноў бяруся за запіску і чытаю:
«Позна! Але чакайце дома. Можа, я вас яшчэ паклічу».