— Канечне, доктар! Вы ж урач, — адказвае яна, але тут жа зноў паварочваецца да мяне спінаю і пачынае перабіраць кнігі.
— У вас ёсць дзеці?
— Так, сын.
— А ці было ў вас... ці было ў вас раней... я хачу сказаць... тады... ці былі ў вас падобныя адчуванні?
— Так.
Яе голас стаў цяпер зусім іншы, выразны, без аніякай манернасці і нервовасці.
— А магчыма, каб вы... прабачце пытанне... магчыма, каб цяпер была тая ж прычына?
— Так.
Коратка, быццам вострым нажом, адрэзала яна. Нічога не здрыганулася на яе твары, які быў мне відаць у профіль.
— Лепей за ўсё, васпані, каб я агледзеў вас... дазвольце папрасіць вас... перайсці ў другі пакой?
Тут яна раптам паварочваецца. Праз вуаль я адчуваю яе халодны, рашучы позірк, скіраваны на мяне.
— Не... гэта непатрэбна... я зусім дакладна ведаю прычыну майго недамагання.
Голас на момант змоўк. У цемры зноў бліснула напоўненая чарка.
— Дык вось слухайце... але спачатку паспрабуйце ўдумацца ва ўсё гэта: да чалавека, які гіне ў адзіноце, урываецца жанчына, упершыню за шмат гадоў белая жанчына пераступае парог яго пакоя... І раптам я адчуваю прысутнасць у пакоі чагосьці злавеснага, нейкай небяспекі. Я ўвесь пахаладзеў: мною авалодаў страх перад жалезнаю рашучасцю гэтай жанчыны, якая прышла з лёгкаю балбатнёю, а потым раптам агаліла сваё патрабаванне, як клінок. Я ж ведаў, чаго яна ад мяне хацела, адгадаў гэта адразу — не ў першы раз жанчыны звярталіся да мяне з такою просьбаю, але яны прыходзілі інакш, прыходзілі прысаромленыя, умольвалі, плакалі і закліналі выратаваць іх. Але тут была... тут была жалезная, нібы мужчынская рашучасць... з першай хвіліны адчуў я, што гэтая жанчына мацней за мяне... што яна можа падпарадкаваць мяне сваёй волі... Аднак... аднак... ва мне расла нейкая злосць... мужчынская гордасць, крыўда, бо... я сказаў ужо, што з першай хвіліны, нават раней, як я пабачыў гэтую жанчыну, я адчуў у ёй ворага.
Спачатку я маўчаў. Маўчаў упарта і злосна. Я адчуваў, што яна глядзіць на мяне з-пад вуаля, глядзіць прама, патрабавальна і хоча прымусіць мяне гаварыць. Але я гэтак лёгка не паддамся. Я загаварыў, але... унікліва... міжвольна пераняў яе балбатлівы, абыякавы тон. Я прыкінуўся, што не разумею яе, бо — не ведаю, ці можаце вы зразумець гэта, — я хацеў прымусіць яе выказацца выразней, я не хацеў сам прапаноўваць, наадварот... хацеў, каб яна папрасіла... менавіта яна, якая з'явілася тут з такім уладным выглядам... І акрамя таго, я ведаю, якую ўладу нада мною маюць ганарыстыя, халодныя жанчыны.
Я гаварыў кругом ды навокала, што ёй няма чаго баяцца, што такая непрытомнасць — звычайная з'ява, больш таго, гэта нават зарука нармальнага развіцця дзіцяці. Я прыводзіў прыклады з медыцынскіх газет... Я гаварыў, гаварыў спакойна і лёгка, разглядаў увесь час яе недамаганне як нешта зусім звычайнае і... усё чакаў, што яна мяне спыніць. Я ведаў, што яна не вытрымае.
І сапраўды, яна рэзкім жэстам рукі перапыніла мяне, быццам адмятала ўсе гэтыя супакойлівыя словы.
— Мяне, доктар, не гэта трывожыць. У той раз, калі я хадзіла з першым хлопчыкам, маё здароўе было куды лепшае... але цяпер я ўжо не тая... у мяне не ў парадку з сэрцам...
— Вось яно што, з сэрцам не ў парадку, — паўтарыў я, паказваючы ўсім сваім выглядам неспакой. — Зараз паслухаем. — Я зрабіў рух, быццам устаю, каб дастаць стэтаскоп. Але яна спыніла мяне. Голас яе гучаў цяпер вельмі рэзка і катэгарычна, як каманда.
— У мяне не ў парадку з сэрцам, доктар, я папрашу вас верыць таму, што я кажу. Я не хацела б траціць час на даследаванні — вы маглі б, думаецца, выказаць мне крыху болей даверу. Я дастаткова даказала свой давер вам.
Цяпер гэта была ўжо барацьба, адкрыты выклік. І я прыняў яго.
— Давер патрабуе шчырасці, поўнай шчырасці. Гаварыце ясна, я ж урач. І перш за ўсё зніміце вуаль, сядайце сюды, пакіньце ў спакоі кнігі і ўсе гэтыя хітрыкі. Да ўрача не прыходзяць пад вуалем.
Горда выпрастаўшыся, яна акінула мяне позіркам. Хвіліну памарудзіла. Потым села і падняла вуаль. Я ўбачыў твар — такі, які баяўся ўбачыць: непранікальны, цвёрды, рашучы, адзначаны незалежнаю ад узросту прыгажосцю, твар з шэрымі вачамі, якія часта бываюць у ангелек, — вельмі спакойныя, але поўныя затоенага агню. Гэтыя тонкія сціснутыя губы ўмелі захоўваць тайну. Нейкі момант мы глядзелі адно на аднаго — яна ўладна і дапытліва, з такою халоднаю жорсткасцю, што я не вытрымаў і міжвольна адвёў убок вочы.
Яна лёгенька пастуквала пальцамі па стале. Значыцца, і яна нервавалася. Потым раптам сказала:
— Вы ведаеце, доктар, чаго я ад вас хачу, ці не ведаеце?
— Здаецца, ведаю. Але лепей пагаворым адкрыта. Вы хочаце вызваліцца ад вашага стану... хочаце, каб я вызваліў вас ад непрытомнасці, ухіліў... ухіліў прычыну. Правільна я зразумеў?
— Так.
Як нож гільяціны, упала гэтае слова.
— А вы ведаеце, што падобныя эксперыменты небяспечныя... для абаіх бакоў?..
— Так.