— Ідзіце цяпер у школу, вы спозніцеся.
І дзяўчынкі вымушаны ісці. Як у сне, яны сядзяць на ўроках чатыры, пяць гадзін, з другімі вучнямі, але не чуюць ніводнага слова. Потым стрымгалоў імчацца дадому.
Там усё па-ранейшаму, толькі адчуваецца, што ўсіх гняце адна страшэнная думка. Усе маўчаць, але ў іх, нават у чэлядзі, нейкія дзіўныя позіркі. Мама ідзе дзяўчынкам насустрач. Яна, відаць, падрыхтавалася да размовы з дзецьмі.
— Дзеці, — пачынае яна, — ваша фрэйлен болей не вернецца, яна...
Яна не знаходзіць смеласці кончыць. Бліскучыя вочы дзяўчынак гэтак грозна ўтаропіліся ў яе твар, што яна не адважваецца зманіць ім. Яна адварочваецца і адыходзіць, ратуецца ўцёкамі ў свой пакой.
Пасля абеду раптам з'яўляецца Ота. Яго паклікалі, яму пакінуты ліст. Ён таксама бледны. Збянтэжана азіраецца па баках. Ніхто з ім не загаворвае. Усе пазбягаюць яго. Ён бачыць дзяўчынак, якія забіліся ў куток, і хоча з імі прывітацца.
— Не падыходзь! — ускліквае адна і крывіцца ад агіды. А другая плюе перад ім на падлогу. Збянтэжана, баязліва ён блукае нейкі час па пакоях. Потым знікае.
Ніхто не размаўляе з дзецьмі. Яны самі таксама маўчаць. Бледныя, спалоханыя, яны снуюць з пакоя ў пакой, няспынна, як дзікія жывёлы ў клетцы, сустракаюцца зноў, глядзяць адна адной у заплаканыя вочы і не гавораць ні слова. Яны ведаюць цяпер усё. Яны ведаюць, што іх падманвалі, што ўсе людзі могуць быць дрэннымі і подлымі. Яны болей не любяць сваіх бацькоў, яны ім болей не вераць. Яны ведаюць, што нікому нельга верыць; цяпер увесь цяжар жахлівага жыцця ляжа на іх кволыя плечы. З вясёлай утульнасці дзяцінства яны быццам зваліліся ў бяздонне. Яны яшчэ не могуць зразумець усёй жахлівасці таго, што здарылася, але думкі гнятуць і пагражаюць задушыць іх. На шчоках выступіла ліхаманкавая чырвань, і вочы пазіраюць злосна, насцярожана. Яны не знаходзяць сабе месца, курчацца, быццам ім халодна ў іх адзіноцтве. Ніхто, нават бацька, не асмельваецца загаварыць з імі — гэтак грозна пазіраюць яны на кожнага, хто набліжаецца да іх. Няспыннае блуканне па пакоях адлюстроўвае хваляванне, якое мучыць іх. І ёсць у іх жахлівая агульнасць, хоць яны і не гавораць адна з адною. Гэтае маўчанне, непранікальнае маўчанне, маўчанне, якое ні аб чым не пытаецца, зацяты, замкнуты ў сабе боль без крыку і слёз адгароджваюць іх ад усіх і выклікаюць страх. Ніхто не падыходзіць да іх, доступ да іх сэрцаў закрыты, можа, на доўгія гады. Усе адчуваюць, што яны ворагі, ворагі бязлітасныя, якія болей не змогуць прабачаць. Бо з учарашняга дня яны ўжо не дзеці.
За адзін сённяшні дзень яны пастарэлі на мноства гадоў. І толькі ўвечары, калі яны асталіся адны, у змроку пакоя, прачынаецца ў іх дзіцячы страх — страх перад адзінотай, перад зданню нябожчыцы, і яшчэ адзін спрадвечны страх — перад невядомаю будучыняю. Сярод агульнага перапалоху ў доме забыліся натапіць іх пакой. Дрыжучы ад холаду, яны забіраюцца на адзін ложак, тонкімі дзіцячымі ручкамі моцна абдымаюцца, прыціскаюцца адна да аднае кволымі, яшчэ не расквітнелымі цельцамі, быццам шукаюць абароны ад страху, які авалодаў імі. Яны ўсё яшчэ баяцца гаварыць паміж сабою. Нарэшце малодшая пачынае плакаць, і старэйшая горка рыдае разам з ёю. Цесна абняўшыся, яны ўсё плачуць і плачуць, іх твары ў слязах, і гарачыя слёзы капаюць спачатку павольна, а потым льюцца ракою. Яны прыціснуліся адна да аднае грудзямі і аж трасуцца ад рыданняў. Абедзве яны — адзін боль, адно цела, якое плача ў змроку. Яны аплакваюць ужо не фрэйлен, не бацькоў, якія страчаны для іх, іх трасе страх — страх перад тым, што чакае іх у гэтым невядомым свеце, куды яны кінулі сёння свой першы спалоханы позірк. Яны баяцца жыцця, у якое ўваходзяць цяпер, жыцця, якое пагрозлівым ценем паўстае перад імі, быццам цёмны лес, праз які ім трэба прайсці. Усё невыразней робіцца гэты блытаны страх, уступае месца дрымоце, усё цішэй рыданні. Іх дыханне паступова зліваецца, як перад гэтым іх слёзы. І нарэшце яны засынаюць.
Амок
У сакавіку 1912 года ў неапальскім порце, калі разгружалі вялікі акіянскі параход, меў месца дзіўны няшчасны выпадак, пра які ў газетах з'явіліся падрабязныя, але вельмі фантастычныя паведамленні. Хоць я сам быў пасажырам «Акіяніі», але, як і другія, не мог быць сведкам гэтага незвычайнага здарэння. Яно адбылося ноччу, пры пагрузцы вугалю і выгрузцы тавараў, і мы, каб выратавацца ад шуму, з'ехалі ўсе на бераг і бавілі час у кавярнях або тэатрах. Усё-такі я асабіста думаю, што некаторыя мае здагадкі, якіх я тады публічна не выказваў, змяшчаюць у сабе сапраўднае тлумачэнне таго трагічнага выпадку, а даўнасць дазваляе скарыстаць давер, аказаны мне ў час аднае размовы, якая непасрэдна папярэднічала дзіўнаму эпізоду.
Калі я хацеў заказаць у параходным агенцтве ў Калькуце месца на рэйс у Эўропу на борце «Акіяніі», клерк толькі спачувальна паціснуў плячамі: ён не ведае, ці можна яшчэ гарантаваць мне каюту, бо цяпер, перад самым надыходам дажджлівага сезону, усе месцы звычайна распрадаюць у Аўстраліі, і ён павінен спачатку дачакацца тэлеграмы з Сінгапура. Але назаўтра ён сказаў, што можа прапанаваць мне каюту, праўда, не вельмі камфартабельную, пад палубаю і ў сярэдняй частцы парахода. Мне не цярпелася хутчэй папасці дадому, таму, нядоўга думаючы, я папрасіў замацаваць за мною месца.
Клерк правільна паінфармаваў мяне. Параход быў перапоўнены, а каюта дрэнная — цесны чатырохвугольны закуток паблізу машыннага аддзялення, асветлены толькі праз цьмянае вочка ілюмінатара. У душным, застоеным паветры пахла машынным алеем і цвіллю; ні на хвіліну нельга было адысці ад электрычнага вентылятара, які, нібы ашалелы стальны кажан, круціўся і вішчаў над самаю галавою. Унізе машына крактала і стагнала, быццам грузчык, які раз за разам падымаецца з мяшком вугалю па адной і той самай лесвіцы; наверсе няспынна шоргалі нагамі людзі, якія гулялі па палубе. Таму я паставіў чамадан у гэтую затхлую дамавіну, паміж шэрых шпангоўтаў і паспяшаўся на палубу; падымаючыся па трапе, я ўдыхнуў, як амбру, мяккае, салодкае паветра — яго даносіў да нас вецер з берага.
Але і наверсе панавалі мітусня і цесната: тут было поўна людзей, якія з нервознасцю ад вымушанай бяздзейнасці няспынна балбаталі, гуляючы па палубе. Шчабятанне і траскатня жанчын, пастаяннае кружэнне па цесных завулках палубы, назойлівая балбатня пасажыраў, якія, гуляючы, тоўпіліся каля крэслаў, — усё гэта чамусьці прычыняла мне боль. Я толькі што ўбачыў новы для мяне свет, перад маімі вачамі пранесліся стракатыя карціны, якія мільгалі з шалёнаю хуткасцю. Цяпер я хацеў падумаць, прывесці ў парадак свае ўражанні, узнавіць уяўленнем тое, што ўбачылі вочы, але тут, на шумнай, падобнай на бульвар палубе, не было ні хвіліны спакою. Радкі ў кнізе расплыліся ад мільгання ценяў пасажыраў, якія праходзілі міма. Немагчыма было застацца аднаму на гэтай сонечнай і ажыўленай параходнай вуліцы.
Тры дні я трымаўся — глядзеў на людзей, на мора, але мора было заўсёды аднолькавае, пустыннае і сіняе, і толькі на закаце раптам загаралася ўсімі фарбамі вясёлкі. А людзей я ўжо праз трое сутак ведаў усіх да аднаго. Кожны твар быў мне знаёмы да прыкрасці; рэзкі жаночы смех болей не раздражняў мяне, і не злавалі вечныя спрэчкі двух галандскіх афіцэраў, маіх суседзяў. Мне заставалася толькі ўцякаць з палубы; але ў каюце было горача і душна, а ў салоне ангельскія міс няспынна барабанілі на раялі, выбіраючы самыя зацяганыя вальсы. Нарэшце я рашуча змяніў свой распарадак дня і ныраў у каюту адразу пасля абеду, папярэдне аглушыўшы сябе параю куфляў піва; гэта давала мне магчымасць праспаць вячэру і вячэрнія танцы.
Аднаго разу я прачнуўся, калі ў маёй маленькай магіле было ўжо зусім цёмна і ціха. Вентылятар я выключыў, і паветра падымалася да скроняў, ліпкае і вільготнае. Пачуцці былі нейкія прытупленыя, і мне спатрэбілся некалькі хвілін, каб уцяміць, дзе я і колькі цяпер часу. Відаць, было ўжо за поўнач, бо я не чуў ні музыкі, ні няспыннага шоргання ног; толькі машына, нястомнае сэрца левіяфана, пыхкала і штурхала скрыпучае цела карабля наперад, у неаглядную далячынь.
Вобмацкам я выбраўся на палубу. Яна была пустая. І калі я скіраваў позірк паверх дымнай вежы трубы і прывідна мігатлівага рангоўта, у вочы раптам ударыла яркае святло. Неба ззяла і здавалася цёмным побач з белізною зорак, якія пранізвалі яго, але ўсё-такі яно ззяла, быццам аксамітны полаг заслаў ярка асветленую паверхню, а іскрыстыя зоркі былі толькі адтулінамі і проразямі, праз якія прабіваўся гэты неапісальны бляск. Ніколі не бачыў я неба такім, як у тую ноч, такім ззяючым, халодным як сталь і разам з тым пералівіста-пеністым, залітым святлом, якое выпраменьвалі месяц і зоркі і якое быццам палымнела ў нейкай таямнічай глыбіні. Белым лакам блішчалі ў месячным святле абрысы парахода, якія рэзка вырысоўваліся на цёмным аксаміце неба: канаты, рэі, усё вузкае, усе контуры раствараліся ў гэтым струменістым бляску; нібы ў пустаце віселі агні на мачтах, а над імі круглае вока на Марсе — зямныя жоўтыя зоркі сярод ззяючых нябесных.
Над самаю галавою стаяла таямнічае сузор'е Паўднёвага Крыжа, мігатлівымі дыяментавымі цвікамі прыбітае да неба; здавалася, яно гайдаецца, хоць рух гэты быў выкліканы толькі ходам карабля, плыўца-волата, які з лёгкім дрыжаннем дыхаў на поўныя грудзі, то падымаўся, то апускаўся і падаваўся наперад, рассякаючы цёмныя хвалі. Я стаяў і глядзеў угору, адчуваў сябе, як пад душам: зверху цякла цёплая вада, — толькі гэта было святло, белае і цёплае, яно лілося мне на рукі, на плечы, яно ласкава струменілася вакол галавы і, здавалася, пранікала ўсярэдзіну, усё цьмянае ў маёй душы раптам праяснілася. Я дыхаў вольна, лёгка і неяк шчасліва адчуваў на вуснах, як празрысты напітак, мяккае, нейкае шыпучае, п'янлівае паветра, напоенае дыханнем пладоў і водарам далёкіх астравоў. Толькі цяпер, упершыню пасля таго, як я ступіў на сходні, я адчуў свяшчэнную радасць мараў і другую, больш пачуццёвую: аддацца, нібы жанчына, асалодзе, якая абкружала мяне. Мне хацелася легчы і скіраваць позірк угору на белыя іерогліфы. Але ўсе крэслы кудысьці прыбралі, і нідзе на пустыннай палубе не было відаць зручнага месца, каб адпачыць і памарыць.
Я пачаў вобмацкам прабірацца далей, да насавой часткі парахода, аслеплены святлом, якое ўсё мацней лілося на мяне з усіх бакоў. Мне было амаль балюча ад гэтага рэзка белага зорнага святла; мне хацелася схаваццца куды-небудзь у цень, выцягнуцца на цыноўцы, не адчуваць бляску на сабе, а толькі над сабою і на залітых ім рэчах, — гэтак глядзяць на пейзаж з зацемненага пакоя. Спатыкаючыся аб канаты і абыходзячы жалезныя лябёдкі, я дабраўся нарэшце да бака і стаў глядзець, як фарштэвень рассякае змрок і расплаўленае месячнае святло закіпае пенаю па абодва бакі ляза. Нястомна падымаўся і зноў апускаўся плуг, урэзваўся ў струменістую чорную глебу, і я адчуваў усе мукі пераможанай стыхіі, усю радасць зямной магутнасці ў гэтай іскрыстай гульні. Паглыблены ў сузіранне, я страціў адчуванне часу. Не ведаю, гадзіну я гэтак прастаяў ці некалькі хвілін; гойданне вялізнай калыскі карабля панесла мяне за межы зямнога. Я адчуваў толькі, што мною авалодвае прыемная стома. Мне хацелася спаць, марыць, але шкада было развітвацца з гэтымі чарамі, спускацца ў сваю магілу. Неўсвядомлена я намацаў нагою бухту каната. Я сеў на яе, заплюшчыў вочы, але ў іх усё-такі пранікаў серабрысты бляск, які струменіўся адусюль. Унізе я адчуваў ціхае журчанне вады, наверсе — нячутны звон белага патоку сусвету. І мала-памалу гэтае журчанне напоўніла ўсю маю істоту — я болей не ведаў самога сябе, не адрозніваў, маё гэта дыханне ці біццё далёкага сэрца карабля; я нібы растварыўся ў неспакойным цурчанні начнога свету.
Ціхі сухі кашаль пачуўся побач са мною. Я здрыгануўся і адразу прачнуўся ад свайго ап'янення. Вочы, аслепленыя белым бляскам, які пранікаў нават праз заплюшчаныя павекі, з цяжкасцю адкрыліся: якраз насупраць мяне, у цені борта, блішчала нешта, што нагадвала водбліск акуляраў; потым успыхнула вялікая круглая іскра, мабыць, агеньчык люлькі. Відаць, паглыблены ў сузіранне пены ўнізе каля носа карабля і Паўднёвага Крыжа наверсе, я не заўважыў гэтага суседа, які нерухома сядзеў тут увесь час. Міжвольна, яшчэ не ачуўшыся як след, я сказаў па-нямецку:
— Прабачце!
— О, калі ласка... — па-нямецку ж адказаў голас з цемры.
Не магу выказаць, як дзіўна і жудасна было сядзець моўчкі ў змроку побач з чалавекам, якога я не бачыў. Я міжвольна адчуваў, што ён глядзіць на мяне гэтак жа напружана, як і я на яго; струменістае і мігатлівае белае святло над намі было такое яркае, што кожны з нас бачыў у цені толькі абрысы другога. Але мне здавалася, што я чую, як дыхае гэты чалавек і як ён смокча сваю люльку.
Маўчанне зрабілася нязносным. Я з радасцю пайшоў бы, але гэта выглядала б вельмі ўжо няветліва. Ад збянтэжанасці я дастаў цыгарэту. Успыхнула запалка, і трапяткі агеньчык на момант асвятліў наш цесны закутак. За шкельцамі акуляраў я ўбачыў чужы твар, якога ні разу не сустракаў на борце — ні за абедам, ні на палубе, — і я не ведаю, ці то рэзнула мне ў вачах ад нечаканай успышкі, ці то была галюцынацыя, але твар здаўся мне змрочным, страшэнна перакрыўленым, нечалавечым. Аднак перш чым я паспеў добра разгледзець яго, змрок зноў паглынуў рысы твару, які толькі на момант аказаўся ў святле; я бачыў адно абрыс постаці, цёмнай на цёмным фоне, і часам круглае вогненнае кальцо люлькі. Мы абодва маўчалі, і гэтае маўчанне гняло, як душнае трапічнае паветра.
Нарэшце я не вытрымаў. Устаўшы на ногі, я ветліва сказаў:
— Добрай ночы.
— Добрай ночы, — адказаў з цемры хрыплы, цвёрды, быццам заржавелы, голас.
Я пабрыў, спатыкаючыся аб стойкі і такелаж. Раптам ззаду пачуліся крокі, паспешныя і няцвёрдыя. Гэта быў усё той самы незнаёмы. Я міжвольна спыніўся. Ён не падышоў да мяне ўпрытык, і я праз змрок адчуў нейкую нясмеласць і засмучанасць у ягонай хадзе.
— Прабачце, — паспешна загаварыў ён, — што я звяртаюся да вас з просьбаю. Я... я, — ён запнуўся і ад збянтэжанасці не мог адразу працягваць гаварыць, — я... у мяне ёсць асабістыя... чыста асабістыя прычыны шукаць адзіноты... цяжкая страта... я пазбягаю другіх пасажыраў... Вас я не маю на ўвазе... не, не... Я хацеў толькі папрасіць вас... вы мне зробіце вялікую ласку, калі нікому на борце не паведаміце пра тое, што бачылі мяне тут... На гэта ёсць... так сказаць, асабістыя прычыны, якія перашкаджаюць мне цяпер быць на людзях... так... толькі... мне было б вельмі непрыемна, калі б вы ўпамянулі пра тое, што хтосьці тут ноччу... што я...
Словы зноў заселі ў яго ў горле. Я паспяшаўся вывесці яго са збянтэжанасці і адразу ж паабяцаў выканаць гэтую просьбу. Мы паціснулі адзін аднаму рукі. Потым я вярнуўся ў сваю каюту і заснуў цяжкім, трывожным сном, поўным вычварных мрояў.