— Ты мне пільнуй Паўку… Чуеш?.. З кім сустракаецца, дзе ходзіць, што робіць?.. Куплю табе новую шапку!.. Зразумеў?.. А як не дапільнуеш, то здзяру з цябе скуру!.. Што пабачыш, усё мусіш мне дакласці…
Юлік зразумеў бацьку, і з таго часу Паўку ўсюды пераследаваў уважлівы погляд брата. Малы ўжо меў жыццёвую загартоўку і быў спрытны, як і ўсе дзеці прадмесцяў, таму дакладна ведаў, як незаўважна сачыць за Паўкай.
Назаўтра пасля бацькавай прачуханкі Паўка, паабедаўшы, вырушыла з дому. Яна накіравалася да Баляў, каб выпытаць адрас Барана. Дзяўчына намервалася аднесці яму туфлі. Ні Лідзія, ні Уладзь, ні Куртатая не ведалі, дзе жыве шавец. Паўлінка адзначыла, што справа вельмі важная, і яна мусіць яго пабачыць як мага хутчэй. Тады Уладзь успомніў, што бачыў, як Баран ішоў разам са Стасем Рамізнікам. Можа, ён ведае адрас шаўца? Паўлінка ўпрасіла Уладзя пайсці да Стася. Той ахвотна гэта зрабіў, і ўжо праз гадзіну Паўка ішла ў бок Залатой Горкі, уважліва прыглядаючыся да ўсіх дамоў на правым баку вуліцы Захар’еўскай… За ёй па супрацьлеглым баку вуліцы крочыў Юлік. Спрытны хлопец увесь час сачыў за сястрой і адкладаў сабе ў памяці ўсё, што яна рабіла.
На дамку з нумарам 157 Паўка заўважыла шыльду на вонкавых дзвярных створках. Прачытала: «Шавецкая майстэрня “Варшавянка”». Яна наблізілася да дзвярэй і пастукала. Ніхто не адказаў. Яна патузала за ручку. Дзверы былі замкнёныя. Паўцы нічога не заставалася, як вярнуцца дадому. Яна была задаволеная. Прадчувала, што новы паклоннік можа стаць ейным добрым абаронцам.
Вечарам Юлік падышоў да бацькі на падворку і пачаў шаптаць:
— Татулька! Паўця днём хадзіла да Баляў. Сядзела там з гадзіну. А Уладзь хадзіў да Стася Рамізніка. Потым Уладзь вярнуўся. Паўка адразу ж выйшла і пайшла на Захар’еўскую. Там пайшла да шаўца, які жыве ў доме над нумарам 157… Стукала ў дзверы, але яго не было ўдома… Потым вярнулася… Купіла семкі і лускала… Удома пайшла на кухню, нагрэла вады і памылася… Потым яна ўвесь час ляжала, чытала «Таямніцы Парыжу» і грызла семкі.
— Гм, — задумаўся Хурдзіч ды ласкава хлопнуў сына па плячах. — Ну, добра. Пільнуй далей. Атрымаеш новую шапку.
Баран проста аслупянеў, калі раздаўся стук у дзверы, а ў адказ на ягонае «заходзьце» на парозе майстэрні з’явілася Паўка. На шчоках у яе красаваўся румянец. Было відаць, што яна ўстрывожаная і крыху саромеецца. У руках яна мела загорнуты ў паперу пакунак.
— Добры дзень, — сказала Паўка.
— Добры дзень…
Баран усхапіўся з месца, падсунуў Паўцы крэсла і з заўважнай радасцю прапанаваў прысесці. Паўка з цікавасцю разглядвала памяшканне. Тут было ахайна, светла і ціха. Баран заўважыў, што Паўка азіраецца па баках, і прамовіў:
— Пакуль тут так сабе… Па-халасцяцку… Потым дакуплю сяго-таго, чаго не стае…
— Але тут вельмі ўтульна.
Размова ўвесь час перарывалася. Баран ад радасці, якая яго перапаўняла, не ведаў, што гаворыць. Паўка раздумвала, як перайсці да істотнага. Спачатку яна намервалася вярнуць Барану туфлікі. Пасля ёй стала шкада такога абутку, і яна вырашыла аддаць туфлі Барану на захоўванне, да таго часу, пакуль не зможа іх зноў забраць. Урэшце яна наважылася сказаць яму пра гэта. Баран здзівіўся ды пасумнеў:
— Вам не падабаюцца мае туфлі?
— Ах, не! Яшчэ як падабаюцца! — жвава запярэчыла Паўка.
— Дык чаму тады?..
— Бо… бо… ведаеце, тата… — яна не кончыла сказу.
Баран уважліва паглядзеў ёй у вочы… Ён яшчэ раней заўважыў выразныя сінякі на ейнай левай руцэ непадалёк ад локця… Ён усё зразумеў… Нахмурыў лоб і маўчаў некаторы час. Потым узяў ейную далонь і пачаў гаварыць:
— Не трэба хвалявацца. Усё наладзіцца. Я сам паразмаўляю з вашым бацькам.
Паўка не чакала гэткага хуткага рашэння.
— Мой тата вельмі суровы… Людзі яго баяцца, — сказала дзяўчына нібыта з трывогай у голасе.
У адказ на вуснах Барана з’явілася ўсмешка, а вочы крыху прыжмурыліся.
— Суровы, кажаце?.. Нічога… Я з кожным спраўлюся…
Хвіліну памаўчаўшы, ён дадаў:
— Але падымаць на вас руку ён дакладна не будзе!
Вочы Барана неяк загадкава бліснулі. Паўка падумала: «Які смелы».
Баран даведаўся ад Паўкі, што па нядзелях (заўтра акурат была нядзеля) ейны бацька звычайна бывае ўдома пасля дванаццатай.
Прайшло яшчэ троху часу, і яны развіталіся. Туфлі Паўця пакінула ў Барана.
Вечарам Юлік здаваў бацьку падрабязную справаздачу, чым займалася Паўка цэлы дзень.