— Можна яе паклікаць, — сказала жанчына. — Вось, Уладзь мог бы падскочыць. Нібыта я яе клічу.
Уладзь, не чакаючы просьбы, узяў шапку і выйшаў з хаты. Баран пачаў вельмі далікатна распытваць Лідзію пра сям’ю Хурдзічаў. Лідзія ахвотна балбатала і апавяла Барану шмат цікавага. Ён дазнаўся, што Паўчын бацька мае цяжкую руку і трымае дзяўчыну на кароткай прывязі. Працуе ён цесляром і разводзіць галубоў, да якіх мае вялікую слабасць.
— Любіць галубкоў, — канстатаваў уголас Баран.
— Яшчэ як! За голубам і на дах, і ў пекла палезе. Як дзіця з імі.
— Шмат іх трымае?..
— І не палічыць… Усё падстрэшша… Гандлюе імі. Выменьвае. А як надарыцца нагода, то і ўкрадзе… Гэтулькі разоў ужо судзіўся.
Баран занатаваў гэта сабе ў памяці. Ён сам некалі любіў галубоў і разводзіў іх. У гэтай справе ён разбіраўся добра. Але тое было яшчэ ў маладосці. Потым ён зрокся гэтага спорту.
— А гарэліцу стары любіць? — выпытваў Баран у Лідзіі.
— А так сабе… П’е часам з гасцямі… Але бывае, так вочы заліе, што ўсе з хаты ўцякаюць…
— Бушуе, — вывеў Баран.
— Яшчэ як! Не дае спуску… Барані Божа, калі хто пад руку трапіцца.
У памяшканне ўвайшла Паўка. Барану здалося, што разам з ёй з’явілася сонца. Ён устаў. Трымаючы на адной руцэ Мілага, іншай ён прывітаўся з дзяўчынай. Пакінуты без увагі, сабака падлаўчыўся і цапануў дзяўчыну зубамі каля локця. Паўка залямантавала і адскочыла назад.
— Вось паскуда!..
— Ён гэта больш ад страху! Смаркачы хацелі яго забіць у двары… А ён цяпер усіх баіцца, — бараніў свайго любімца Баран.
Ён занёс сабаку пад печ і агледзеў Паўчын локаць. Сукенка была цэлая, а на скуры віднеліся невялічкія сляды зубоў. Паўця супакоілася. Праз момант з шуфляды стала яна дастала кашулю, якую вышыла для Барана. Алік быў у захапленні. Яму спадабаліся і ўзор вышыўкі, і падабраныя колеры. Але найбольшай каштоўнасцю было тое, што гэта менавіта для яго зрабіла Паўця.
Баран адклаў на бок кашулю і разгарнуў свой пакунак. Ён выняў адтуль пару спартовых туфлікаў і ўручыў Паўлінцы, жартаўліва прыгаворваючы:
— Шытыя і кутыя… на чэрвень і на люты. За гэта я не ручаюся, — ён стукнуў пальцам па падэшве. — За гэта таксама, — дакрануўся рукою да верху туфляў. — Але гэта, — ён паказаў пальцам на шнуроўку, — будзе насіцца, пакуль не падзярэцца. А як на сцяне павесіце, то дзесяць гадоў пратрымаецца. А цяпер маю для вас яшчэ нешта… У прыдачу…
Ён выняў другую пару туфлікаў — на французскіх абцасах. Паўка з румянцам на твары глядзела на абутак. Ён падабаўся ёй неверагодна, але яна не ведала, як за яго заплаціць. Папярэдне не было мовы пра плату. А цяпер яна разгубілася. Баран адчуў ейны настрой і свабодна ды весела сказаў:
— Гэтыя дзве пары я вам дару за вышыванне маёй кашулі.
— Не, не можа быць… Гэта ж адзін Бог ведае, колькі каштуе!
— Не, не, лухта. Мне скура танна абышлася. Яна яшчэ перадваенная. А работа, то так — мая. Хачу пахваліцца. Мо рэкламу мне зробіце.
Лідзія гучна і неяк празмерна, што межавала са штучнасцю, выказвала захапленне туфлікамі:
— Што за прыгажосць! Н ідзе раней такога не бачыла! Але ж з вас і майстар!
Паддаўшыся ўгаворванням Барана, Паўка прымерала абедзве пары. Яна крыху прыкідвалася збянтэжанай, але ў той жа час ёй не трэба было асабліва старацца, бо яна насамрэч саромелася падзёртых на пятах панчох. Баран гэта заўважыў і падумаў: «Вось, нябога, нават панчох прыстойных не мае».
Барану ўдалося намовіць Паўлінку, каб яна перастала пераймацца ды прыняла абедзве пары туфлікаў. Ён прапанаваў, каб за гэта яна вышыла яму яшчэ некалькі кашуль. Дадаў, што вышыванне займае больш часу, чымся ягоная праца з абуткам. Урэшце ён адвёў яе дадому, а каля брамкі ўручыў загорнутыя ў паперу туфлікі. Дзяўчына на развітанне моцна паціснула яму далонь.
— Прыйдзіце, калі ласка, у нядзелю пасля абеду да Уладзя. Можа, выйдзем у кіно альбо на шпацыр, — прасіў Баран Паўку ціхім, поўным чуласці голасам.
— Добра, — паабяцала дзяўчына і пабегла дадому з пакункам у руках.
Баран упершыню ў жыцці пачуваўся сапраўды шчаслівым. Дадому ён ішоў Сляпянскай вуліцай і не пераставаў усміхацца. У ягонай галаве шумела, як ад гарэлкі. А на вуснах блукала ўсмешка. Ён некалькі разоў глыбока ўздыхнуў, а потым, нават нечакана для самога сябе, пачаў спяваць:
Гэты куплет вырваўся з яго сярод ночы як крык шчасця, як выклік тым сілам, якія вызначаюць, каму паслаць каханне і свабоду.
6
ТАМАШ ХУРДЗІЧ І ЯГОНЫЯ ПАДНАЧАЛЕНЫЯ