— Ну, Грамадзянін, паспявай нам што-небудзь! — звярнуўся да яго Філіп Лысы, падміргваючы прыяцелям.
Іншыя злодзеі падтрымалі яго просьбу.
Грамадзянін абвёў мутным позіркам людзей навокал і квола ўсміхнуўся. Ён ведаў, што голас у яго слабы — прапіты і хрыплы, — але яму не хацелася расчароўваць гэтых файных хлопцаў, якіх ён некалі называў вельмі коратка — жулікі. Ён прыпадняў бровы, нахмурыў лоб і пачаў спяваць адзіную песню, якую ведаў — псеўдазладзейскую, або, хутчэй, псеўдатурэмную:
Зладзеі і прастытуткі вельмі любяць песні пра людскую нядолю. Яны будуць слухаць нават самае нізкапробнае і вельмі лёгка расчульваюцца. Таму і песня Грамадзяніна, зрэшты, вядомая ім, насуперак ягоным чаканням не выклікала смеху. Усе слухалі яе ахвотна, а некалькі галасоў нават падцягнулі прыпеў:
Твары прысутных, асабліва вочы, цалкам змяніліся, зрабіліся мяккімі, летуценнымі, дзіцячымі. А Грамадзянін, агаломшаны прыхільнасцю, спяваў усё лепей, а прысутныя слухалі яго ўважліва, часам падхопліваючы спеў.
Калі гэтая песня скончылася, спяваць пачаў Казік Марэцкі. Ён завёў вядомую ў нізах грамадства песню «Яблычак», якую спарадзіла рэвалюцыя і якая стала надзвычай папулярнай у турмах, сярод вязняў. Гэтую песню савецкія ўлады пачалі пераследаваць, бо яна ўсё больш рабілася сатырай на бальшавіцкі лад і яго заганы. З кожным разам песня гэтая ўзбагачалася новымі куплетамі, якія прыдумляліся нечакана, плылі з вуснаў у вусны і гучалі па ўсёй Расеі.
Казік спяваў:
І гучалі, плылі ў паветры ўсё новыя радкі гэтай песні, якая распавядала пра цяжкую долю злодзея. Песня нібы скардзілася, а яе словы стукаліся аб брудныя сцены і заміралі ў кутах.
— Ведаеце што, пане Аляксандр, — звярнуўся да Барана Грамадзянін. — Гэта незвычайная рэч! Ваш інтэрнацыянал… Так… Гэта інтэрнацыянал абяздоленых людзей, бедных, няшчасных, як вы… як я… усіх абдзеленых, пакінутых без спадчыны… усё адно калі, дзе і ў якіх абставінах… Гэта гімн і пратэст тых, у каго забралі магчымасць жыць, а за тое, што яны асмельваюцца змагацца за сваё існаванне, іх назвалі злачынцамі.
Грамадзянін схапіў далонь Барана і моцна яе сціснуў, а з вачэй у яго паляцелі слёзы… Здзіўлены Баран глядзеў яму ў твар і хмурыўся… Ён намагаўся зразумець гэтага фраера, якому беднасць толькі на старасці гадоў расплюшчыла вочы і паказала жыццё такім, якое яно ёсць сапраўды… і праўдзівыя абліччы людзей.
5
ГІСТОРЫЯ АДНАГО КРАДЗЯЖУ І ДЗВЮХ ПАРАЎ ДАМСКІХ ТУФЛІКАЎ
Працаўнік цыркульнага салону «Кармэн», размешчанага на вуліцы Каломенскай, не маючы чым заняцца, стаяў у адчыненых дзвярах цырульні і, падстаўляючы бакі сонцу, разглядаў мінакоў і адначасова марыў. Яму мроіўся ўласны салон першай катэгорыі для мужчынаў і дам на вуліцы Губернатарскай ці прынамсі недзе пасярэдзіне Захар’еўскай. І каб туды прыходзіла шмат чыстых і шчодрых кліентаў. Цырульня, натуральна, была б абсталяваная паводле амерыканскага ўзору. Шыкоўныя крэслы, абабітыя скурай, як фатэлі ў зубных дактароў. Люстры на ўсе сцены. Усюды нікель, шкло і мармур… Ягоныя мары перарвала цікаўнасць да двух паноў, якія падышлі да дзвярэй насупраць паліцэйскага кааператыву. Абодва мужчыны былі прыстойна апранутыя і выглядалі вельмі салідна. Адзін з іх адамкнуў ключом (цырульнік не мог бачыць, што той зрабіў гэта адмычкай) дзверы і жэстам рукі запрасіў свайго спадарожніка ўнутр. Разам яны зніклі ўсярэдзіне і прычынілі за сабой дзверы. Цырульнік больш нічога не пабачыў, бо ў салон уціснуўся кліент. Ён акурат быў антыподам «чыстых наведнікаў» з мараў цырульніка. Брудныя валасы старчма стаялі ў яго на галаве, а ва ўскудлачанай барадзе тапырыліся рудыя валасы, цвёрдыя, як стальныя пруты.
— Падстрыгчы і пагаліць! — сказаў кліент.
Цырульнік толькі ўздыхнуў і з роспаччу ўзяўся за працу. Ён ведаў, што неўзабаве ягоныя рукі стануць ліпкімі ад тлустых, даўно нямытых валасоў, а з-пад пэндзліка для галення пры намыльванні будзе сцякаць бруд.
Тым часам Янка Залаты Зуб і Філіп Лысы гэтак жа інтэнсіўна працавалі ў краме насупраць цырульні. Заданне яны распачалі амаль адначасова з цырульнікам, але працавалі не з агідай, а з прыемнасцю і велічэзным запалам.
Праз чвэрць гадзіны яны расклалі на прылаўку і падлозе ўмела абгорнутыя паперай мяшкі і скрынкі з таварам. Паліцы ўжо былі пустыя. Калегі пачалі выносіць усё з крамы ў тыльны пакой, з якога было выйсце на падворак. Калі яны працавалі, у заднія дзверы нехта пастукаў: раз — доўга, два — коратка; раз — доўга, два — коратка. Філіп адамкнуў дзверы. Усярэдзіну ўвайшоў Казік Марацкі.
— Я прасачыў за імі да Хрышчэнскай вуліцы, — сказаў Казік. — Усё ідзе клёва.
Казік меў на ўвазе кіраўніка кааператыву і двух ягоных памагатых, прадаўцоў, якія а дванаццатай гадзіне замкнулі дзверы, вывесіўшы за шклом кардонку з надпісам: «З 12 да 2 абедзенны перапынак», і пашыбавалі ў паліцэйскую сталоўку на вуліцы Хрышчэнскай. Казік пайшоў за імі следам, каб ніхто з іх знячэўку не вярнуўся, ненаўмысна забыўшыся нешта ў краме. А ў гэты час Філіп і Янка замкнуліся на ключ у памяшканні і заняліся ліквідацыяй кааператыву. Цяпер да іх далучыўся і Казік. Праца борзда падыходзіла да канца.
У той жа самы дзень аб адзінаццатай гадзіне Баран зайшоў у чайную Цыпы і ўсеўся за адным са столікаў у агульнай зале, не прабіраючыся за стойку ў сапраўднае памяшканне прытону. Потым ён, на вялікае здзіўленне, папрасіў гарбату і булкі. Габрэйка мусіла адмыслова для яго паставіць самавар. А палове дванаццатай Баран еў булкі і запіваў гарбатай. Ён не спяшаўся. Еў павольна, паліў цыгарэты і час ад часу пазіраў на гадзіннік. Роўна за чвэрць да дванаццатай пад вокны чайной пад’ехала вялікая платформа, запрэжаная дужым сівым канём. Вознік завярнуў на двор камяніцы, у якой знаходзілася чайная Цыпы. Ён зрабіў кола па дзядзінцы і паставіў каня, падрыхтаваўшы яго да выезду на вуліцу. Потым ён завітаў у чайную, прысеў за асобным столікам і таксама папрасіў гарбаты і булак. Гэта быў Стась Рамізнік. Ён не прывітаўся з Бараном: яны рабілі выгляд, што не знаюцца.
Баран неўзабаве заплаціў Цыпе за пачастунак і выйшаў на вуліцу. Звярнуўшы на падворак і заскочыўшы потым на перад платформы, ён выехаў на вуліцу. А дванаццатай дваццаць Баран заехаў на дзядзінец, пры якім месціўся паліцэйскі кааператыў. На гэта абсалютна ніхто не звярнуў увагі. Зрэшты, фурманкі заязджалі сюды досыць часта, і нікога гэта не дзівіла і не турбавала.
Злодзеі пачалі ўчатырох грузіць тавары на платформу. Не забыліся ні пра што. Яны забралі нават дзве вагі з гіркамі, шчотку, якой падмяталі падлогу, і дыванок з-пад дзвярэй для выцірання ног. Калі яны выйшлі, памяшканне было цалкам пустое. На дзвярах засталася адно аб’ява: «З 12 да 12 абедзенны перапынак». Гэта Казік Марацкі не вытрымаў, каб не паддурыць мянтоў. Таму ён дапісаў алоўкам перад двойкай лічбу адзін, і выйшла, што перапынак трывае з дванаццатай да дванаццатай — бясконца.
А дванаццатай сорак з дзядзінца пры вуліцы Каломенскай выехала на праезную частку цяжка нагружаная платформа, вывозячы ўсе тавары і нават крамнае абсталяванне паліцэйскага кааператыву. А цырульнік з «Кармэн» усё яшчэ мазоліўся, прыводзячы ў парадак галаву і бараду свайго кліента… Злодзеі даказалі, што яны найлепшыя майстры ў сваёй справе і здольныя вельмі эфектыўна і хутка стрыгчы і галіць — без мыла, ляза і нажніцаў.
А трынаццатай пятнаццаць платформу разгрузілі ў адным з двароў на вуліцы Серпухаўскай. Тавары знеслі ў склеп, размешчаны пад жытлом скупшчыка. Адзін уваход туды быў з двара, а другі — з памяшкання. Філіп Лысы, Янка і Казік засталіся ў скупшчыка, каб паскладаць і падлічыць тавар для разліку, а Баран паехаў на пустой платформе ў бок Нізкага рынку. Праязджаючы каля чайной Цыпы, ён заўважыў у акне Стася Рамізніка. Баран кіўнуў яму галавой і паехаў далей. Стась заплаціў Цыпе за ежу і выйшаў на вуліцу. Рамізнік дагнаў Барана недалёка ад базару. Той аддаў яму лейцы.
— Як прайшло? — запытаў Стась.
— Як па нотах, — адказаў Баран.
Баран развітаўся са Стасем і пайшоў на Серпухаўскую да скупшчыка, а Стась паехаў дадому на Лагойскі тракт, дзе выпраг свайго каня з платформы Шлемы Гоя, а запрог у фурманку, у якой зараз жа выехаў у горад. Некалькі разоў яго спрабавалі затрымаць пасажыры, але ён іх ігнараваў — накіроўваўся таксама на Серпухаўскую да скупшчыка. Паводле зладзейскіх правілаў, за тое, што ён знайшоў павозку, яму належала такая ж самая доля, як здзяйсняльнікам крадзяжу.
Стась Рамізнік даставіў дадому платформу Шлемы Гоя роўна а другой гадзіне. У той жа самы час цырульнік з салону «Кармэн» зноў стаяў у дзвярах і нудзіўся. Ён сачыў за мінакамі і марыў, на гэты раз пра ўдалую жаніцьбу з багатай і прыўкраснай іншаземкай. І пра тое, як ягоныя калегі пазелянеюць ад злосці, калі ён, нарэшце разбагацеўшы і напхаўшы поўныя кішэні грошай, адкрые ў Менску некалькі першакласных салонаў.
Увагу цырульніка звярнулі на сябе кіраўнік кааператыву (перадавік паліцыі, апрануты па-цывільнаму) і два ягоныя памочнікі (паставыя), якія наблізіліся да дзвярэй кааператыву і адамкнулі іх. Была другая гадзіна. «Можа, пайсці да іх і запытацца, ці прадаюць цыгарэты прыватным асобам?» — падумаў цырульнік. Потым ён заўважыў, што кіраўнік кааператыву выбег з памяшкання на вуліцу і пачаў нешта выглядаць то справа, то злева. Маланкай да яго далучыліся і прадаўцы. Яны паводзіліся — паводле меркавання цырульніка — камічна: аглядвалі дзверы, ходнік, дарогу, забягалі назад, нават лаяліся. Цырульнік, назіраючы за гэтай сумятнёй, пачаў усміхацца… Калі начальнік заўважыў на дзвярах надпіс, які абвяшчаў, што абед трывае з дванаццатай да дванаццатай, то проста ашалеў, пачаў пагражаць кулакамі і крычаць: «Пачакайце, я іх засаджу! На дванаццаць гадоў! Я ім дам! Я іх правучу!»
Мінакі пачалі прыпыняцца. А цырульнік ад дзіўных паводзінаў паліцэйскага начальніка стаў не тое што ўсміхацца, а на ўвесь голас рагатаць. Начальнік заўважыў гэта і скочыў да яго праз дарогу, сціснуўшы кулакі:
— А ты чаго смяешся?