— Ціха, не шумі, — сказаў дзядзька шэптам. — Глядзі цішком.
Зала, у якую Ясь уляпіў зрок, была першага класу. Там стаяла шмат лавак з мармуровай паверхняй.
Блішчэлі металічныя краны і мядніцы. Святла было дастаткова.
Ясь пабачыў каля дзясятка жанчын, якія мыліся. Зусім голых кабет ён бачыў упершыню. Хлопец адчуў, што сэрца ў грудзях пачало то заціхаць, то біцца з неверагоднай сілай. Яму перахапіла дыханне. Ён саромеўся, што падглядае за жанчынамі, але разам з тым не мог адарвацца ад гэтай карціны. Некаторыя з жанчын былі вельмі брыдкія, але большасць — маладыя і вабныя. Яму здавалася, што ён бачыць незямных істот, невымоўна прыгожых, якіх нельга ўявіць і апісаць хоць якімі словамі. Ён адзначыў сабе, што жанчыны маюць прыгажэйшыя рухі, чым у мужчынаў. Ён не мог адвесці вачэй ад высокай, дзябёлай, пэўна, ужо немаладой бландзінкі з цудоўнай фігурай. Ейная скура зіхацела, круглыя формы і пругкія грудзі блішчэлі, цела выгіналася, а кожная яе поза, нават самая непрыстойная, была поўная грацыі.
Ясь быў зачараваны музыкай яе рухаў і ціхенька дрыжаў. Раптам ён адчуў погляд кабеты на сваім твары. Ён рынуўся назад і саскочыў з падмостак. Дзядзька таксама кінуўся за ім следам з падмостак на зямлю.
— Чаго ты? — ціха запытаў Жардонь.
— Не, нічога…
— Не хочаш болей глядзець?
— Не…
Дзядзька паклаў на месца палены, і яны выйшлі на вуліцу.
— Такога ты ні ў адным кабарэ не пабачыш, — тлумачыў Ясю дзядзька. — Падумай толькі, якія грошы людзі плацяць, каб на голую жаночую нагу паглядзець! А тут усё як на талерачцы! Тут табе ніводная нічога не падробіць. Якая ёсць, такую і бачыш.
Дзядзька ніяк не мог адысці ад пабачанага і яшчэ доўга расказваў Ясю пра жанчын, павучаючы яго:
— Ты жанчыне ніколі не вер. Яна цябе заўсёды ашукае. Кабета можа быць і мякенькай, і салодзенькай, але яна найгоршае для нас стварэнне. Яна так умее аблытаць і падпарадкаваць сабе, што канец. Ужо ніколі з яе абдымкаў не вызвалішся!
Ад першага свайго настаўніка Ясь даведаўся шмат бязглуздай лухты ды пачуў бясконцую колькасць самых неверагодных гісторыяў, а навучыўся ад яго толькі гандляваць. Гэта ж было яму на вялікую карысць. Часта ён выходзіў на Нізкі рынак і там цярпліва чакаў добрай нагоды, каб купіць нейкую сапраўды танную рэч, якую пазней, вычысціўшы або адрамантаваўшы, прадаваў нашмат даражэй. Бывала, што нават цягам аднаго дня яму ўдавалася купіць некалькі розных рэчаў і адразу ж іх прадаць па выгаднейшым кошце. Ясь назбіраў ужо крыху грошай, якіх не распускаў, пакінуўшы іх на гандаль. З буйных заробкаў ён амаль усё аддаваў маці, а часам нешта перападала і сястры. Сам жа ён пакуль курыў найгоршы тытунь і ўвесь час марыў пра большыя прыбыткі. У праекты свайго дзядзькі хлопец не верыў. Ён пераканаўся, што гэта былі толькі фантазіі старога дзівака, якога, аднак, любіў за добрае сэрца, арыгінальны характар і зычлівасць да іхняй сям’і.
Другім настаўнікам Яся быў ягоны сусед з падворку, які здымаў невялічкую кватэрку з аднаго пакою і кухні, у тым самым доме, дзе жылі сёстры Пажарскія. Гэта быў манцёр тэлефоннай станцыі Віктар Уменскі. Манцёр быў грузным мужчынам сярэдняга росту. Выглядаў ён даволі арыгінальна: валасы заўсёды былі падстрыжаныя пад самую скуру, твар быў шэры са шматлікімі вуграмі і воспінамі, погляд у яго быў мутны, цяжкі, рухі надзвычай марудныя.
Уменскі меў дзве любові: музыку і слясарную справу. Уся ягоная кватэра была заваленая нейкімі металічнымі дэталямі і кавалкамі дроту. Акрамя таго, там месцілася цэлая механічная майстэрня, уключна з такарным станком. А на сцяне, пры якой стаяў ложак, вісела гітара і дзве мандаліны. У свой вольны час Уменскі альбо нешта майстраваў, альбо граў на гітары ці мандаліне. Граў ён слабавата, хоць слых меў добры. Перашкаджалі кароткія, заўсёды пакалечаныя пальцы.
Калі Уменскі толькі пасяліўся ў доме пад нумарам 157 па суседстве з сёстрамі Пажарскімі, то тыя спачатку моцна абураліся, калі ён ладзіў свае канцэрты. Яны проста пачыналі грукаць кулакамі ў сцяну. Манцёр неяк не вытрымаў і пайшоў да іх, каб запытаць, што адбываецца.
— Нам замінае вашае гранне… У нас хворыя нервы, мы гэтага не зносім.
— З хворымі нервамі, то трэба да доктара, — рашуча сказаў Уменскі. — А ў сцяну, калі ласка, мне не стукайце!..
Вярнуўся да сябе і зноў пачаў перабіраць гітарныя струны. У адказ тры пары кулакоў пачалі малаціць у сцяну з яшчэ большай напорыстасцю… Насамрэч музыка Пажарскім не перашкаджала, зрэшты, яна была ледзь чутная ў пакоях сясцёр. Але старыя дзевы вылучаліся сваім паганым характарам і рабілі ўсё магчымае, каб хоць неяк ускладніць жыццё і нарабіць клопату сваім суседзям, нягледзячы нават на тое, што пасля гэтага горш было толькі самім Пажарскім… Калі зноў пачаўся стук у сцяну, манцёр узяў вядро вады і яшчэ раз скіраваўся да сясцёр. Жанчыны, якія заядла валілі ў сцяну, нават не заўважылі ягонага з’яўлення. Уменскі шырока размахнуўся вядром і выплюхнуў усю ваду на жанчын, якія істэрычна грукалі кулакамі. Пажарскія ўскрыкнулі і павярнуліся да дзвярэй. Іх спаткаў халодны, спакойны позірк Уменскага.
— Калі мала… то я магу яшчэ прынесці, — прамовіў ён задуменна, стоячы на парозе.
Старыя дзевы нават не піскнулі. Манцёр выйшаў і з гэтага часу граў, калі толькі хацеў.
Вольнаю хвіляй Ясь ахвотна хадзіў у госці да суседа, а той прымаў яго з радасцю. Хлопец вучыўся граць на мандаліне і праз паўгода ўмеў абыходзіцца з інструментам нават лепей за свайго настаўніка. Цяпер яны часта гралі ўдвух: Ясь — на мандаліне, а манцёр акампанаваў яму на гітары. Ясь меў добрую памяць на мелодыі, таму ўзбагаціў іхны рэпертуар песнямі, якія недзе выпадкова пачуў.
Калі Ясь пачаў гандляваць на базары, манцёр прапанаваў яму прадаваць запальнічкі ды зрабіў некалькі на пробу. Аказалася, што запальнічкі маюць попыт. З той пары другі настаўнік Яся прысвячаў увесь свой вольны час вырабу запальнічак і ўжо меней — музыцы. Абодва яны былі задаволеныя адзін з аднаго. Яся крыху дзівіла, што манцёр жыве гэтак самотна і ніколі нічога не расказвае пра сваіх родных ці знаёмых. Але хлопец ніколі не распытваў суседа пра гэта.
Здараліся выпадкі, калі манцёр вяртаўся дадому п’яны. Адбывалася гэта раз на два або тры тыдні. Тады манцёр не чакаў, калі Ясь завітае, а сам ішоў яго шукаць, клікаў да сябе і частаваў гарэлкай. Ясь піў неахвотна, без смаку. Уменскі мігам гэта заўважыў і сказаў:
— Ты не змушай сам сябе піць. Я часам заліваю вочы. Такое ўжо ў мяне паскуднае жыццё. Гарэлка можа быць для аднаго лекамі, а для іншага атрутай. Гэта як калі. Ты, от, выпі троху для весялосці.
Ясь меней піў, а больш еў. Манцёра разбірала, яму развязваўся язык, і ён пачынаў шмат гаварыць пра невядомыя Ясю рэчы. Пры гэтым Уменскі даволі часта называў хлопца таварышам, што Ясю здавалася дзіўным ды нават смешным, бо розніца веку паміж імі была больш за дваццаць гадоў.
— Павінен быць трыбунал справядлівых, — пераконваў Яся манцёр. — Каб была цвёрдая рука, каб трымала людзей за морду, каб буржуй не мог на машынах катацца і за мяжою скручваць сабе шыю, калі тут ягоныя працаўнікі з голаду дохнуць. Вось ты, напрыклад, мог бы вывучыцца, стаць інжынерам або якім вучоным. А не можаш. Чаму? — тут Уменскі сек рабром далоні па стале. — Во не маеш за што. А чаму не маеш за што? Бо тое, што табе трэба на навуку, нейкі там паскуднік прапіў, прагуляў, пабудаваў сабе пяты дом або ў банку замураваў. І сам ні гам, і другому не дам! Вось якая тут фізіка!
І паволі ў мазгі Яся, зрэшты, без вялікага поспеху, пачалі пранікаць мутныя, поўныя дэмагогіі фразы. Манцёр, бадай, больш гаварыў для сябе, чым для хлопца. Але Ясь пакрысе прывыкаў да новых тэрмінаў і паняццяў. Ён дазнаўся, што існуе класавая барацьба, эксплуатацыя, буржуазія, пралетарыят. Але гэта зусім яго не цікавіла і не ўзрушала. Уменскі заставаўся для яго старэйшым прыяцелем, а не недарэчным дэмагогам, які хаатычна выкладаў яму звесткі пра грамадскія і эканамічныя стасункі.
Трэцім настаўнікам Яся стаў Алік Баран. Ён найбольш падабаўся Ясю. Не малоў лухты і не даваў парадаў, як сябе паводзіць у інтымных сітуацыях, як гэта рабіў дзядзька; не плёў незразумелых рэчаў пра сацыялізм і камунізм. Размаўляючы з Ясем, Баран заўсёды канкрэтна акрэсліваў пэўную справу. Ён быў негаваркі, упэўнены; меў разумны і глыбокі погляд. Яго заўсёды лёгка было зразумець, і ён сам заўсёды імгненна схопліваў, пра што Ясю вядзецца.