— …Потым пайшла да таго самага шаўца, што і ўчора… Была там з паўгадзіны… Я падглядваў праз замочную шчыліну… Сядзелі і гаварылі…
— Пра што гаварылі?
— Не ведаю. Дрэнна было чуваць, і я баяўся… Потым Паўка пайшла дадому… Пакунка ў яе ўжо не было… Пакінула ў шаўца…
Хурдзіч прыязна паляпаў сына па плячы і загадаў не спускаць з Паўкі вачэй. Бацька заахвочваў сына такімі словамі:
— Або новую шапку будзеш мець, або… скуру спушчу!
У нядзелю каля другой гадзіны папаўдні ў дом да Тамаша Хурдзіча завітаў Алік Баран. Ён быў апрануты з іголачкі, добра паголены, а на ягоных пальцах зіхацела некалькі пярсцёнкаў. Хурдзіч нязмерна здзівіўся, калі Баран, паклаўшы прынесены пакунак па стол, звярнуўся да яго ветліва, спакойна і нібы апякунскім тонам:
— Калі не памыляюся, то вас завуць Тамаш Хурдзіч.
— Ну, так… І што з таго?
— Спачатку я назавуся: Аляксандр Баран… І калі вы дазволіце, то я прысяду.
Не чакаючы дазволу, ён сеў. Дастаўшы з кішэні партсігар, ён прапанаваў Хурдзічу запаліць. Пасля выняў цыгарэту для сябе, запаліў і працягваў далей:
— Я маю да вас ажно тры справы. Першая з іх…
Ён выпусціў воблака дыму і зрабіў перапынак.
Хурдзіч з зацікаўленнем глядзеў на гэтага незвычайнага госця. Ягоная далонь усё яшчэ ныла ад неверагодна моцнага рукання з чужынцам. Далонь госця была малой, нібы выпешчанай, але адначасова загартаванай шавецкім малатком, молатам у турэмнай кузні і мела ад прыроды вялікую сілу.
Яна ні ў чым, магчыма, не саступіла б жалезнаму кулаку Тамаша Хурдзіча. Ён выразна гэта адчуў.
— Першая справа — гэта галубы…
— Галубы?
— Так, галубы… Але пра гэта крыху пазней. І яшчэ адну справу пакіну на канец. Пачну з сабакі.
«Вар’ят», — падумаў Хурдзіч.
— Дык вось, я маю пародзістага сабачку. Ён сам па сабе дарагі, а для мяне дык увогуле не мае цаны. Парода вельмі добрая. Такая, як, напрыклад, сярод галубоў турчыны, лагеры або вінеркі… Разумееце?
— Угум, — гмыкнуў зацікаўлены ўжо Тамаш Хурдзіч.
— Для гэтага сабачкі трэба змайстраваць будку. Але такую, каб будзь здароў! Зручную і прыгожую! Можна пафарбаваць у зялёны колер. І брылёк над улазам трэба зрабіць, каб дождж не трапляў. Заплачу, колькі скажаце. Магу і пару галубоў дадаць, якія вам падабаюцца. Я маю верфеляў, нефак, страмераў, перламутравых, дутышаў, капуцынаў, крымаў, паўлінаў, вышыванцаў… Знойдуцца і турчыны, і каштаны, і вінеркі…
Хурдзіч быў ашаломлены. Першы раз у жыцці ён бачыў кагосьці падобнага. Незнаёмы быў апрануты, як граф, увесь у золаце і срэбры, а ў галубах разбіраўся, нібыта сам іх разводзіў. І так адразу чужак прымусіў сябе слухацца.
— Будку можна зрабіць, — выціснуў з сябе Тамаш.
— Вось і добра, — сказаў Баран. — Я люблю сумленных майстроў. Не тых маладых, якія цяп-ляп робяць, а тых, якія яшчэ па-колішняму стараюцца. Грунтоўна і на вякі! Цяпер такая поскудзь зробіць стол, то ён па пакоі ходзіць: кожная нага глядзіць у свой бок, а праз месяц і ўвесь стол разваліцца… Вядома, драўніна недатрыманая, то майстар думае, што заб’е больш цвікоў, і ўсё будзе добра… Ці ж не?
— Вядома, што так… — сказаў ужо цалкам залагоджаны цясляр.
— Я такога не люблю, — цягнуў далей Баран. — У мяне так: ці для сабакі, ці для голуба, ці для мяне самога работа павінна быць першай маркі, каб хоць на выстаўку. Дарэвалюцыйнай якасці! От што… Сам раблю ўсё дакладна… Вось, паглядзіце!
Баран раскруціў прынесены пакунак, а з яго дастаў дзве пары туфлікаў і паставіў іх на стале. Хурдзіч пазнаў Паўчыны туфлікі і вылупіў вочы. А Баран, ні грама не збянтэжыўшыся, рэкламаваў тавар і сябе:
— Гэта, пане, не падробка. Скура заморская, а работа — зрэшты, усё самі бачыце… Для вашай дачушкі зробленыя… Але вярнула мне іх назад… Пэўна, нечым незадаволеная… А я ж так стараўся. Рабіў як для сябе. А яна мне кашулю вышыла… Вось паглядзіце.
Пасля гэтых словаў Баран выцягнуў аднекуль і паказаў Хурдзічу вышытую Паўцяй кашулю.
— Я ўжо на гэтым знаюся, — казаў Баран. — Каб зрабіць такую вышыўку, то гэта трэба тыдзень сядзець. А такія туфлі за тры дні скляпаў… Не скажу нічога кепскага. Дачка ў вас брыльянтавая, і прыгожая, і рукі мае залатыя. Толькі не ведаю, чым я не дагадзіў? Можа, замала зрабіў, то я магу яшчэ пару змайстраваць. Запытайцеся, калі ласка, у дачкі…