У пэўнай ступені адказным за сям’ю Нацэвічаў пачуваўся брат Ясевай маткі, Філіп Жардонь. Гэта быў дзіўны тып: збольшага п’яніца і летуценнік. Па прафесіі ён быў з шаўцоў і пераважна займаўся вырабам халяваў для абутку, і нават у цяперашні час ён мог бы добра зарабіць, але не хацеў. Звычайна ён казаў так: «Не працую, бо навошта? Ці я працую, ці не, і так кожны ў чаравіках ходзіць».
Ясь амаль не памятаў, калі бачыў дзядзьку цвярозым, і звычайна ўжо здалёк пазнаваў, у якім настроі матчын брат. Калі ягоная шапка была ссунутая на патыліцу, то было вядома, што ён у цудоўным шампанскім настроі. Шапка збоку — ягоная галава нечым занятая. Шапка насунутая наперад — раззлаваны. Гэткі псіхалагічны барометр. Ясь любіў слухаць дзядзькавы показкі. А дзядзька любіў плесці яму розныя незвычайныя гісторыі. Учора, напрыклад, да позняга вечара ён расказваў яму, што пойдзе ў Воршу:
— Там ёсць адзін такі чалавек, разумееш, не чорт, але з д'яблам знаецца. Яму там падпісваешся крывёй і будзеш мець усяго, во столькі! — ён паказаў далонню, падняўшы яе да вачэй. — Я гэта абавязкова ўладжу. Тады ўсё гэта: поле, хаты — будзе наша. Пасадзім сад на тысячу дрэваў. Паміж дрэвамі паставім вуллі. Мёду будзем мець поўныя бочкі, а садавіны — цэлыя горы. Віно буду тады вырабляць і мармелад. Ты толькі пачакай крыху.
Часам дзядзька браў Яся з сабою на Нізкі рынак, каб той дапамагаў яму прадаваць розныя рэчы. Спачатку Яся гэта бянтэжыла, а пазней пачало забаўляць. Нарэшце, калі пару разоў дапамог дзядзьку з добрым прыбыткам прадаць нейкія лахманы і нешта там атрымаў ад яго за старанне, пачаў цікавіцца гэтай справай. Ён зразумеў, што, танна купляючы рэчы ў адных, а прадаючы іх даражэй іншым, можна няблага зарабіць. Ён пачаў наведваць кожны вялікі рынак і пакрысе гандляваць. Перашкаджала яму, аднак, адсутнасць наяўных грошай, таму ён мусіў абмежавацца гандлем усялякай драбязою, што прыносіла малы прыбытак. У гэты ж час ён набіраўся досведу і ўсё больш дапамагаў сям’і.
Аднойчы пасля ўдалага гандлю, падчас якога Ясь паспрыяў дзядзьку, падбіўшы цану, Філіп купіў тое-сёе з харчоў і прыйшоў да сястры на абед. Ён быў нападпітку і, як заўсёды, лунаў у аблоках.
— Што там некалі будзе, гэта невядома, — перапыніла яго сястра. — Ты б цяпер лепей нам нешта параіў, каб мы маглі зарабіць пару капеек.
Філіп нахмурыўся, прымружыў левае вока, скрывіў вусны і задумаўся. Праз хвіліну ён пляснуў сябе рукой па галаве і гучна закрычаў:
— Ёсць!
— Ну, што?
— А вось што. У вас жа ўдома ёсць два ўваходы: адзін з вуліцы, другі з двара. Пакояў маеце ажно тры і кухню. Хопіць вам і двух. Аддзяліце кутні пакой з уваходам ад вуліцы, і будзе вам першакласнае памяшканне, каб здаць у арэнду пад крамку ці іншую якую чайную. Я вам кажу. Месца тут такое, што трэба. Можна добрыя грошы за гэта цапануць. І за сваю кватэру заплоцце і яшчэ тры разы столькі ж вам застанецца.
— Можа, і твая праўда, — сказала сястра. — Трэба будзе пра гэта падумаць.
— Няма чаго і думаць, — адказаў Філіп. — Пры вашай нястачы гэта будзе вялікая дапамога.
Вечарам адбылася сямейная нарада. Уласна кажучы, раіліся толькі маці з сынам, бо Гэля ў такіх выпадках, як легкадумніца і балбатушка, не бралася пад увагу. Было вырашана здаць кутні пакой у арэнду.
Назаўтра Ясь прыгожа вывеў каліграфічным почыркам на аркушы паперы:
«Здаецца пакой з асобным уваходам з вуліцы».
Прымацаваў аб’яву на браме і чакаў вынікаў.
Першым наведнікам быў нейкі высокі дзядок паважнага выгляду. Ён аглядаў пакой, крытычна насупіўшыся, і поркаў канцом кійка ў абрыўкі шпалераў, ажно Яся ўзяла злосць.
— Калі вам не падабаецца пакой, то, калі ласка, пашукайце іншы. Няма чаго тут шпалеры дзерці.
Ягамосць разгарачыўся:
— І пашукаю… І знайду… За свае грошы, што захачу… Так-с… От як… Я адстаўны маёр! Разумее пан!
— Дык будзьце вы хоць генералам… Тут не казармы! Ідзіце адсюль і не гарлапаньце.
Дзядок яшчэ на вуліцы пагражаў кійком і лаяўся.
Потым прыйшла нейкая добра апранутая пані. Яна агледзела пакой і запытала:
— А кухняй можна карыстацца?
— Не.
— І мэблі няма?
— Няма.
Пазней прыйшлі яшчэ некалькі чалавек. Адным пакой падаваўся занадта цёмным. Для іншых быў вільготны. Некаторым не пасавала цана.
У той жа самы дзень пад вечар прыйшоў яшчэ адзін ахвотнік. У яго былі касаватыя вочы і ўчэпісты кемлівы позірк.
— Я тут наконт пакою. — сказаў ён Ясявай матцы, якая адчыніла яму дзверы.