«Шавецкая майстэрня “Варшавянка”».
Гэтыя словы ілюстраваў чаравік, досыць зграбна намаляваны чорнай фарбай.
Ясева шыльда зрабіла вялікае ўражанне на жыхароў дамкоў пад нумарам 157. Найбольш ёю зацікавіліся тры сястры — старыя дзевы Пажарскія. Усе разам яны здымалі невялічкую кватэрку. Іхным улюбёным заняткам было пляткарства, а вымушанай працай — мыццё бялізны па дамах. А часамі яны бралі работу і да сябе дадому, а потым завешвалі ўвесь падворак мокрай бялізнай так, што нікому нельга было прайсці. Бялізну ж суровым вокам заўсёды вартавала адна з сясцёр.
— Нацэвічыха то мае шчасце! Той Бусел Капыльскі (яна мела на ўвазе Філіпа Жардоня) усё ім носіць і носіць, а цяпер будуць мець свайго шаўца, — казала Вера.
Надзея развешвала мокрую бялізну, усяляк стараючыся зазірнуць у акно новага жыльца. Пры гэтым ейныя дзеянні не спадабаліся іншай суседцы, якая мела прозвішча Лобава. Тая адчыніла акно і гыркнула:
— Здымі гэтыя анучы мне з-пад акна.
— А як не, то што? — задзірыста запытала Надзея.
— А вось што!
І жанчына энергічна, не выходзячы з кватэры, ударыла з акна ў нацягнуты шнурок шчоткай, якой падмятаюць падлогу. Шнур не парваўся, але некалькі памытых адзежын упала на зямлю.
Надзея закіпела. Яна, як і іншыя жыхары суседніх дамоў, баялася фанабэрлівай, высакамернай і вельмі энергічнай Марусі Лобавай, муж якой быў нейкім вядомым камісарам у Арле. Але скінутая на зямлю бялізна і тая акалічнасць, што Маруся была ў кватэры, дадалі Надзеі смеласці, таму яна задзейнічала ЯЗЫК:
— Ах ты лафірында, сука…
— Ну, ну… Пачакай яшчэ! — адазвалася Маруся.
— Чаго ты на мяне крычыш, як на сабаку?! — залямантавала Надзея.
— Ты не вартая сабаку нават пад хвост пацалаваць! — крыкнула Маруся.
— А вось і вартая! — абаранялася Надзея.
— А не вартая!
— А вартая.
Тады Маруся выскачыла праз акно ў двор. На ёй быў толькі ранішні халат, які зачапіўся за падаконне. Маруся праз гэта аказалася цалкам голай, а яе непрыкрыты торс і голыя ногі паўсталі перад здубянелай ад шоку Надзеяй. Маруся паспяшалася вызваліць халат, а Надзея тым часам апрытомнела і дала драпака ў кватэру, замкнуўшы за сабою дзверы на крук. Яна адчыніла фортачку і з бяспечнай адлегласці назірала, што будзе далей. Маруся пагразіла ёй кулаком. Пажарская адказала далёка высунутым языком. Лобава ж у адказ адвярнулася да яе тылам і, сагнуўшыся ўперад, падняла ззаду халат. Пажарская сплюнула. Аднак на падворак яна выйшла толькі тады, калі Маруся, высокая, зграбная, свабодная і энергічная ў рухах, з чырвоным шалем на галаве — як са сцягам — адправілася ў горад.
Пасля абеду сёстры Пажарскія па сваёй звычцы пачалі перамываць костачкі бліжэйшым і далейшым суседзям. З розных дробязяў яны рабілі самыя неверагодныя высновы і ні на кім но пакідалі сухой ніткі.
— А цікава, што гэта за арэшак, той новы наймальнік, шавец? — сказала Люба.
— Пэўна, не дарма ён да Нацэвічыхі падсяліўся. Бачыць, што ўдава. Думае, што, можа, і грошыкі ёсць… — выказала сваё меркаванне Надзея.
— А я так думаю, — сказала Вера, — што яму Гэлька ў вока ўпала.
Люба, найстарэйшая з сясцёр, сухая, амаль пяцідзесяцігадовая векавуха, ускочыла з месца:
— Вось пайду і пагляджу… Нібы дзеля направы…
Яна знайшла моцна стаптаную пару чаравікаў і, апрануўшы нейкую дагістарычную блузку, а на галаву ўздзеўшы модны напрыканцы XIX стагоддзя капялюшык, пакінула жытло. Малодшыя сёстры прыліпні да вокнаў.
Баран быў удома, калі Люба Пажарская пастукала ў дзверы. Ён акурат парадкаваў прылады. Сёння раніцай ён прывёз камплект новых шавецкіх інструментаў і каля дзясятка параў калодак. Месцам працы была перавернутая дагары дном скрынка, бакі якой былі абабітыя планкамі, каб цвікі і прылады не спадалі на падлогу. Быў тут і малы шавецкі столік, пакрыты палатном.
— Заходзьце, — выгукнуў Баран у адказ на стук у дзверы.
Пажарская, соладка ўсміхаючыся, увайшла ўсярэдзіну і затрымалася каля дзвярэй. Ейныя вочкі хутка прабегліся па пакоі і, здавалася, зараз прасвідруюць дзіркі ў шырме, за якой стаяў ложак. Баран адразу ж ацаніў, што за асоба да яго завітала, таму нахмурыў лоб і суха прамовіў:
— Чаго жадаеце?
Пажарская ўсміхнулася мядовай усмешкай: