— Зрабіце, калі ласка, найлепей, як зможаце. Работа мусіць быць кароннай! — казаў Баран. — Самае важнае — гэта добра вырабіць каўнерыкі. Зрэшты, буду прыходзіць на прымерку.
Хутка Баран пакінуў жытло.
— Хто гэта можа быць? Пэўна, нейкі багацей, — пастанавіла Лідзія.
— Багацей… багацей… багацей… — казаў Уладзь, якія меў звычку паўтараць словы.
— Не запытаў нават, колькі каштуе пашыў. Пэўна, добра заплоціць.
— Заплоціць… заплоціць… заплоціць… — згаджаўся Уладзь.
Толькі Томка, якую называлі Куртатай, маўчала, седзячы ў куце, і пазірала на прысутных гожымі вачыма. Яна была калекай. У яе былі вельмі кароткія крывыя ногі. Гэта быў вынік перанесенай у дзяцінстве хваробы. Твар у яе быў таксама брыдкі. Але вочы былі цудоўныя, аздобленыя раскошнымі вейкамі. Працавала яна ў Шлемы Гоя за мізэрныя грошы. Удома ж яе даймала сястра, істэрычная векавуха. Уладзя Зайца, зрэшты, таксама тыраніла старэйшая сястра. Прырода не была літасцівай і да яго. А разарваная на патанцульках ударам гіры губа канчаткова скрывіла твар. Пры ўсім сваім брыдкім выглядзе Уладзь быў надзвычай уражлівы. Здаралася, што нехта казаў «холадна», а Уладзь ужо пачынаў паціраць рукі. Сказаны некім выраз або апошняе слова ў сказе ён мог паўтараць бясконца. Стась Рамізнік казаў, што ў Зайца сарваная разьба ў галаве. У Зайца было вельмі добрае сэрца, і ён любіў жывёлу. З людзьмі ён не ўмеў размаўляць, але да коней звяртаўся, як да дзяцей. Расказваў ім пра свае клопаты і трывогі, пачуваючыся ў іх таварыстве вельмі ўтульна.
Пасля першага візіту да Баляў Алік Баран неўзабаве зноў туды завітаў. Калі бялізна была ўжо пашытая, шчодра заплаціў, чым заваяваў прыхільнасць Лідзіі, якая пачала была называць яго панам памешчыкам.
— Аніякі я не памешчык, — адказаў Баран. — Я шавец абутку экстракласу. Прыехаў з Амерыкі і хачу тут заснаваць майстэрню.
З таго часу Лідзія, гаворачы пра Барана, называла яго Амерыканец.
Забраўшы бялізну, Баран праз некаторы час зноў з’явіўся ў швачкі і замовіў гімнасцёрку… Яго не пакідала надзея спаткаць тут некалі Паўлінку. Але дзяўчына або не прыходзіла, або з’яўлялася там, калі Барана ўжо не было.
Лідзія пашыла гімнасцёрку. Баран забраў і яе. А Паўлінкі ўсё не было. Дзяўчыну таксама зацікавіў Амерыканец. Яна столькі наслухалася пра яго ад Лідзіі, якая больш ні пра каго не жадала размаўляць. «Ты падумай: шаўковую бялізну шые, і то з якога яшчэ шоўку. А якія пярсцёнкі носіць на пальцах! А што за партсігар! Мільянер ён, далібог, які ўцёк сюды ад бальшавікоў!» Паўлінка аж калацілася з цікаўнасці, але ёй аніяк не ўдавалася з ім спаткацца.
Праз некалькі дзён пасля апошняга візіту Баран прыйшоў да Баляў пад вечар і запытаў пра Уладзя. Куртатая пакульгала на падворак шукаць брата. Калі Заяц, здзіўлены нечаканаму госцю, прыйшоў у старажоўку, Баран запытаў у яго:
— Вяроўка доўгая ёсць?
— Вяроўка… вяроўка… вяроўка… — паўтараў Заяц.
— Прынясі мне, якія знойдзеш, канаты, вяроўкі, лейцы… Пойдзем у горад… ёсць там адна справа… Добра табе заплачу.
Заяц не распытваў, у чым справа. Хоць і быў ён пачварна брыдкі з выгляду, а язык яго не хадзіў гладка, аднак ён меў вялікі спрыт і быў у стане дзейнічаць хутка. Ён вокамгненна зразумеў, што справа пільная. Выйшаў са старажоўкі і праз хвіліну вярнуўся, цягнучы цэлае бярэма вяровак. Баран выбраў таўсцейшыя і мацнейшыя і, не пытаючыся, ці Уладзь мае час, сказаў:
— Хадзі!
Яны пашыбавалі ў цэнтр гораду. Ужо сшарэла.
Баран і Уладзь падышлі да студні ў глыбіні вялікага падворку. Баран пасвяціў ліхтарыкам уніз.
— Ёсць, — сказаў. — Яшчэ жывы.
Жук жыў. Жыў у студні ўжо два тыдні. Ратавала яго ежа, якую Баран вечарамі кідаў у калодзеж. Днём сабака запаўзаў пад скрынку, бо прадчуваў, што зверху могуць пасыпацца камяні. І сапраўды, дзеці штодзённа прыходзілі да студні і кідалі ўніз усё, што траплялася ім у рукі. Баран заўважыў, што камянёў у студні прыбывае. Ён не ведаў, аднак, як сабака пазбягае смерці. Ён толькі выявіў, што звярок усё яшчэ жыве, і нечакана для самога сябе вырашыў яго ўратаваць. Аднаму гэта было б цяжка. Прасіць некага з блатных ён не хацеў, бо тыя б дзівіліся, што хвацкаму злодзею прыходзяць у галаву такія глупствы. Тады ён згадаў Уладзя Зайца. Заўважыў, што той вельмі добры і ў дадатак мае гіганцкую фізічную сілу. Баран бачыў, як Заяц добра ставіцца да коней, заўважыў, што той без вялікага намагання — часам адной рукой — закідвае тыл воза, каб выехаць з двара або зацягнуць павозку ў стайню.
Баран разматаў канат, які працягнуў пад папярэчнай бэлькай, каб той заставаўся рухомы. Пасля гэтага іншую, танчэйшую вяроўку ён кінуў у студню, а яе другі канец прымацаваў да жалезнага клямара, які тырчаў з боку студні. Гэтай вяроўкай ён намерваўся выцягнуць сабаку. Сам ён хацеў спусціцца туды па канаце. Усё гэта ён мог бы зрабіць і сам, але не меў вяровак. Акрамя гэтага, яму была патрэбная падстрахоўка, калі б здарыўся няшчасны выпадак або калі б на доле сабраўся небяспечны для чалавека газ. Да таго ж ён планаваў аддаць сабаку Уладзю на гадаванне, пакуль не змог бы забраць жывёліну да сябе.
— Я спушчуся ўніз… Разумееш… Там сабака… Укінулі яго, паскуды… Калі мне нешта станецца, то ты мяне выцягнеш… Зразумеў? Ты ж павінен справіцца…
Барану падалося, што Заяц фыркнуў, нібыта засмяяўся, і плюнуў сабе ў далоні.
Баран разуўся. Адным канцом каната, які заканчваўся вялікай пятлёю, ён абматаў сябе пад пахамі і пачаў павольна спускацца ў студню. Ён памалу адпускаў другі канец каната, за які трымаўся рукамі, і гэтак з’язджаў уніз. Часамі ён абапіраўся босымі нагамі на няроўныя выступы на сценах калодзежа. У гэты час Уладзь трывожна прыслухоўваўся. Далонню правай рукі ён моцна ўчапіўся за канат, кантралюючы яго рух уніз. Праз некаторы час канат затрымаўся. Занепакоены Уладзь хацеў ужо крыкнуць у дол: «Што такое?» Але праз момант ён пабачыў у студні бляск святла.
Баран стаў на кучы з камянёў на дне калодзежа. Навокал было поўна кіёў і дубцоў. Скрынкі ўжо амаль не было відаць. Баран устрывожыўся, не пабачыўшы сабакі. «Можа, яго адсюль забралі?» — падумаў ён. Але неўзабаве знізу данёсся шоргат… Перапуджаны Жук з цяжкасцю лез у сваю хованку. Гэта было няпроста — яму заміналі камяні. Баран пераканаўся, што дастаць сабаку будзе цяжэй, чым ён меркаваў. Ён мусіў разабраць і гэтак скласці дубцы, кіі, паленне, цагліны і камяні, каб дабрацца да скрынкі, пад якой хаваўся Жук. Але і пасля гэтага дастаць сабаку было нельга. Скрынка была як умураваная. Выцягнуць яе было немагчыма, бо вакол яе навісалі каменныя кучы. Тады Баран усунуў руку ў скрыню праз дзірку збоку, праз якую сабака залазіў унутр. Калі ж даткнуўся рукою да шэрсці Жука, то адчуў на далоні моцнае клацанне зубоў. Вырваў руку. «Кусаецца, падла!»
Баран ахвяраваў шмат працы і часу, каб вызваліць перапалоханага сабаку з-пад скрынкі. Жук адчайна бараніўся: кусаў, драпаўся, ціснуўся як мага далей пад скрынку, у глей. Нарэшце Баран выцягнуў яго наверх і пасадзіў у мяшок. Прывязаў яго да канца вяроўкі, якая звісала да самага долу, і крыкнуў:
— Цягні!
Мяшок знік уверсе.