— Вось прынесла вам замову.
Баран узяў у рукі чаравікі і агледзеў іх. Потым узняў на Любу вочы, пад вострым і халодным позіркам якіх жанчына ледзь не прысела.
— Чаго пані жадае? — сказаў ён суха.
— Можа, вы мне параіце, што з імі зрабіць?
— Можаце выкінуць іх на сметнік.
Люба схапіла чаравікі і, не развітаўшыся, як мага хутчэй выпырхнула з памяшкання.
Гэта была першая кліентка Аляксандра Барана, уладальніка шавецкай майстэрні «Варшавянка», размешчанай на вуліцы Захар’еўскай, нумар дому 157, у горадзе Менску. Адбывалася ж гэта ўсё вясной 1918 года. Вясной, якая была нечакана ранняй, цёплай і трывожнай.
4
ТАВАРЫСТВА З НЕАБМЕЖАВАНАЙ НАХАБНАСЦЮ
Баран быў непісьменны, але ўмеў чытаць тое, што было надрукавана вялікімі літарамі. Затое дробны друк выклікаў у яго вялікія цяжкасці пры чытанні. Цягам усяго жыцця ён ніводнага разу не прачытаў запар нават паловы кніжнай старонкі. Калі часам ён за гэта браўся, то стамляўся і знеахвочваўся, прачытаўшы ўсяго некалькі сказаў… Баран ніколі не хадзіў у школу. Ніхто яго не вучыў. Разбірацца ў значэнні друкаваных літараў ён навучыўся сам. Яму дапамагла вуліца. Перадусім плакаты і рэкламы. Напрыклад, цыгарэты «Ява». Гэтыя тры літары раскрылі яму сваё значэнне, калі ён быў яшчэ малы. Спачатку ён пачуў гэтую назву, а потым змог адрозніваць яе на пісьме, параўноўваючы з іншымі надпісамі на плакатах ды шыльдах, напрыклад, «Ада». Гэтак ён знаёміўся з асобнымі літарамі, а з часам пачаў іх спалучаць у склады і словы.
Калі Баран мусіў напісаць ліст у адзіночнай камеры ў турме, каб паразумецца з супольнікам, як гэта іншы раз здаралася, то ён выводзіў на паперы друкаваныя літары. Вельмі стараючыся, ён мог скласці некалькі важных для яго сказаў.
Надзелены вялізнымі здольнасцямі, Алік Баран хутка вучыўся разнастайным рамёствам, меў магутную сілу волі і характару, а таксама немалы спрыт і жывы інтэлект, якія дазвалялі яму лёгка, хутка і трапна ацэньваць людзей і сітуацыі. Пагатоў дзіўна, што ён не даў рады з чытаннем і пісьмом. Так сталася таму, што ніхто не ўказаў яму шляху да навукі, а Баран ніколі не меў уласнай кнігі, а друкаванае і напісанае лічыў недаступнымі для сябе рэчамі — «забароненымі»… І можа, таму ў ім вырасла вялікая павага да тэарэтычнай навукі. Кнігу ён браў у рукі вельмі асцярожна, нібы асцерагаючыся, каб яна не разбілася. Перад кнігамі ён адчуваў сябе малым, недарэчным, бездапаможным. Навука была для яго чароўнай магіяй, якая давала людзям уладу над светам. А калі людзі не маглі яе дамагчыся, маючы ў руках такую неверагодную зброю, то — ён быў перакананы — толькі таму, што былі фраерамі.
Тут, я лічу, варта пазбегчы далейшых непаразуменняў і растлумачыць значэнне слова «фраер». Людзі «аўтаматычна сумленныя» (прашу прабачэння ў чуллівых чытачоў) таксама часта ўжываюць слова «фраер», акрэсліваючы гэтак нечыю недасведчанасць або глупства. У злодзеяў «фраер» азначае перадусім чалавека, які не належыць да свету злачынцаў. Тайны агент следчага аддзелу (гінт, мосер, сабака, лягавы) — гэта таксама фраер, хаця зладзейскія штучкі ён можа ведаць нават лепей за шмат якіх прафесійных злачынцаў. Яшчэ слова «фраер» выкарыстоўваюць у залежнасці ад патрэбы і сітуацыі. Купрын пісаў у адным са сваіх апавяданняў, што ў злодзеяў «фраер» — гэта не пагардлівае слова, яно абазначае проста «багатага пана» — дадам — якога можна абрабаваць. Гэта няпраўда. Гэтае слова можна выкарыстоўваць па-рознаму, як, напрыклад, у цывілізаванай мове слова «сноб». «Фраер» у залежнасці ад патрэбы можна абазначаць і неразумнага, непрадбачлівага, няўклюднага і няздольнага.
Каб раз і назаўсёды патлумачыць гэтую справу, адзначу коратка: свет у вачах злодзеяў дзеліцца на дзве асноўныя катэгорыі — блатныя і фраеры. Блатныя — гэта свае (а якія яны, вы прачытаеце ў гэтых кнігах), а рэшта — фраеры самых розных гатункаў. Злодзей можа часам паважаць або захапляцца фраерам, аднак той заўсёды застанецца фраерам.
Баран, выйшаўшы з дому ў горад, амаль заўсёды купляў газету. Ён насіў яе складзеную напалову, у руцэ. Часам клаў у кішэнь. Баран не чытаў газетаў, ён шукаў у рубрыцы «Хроніка» выпадкі здарэнняў і крадзяжоў. Калі ён знаходзіў нешта вартае ўвагі — апісанне ўласнай работы ці ўчынкаў знаёмых хлопцаў, — то, пакутліва будуючы склады, расшыфроўваў змест. Акрамя прагі даведацца пра новыя трукі рыцараў адмычкі, ім кіравала і ранейшая звычка. Баран некалі займаўся далінай або, як кажуць расейскія злодзеі, хадзіў па шырме. Кішэнныя злодзеі звычайна працуюць, выкарыстоўваючы нешта як заслонку, якая прыкрывае іхныя рухі. Дзеля гэтага служыць капялюш, шалік, карціна, рамка, рукавічкі — у залежнасці ад спрыту і густу. Баран выкарыстоўваў газету, і хоць доўгі час ужо не быў кішэннікам, газеты па-ранейшаму купляў. Была ў гэтым і іншая рацыя. Чалавека, які мае ў руцэ, у кішэні або за адваротам пінжака газету, цяжэй западозрыць у прыналежнасці да рыцарскага ордэну з-пад знаку адмычкі, чымся некага іншага.
Сёння Баран таксама купіў на Саборнай плошчы газету і пайшоў на Нізкі рынак. Ён спадзяваўся пабачыцца там, у прытоне Цыпы, з Казікам Марацкім, з якім не спаткаўся мінулым разам, бо тады перашкодзіла яму работа, а потым Паўка, сабака Мілы, кантакты са швачкай, абсталяванне майстэрні… І так прамчаў час. Цяпер ён хацеў спатоліць цікавасць, што чуваць у Вільні, і думаў абмеркаваць з ім якое-кольвек новае заданне. Ён выдаткаваў амаль усё за апошні час на абсталяванне жытла, а на пошукі новай работы не меў часу.
Прытон Цыпы быў месцам, дзе збіралася зладзейская арыстакратыя гораду Менску. Сходка лічылася абсалютна бяспечнай, бо Цыпа ўмела здабыць прыхільнасць як звычайнай, гэтак і следчай паліцыі. Як кажуць злодзеі: і мянтоў[9], і мосераў[10]. Таму пра кожную аблаву, якія здараліся, зрэшты, вельмі рэдка, яна ведала загадзя і была ў стане папярэдзіць або схаваць сваіх кліентаў. А нават калі б яе не папярэдзілі, вобшук таксама нічога б не даў. Логава мела сваіх вартаўнікоў і такія схованкі, што знайсці іх можна было б толькі збурыўшы сцены і сарваўшы падлогі. А для спалоханых вераб’ёў заўсёды было некалькі выхадаў.
У Цыпы можна было вырашыць любую левую справу. Тут можна было знайсці скупшчыка на любы тавар, купіць фальшывы пашпарт або долары (за дваццаць фальшывых плацілі шэсць сапраўдных). Тут можна было набыць какаін ці марфін ды раздабыць прылады, патрэбныя для крадзяжу. Не выходзячы адсюль, можна было ўладзіць не зусім легальны інтарэс у розных установах гораду — нават у тых, мэтай якіх і было выкрыванне такіх інтарэсаў. Адным словам, гэта была зладзейская біржа, інфармацыйнае бюро, працоўнае пасярэдніцтва і клуб.
У кватэру Цыпы вялі з вуліцы каменныя сходы. Над дзвярыма вісела старая аблезлая шыльда, на якой ледзь заўважна віднелася: «Чайная». А знізу было прыпісана: «Цыпа Буф». Некалі там быў намаляваны і чайнік, але цяпер ён разам з фарбай амаль знік. Баран увайшоў у брудную гарбатню, у якой каля сценаў стаяла некалькі столікаў і зэдлікаў чырвонага колеру. Памяшканне было пустое — як звычайна. Рэдка тут з’яўляўся выпадковы селянін або заблукалы месціч, які, на здзіўленне ўладальнікаў замаўляў гарбату, якой тут ніколі не было. Баран наблізіўся да доўгай стойкі насупраць дзвярэй. За стойкай гаспадарыла незвычайна прыгожая габрэйка, сястра Цыпы, рудая Хана. Вогненная хваля запушчаных валасоў была сабраная на патыліцы ў вялікі вузел і ўяўляла з сябе нешта накшталт рамы для бледнага твару з чорнымі бровамі, пунсовымі губамі цудоўнай формы і з неверагодна пекнымі вачыма. Хана была не зусім нармальная. Ейны жаніх атруціўся за некалькі дзён да вяселля, і з таго часу ў дзяўчыны праяўляліся прыкметы псіхічнага нездароўя. Баран запытаў:
— Нашыя ёсць?
Хана доўга ўглядалася яму ў твар, яку пустое месца. Праз некаторы час яна адказала нізкім альтовым голасам:
— Ёсць.
Баран схіліўся і, пралезшы пад стойкай, прайшоў у адчыненыя дзверы. Ён мінуў паўцёмны пакой і апынуўся ў доўгім калідоры, які рабіў некалькі паваротаў і ствараў дзіўныя нішы і закуткі. Адсюль Баран увайшоў у прасторны пакой, які злучаўся некалькімі дзвярыма з рэштай гасподы. Тут усё клеілася ад бруду. Паветра, напоўненае вільгаццю, смярдзела півам, падгарэлым алеем і часнаком. Да яго трэба было прывыкнуць, каб пачаць дыхаць без агіды.
У пакоі, куды ўвайшоў Баран, за доўгім сталом, накрытым сіняй цыратай, сядзелі тры чалавекі. Панура яны ўзіраліся ў адзінокую пустую пляшку з-пад гарэлкі, што аздабляла цэнтр стала. Адзін з іх дыміў цыгарэтай, хціва ўцягваючы ў лёгкія воблакі дыму і затрымліваючы іх там. Баран прывітаўся з прысутнымі, а кампанія трохі ажывілася.
— Чаму ж ты тады не прыйшоў? — запытаў Філіп Лысы, пазяхаючы і драпаючыся па галаве, якая толькі на скронях і ззаду захавала скупыя рэшткі валасоў.
— Я не мог… Інтэрас трапіўся…
Філіп кіўнуў яму галавой і, зноў пазяхнуўшы, прамовіў:
— А Казік тады да трэцяй чакаў.
— А сёння яго няма.?
— Быў… Пайшоў з Янкам павука[11] агледзець… Маюць зараз вярнуцца… Казалі, што работа гарантаваная і так далей…
Ён зноў шырока пазяхнуў. Наагул ён пазяхаў часта і лічыў гэта прыкметай добрага выхавання. А сваё любімае «і так далей» — уплятаў усюды, не зважаючы на сэнс. Філіп Лысы апранаўся элегантна і вельмі любіў моднае адзенне. Ён надзвычай пераймаўся адсутнасцю валасоў на галаве, таму ператрос усе менскія аптэкі і медычныя склады ў пошуках самага надзейнага сродку для росту валасоў. Хлопцы ведалі пра ягоную слабасць і, не зважаючы на тое, што ён быў шанаваным злодзеем, часта жартавалі з яго, раячы розныя фантастычныя сродкі і метады, якія мелі б вярнуць яму ранейшыя кудзеры.
[9] Мент — турэмны ахоўнік, (у аўтара таксама паліцыянт. — заўв. перакладчыка).
[10] Мосер — шпік, выведнік.
[11] Павук — крама.