Праз пару хвілінаў і сам Баран пачаў выбірацца са студні. Пэўна, ён бы забіўся або сур'ёзна скалечыўся, калі б не Заяц, які кантраляваў далонню рух каната і раптоўна заўважыў, што бэлька, па якой слізгаўся канат, пачынае рухацца.
— Чакай! — крыкнуў Заяц уніз.
Баран зразумеў што здарылася нешта кепскае, і хутка знайшоў падпорку для босых ног пры сцяне студні. Уверсе сапраўды нешта адбывалася. Уніз пасыпалася зямля. Баран моцна прыліп целам да вертыкальнай паверхні і чакаў.
Заяц здолеў выняць наверх небяспечнае бервяно і вызваліў канат, за які ўхапіўся аберуч і лёгка пацягнуў — пакуль не адчуў упору.
— Я буду цягнуць! — крыкнуў ён уніз.
— Добра.
Неўзабаве Баран усеўся на краі студні. Ён быў увесь у балоце. Рукі і ногі былі ў крыві. Ён, не спяшаючыся, абуўся, крыху паправіў адзенне і выцер кроў на руках.
Разам яны забралі канат, вяроўкі і мяшок з сабакам. Потым рушылі ў прадмесце.
Баран не зайшоў да Баляў. Аддаў мяшок з сабакам Уладзю, уклаў яму ў руку некалькі банкнотаў і сказаў:
— Ты дагледзь мне ўжо гэтага сабачку… Занясі да ветэрынара… Няхай паглядзіць… Я заўтра прыйду.
— Добра, — адказаў Уладзь, сціскаючы цвёрдай, як дрэва, кароткай і шурпатай рукой далонь Барана.
Заяц ішоў дадому і ўвесь час усміхаўся. Дзіўным здалося яму гэтае здарэнне, і дзіўны быў гэты чалавек, які ўцягнуў яго ў гэтую справу. Заяц адчуў да яго агромністую сімпатыю.
Гісторыя з сабакам выклікала ў Баляў вялікую сенсацыю. Ім цяжка было зразумець матывы Барана.
Уладзь назаўтра аднёс сабаку да ветэрынара. Там Жука перавязалі. Ён меў зламаную лапу і некалькі брудных ранаў з запаленнем. Удома Уладзь часова размясціў сабаку ў вялікім падпечку на кухні. Сабака адразу ж схаваўся ў адтуліне. Яму паставілі міску з ежаю. Пакуль людзі глядзелі, сабака не еў, але калі на яго ніхто не пазіраў, ён выядаў усё дачыста і зноў хаваўся.
Паўця з таго часу, калі даведалася пра Амерыканца, часцей заходзіла да швачкі. Мужчына яшчэ больш яе зацікавіў, калі Лідзія вельмі красамоўна і з перабольшаннямі ад сябе расказала ёй пра ўчарашнія Уладзевы прыгоды. Негаваркі брат распавёў пра гэта ў некалькіх словах, яна ж склала цэлую гісторыю.
Пад вечар Паўця прыйшла да цёткі з нейкім вышываннем. Яна вырашыла абавязкова пабачыць Амерыканца. Неўзабаве з’явіўся і Баран. Ён адразу заўважыў прысутнасць Паўкі, і ягоны твар нібыта пасвятлеў. Ейная прысутнасць — як яму здавалася — змяніла выгляд дому. Зрэшты, апрача дзяўчыны, ён мала што заўважаў. А Паўка прыкусіла ніжнюю губу, пасля паслініла яе, каб тая стала яскрава-чырвонай, і з немалой зацікаўленасцю, але патаемна, зіркала на Аліка.
Баран прывітаўся з Лідзіяй і падышоў да Паўкі.
— А гэтую пекную паненку я першы раз тут бачу, — прамовіў ён весела.
Паўка запалала чырванню, а Лідзія застракатала:
— Гэта мая пляменніца. Што прыгожая, то прыгожая. Усе так кажуць. Але і свавольніца. Любіць мужыкам у галаве закруціць.
— Дзеля гэтага то і не трэба шмат старацца, — сказаў Баран.
Паўця з напускным дакорам глянула на цётку. Потым яна яшчэ ніжэй схілілася над вышываннем, скоса назіраючы за Бараном.
Алік нібыта змяніўся, павесялеў. З ягонага твару знік звычайны каменны супакой. Вочы ў яго блішчэлі. Паўка, упэўненая ў сваёй прывабнасці, час ад часу кідала на яго позірк, папраўляючы вышыўку. Баран дастаў цыгарэту і, пакінуўшы партсігар на стале для большага эфекту, запаліў.
«Прыгожая, як кветка. Півоня», — думаў Баран, гледзячы на дзяўчыну з усё большым захапленнем. Ён прысеў каля яе і пачаў аглядаць вышыўку. Праз момант ён звярнуўся да Лідзіі:
— А дзе Уладзь?
— Зараз прыйдзе… Пэўна, у стайні… Ці вам тут з намі ўжо нудна зрабілася?..
— Каля такой дзяўчыны я б усё жыццё не маркоціўся.
— Але ж з вас і майстар кампліментаў!
— А я праўду кажу… Я сваім вачам не паверыў, калі пабачыў тут такі цуд!
Барану ўвесь час здавалася, што ведае Паўку, што некалі яе бачыў. Ён стараўся ўзгадаць і не мог… Ад намагання ў яго ажно моршчыўся лоб, а позірк рабіўся востры, даследчы… Ён рабіўся няўважлівым.