— Граната... Без нарэзак па баках, гладкая — акурат яйка гусінае, і чорная. З матузком. Пуплік адвінціш, ён на матузку гэтым трымаецца. Пацягнеш — і ўзарвецца. Бацька твой, лічы, мог бы й загінуць у Клінах. Яны йшлі ажно з нашага лесу. Кругаля вялікага далі, Прапойск застаўся злева. З блакады выбіраліся. А тут — Сож, перапраўляцца трэба. Сталі плыты рабіць, цягалі бярвенне, звязвалі. Граська напетаваўся, вымак. Зайшлі з напарнікам у хату, а там — лямпа гарыць, і напарнік глянуў на гэту яго гранату на поясе і ўбачыў: адвінціўся пуплік, на матузку боўтаецца. «Ціха, — сказаў ён, — стой... Замры!» — Асцярожна адчапіў гранату, выйшлі й зашпурнулі ў Сож. Не ўзарвалася.
Тут ужо і мне было што ўспомніць:
— А ён жа сам, Лаўрэн, акурат такое ж «яечка» знайшоў на ўзлеску. Трымае ў руках і радуецца. Канешне, недабачваў ужо. Чуў, што чорныя буслы ёсць, то падумаў: прыляцелі й пакі-нулі яйка. Мы тады быкоў пасвілі, угледзелі Лаўрэна: сядзіць на пяньку і нешта разглядвае. Бацька паслаў мяне паглядзець, чым стары гэтак пільна заняты. Я падбег, а ён і не глянуў у мой бок — так захапіўся «яйкам», бубніць сабе пад нос: «Маіць, бусліха чорная знесла, аддам Хіме, пакладзе пад квакуху...» Ягоную знаходку бацька амаль што сілком адняў, адвінціў закрыўку, вышмаргнуў чаку і закінуў на другі бок азерца, у лазовы куст. Дык той куст ажно ўзняло ўгару.
— Лаўрэн тады два дні з дому не выходзіў — хворы ляжаў, так напалохаўся. Граська яго ад смерці ўратаваў, гэта праўда. А заадно і яго жонку, Хіму. Прынёс бы двору, яшчэ надумалі б спячы тое яйка. Во атрымалася б яешня! — Маці пасміхнулася. Пасля ўхвальна адзначыла: — Бацька твой на курсы хадзіў. Ён панятлівы — вучылі на сапёра. Бачыш, ведалі, што будзе вайна... Але ж і пасля вайны, ужо бязрукі, доўга сапёрства свайго не кідаў — са снарадаў порах даставаў, шрапнель... Займеў чалавек прафесію.
— Мама, ад каго вы ўпершыню пачулі, што бацьку параніла... Як даведаліся?
— Еўдакім — гэты, усохскі, быў акурат у тэй самай роце сапёрнай, дзе і бацька твой. Ён прыслаў пісьмо (ці так неяк перадаў), і на Усоху, чую, сталі гаварыць, што мой Граська ранены. А тут і кума Каця прыйшла, кажа:
«Ты, Ева, толькі не хвалюйся... Сільна раніла твайго чалавека. У канцы сакавіка, а можа, раней. Ці не трынаццатага, маіць... Благое чысло».
«Хто казаў?!»
«Была на Усоху, дык ад Еўдакіміхі чула».
Я — на Усох. Еўдакіміха мне і кажа:
«Жывы ён, толькі раніла — руку пабіла і левы бок...»
Я двору іду, плачу. Зіма была лёгкая. Праўда, дужа снежная — вялікія ярусы снегу паўз дарогу намяло. Сяду на гурбу снежную, наплачуся і далей іду. Якраз паштарка дагнала мяне. Кажа:
«Нясу вам грошы, дзве сотні».
Я ўзяла купон, падзякавала. А сама думаю: «Няхай бы пісьмо прыйшло». Па грошы давялося ісці ажно ў Чэрыкаў. Купіла на пяцьдзесят рублёў цыбулі, сяўку, каб што пасадзіць было вясной, узяла дзве буханачкі хлеба — з рук, на базары. I пракаялася: разламала буханку — бульба тоўчаная ўнутры, зверху толькі скарынка мучная. Што ж, калі бульба, то я, каб у другі раз не цягнуцца, бульбы на семя купіла. Два пуды, як панесці. Так і разбасорыла тыя грошы. Пакуль двору дачапала, дык ужо і ноч.
— Разбасорыла?!.
— Патраціла... Распусціла... Гэтак усе кажуць. А ў нас, бачыш, і разбасорыла ёсць.
— Поўнае слова, з коптарам!
— Які ж тут коптар?.. Не-е, каб сабрала — быў бы й коптур твой. А тут — разбасорыла. Пуста ў кішэні. Ага... Дык слухай жа. Як чакаць ад бацькі твайго пісьма, як чакаць — месяц мінуў. Цёпла стала. Не азываецца: дзе ён, што з ім... Плачу. Ужо і май настаў. I якраз сон мне стрызніўся: нібы ляціць самалёт з зорачкай, ястрабок. Прачнулася, радая такому сну... I трэба ж — пісьмо прынеслі. Напісана чужой рукой. Граська просіць маю маму, каб памагала мне, чым толькі можа. А ўскорасці яго прывезлі ў Прапойск, у шпіталь. Насілі камсамольцы салдатам падарункі, і Граська пазнаў хлапца Дуньчынага. Гэтай Дунькі, што ў Бярозаўцы жыве. Аклікнуў, тэй падышоў. Дунька пабыла ў шпіталі, разведала ўсё. Прыйшла да мяне: «Кумачка, не плач...» — I ўсё расказала: і пра што з Граськам гаварыла, і як ён выглядае. У мяне ўсё так і сцялася. Каб жа выплакалася, было б лягчэй. Ды плакаць не магу... Пайшла ў Прапойск. Жэня за мной бяжыць. I ты бег — ажно да шашы. Праўда, Ніна цябе неяк угаварыла — павяла двору. А Жэня са мной застаўся. У яго штанцы — лапік на лапіку. А сама я надзела спадніцу — за бочку неяк закінулася і ляжала, ніхто не ўбачыў, уцалела. Прыйшлі мы ў шпіталь. Я адчыніла дзверы, медсястра пытае:
«Хто вам трэба?»
«Герасім... Масарэнка.»
«Яму перавязку робяць...»
Падышоў салдат, повар, даў Жэню два хлябцы-недарэзачкі. Тут нас і паклікала медсястра:
«Хадземце». — Павяла ў тую самую хату, дзе да вайны жылі ўрачы, што ў бальніцы рабілі. Бачу, доктар стаіць ля акна, ваенны. Глядзіць на мяне. У хаце паветра спёртае, прадыху няма — кругом нары. I раненыя хто-як ляжаць. Бацька прыўзняўся, паклікаў Жэню:
«Сынок!»
«Тата!..» — кінуўся Жэня да бацькі, усхапіўся на нары й сеў побач.
I я падышла, кажу:
«Здароў!»
«Ну здарова, — адказвае. — Што глядзіш?.. Не дужа перажывай. Усё страшнае — чорт на загрыўку носіць. Бачыш, троху паклычаны. На тое і вайна». — Спакойна так глядзіць на мяне, Жэню па галаве гладзіць.
Бутэлька нейкая стаіць пры ім, шланг уторкнуты. Я падняла галаву, гляджу. А ўсё ўва мне гарыць — стаю, як у полымі. Граська зноў суцяшае мяне:
«Ты нічога не бойся... Я і шыць буду, і йграць. Мы шчэ парадуемся... Глядзі дзяцей, сябе беражы».