“Только не шумите”, – сказала адміністратарка. – “После десяти запрещено”.
Бацька паглядзеў на яе неўразумела. Што яна мае на ўвазе? Не шуміце? Са сходаў, якія вялі наверх, да нумароў, грымела чорная пустэча. Выключаны тэлевізар за ягонай сьпінай аглушальна вяшчаў пустой канапе перад ім пра тое, як сталіца адзначыла сьвята. Гатэль ныў усімі сваімі вусьцішнымі калідорамі і забінтаванымі прыбіральнямі пра тое, што яму балюча стаяць тут, расьці тут, што ў яго ёсьць зуб, які трэба тэрмінова вырваць. Ці ня ты той зуб, бацька? За акном гуў, баляваў баявы лінкор-рэстаран “Император Павел” – як здаровае местачковае сэрца, ён ня мог спыніцца ні на сэкунду.
Пра якую цішыню яна кажа?
Адміністратарка зразумела яго маўчаньне па-свойму.
“Вы в гостинице один”, – пачала яна перабіраць фармуляры, – “Но это не значит, что вы можете тут всё, как у себя дома. Не забывайте, что это гостиница, а в гостинице есть свои правила…”
Ён напружана слухаў і не разумеў, што яна кажа.
“Вы на машине? Дети? Животные? Напишите вот здесь”.
Нарэшце ён атрымаў ключ: чацьверты паверх. Мінулым разам быў трэці – пайшоў на павышэньне. Адміністратарка правяла яго падазроным позіркам. Бачыла б яна, што ён нясе ў руках. Хаця гэтага, натуральна, ня мог пабачыць ніхто. Гэта было проста адчуваньне – але такое моцнае і жывое, што за ўвесь дзень бацька так і ня змог ад яго пазбавіцца.
Адчуваньне пакорлівай дзіцячай рукі ў ягонай дарослай і грубай руцэ. Быццам адарваў тую руку і ніяк ня можаш выкінуць.
Ён адамкнуў дзьверы і ўвайшоў – калі б адміністратарка пабачыла, яна б абавязкова сказала з папрокам: як да сябе дахаты. Ну што ж, у чалавека зь лесу мусіць быць менавіта такая хада.
Убогі цесны пакой, жоўты, як кветкі ў руках Маргарыты. Кляймо на клапатліва складзенай прасьціне. Добра спаць – значыць марнаваць працадні. Ідэальна чыстая, як нечы настойлівы голас, попельніца, у якой хацелася ўтапіцца. Той самы чорны тэлевізар. Хочаш, паваражу? Уключы мяне. Ты памрэш. Ты ўжо памёр. Толькі калі ты ўключыш мяне, пра тваю сьмерць даведаюцца ўсе. А калі так і застанешся стаяць з разяўленым ротам – замест раю ты штоночы будзеш трапляць сюды, у Гасьцініцу. Правінцыйную Гасьцініцу, у якой замест зорак – галовы найлепшых людзей раёну на дошцы гонару перад уваходам.
Як і мінулым разам, бацька нават не прысеў – так і замёр, стоячы проста пад лямпачкай, у якой, як і тым разам, танчыў на сваіх вуглях яе несьмяротны стомлены раб, маленькі, танюсенькі залаты чалавечак. Гасьцініца, каб паміраць. Пасьпешліва, навыперадкі. Убоства і асуджанасьць: нічога не атрымаецца, выйсьця няма. Выйсьця ня будзе.
І тады ён прыгадаў яе песьню. Песьню той жанчыны, зь якой некалі атрымалася Лёся. Жонка сьпявала яе, калі была цяжарная. Песьня пра апошні пакой. Напэўна – ён ужо й ня памятаў – гэта была яе апошняя песьня. Пасьля якой яе вырашылі зьнішчыць, выгнаць з мовы.
Гэта была доўгая песьня. Пад яе можна было заснуць, калі не разумець словаў. А калі ты разумеў іх – пад яе можна было не прачнуцца. Як даўно гэта было: бацька нават забыўся словы і рыфмы, у галаве заселі адны абрыўкі; ён паспрабаваў прыгадаць мэлёдыю, ціхенька прагудзеўшы сабе пад нос тое, што памятаў – выйшла жаласьліва і няўцямна. Гэта была толькі яе песьня, ніхто ня мог прасьпяваць яе так, як яна.
Яна сьпявала пра розныя пакоі, у якія мы ўваходзім і якія пакідаем.
Палата радзільні, ад якой у памяці застаецца толькі сонечнае сьвятло.
Бацькоўская спальня, дзе ты маеш права на месца паміж імі – гэтымі двума незнаёмымі табе яшчэ людзьмі. Прыйдзе час – і ты даведаешся, што яны зусім ня тыя, за каго сябе выдаюць.
Дзіцячы пакой, у якім жыве твой народ, а ты ў яго ў закладніках, бо ты і ёсьць – бог. А вы думалі…
Кабінэты, камэры, купэ, прыбіральні, казармы, палаты, цэхі. Нумары гатэляў.
І ён – апошні пакой.
Яе забралі раніцай, калі толькі-толькі прачнуліся галубы. Ён сам тады выклікаў хуткую. Зачыніў зусім яшчэ малую Лёсю ў лазьніцы і пайшоў сустракаць дактароў. Часам яму здавалася, што Лёся так ніколі і не даравала яму гэтага кароткага зьняволеньня – яна так і не разьвіталася тады з мамай. Але ён ня мог інакш. Яна сядзела з нажом на падваконьні, калі ён прачнуўся, сядзела і абірала сябе, як яблык. Да самых костачак. Наразала роўныя палоскі скуры, і ў двор капала кроў – быццам нехта ёй кветкі толькі што паліў. Ён прачнуўся і кінуўся да яе, а яна толькі пасьміхалася яму вінавата, як малое дзяўчо. Хто даў ёй нож?
Яе адвезьлі ў сталіцу. Ён наведаў яе толькі адзін раз. “Я не аддам яе ім”, – парывіста прашаптаў ён. – “Я зраблю ўсё, як мы задумалі!” Але жонка не пазнала яго. Прабегла затуманенымі вачыма па ягоным твары, пазяхнула, а потым зарагатала, і зноў занурылася ў сябе. Ёй хацелася толькі аднаго – спаць. І бацька зразумеў, што застаўся адзін.
Да таго ж паездкі абыходзіліся б яму нятанна. У яго была Лёся – пра яе і трэба было думаць. Пра яе і пасланьне, якое Лёся мусіла перадаць.
Ён упаў на ложак і захінуў твар рукамі.
“Я ляжу тут, замкнуўшыся, быццам баюся нечага, на казённым ложку, нерухомы, як драўляная лялька. На скуры маёй правай рукі, каля самага пляча бялее некалькі дробных плямін. Быццам руку ў гэтым месцы паеў нейкі лянівы шашаль. Яны рознае велічыні, тыя плямкі – калі тут наагул можна гаварыць пра велічыню, бо самыя вялікія зь іх ня большыя за кроплю або кропку. Час, вядома, добры хірург – але не найлепшы касмэтоляг. З гадамі пляміны бляднеюць, а мне ўжо далёка за трыццаць – але ўсё роўна іх дагэтуль можна разгледзець голым вокам, варта толькі досыць высока закасаць рукаў.
Ну так, нам заўжды тлумачылі, што гэта сьлед ад прышчэпкі, неакуратна зробленай у самым раньнім маленстве. Такім раньнім, што раней можа быць толькі кулявая рана зачацьця. Прышчэпка, вакцына, бэцэжэ – казалі некалі дарослыя; апошняе гучала асабліва агідна, быў у ім дух паліклінікі зь яе дзярмом у пушачках для запалак, картачнымі гульнямі і злавеснымі надпісамі на гулкіх тазах. І мы верылі дарослым на слова. Вырасталі, расчароўваліся, думалі, што разумнеем – і ўсё адно верылі. Верылі, не задумваючыся пра тое, што, уласна кажучы, мы ня маем ніякіх доказаў, што гэтае маленства сапраўды з намі было. Памяць не працуе на такіх адлегласьцях, сыгнал зьнікае, і фільм пра тыя падзеі ня грузіцца. А сьветлыя плямкі і цяпер праступаюць на скуры, нагадваючы пра нешта важнае.
А яшчэ кажуць, што па гэтых сьлядах ад прышчэпкі іншаземцы беспамылкова вызначаюць нашае паходжаньне. Маўляў, такое таўро маюць толькі людзі, народжаныя на ўсход ад культуры, на поўнач ад гісторыі. Людзі адтуль, дзе вуліцы да сёньня называюць імёнамі забойцаў, дзе гадуюць помнікі, быццам кветкі, дзе пішуць кірыліцай і кіруюцца ў жыцьці не законам, а законамі жанру.
Быў час, калі я таксама верыў ва ўсё гэта. У бэцэжэ, маленства і іншаземцаў. Ну, ня тое каб браў усё на веру – а неяк проста не пераймаўся такімі пытаньнямі. Праўда, зрэдку ў мяне зьяўляліся розныя падазрэньні, але я пасьпяхова гнаў іх прэч, як раўнівец змагаецца зь першымі, яшчэ кволымі вобразамі здрады. Я верыў у любоў і сэнс. У што я толькі ня верыў. У адраджэньне і малінавае дражэ, у сяброўства і сям’ю, у мову і ў каву, у рэвалюцыю і люстрацыю, у Зянона і Плятона, у літаратуру і Тураўскае евангельле… Ісьціна нагнала мяне так позна. Яна прызначыла мне тут, у гэтай богам забытай гасьцініцы, у горадзе, пра які ня ведае ніхто, апрача яго жыхароў”.
Калі Лёся прачытае гэта, яна будзе ўжо зусім вялікай. Цікава, ці будзе ёй зразумелая яго мова? Або ёй давядзецца шукаць старыя-старыя кнігі, каб перакласьці ягонае трызьненьне на язык будучыні. Ён паспрабаваў уявіць сабе Лёсю дарослай жанчынай – і ня змог. Такія дзеці, як яна – гэта карлікавая парода дарослых. Яны не вырастаюць, яны мучаць сваіх бацькоў, гледзячы на іх зьнізу вечна дакорлівымі вачыма.
Некалі ў пазамінулым жыцьці яны зь Лёсяй слухалі музыку, каб іх ніхто не пачуў. Бывала, ён уключаў нейкую эстраду, каб ніхто нічога не западозрыў. Але часта гэта было і нешта годнае: Сіа, нільская сітаўка, мусіла заставацца высакароднай птушкай. Падчас сьняданкаў яны слухалі Шнітке. Можа, яны слухалі яго нават перад сном. Бацька намацаў на стале тэлефон. Больш за ўсё ён любіў вось гэта – “Вар’яцтва”. Безуміе – як яны кажуць.