Ён адшукаў “Безуміе” у сваім тэлефоне – і Шнітке безь пярэчаньняў зайграў у гэтым безнадзейным пакоі. Тэлефон ледзь-ледзь цягнуў, увесь час крывячы мэлёдыю – але і гэтай прытарможанай, пакутлівай музыкі хапіла, каб у кутах пакоя заварушыліся здані, і неўзабаве нумар №42, у якім на ложку ляжаў чалавек, што называў сябе бацькам, напоўніўся дзіўнымі істотамі. Яны абступілі ложак, яны клалі яму далоні на гарачы лоб, яны гаварылі зь ім на ягонай мове, яны дапамагалі яму ўспомніць, дзе мэта ягонага падарожжа.
Я проста ратаваў сваё дзіця, тлумачыў ён ім. Яны ківалі, іх рабілася ўсё больш у пакоі. Пустая гасьцініца, у якой гарыць толькі адно акно.
У дзьверы пагрукалі. Спачатку нясьмела, але потым усё больш рашуча.
Безуміе… А яшчэ лепш так – бізуміе. Зь языком можна рабіць усё, што захочаш, ён ацалее, ён чысты і моцны, як дзіцячыя вочы. Біззззуууумііііе… Зум-зум-зум, бінхен зум херум. Моё ль безззуміе бормочет, твоя лі музыка растет… Безуміе бормочет, музыка растет. На мове зусім ня так: вар’яцтва, так мы кажам, вар’яцтва – нейкае вар’етэ, танцы, закусачкі, гарэлачка, белая гарачачка на сподачку. Зусім іншая рэч – беззззуууум-міе… Моё ль безуміе бормочет… Чаму іхныя паэты не напісалі такога? Мова ня тая? Чаму не пусьцілі беззззууууміе ў свае вершы? Жнівеньская ноч як звар’яцела, разьвязала чорныя мяхі, сотні тысяч зорак перасьпелых сыплюцца на мокрыя імхі. Чорныя мяхі, мокрыя імхі: моё ль ты, безззуміе?.. Што мне рабіць, Жыдзе?
Дзьверы зноў задрыжэлі ад грукату.
“Ня шніткайце! Што вы тут усё шніткаеце? У вас дзіцёнак плача! Што вы яго шніткаеце? Прыбярыце рукі ад дзіцяці! Я такіх забіваў бы, на месцы! Это не значит, что вы можете, как дома! Мёртвыя ня какаюць!”
Безззуміе… Ягоныя бізуны, ягоныя бязьмены, ягоны бізнэс.
“Мне что, милицию вызывать? Сейчас же выключите свет и ложитесь спать! Спать, я сказала!”
Бізззуміе… Бізантыйскае, безадказнае, безадмоўнае. Што мне рабіць, Жыдзе? Жыць? Што мне рабіць, князь Нягорша? Славіць цябе?
“Навошта?” – адказаў голас з-пад бліскучага, як сонца, шалома, голас з русай барады, справядлівай, як пшанічнае поле. – “Можа, лепш патэлефануй ёй, Жанчыне з жоўтымі валасамі? Якую ты лічыў сваёй.”
Каці?
“Мы ўсе яе так любілі”.
Каця. Толькі набраўшы нумар, ён адразу ж пачуў яе на дзіва чысты голас – быццам яна толькі і чакала гэтага моманту. Быццам стаяла там, за дзьвярыма гэтай ночы, і прыслухоўвалася да яго бізззууумія. Як быццам ведала, што ключ ад яго безззууумія ў яе руках.
“Каця…”
Каця паклала гэты ключ сабе ў рот. Каця смактала гэты халодны ключ, і тое, што ён чуў, было ўсяго толькі звонам ключа, які стукаў аб яе дзівосныя маладыя зубы. І ён слухаў гэты мэлядычны звон, а яна гаварыла нейкія дзіўныя рэчы, і бацька нават не стараўся зразумець іхны сэнс:
“Сдай сядай импо мочьте бе, ине звон иболь ше».
Гукі былі звонкія, чыстыя. Цудоўная мова, дасканалая ў сваёй незразумеласьці. Дай! Дай! Дай! Звон! Боль!
“Выплюнь ключ”.
“Яле чусь”.
“Выплюнь ключ, Каця”.
“У самого лучшего доктора”.
“Ключ, Каця”.
“Я не понимаю, что ты там говоришь. Связь ужасная”.
Ключ застаўся ў яе ў роце, але звон сьціх. У дзьверы цяпер барабанілі кулаком – быццам Шнітке падыгрываў нейкі бубнач і ніяк ня мог падабраць рытм.
Бацька адчыніў акно і сеў на падваконьні. Перад ім ляжала ўсё гэтае мястэчка, гарадок, у якім гэтым людзям так хочацца вярнуцца, што яны плачуць, пяючы пра “эту уліцу ў тры дома, дзе ўсё так проста і знакома”. З “Императора Павла” гучала караоке, і гукі ягоныя дзіўным чынам траплялі ў ноты Шнітке, а бубнач за дзьвярыма псаваў усю справу. Пад акном пілі і закусвалі, пілі і закусвалі.
Яго заўважылі не адразу, а калі заўважылі, было позна. Напэўна, ён сьмешна выглядаў у гэтым асьветленым акне са сваімі спушчанымі ўніз нагамі.
“Эй, мужик! Иди, выпей с нами!”
Куды мне ісьці, Жыдзе?
“Я говорю, иди, выпей, я ставлю! Мы тут до утра гуляць будем, все равно не заснешь! У меня сегодня счастье такое! Дочка родилась!”
“Замест каго?” – спытаў зьверху бацька.