Ён вывеў іх з гэтага непрытульнага пакоя з кратамі на вокнах і павёў у іншы – там на акне таксама былі краты, але акно выходзіла ў двор, і можна было спакойна назіраць, як па вуліцы ідуць людзі, як у іх пад нагамі сноўдаюць галубы, і як палівальная машына паволі падкрадаецца да кампаніі школьніц, якія ішлі кудысьці і курылі, няўмела пускаючы дым. Можна нават было разабраць, пра што гаворыць гэтая вуліца – а гаварыла яна пра рэчы, якія Лёся і Лёччык не зусім разумелі: пра тое, што сёньня канцэрт, і вабшчэ празьнік, і што з самага ўтра ў парку танцы…
Міліцыянт замкнуў дзьверы і сышоў, пакінуўшы іх у гэтым пустым пакоі, дзе была толькі брудная лавачка і сьветла-зялёныя пафарбаваныя сьцены, якія адразу ж ім не спадабаліся. Лёся хутка разгадала іх сакрэт: калі заплюшчыць вочы, сьцены рабілі непрыкметны рух – і прасторы ў пакоі заставалася меней. Гэта былі жывыя сьцены, якія ссоўваліся, калі на іх ніхто не глядзеў.
“Проста давай ня будзем міргаць”, – прапанаваў Лёччык. – “І тады яны нічога нам ня зробяць”.
Лёся пагадзілася, але не міргаць у яе чамусьці не выходзіла. Вочы напаўняліся сьлязьмі і сьвярбелі. Яны згулялі ў гэтую гульню дзесяць разоў – бо Лёччык хацеў давесьці ёй, што не міргаць – гэта магчыма, і Лёччык выйграў дзесяць разоў запар.
Ён і праўда мог сядзець і не міргаць – зусім, быццам вочы ў яго былі на распорках. А Лёсі плакаць хацелася ад зайздрасьці.
І тут замок у дзьвярах зарыпеў, і на парозе зноў зьявіўся той самы маленькі міліцыянт зь вялікай галавой.
“Ну ўсё”, – сказаў ён. – “Выходзім. Папа прыехал”.
Яны вярнуліся ў той самы пакой са школьным сталом. Перад імі стаяў мужчына з тварам, зарослым шчэцьцю, і ў цёмных акулярах. На мужчыне была вайсковая форма, але без пагонаў і наогул безь ніякіх знакаў. На нагах у мужчыны былі высокія вайсковыя боты. Ён быў падобны да грыбніка, ці рыбака, ці паляўнічага. Ну, нешта такое. І трымаў руку каля вуснаў, нібы ўвесь час хацеў штосьці нашаптаць на вуха.
“Вашы?” – спытаў міліцыянт.
“Мои”, – глуха сказаў мужчына ў вайсковай форме. – “Пошли. За мной”.
“Вы бы лучшэ за імі сматрэлі”, – павучальна сказаў міліцыянт. – “Падпішыце вот тут. І тут. І ў нас к вам просьба. Вы ім там усыпце па поўнай дома, есьлі, канешна, рэлігія пазваляет. Былі б маі, я б усыпаў”.
“Всыплю”, – сказаў мужчына, гледзячы некуды ўбок, і ўсё гэтак жа трымаючы руку ля вуснаў, так што цяжка было разабраць, што ён кажа. – “Усыплю. Конечно”.
Лёся і Лёччык паслухмяна пайшлі да выхаду, а мужчына схапіў іх за рукі – Лёччыка за правую, Лёсю за левую – і пацягнуў іх, як быццам яны ўпарціліся. Але калі яны ўжо выходзілі на калідор, голас міліцыянта спыніў іх:
“І ешчо!”
Яны ўсе трое павярнуліся да яго.
“Памойце іх! Абязацельна!”
Мужчына кіўнуў і пацягнуў Лёччыка і Лёсю далей, на вуліцу.
Там, у цені пад каштанам, стаяў невялікі фургон. Такія апошнім часам шмат дзе сустрэнеш у нашай краіне: зь лягатыпам якой-небудзь няіснай цяпер нямецкай фірмы, з даўно неактуальным чужаземным тэлефонам на падраным баку і рэклямай невядомага зьместу. Мужчына падвёў дзяцей да задніх дзьвярэй і адчыніў – унутры было цёмна і холадна, як у яміне, і падлога была ўся ў бурых, густых плямінах.
Ён азірнуўся па баках і паказаў пальцам усярэдзіну:
“Залазим внутрь и молчим”.
“А пальцам паказваць…” – пачала Лёся, але гэты незнаёмы ім тата нецярпліва схапіў яе за талію – і яна паляцела ўглыб фургона, а ўсьлед за ёй паляцеў і Лёччык, якому такая акрабатыка нават прыйшлася даспадобы. Дзьверы ляснулі, і Лёся зь Лёччыкам апынуліся ў поўнай цямрэчы. Яшчэ адзін кароткі, рэзкі ляскат – і фургон са зларадным бурчаньнем папоўз па брукаванцы, потым крэкнуў, разагнаўся – і Лёся і Лёччык ілбамі адчулі, як хутка ён рвануў зь месца і пабег па вуліцах.
“У яго зубы, як іголкі”, – сказаў Лёччык. – “Цікава, як ён цалуецца са сваёй жонкай”.
“Можа, у яе зубы, як ніткі”, – сказала Лёся.
Па тым, як гаварыў рухавік, і тым, як падтаквалі яму колы, яны неўзабаве дапялі, што фургон выехаў зь мястэчка. Зрабілася яшчэ больш холадна, і вецер даставаў іх з усіх шчылінаў, як яны ні стараліся знайсьці зручнае месца.
“Ты пасьпела прачытаць, што напісана на гэтым фургоне?” – спытаў Лёччык.
“Шрэдэр і сын, рамонт сантэхнічнага абсталяваньня кругласуткава, усталяваньне ваннаў, унітазаў і замена трубаў”, – сур’ёзна, нават заклапочана прадэклямавала Лёся.
“Ясна”, – Лёччык прысунуўся да яе бліжэй.
Яны ехалі ня надта доўга – фургон таргануўся і спыніўся. За тонкімі сьценамі пачуўся агушальны птушыны сьпеў. Там шумеў лес, адтуль пахла ігліцай і зямлёй. Дзьверы адчыніліся і ў вочы Лёсі і Лёччыку зноў ударыла сьвятло. Яны прыціснуліся да сьценкі – а незнаёмы тата разнасьцежыў дзьверы, так што ў фургоне зрабілася зусім сьветла. У прастакутніку перад імі, як на экране, яны зноў пабачылі лес.
Як жа хораша! – падумала Лёся. Пасьля ўсіх гэтых аўтобусаў, уазікаў, фургонаў і кабінэтаў. Калі б я была ваўкалакам, я б уцякала ў лес не ўначы, а з самай раніцы – прыйшло ёй раптам у галаву. Невядома, зь якой прычыны.
“Хорошо”, – працадзіў мужчына, быццам бы пагадзіўшыся зь Лёсінымі думкамі. – “Хорошо”.