Баравой Дохлы падняўся з-за стала і падбег да іх. Ростам ён быў амаль да самай столі, скрозь якую дзіркамі сьвяціла нядобрае неба. Баравой Дохлы схапіў са стала іхны атлас, і рукапіс, і разарваў усё гэта на дробныя шматкі – адным рухам: быццам папера сама разьляцелася белым пер’ем ад аднаго толькі дотыку гэтых жудасных рук.
“Девочька”, – прашыпеў ён, патаптаўшыся па абрыўках. – “Вкусная, грязная девочька с грязным голосом! Нет, ты не достанешся злому доктору с его холодными железными игрушками, ты будешь моя. А к доктору поедешь ты…”
Ён паказаў пальцам на Лёччыка.
“Доктору нужны мальчики, он их так любит! А девочька, скажем мы ему, девочька умерла! Случяйно! И мы его не обманем!”
І тады ён лізнуў Лёсіна калена – толькі што быў вышэйшы за ўсіх, даставаў галавой да самай столі, і тут апынуўся ў іх пад нагамі. Але яны нічога не пасьпелі зрабіць, як Баравой Дохлы зноў вырас да таго месца, дзе цяпер сьвяціла лямпачка – бо ў доме было цёмна і зьніклі ўсе вокны.
І тут зазваніў тэлефон. Баравой Дохлы нехаця палез у кішэню сваіх салдацкіх штаноў.
“Да”, – сказаў ён, і на грудзі яму капнула сьліна, ружовая і густая. – “Да! Да-да-да!”
“Ничего, я успею,” – сказаў Баравой Дохлы, хаваючы тэлефон у кішэнь. – “Маленькая девочька, маленькій язык, маленькие заботы… Когда я вернусь, вы будете крепко спать. Спокойной ночи!”
І ён выйшаў з дамка, замкнуўшы за сабой дзьверы. Лёся і Лёччык засталіся ў поўнай цямрэчы.
А цагляны будынак, на якім усё яшчэ вісела шыльда з надпісам “Паграничный кантрол”, пачаў запаўняць газ.
Гэты газ пах салодкімі лугавымі кветкамі. Ён пах так добра, што на імгненьне Лёсі і Лёччыку падалося, што гэта вецер прынёс з лугу гэты цудоўны водар. Але вось Лёся пачала пазяхаць, і вочы яе сталі прасіцца, каб яна дазволіла ім трохі паабдымацца. Лёччык глядзеў на яе з трывогаю – аднак як яна магла яе пабачыць? Газ ішоў аднекуль збоку, Лёччык паспрабаваў адшукаць, адкуль менавіта, але было так цёмна, што ён знайшоў толькі мыш. Мыш-палёўку, якая даўно ўжо спала.
Яны пачулі, як за дзьвярыма нецярпліва топчацца па бітай цэгле Баравой Дохлы.
“Лёся”, – паклікаў яе Лёччык, але яна адказала не адразу.
“Што? Лёччык, здымі… Здымі зь мяне гэты сон. Я ведаю, ты можаш”.
“Не здыму”, – маркотна сказаў Лёччык. – “Не магу”.
“Лёччык”, – цяпер ужо яна паклікала яго слабым голасам. – “Хто ты, Лёччык?”
“Я ня ведаю”, – сказаў Лёччык. – “Раней я думаў, што я звычайны хлопчык. А цяпер ня ведаю. Але я твой брат, можаш не сумнявацца”.
Цяпер пакой пахнуў так, як быццам іх зь Лёччыкам душылі букетам кветак.
“Можа, зараз прыедзе доктар і нас уратуе?” – спытала нябачная ў цемры і амаль нежывая Лёся.
“Ён не пасьпее”, – сказаў Лёччык. – “А табе так хочацца назад у лягер? А як жа Брэмэн? Мы ж былі так блізка”.
“Дурны Лёччык”, – пачуў ён Лёсін шэпт, цішэйшы за шыпеньне газу. – “Ты так і не дапяў, што гэта было?”
“А што?” – засьмяяўся Лёччык. – “Паслухай, Лёся”.
“Што?”
“Здаецца, нам час разьвітацца”.
“Я памру?”
“Не”, – прамовіў Лёччык абурана. – “Цябе што, ваўкі ўкусілі? Ты не памрэш. Проста мы разьвітаемся зараз. Назаўсёды. А ты абавязкова ідзі далей. А зараз слухай мяне…”
Потым было шмат чаго. Лёся ніколі не любіла пра гэта згадваць. Дый каму захочацца згадваць пра тое, як ты доўга-доўга сядзеў унутры свайго роднага брата. Таму што калі Баравой Дохлы ўвайшоў у гэтую зруйнаваную будыніну і ў вокны зноў засьвяціла нядобрае сонца (проста ў яго ў той дзень быў ня самы лепшы настрой), ён не знайшоў там ні Лёсі, ні Лёччыка. Усё было як раней, калі ён выходзіў – і толькі ні смачнай бруднай дзяўчынкі, ні малога алігафрэна нідзе не было відаць. Ён тупа пахадзіў з кута ў кут, адчуваючы крыўду і голад. Усё было безнадзейна. Бітая цэгла, Дошкі, недапалкі, матрацы, згнілыя коўдры, кавалкі брызэнту… Газэтнае ашмецьце, зьдзьмуты гумовы мяч, зламаны парасон… Старыя плякаты, купкі чалавечага дзярма, пустыя бутэлькі з-пад пладова-ягаднага віна, бронзавыя бюсты і гіпсавыя скульптуры розных клясыкаў, генэралаў і іншых даўно памерлых герояў з адбітымі насамі, некаторыя амаль у натуральную велічыню…
Калі прыехалі людзі ад доктара, ён сышоў у лес. Яны пачакалі трохі, пахадзілі вакол дома, пакурылі, седзячы на кучах цэглы, памацюгаліся – і зьехалі ні з чым. Радавой Бохан быў ужо далёка. Ішоў за адным грыбніком і слухаў, як той нешта бубніць сабе пад нос. З доктарам усё роўна давядзецца гаварыць. Дык у Радавога Бохана зьявілася ідэя яго задобрыць. Вось, напрыклад, гэты мужычок з кошыкам…
А Лёся, счакаўшы, колькі было трэба, пачала рухаць рукамі і нагамі – і падстаўка нарэшце адвалілася. Ёй зусім не задушліва было сядзець у тым прыгожым помніку, у які ператварыўся яе брат – ён пакінуў ёй сваё дыханьне, усё да кропелькі. Толькі вось рукі і ногі здранцьвелі. Лёччык быў меншы за яе ростам, і як ён ні стараўся выпнуць грудзі і раскінуць рукі – усё роўна сядзець у ягоным нутры было даволі нязручна.
Яна хутка зрабіла гімнастыку – і кроў заструменіла па жылах, як трэба. Потым паставіла помнік на ногі і захінула брызэнтам. Яна спадзявалася вярнуцца сюды.