На вышыванку ён надзеў пінжак – але калі яны прыехалі на месца, доктар пакінуў пінжак у машыне. Гэта была кавярня ў самым цэнтры сталіцы: доктар бадзёрым крокам увайшоў і тут жа зьліўся з натоўпам.
Тут на ягоную кашулю ніхто не зьвяртаў увагі. Дый на яго самога таксама – пакуль доктар ня даў употай знак шэраму чалавеку, які, сьціпла прытуліўшыся ў куце, піў каву і назіраў з-пад доўгіх веек на брудныя танцы пасярод і так перапоўненай залі. Не мінула і хвіліны, як адна з канапаў вызвалілася – і вось ужо доктар сядзеў пасярэдзіне, а з аднаго боку сядзеў хлопчык, у такіх вузкіх штоніках, як у артыста балету – а з другога сарамлівая брунэтка, па грудзях якой бегалі зялёныя і чырвоныя промні. Доктар загаварыў з хлопчыкам – і той, спалохаўшыся, уцёк.
“Чым ты займаешся?” – пыталася брунэтка, гладзячы валасы доктара, а сам доктар удыхаў у сябе водар кавярні, яе пот, яе паўзмрок, і пацягваў кактэйль з высокага, падобнага на чэлес, келіха.
“Я раблю галасы чыстымі”, – казаў доктар, усьміхаючыся гэтай вясёлай і грэшнай цемры.
“Хіба гэта магчыма?”
“Некаторыя людзі здольныя на цуды”.
“А ў каго ты вучыўся?”
“Гэта няважна”, – доктар злавіў яе руку і ўкусіў за палец. – “Калі хочаш, я магу назваць сваім настаўнікам Ісуса Хрыста”.
“Вось як”, – яна прасунула ўкушаны палец яму пад кашулю. – “Калі ты доктар, палячы мяне”.
Ды які я доктар? Я смочка, падумаў доктар. Але яму хацелася гаварыць – так, каб чулі ўсе. “Я смочка!” – крыкнуў ён, але ніхто не зьвярнуў на яго ўвагі. Якое ўзбуджальнае слова. Усё праз гэтае густое, як нешта цякучае, як нешта напятае і пругкае, што вось-вось лопне – усё праз гэтае ч…
“Ісус гаварыў на дыялекце”, – сказаў доктар. – “На няправільным і брудным языку. І яго ўкрыжавалі”.
“А ты добра размаўляеш на роднай мове”, – гэты палец з даўгім пазногцем ціснуў, пальцу тэрмінова патрэбны быў доктар. – “Ня кожны тут ведае слова “укрыжавалі”…
“Ёсьць правілы гігіены”, – сказаў доктар, перакрыкваючы музыку. – “Калі адзін раз не пачысьціць зубоў…”
“Паглядзім, што ты за доктар”, – яна нахілілася да яго. – “У нас шмат часу. Столькі, колькі ты захочаш. Але ж што ты там казаў пра Хрыста? Я скончыла філфак, я магу размаўляць на такія тэмы…”
“Я ж патлумачыў”, – прамовіў доктар. – “Слова Хрыста толькі тады зрабілася мудрасьцю, калі было прамоўленае на чыстай мове. Мове, на якой можна было выказваць і ўспрымаць рэчы такога маштабу…”
Доктар дапіў кактэйль і заплюшчыў вочы. Заўтра ён вернецца ў лягер. І ніхто ніколі не даведаецца, дзе ён быў сёньня ўначы. Ён адчуў, як у роце, як і кожным разам, прачнулася нешта жывое, як пачало расьці, напружвацца, вібраваць – маленькая кропка, якой ён мог кіраваць, зь якой ён мог гуляць у рызыкоўныя гульні. Ён мусіў зрабіць гэта сёньня – інакш забываўся смак змаганьня.
“У цябе ёсьць дзеці?” – яе пальцы былі халодныя, яе пальцы ведалі, што такое сталічная сьпёка. І ён сказаў ёй пра гэта, тымі словамі, якімі мог – і словы прагучалі так пошла, што доктар паморшчыўся ад шчасьця.
“Пашляк”, – яна паказала зубы. – “І ўсё-ткі? Ёсьць?”
“Так, двое”, – сказаў доктар. – “Хлопчык і дзяўчынка. Дзяўчынку завуць Лёся, а яшчэ яе завуць Сіа. А хлопчык у мяне Лёччык…”
“Яны ведаюць, чым ты тут займаешся?”
“Ну што ты”, – доктар пачынаў задыхацца ад жаданьня. – “Дурніца…”
А потым ён нарэшце расслабіўся – і даў ёй павесьці сябе ў чырвоную, як раскрыты рот, і такую жаданую цемру.
19. ЁН ПРЫЙШОЎ СЮДЫ ЎВЕЧАРЫ, З БОКУ АЎТАЗАПРАЎКІ
Ён прыйшоў сюды ўвечары, з боку аўтазапраўкі. Бацька добра запомніў дарогу – спачатку будуць сады, потым двухпавярховікі, расстаўленыя так акуратна, як стосы скрыняў на складзе, потым выбухнуць у пашарэлым небе, мераючыся крыжамі, касьцёл і царква, памахае рукой ленін з плошчы. Круглая, такая невыносна круглая плошча:
Сэканд Хэнд. Тавары з Еўропы.
Престиж. Магазин сантехники.
Зоомир.
Кафэ Лагуна.
Император Павел.
А вось і яна, гасьцініца.