“Ну добра”, – Лёся паклала галаву на шурпатыя калені Лёччыка. – “Дземы і хтомы. Гэта такія народнасьці. Ну, ці проста такія істоты, якія ходзяць па сьвеце і пакідаюць за сабой дарогі і сьцежкі”.
“Файна”, – засьмяяўся Лёччык. – “Ты хтомка, а я дзем!”
“Гучыць”, – цяпер засьмяялася і Лёся.
І яны зноў прынялі тую самую позу, задаволеныя сабой.
Аўтобус тым часам выруліў са старой дарогі на новую і неўзабаве ўжо ехаў празь нейкае мястэчка.
“Вуліца сямнаццатага верасьня”, – прачытаў Лёччык, падняўшыся. – “Няўжо восень надышла – а мы і не заўважылі?”
“Дурны ты, Лёччык”, – сказала Лёся і пацягнулася ўсім целам. – “Гэта сьвята такое. У гэты дзень барадатыя мужчыны цалуюць бязвусых і небарадатых”.
Аўтобус вільнуў, чхнуў і спыніўся пад нізкім навесам, пад якім сядзелі ў рад бабулькі і чамаданы. “Стаянка дзесяць мінут”, – раздражнёна прамовіў кіроўца і закурыў.
“А вось крамы тут цікава называюцца”, – Лёся засьмяялася і павярнула галаву Лёччыка туды, дзе чырванелі шыльды на дзіўных, падобных да вялізных сьмецьцевых кантэйнэраў, быццам з канструктару складзеных спарудах.
“Ліліана. Алінта”, – прачыталі яны хорам і пераглянуліся ў захапленьні. – Тофілія. Лукер’я”.
“Я б хацела, каб мяне звалі Алінта”, – сказала Лёся. – “А цябе я назвала б Ліліян. Ліліян Лёччык!”
Дзьверы адчыніліся, і ў праходзе зьявілася худая, нязграбная і нейкая панылая постаць міліцыянта. Ён акінуў салён сумнымі вачыма і шпарка прайшоў да тых месцаў, дзе Лёся і Лёччык курчылі адно аднаму страшныя фізіяноміі.
“Ну што, рэбяты”, – сказаў міліцыянт. – “Прыехалі. Давайце за мной, і каб бяз фокусаў тут. Бо рэмень здыму. Далеко сабралісь?”
Ён паказаў ім, каб яны ішлі наперад, і сам пайшоў за імі – сваёй панылай паходкай зморанага на сьпёцы чалавека.
“Дык далёка, кажу, сабраліся?” – паўтарыў ён, усаджваючы іх у міліцэйскі ўазік.
“У Брэмэн”, – горда сказала Лёся. – “А што, нельга?”
“Ах дык вось як мы гаварым!” – зьдзівіўся міліцыянт. – “Ну шчас прыедзем, прадолжым разгавор”.
Уазік спрытна, але нейкімі нэрвовымі рыўкамі паскакаў па вузкіх вуліцах мястэчка. Не мінула і пяці хвілін, як Лёся і Лёччык сядзелі за старым, сьпісаным асадкаю, як у школе, сталом, а насупраць сядзеў іншы міліцыянт, маленькі, зь вялікай галавой, якая хілілася да стала, быццам перавешвала тулава, і слухалі, як гэтая галава гаворыць:
“Расказваем, дзе радзіцелі, куда пуць дзержым, што дзелаем адні ў пагранічнай зоне. Расказваем, дзе радзіцелі, куда пуць дзержым, што дзелаем адні…”
Лёся і Лёччык маўчалі, пазіраючы на яго без усялякага страху. Ён і праўда быў зусім ня страшны, гэты малады міліцыянт у завялікай для яго форме. Лёся яму нават усьміхнулася. І ён зьбянтэжыўся, заёрзаў на крэсьле.
“Так”, – здаўся міліцыянт. – “Скора прыедзет наша інспектар па дзелам несавершэнналетніх. А пака што, рэбята, прыдзёцца вас паўчыць жызьні. Рэмнём. А патом інспектар с вамі пагаварыт па-добраму. Што ж вы мне жызьнь услажняеце, а, рэбята?”
І ён узяўся за спражку рэменя. І зноў памацаў яе. І зноў. І тады Лёччык, які зь цікавасьцю сачыў за ягонымі маніпуляцыямі, спытаў:
“А ў цябе ёсьць нож?”
“Ты мне тут не дуры мазгі!” – раззлаваўся міліцыянт. – “Я з вамі па-харошаму. Што дзелаем адні…”
“Мы не адны”, – сказаў Лёччык. – “У нас тата ёсьць. Па-вашаму папа”.
“Вот эта ужэ лучшэ”, – пасьміхнуўся гэты сымпатычны міліцыянт і перастаў тузаць рэмень. – “Как завут атца, гдзе жывёт, шчас пазвонім, і паедзеце дамой”.
“Тата ёсьць тата”, – паціснуў плячыма Лёччык. – “Навошта тату імя? У чалавека адзін бацька. Хіба не? Ці ў вас іх восем?”
Твар міліцыянта выцягнуўся, і Лёся пасьпешліва прамовіла
“Я Лёся, а гэта мой брат Лёччык. Мы ідзем у Брэмэн. Але ніяк ня можам трапіць на мапу. Памажыце нам, і бог вас не пакіне”.
“Секта”, – паківаў галавой міліцыянт. – “Ясна. Ладна, пасядзіце траха тут, у нас. Можа, мазгі праясьняцца”.