“Так”, – сказала Лёся неяк абыякава. – “А потым адзін чалавек напісаў ёй: вон з нашай мовы! Нахуй. Так ён напісаў у сеціве. І мама захварэла”.
“Сэрца?” – спытаў Міхась Барадаўкін так спачувальна, як мог. – “А я вось нешта ніколі ня чуў пра такую сьпявачку”.
“Ну, можа, ты проста ў лягеры быў”, – сказаў Лёччык, таксама спачувальна.
“Не, ня сэрца”, – сказала Лёся. – “Мама пачала выганяць сябе з мовы. Бо яна вельмі любіла гэтых людзей і казала тату, што іх трэба паслухаць. Але выгнаць сябе ўсю адразу яна не магла. І таму пачала выганяць сябе па кавалачку. Адразала ад сябе па кавалачку скуры і выкідвала ў акно. А я іх потым знаходзіла, калі тата вадзіў мяне на шпацыр. Было лета, як цяпер вось, і кавалачкі былі цёплыя. Гэта мне тата ўсё расказваў. Я маму амаль ня памятаю…”
“А што потым было?”
“А потым быў толькі тата”, – хутка сказала Лёся. – “Праўда, Лёччык? Лёччык маму ня памятае, яго тады яшчэ не было”.
“Ну, у вас не такая вялікая розьніца ў возрасьце”, – паспрабаваў усьміхнуцца Міхась Барадаўкін. Краем вока ён сачыў, як Лёччык бярэ ў рукі інструмэнты, праводзіць па іх пальцам, прыкладвае да скуры, употай каштуе на язык. Было відаць, што ён уважліва слухае Лёсю – быццам чуе гэта ўсё ўпершыню.
“Калі вы пісьменьнік, пачытайце нам штосьці”, – папрасіла Лёся. – “Тата нам шмат чытаў перад сном. Розныя казкі. Праўда, Лёччык?”
“Нашы і ўкраінскія”, – сказаў Лёччык.
“Нямецкія і афрыканскія”, – сказала Лёся.
“Японскія і казкі індзейцаў Лацінскай Амэрыкі”, – сказаў Лёччык.
Лёся ня памятала ніякіх індзейцаў, але заківала галавой – так энэргічна, што Лёччыку захацелася што-небудзь выліць ёй на галаву. Бо ён таксама хацеў умець так трэсьці валасамі.
“Добра”, – сказаў Міхась Барадаўкін. – “Але адна ўмова. Я вам прачытаю штосьці цікавае, а вы мяне разьвяжаце, возьмеце, што вам трэба, і пойдзеце сваёй дарогай. Лады?”
“Мы вас разьвяжам, а вы нас у яміну”, – сказаў Лёччык. – “Пачытайце, а мы падумаем. Толькі нядоўгае”.
І Міхась Барадаўкін адкашляўся і прачытаў гэтым страшным дзецям верш пра ручай.
Ручай, ручай,
Вада, як чай.
Беражкі, як піражкі,
А на беражках сьцяжкі.
У сталіцы сёньня сьвята!
Ну, Антось, бяжы за татам!
Ён напісаў яго даўно, і некалі ён быў ва ўсіх хрэстаматыях. “А я ведаю!” – заківала Лёся, і шчокі ў яе паружавелі, і нават Міхась Барадаўкін падумаў, што яна зрабілася падобная да чалавека. – “Я ведаю! Нам яго тата чытаў!”
Але было відаць, што яны з братам расчараваныя. Тады Міхась Барадаўкін прачытаў яшчэ два вершы – і зноў дзеці пазналі іх і пазяхнулі.
“Пачытайце нам тое, што яшчэ ніхто не чытаў”, – папрасіла Лёся і зірнула пісьменьніку ў самыя вочы, туды, дзе і сам Міхась Барадаўкін ніколі яшчэ ня быў.
“Пачытайце нам казку”, – сказаў Лёччык і сеў на стол, зьвесіўшы ногі.
“Але я не пішу казак”, – сказаў пісьменьнік. – “Для дзяцей я пісаў толькі вершы. Дзесяць кніжак, і яшчэ дзесяць кніжак я пераклаў, зь дзесяці моваў”.
“Вы ведаеце дзесяць моваў?” – спыталі дзеці ледзьве ня хорам, і вочы іхныя загарэліся. – “Ого!”
“Ды не”, – сказаў Міхась Барадаўкін. – “Але каб перакладаць, неабавязкова ведаць мовы”.
“О, гэта як гаварыць на языку”, – ухвальна пагрукаў нагамі аб лаву Лёччык. – “Каб на ім гаварыць, яго неабавязкова ведаць. Трэба толькі не забывацца піць таблеткі. І хадзіць на распоркі”.
“Пачытайце нам тое, што ў вашай торбе”, – сказала Лёся. – “Я бачу, як яно адтуль выглядвае”.