“Праўда”, – сказала Сіа, не спускаючы з Тацяны сваіх некалі глыбокіх, а цяпер зусім дзіцячых, дурнаватых, пустых вачэй. – “Тата, а здагадайся, каго мы малюем? Не, спачатку здагадайся, куды я паеду ўлетку?”
Ён ужо ня памятаў, ці ўдарыў яе тады. Здаецца, прамахнуўся. Тацяна Эдуардаўна сышла сама – марудна адступаючы да дзьвярэй, па кроку, па дотыку, які ёй абавязкова трэба было тут пакінуць, па слоўцу, якія ён ня слухаў, такой была ягоная нянавісьць да сябе.
“То, что ты делаешь с ней – преступление”, – шыпела яна, рухаючыся сьпінай да праёму дзьвярэй. – “Ты осуждаешь ее на жизнь среди демонов. Среди чудовищ! Никакой мовы нет, нет давно никакой мовы, и никогда не было. Мовы нет, а демоны остались. Тебе с ними удобно, а ее ты калечишь”.
Ён замахнуўся, яна прымружыла вочы.
“Чистый Язык вернет ее к жизни”, – прасьпявала яна, і валасы яе віліся вакол галавы. – “Иначе нельзя. У детей должен быть чистый голос. Дети – это жизнь. А твоя мова – смерть”.
“Я заб’ю цябе”.
“Нет, ты не сможешь”, – засьмяялася яна. – “Твоя мова не способна даже на это. Она умерла. Ты посадил свою дочь в могилу и не давал ей оттуда вырваться. Но мы это исправим. Очень скоро исправим. Правда, Сиа?”
Больш яна не прыходзіла, затое яны зь Лёсяй пачалі атрымліваць лісты зь пячаткамі і гербамі. Ён не чытаў іх, кідаў пад ногі і таптаў, таптаў так заўзята, што Лёся ахвотна далучалася да яго і ў іх пачынаўся нейкі дзікунскі танец для дваіх. Прыходзілі іншыя людзі, усё часьцей і часьцей, грукалі ў дзьверы, трэсьлі паперкамі, пагражалі судамі. Пра школу не было чаго й думаць. Яны зь Лёсяй больш не выходзілі з кватэры і нікому не адчынялі. Ля дзьвярэй крычалі, паўтаралі нешта пра закон, закон о языках, языках, языках – усё гэта гучала нейкім трызьненьнем, нейкай малітвай па-стараславянску. Прітча во языцэх – круцілася ў галаве ў бацькі. Воязыцэх – паршывы язык, ублюдачны жаргон. Больш ніякіх саступак, ніякай гульні.
Калі грукат і крыкі рабіліся невыносныя, яны зь Лёсяй пачыналі сьпяваць. Яны сьпявалі ўсе іхныя песьні, пра ружу, пра хатачку зь лебяды, пра пагоню і пра трох сыночкаў. І чым гучней на тым баку патрабавалі адчыніць – тым больш дзірачак рабілася ў тых сьвісьцёлках, якія яны называлі цяпер сваімі галасамі.
“Ты вельмі прыгожа сьпяваеш”.
“І ты, тата”.
Аднойчы дзьверы разнасьцежыліся. Перад тым, як гэта адбылося (а трэск стаяў такі, што было ясна: замок ня вытрымае), бацька падышоў да балькона і паглядзеў праз бруднае шкло на вуліцу. Уцякаць не было куды. І ён сеў назад, прачытаўшы сваю малітву.
І вось у пярэднім пакоі выбухнула. Кватэра ўмомант запоўнілася людзьмі – быццам над іхнымі галовамі разарваўся нейкі мех з навагоднімі падарункамі ад лялечнай фабрыкі. Яны сядзелі на падлозе і разглядвалі атлас – а людзі бегалі вакол і гаварылі нешта, бацька ўжо не разумеў, што. Ягоны язык скончыўся. Нехта падхапіў Лёсю на рукі, яна не вырывалася. Тупат пранік ва ўсе пакоі, зарыпелі бальконныя дьзверы, чалавек у фуражцы асьцярожна ступіў туды, у туман, што напоўз за ноч, у нагрувашчаньне рызьзя і пустых бутэлек.
“Стойте!” – закрычаў ён. – “Здесь еще один!”
Павісла цішыня.
“Еще один ребенок!”
І чалавек у фуражцы вывеў з балькона хлопчыка – трохі ніжэйшага за Лёсю, але шырэйшага ў плячах.
Зусім голага хлопчыка.
“Это ваш ребенок?” – грозна спытала жанчына ў футравай шапцы.
Бацька кіўнуў, але гэтага было мала.
“Это твой братик?” – запыталіся ў Лёсі, і яна кіўнула таксама.
“Как тебя зовут?” – сказала грозная цётка, але з-за яе сьпіны крыкнулі:
“Да оденьте же его!”
“Сволач”, – сказаў міліцыянт, паглядзеўшы на бацьку, і закруціў яму ззаду рукі – было чуваць, як хруснулі косткі. – “Убіваць такіх нада!”
“А я тебе говорил: не шниткай! Не надо здесь у нас шниткать!” – бацька павярнуўся на гэты голас і пабачыў, што з пляцоўкі ў кватэру зазірае сусед, той самы, якому падалося некалі, што Лёся плача. Сьмешна. Бацька ніколі ня бачыў, як плача ягоная дачка.
Вось чым усё скончылася, Жыдзе.
За сьпінай суседа стаялі дзеці – цэлы вывадак. Дзеці, якія ўмелі гаварыць, якім ні ад кога ня трэба было хавацца. Цікава, ці зрабіліся яны з гэтай прычынай шчасьлівыя? Дзеці, народжаныя проста так. Безь ніякай місіі. Дзеці глядзелі на яго зь цікаўнасьцю, у іхных вялікіх вачах не было ні нянавісьці, ні нават асуджэньня. А хлопчык, якога знайшлі на бальконе, глядзеў на іх. Ён быў зусім падобны да звычайнага хлопчыка – і ўсё ж было ў ім нешта нетутэйшае. Быццам ён быў сын замежнага шпіёна або проста інтурыста.
“Как тебя зовут, малыш?” – запыталася маладая дзяўчына з фотаапаратам, нацэленым Лёсінаму брату проста ў твар.
“Я лёччык”, – сказаў хлопчык і паглядзеў спадылба на мэдычную брыгаду, трох маладых санітараў і п’яную лекарку з чамаданчыкам, якая ня ведала, зь якога боку да яго падступіцца.
“Я лёччык”, – сказаў ён яшчэ раз, усьлед бацьку, якога выводзілі з пакоя. Гучна. Так, каб ён запомніў. І ён запомніў. Раніца, туман за акном, пах і шум чужых людзей там, дзе ён быў шчасьлівы, мітусьня, шоргат папераў, раскіданыя па падлозе алоўкі, брудныя сьляды на падлозе, словы, словы, словы, і гэты дзіцячы бас ягонага сына, такі знаёмы – быццам ён жыў тут зь імі заўжды і чытаў тыя самыя кніжкі.