Як жа яна правільна вымаўляе яе імя. Ніхто зь іх так ня ўмее. Насабачылася, сучка.
“Зачем?” – спытаў бацька стомлена.
“Проводится проверка жилищных условий и домашней обстановки. Конечно же, я решила заглянуть к вам”.
“Во-первых, надо па… пры… предупреждать…” – замахаў кадыком бацька, але яна холадна і рэзка абарвала яго:
“Чтобы вы ушли от ответственности? Чтобы успели построить в своей вонючей норе, где умирает от отцовской блажи бедный ребенок, потемкинскую деревню для идиотов из школы? Открывайте и дайте мне войти. Я хочу видеть Сиа”.
“Не, вы сюды ня трапіце”, – бацьку здавалася, ягоны голас гучыць цьвёрда, але Тацяна Эдуардаўна засьмяялася:
“Вы еле ворочаете языком. Вы пьяны, как всегда. Вы сами понимаете, что вас могут лишить родительских прав?”
“Гэтыя правы далі ня вы, і ня вам іх забіраць”, – яе позірк расплюшчваў бацьку па бруднай сьцяне лесьвічнай пляцоўкі, але ён яшчэ супраціўляўся – ён быў гатовы ўдарыць яе, калі яна палезе міма яго ў іх дом.
“Вы говорите на каком-то алкоголическом жаргоне”, – засьмяялася яна. Зараз, зараз яна палезе – і ён схопіць яе за валасы, і прыгне да бруднай падлогі, і потым – імгла, нябыт, шчасьце, цішыня.
Але яна нічога не зрабіла. Проста адкінула з ілба валасы і ўсьміхнулася:
“Послушайте, я просто хочу помочь. Я знаю, как это трудно – воспитывать дочь без матери. У меня такого опыта, конечно, нет – но эмпатия у меня развита в достаточной мере. Мне вас очень жаль. Просто вы не справляетесь. Дайте другим людям вам помочь. Так будет лучше для всех, и в первую очередь для нашей Сиа. Кстати, почему вы ее так назвали?”.
“Ідзіце дамоў”, – махнуў рукой бацька. – “Я нікуды вас не пушчу. Эта беспалезна… Я не магу больш чуць ваш ублюдачны Язык”.
“У вас бред”, – сказала яна і пацягнулася да яго рукой. Ён адхіснуўся.
“Не чапайце мяне!”
“Не ругайтесь”, – мякка сказала Тацяна Эдуардаўна і аблізнулася. У бацькі пацямнела ў вачах, і ён кінуўся дамоў. Шчоўкнуў замком. Ён ведаў, што суседзі ўсё бачылі. Што працягваюць глядзець. Што Тацяна Эдуардаўна стаіць зусім блізка, прыхінуўшыся да дзьвярэй – на адлегласьці пальца. І праўда, яна загаварыла, недзе зусім, зусім блізка:
“Откройте, папа, иначе все будет по-другому. Я уже поговорила с соседями. То, что они рассказали, ужасно”.
“Ідзіце нахуй”, – сказаў бацька нягучна, але выразна, і пайшоў да Лёсі, і над шахматнай дошкай зноў разьвіднела, і больш ня чулася ніякіх грымотаў. І Сіа выйграла тую партыю.
А празь некалькі дзён, адвёзшы Сіа ў школу, ён паволі ехаў па цэнтральнай вуліцы, цягнучыся за нейкім аўтобусам – і пабачыў Тацяну Эдуардаўну, у тым самым плашчы. Яна ішла ўпоравень з машынай, заўважыла яго і памахала рукой, як нічога ніякага. І гэта даканала яго, ён спыніўся, выйшаў – і вось яны ўжо сядзелі ў кавярні, і занадта салодкае пірожнае ліпла да паднябеньня, і грукат лыжачак набліжаў разьвязку.
“Я в отпуске”, – казала Тацяна Эдуардаўна. – “Повезло, у вас есть отсрочка. Подумайте”.
Потым была гарэлка, і гарадзкі парк, і машына, якая ніяк не хацела заводзіцца. І сталёвыя вочы, якія пакрысе рабіліся проста шэрыя, і ў гэтай шэрасьці хацелася быць самім сабой.
“Вы должны мне все рассказать… Я все равно узнаю”.
Назаўтра яна гаварыла ўжо зусім іншае. На той самай канапе, дзе яны любілі гуляць у шахматы зь Лёсяй. Лёся была ў школе, а Тацяна Эдуардаўна гаварыла нізкім, драпежным голасам словы, якія нельга было разабраць. Хапаючыся за яе валасы, уціскаючы яе галаву ў падушку, ён адказваў ёй – і поўсьць на яе загрыўку ўставала, быццам яе варушыў вецер. Задыхаючыся ад уласнай сьліны, ён заганяў у яе свой язык – і яна рабілася мовай. А потым ён заснуў.
Бацька добра запомніў гэтую раніцу. Ён прачнуўся і застагнаў, не расплюшчваючы вачэй, яму здавалася, што ўвесь горад стаіць цяпер у яго на пузе. А побач гучалі галасы. Зусім блізка.
“Вот этот цвет очень хорошо подходит, правда, Сиа?”
Ён ускочыў зь месца, зусім голы, зусім такі, як на тым малюнку, што паказала яму ў школе гэтая страшная жанчына з нагамі ў чорных калготках, якія яму так хацелася пракусіць, каб зь іх пачала сачыцца кроў.
“А теперь нарисуем ему вот такой… такой… чтобы свисал сбоку, так делают собаки, когда им жарко… Что мы ему нарисовали?”
І Лёся адказала – і ў голасе ейным была такая радасьць, якой ён яшчэ ня чуў:
“Язык!”
Тацяна Эдуардаўна сядзела на падлозе, апранутая, у тым самым сваім плашчы. І перад ёй сядзела Лёся і глядзела на веерам раскіданыя алоўкі.
“Вот мы и познакомились”, – усьміхнулася Тацяна Эдуардаўна. – “И, как видим, папа немножко ошибался. Все говорят, как люди, и никто пока не умер. Ну, ничего, папы тоже иногда ошибаются. Правда, мое солнце?”