9. ЧАГО БАІЦЦА ТОЙ, ХТО ШУКАЕ
Чаго баіцца той, хто шукае?
Вядома, больш за ўсё ён баіцца знайсьці.
І бацька баяўся. Лес мог падсунуць яму якую заўгодна Лёсю. Лес мог зьмяніць яе да непазнавальнасьці. Зрабіць зь ёй тое, што ня здолелі зрабіць людзі.
У тое, што Лёся і Лёччык могуць вярнуцца ў лягер, бацька ня верыў. Ніводная з тых лясных дарог, якія ён пакінуў за сабой за гэтыя дні, не магла вывесьці дзяцей у патрэбным накірунку. У дзень уцёкаў яны добра заблыталі сьляды, мянялі шашы, рабілі мёртвыя петлі па ажыўленых трасах, парушалі лёгіку транспартных разьвязак і карысталіся аб’ездамі там, дзе існаваў просты і прамы шлях. Кожны, хто наважыўся б на перасьлед, вырашыў бы, што яны рушылі на поўдзень. Бо на поўначы ўсе дарогі ўпіраліся ў мяжу. Каб вярнуцца ў лягер, Лёсі патрэбная была мапа. Але ніякай мапы ў іх зь Лёччыкам не было.
Калі, вядома, не лічыць старога атласу.
Тое, што гэты пажоўклы, бессэнсоўны атлас трыццатых гадоў зьнік з машыны, бацька высьветліў толькі сёньня. Палез у бардачок, каб узяць нож – ён апрануўся грыбніком, у нядзельную раніцу лес патрабаваў маскараду. Да таго ж яго ўжо неяк спыніў міліцэйскі патруль, проста на прасёлку, ці то выпадкова, ці то машына прымільгалася: як ён ні стараўся, за гэтыя дні яго пабачылі сотні людзей. Дый лясныя дарогі ў выніку склаліся ў кола – і сёньня ён зноў пачынаў свае пошукі там, дзе скончыў учора.
Намацаў нож – і зразумеў, што дзеці прыхапілі атлас з сабой.
Некалі яны зь Лёсяй любілі ляжаць на падлозе і разглядваць намаляваныя ў ім дарогі. Датыкацца пальцамі, ехаць насустрач адно аднаму, і сутыкацца, і перасякаць межы, і ўцякаць ад вайны. І прыдумляць сабе машыны – цудоўныя машыны дваццатых-трыццатых гадоў, зусім не падобныя да панылых цяперашніх монстраў. У іх была кніжка пра старыя машыны – і кожны меў сваіх улюбёнцаў: кабрыялеты, ляндо, машына, як у Купалы, машына, як у Штырліца… Вось бы пасядзець за стырном такой! – казала Лёся, і ён абяцаў: абавязкова. Некалі мы паедзем туды, дзе нам ня трэба будзе маўчаць. Туды, дзе наша мова такая ж людзкая. Туды, дзе Язык ня значыць нічога. Туды, дзе за мову ніхто не адбірае дзяцей у бацькоў. Туды, дзе ня трэба хавацца. Там ёсьць такі парк – поўны старых машын, плаціш пару манэтаў – і можаш катацца хоць увесь дзень, выбіраеш, садзішся і едзеш. Толькі ўвечары трэба вярнуць. Лёся глядзела на бацьку, і яе вочы гарэлі ў тумане пакоя, як дзьве фары. І тады бацька пачынаў ціхенька сыгналіць, зьлёгку націскаючы ёй на далонь: ту-ту. Ту-у-ту-у!
Ня дзіва, што яна не захацела расставацца з гэтай патрапанай кніжкай.
Напэўна, яны зь Лёччыкам сядзяць цяпер недзе пад дрэвам і гэтаксама разглядваюць яе, і водзяць па ёй пальцамі. Лёччык быў бацькавай надзеяй. Лёччык мусіў даць рады.
Сьціскаючы ў кішэні нож, бацька йшоў скрозь бярозавы гай, які хутка саступіў месца ельніку. Тут было цямней, але і тут лес зьдзіўляў бацьку сваёй шматлюднасьцю. Людзі вырасталі паміж дрэваў, як здані, і ішлі проста на бацьку, апусьціўшы вочы ўніз. Людзі зь вёдрамі, вядзерцамі, слоікамі, кошыкамі… Лес, у які ён трапіў, спадзеючыся гэтым разам растварыцца ў ім, праваліцца на ягонае імшыстае дно і там знайсьці хаця б нейкі сьлед – гэты лес нагадваў нядзельнай раніцай гарадзкую вуліцу, поўную ачмураных невядомым зельлем мінакоў. Бацька ўпарта пасоўваўся туды, дзе згушчалася цемра, ён намагаўся не паскараць крокі. Грыбы. Я грыбнік – тут, у ягонай краіне, гэта веравызнаньне. Грыб у руцэ – як крыжык на шыі. Я шукаю грыбы. Уласна кажучы, мне патрэбныя толькі два. Зрэжу іх і забяру. І больш гэты лес мяне не пабачыць. Нас ніхто тут больш не пабачыць.
Лёччык мусіць даць рады, што б ні здарылася.
Упасьці для яе дрэвам – каб перайсьці праз балота. Зрабіцца для яе сховам – калі будзе пагражаць аблава. Захінуць, калі на яе абрынецца сьляпы ўдар, прызначаны, вядома ж, яму, бацьку – але, як гэта заўжды бывае, накіраваны ў дзіця. Стаць ёй ключом – калі трэба будзе адчыніць дзьверы. Молатам – калі перад ягонай Сіа вырасьце мур. Надзейнай вяровачнай лесьвіцай – калі трэба будзе выбрацца зь яміны. Зрабіцца яе глухатой – калі з усіх бакоў паваліць, як атрутны дым, іхны язык. Поўны чужых, задышлівых гукаў.
Ёй нельга было заставацца адной. Як бывала тады, у мінулым жыцьці, калі Лёся выходзіла са школы, такая самотная і адкрытая ўсім небясьпекам. Лёгкая, быццам празрыстая, яна спускалася па сходах школьнага ганку, выходзіла на вуліцу. Яе штурхалі локцямі, яна не азіралася, яна быццам бы плыла праз школьны двор. Яна была як яснае слова сярод бязглуздага мармытаньня. Выходзіла на ходнік, спынялася каля заўжды зачыненага на абед газэтнага кіёска. Бацька пасьпешліва ішоў ёй насустрач, і кожнага разу ў яго сьціскалася сэрца. Яна не шукала яго вачыма, яна проста стаяла і глядзела ў адну кропку. Яе вочы гаварылі – і тое, што яны казалі, чуў і разумеў толькі ён.
Часам, яшчэ толькі выйшаўшы з машыны, ён здалёк бачыў, як перад ёй спыняліся дарослыя, няўхвальна глядзелі на яе старую сукенку, на няўмела завязаны ззаду хвост. Спрабавалі завесьці размову – яна паволі падымала на іх вочы, і яны ніякавелі, зьдзімаліся, хуценька раставалі ў мітусьні вуліцы. Яна стаяла там зусім адна – адна такая на ўвесь сьвет, і ў яго сьціскалася сэрца ад адчуваньня, што сьвет – гэта і ёсьць яна, яна і ёсьць яго сэнс. Яна і мова, якая жыве ў яе лёгкім, як пёрка, дзяцінстве.
Аднойчы ён ледзь ня трапіў у аварыю. Аднекуль зьверху – як быццам у ім заблыталася неба – зьявілася агромністае кола, намотваючы на сябе агляд з бакавога акна, вуліцу, каштаны, ліхтарныя слупы – і на момант ён зразумеў, што наступны, каго падхопіць гэтая цэнтрабежная сіла справа, будзе ён, і апошнім, нейкім нечалавечым рухам рвануў стырно так, быццам выкручваў самога сябе навыварат. Машыну прыперла бокам да цаглянай сьцяны, і яна абдзерла сабе ўсю левую шчаку. Абышлося лаянкай і касмэтычным рамонтам. Ён якраз ехаў забіраць Лёсю і спазьніўся на дзьве гадзіны. Яна стаяла на тым самым месцы, каля кіёска. Ён пацалаваў яе ў лоб, халодны, як у статуі.
“Прабач”, – сказаў ён у гэты лоб.
І зразумеў, што ўвесь гэты час яна стаяла тут і сьпявала. Сама для сябе. Песьні адзінокай Сіа.
Вось тады бацьку ўпершыню прыйшло ў галаву, што аднойчы ён можа проста па яе не прыехаць. Проста застацца там, у гэтым вар’яцкім руху за правым шклом. Яна будзе стаяць тут доўга, вельмі доўга, і сьпяваць свае нячутныя песьні. Але рана ці позна зьявіцца нехта, хто возьме яе за руку і павядзе за сабой. І пачне падбіраць да яе шыфр. І перахопіць накіраванае не яму пасланьне.
“Я дам табе ўсё”, – казаў ён ёй уначы, прыслухоўваючыся да яе дыханьня. – “Напэўна, адзінае, што я не магу табе даць, гэта брата. Я хацеў бы зрабіцца напалову жанчынай, каб ён у цябе зьявіўся. Я зрабіў бы яго гэтай страшнай, душнай ноччу, ускрыўшы сам сябе і пасяліўшы ў сабе свой цень. Я зрабіў бы яго неадступным, ён быў бы з табой увесь час, ён абараніў бы цябе і мову, якую ты беражэш. Але зрабіцца жанчынай нават на каліўца я не магу”.
“Я дам ёй усё”, – казаў ён таму яўрэю, які вісеў на сьцяне. Яўрэю Пэрэльману. – “Адзінае, што я не магу, гэта даць ёй брата. Але я ня маю права не магчы. Памажы мне, Жыдзе. Ты здолеў – значыць, ты мне брат”.
Бацька Сіа мог звар’яцець, загінуць, сьпіцца, адрачыся. Але не адчуваў на гэта права.
Відаць, таму ён і зьявіўся – Лёччык.
***
На гарадзкім рынку, абгароджаным пастаўленымі тарчма бэтоннымі плітамі, сярод намётаў і латкоў, што стаялі так шчыльна, нібыта іх гаспадароў сагналі сюды гвалтам, і пры гэтым прадавалі тое самае, на гэтым гарадзкім рынку, дзе ўлетку паміж пальцаў прадаўцоў гародніны поўзалі восы, як залатыя пярсьцёнкі, а ўзімку прадаваліся штаны, цьвёрдыя, як з кары – на гэтым самым рынку, у самай сярэдзіне, кожны дзень раскладваў свой тавар адзін дзядок, з носам, як у птушынага чучала.
Чым ён гандляваў? Ды ўсім. У яго сапраўды можна было купіць усё, што ёсьць на сьвеце – абы яно магло зьмясьціцца на ягоным складным століку. Для гэтага чалавека быццам не існавала праблемаў: ні з гісторыяй, ні з часам, ні з геаграфіяй, ні з мовамі – ён гаварыў на ўсіх. Бо звалі яго Арон Абрамавіч Гілель, а людзей з такімі імёнамі цяжка чымсьці зьбянтэжыць. І з такімі валасамі ў носе (яны даставалі Арону Абрамавічу аж да верхняй губы) – таксама.
Кожнага разу, калі бацька зь Лёсяй выпраўляліся на рынак, яны праходзілі паўзь ягоны столік, што стаяў пад самаробным навесам, і бацька адчуваў да чалавека, які сядзеў там, усім сваім выглядам паказваючы, што для яго не існуе ніякіх праблемаў, цьмяную непрыязнасьць.
Таму, калі адным халодным восеньскім днём яны зь Лёсяй падышлі да століка, бацька ніяк ня мог загаварыць зь ім пра справу. Спачатку ён купіў у Арона Абрамавіча бляшанку фарбы і нажніцы, потым адышоў, пацягнуўшы за сабой паслухмяную Лёсю, і толькі потым вярнуўся і шматзначна адкашляўся. Валасы ў носе Арона Абрамавіча заварушыліся.
“А это что за девочка?” – задуменна сказаў ён, хітра пазіраючы на Лёсю. – “Ой, так это же моя. Я таких продаю по сто тысяч за штуку. Выпала, наверное, из коробки. Верните ее, пожалуйста. Я ее за двести продам”.