Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня
kamunikat.org
Пра кнігу, выклікі й кантэкст
Гэтая кніга мае свой выразны кантэкст. Напрыканцы 80-х — пачатку 90-х гадоў цяпер ужо мінулага стагодзь¬дзя яго фармавалі абставіны й, галоўным чынам, тыя падзеі, што прывялі да ўзьнікненьня нацыянальных рухаў і шэрагу незалежных дзяржаваў на абшарах былога СССР. У тую пару Беларусь зусім нечакана ператварылася ў прыгожы культурніцкі міт, рэпрэзэнтаваны шырокай беларускай публіцы. Стаўленьне да гэтага міту было рознае, і час¬та — варожае, аднак зусім пэўна можна сьцьвярджаць, што ў часткі маладых беларускіх навукоўцаў і інтэлектуалаў ён абуджаў новыя й невядомыя дагэтуль пачуцьці. Міт быў загадкавы, і гаварыў пра былую культур¬ніцкую, палітычную й гістарычную веліч краіны.
Празь нейкі час, аднак, сталася відочна — міт кепска стасаваўся з тым, што рэльна ўяўлялі зь сябе краіна, ейная куль¬¬тура, інтэлектуальны чын і тагачасная мэнтальнасьць большасьці беларускага насельніцтва. У савецкім літаратурным і мастацкім дыскурсе Беларусь выглядала краінай без гісторыі й той высокай культуры, якую мы прызвычаіліся бачыць у суседніх альбо несуседніх народаў. Афіцыйная ж вэрсія беларускай гісторыі спараджала ня болей як комплекс непаўнавартасьці й стварала вобраз адвечнай культурніцкай і інтэлектуальнай правінцыі. На захаваньне гэтага вобразу працавалі шматлікія катэдры, аддзелы й сэктары марксісцка-ленінскага вучэньня, гісторыі КПСС і іншых ідэалягічных навук, прадукуючы інтэлектуальныя муляжы й “аналітычныя запіскі” для ідэялягічных органаў. Адсутнасьць Беларусі як культурніцкай і неідэалягізаванай рэальнасьці ў прадукаваных тэкстах была татальнаю. І гэта быў першы й надзвычай важны выклік: зь яго вынікала неабходнасьць лякалізаваць краіну й культуру, аднак,— лякалізаваць у іншых гістарычных і культуралягічных кантэкстах, іншым маштабе часу й па-за межамі савецкага марксісцкага дыскурсу. І таму тое, што мы называем сёньня “сучасным беларускім мысьленьнем”, паўставала перадусім як адпрэчваньне савецкай філязофіі, камуністычнай ідэалёгіі й цэнзуры. Ідэалёгія й марксізм ціха сканалі ў галовах некалькіх беларускіх інтэлектуалаў. І тое быў пачатак новага беларускага дыскурсу.
Другі выклік быў больш істотны: што ёсьць мысьленьнем й што азначае мысьліць? Адказ на гэтае пытаньне быў апафатычны й, на той час,— радыкальны. Мысьліць — значыць не інтэрпрэтаваць тэкстаў. Тэкст іншага — гэта мыліцы для хіжага мысьленьня. Мысьленьне не ўмяшчаецца ў аніякія формулы, тым больш — ідэалягічныя... Яно не падпарадкоўвае й не падпарадкоўваецца: яно разбурае залежнасьці й творыць прастору індывідуальнай свабоды. Дзея ж, альбо па-дзея мысьленья ёсьць выклікам і авантурай. Авантурнасьць, праўда, ніколі не гарантуе посьпеху, затое стварае новы досьвед, які можа стаць падставай посьпеху пры наступных спробах мысьленьня.
І, нарэшце, трэцім выклікам была беларуская мова. Але мова не як сродак і не як інструмэнтар, а як матрыца мысьленьня. Гэта змушала быць мысьленьне не на мове, а ў мове. Інакш кажучы, беларуская мова ўсьведамлялася тым важным і неад’емным элемэнтам, што непасрэдна ўдзельнічае ў разгортваньні ўнікальнага мысьліўнага дыскурсу, які, выяўлены праз іншыя мовы, страчвае шэраг сэнсавых адценьняў і канатацыяў (падобна да таго, як пераклад заўсёды страчвае параўнальна з арыгіналам). Дадатковымі элемэнтамі ўнікальнасьці гэтага мысьліўнага дыскурсу мусілі стацца культурніцкая традыцыя й гісторыя краіны, зразуметыя як месца ўсялякай беларускай інтэлектуальнай падзеі. І, нарэшце, мысьленьне як унікальная зьява не ўяўлялася мажлівым, калі ягоны суб’ект не стварае праблемнае (мысьліўнае) сытуацыі, экзыстэнцыйным цэнтрам якой ёсьць ён сам.
Прыкладна такім было сьветаадчуваньне шэрагу беларускіх інтэлектуалаў напрыканцы 80-х – пачатку 90-х гг. мінулага стагодзьдзя, для якіх Беларусь сталася па-за відочнаю й па-за эмпірычнаю рэчаіснасьцю, ці — больш, чым месцам нараджэньня й жыхарства. Расповед пра тое, якім чынам адбывалася разгортваньне гэтай мысьліўнай сытуацыі, шаноўны чытач знойдзе ў другой прадмове да гэтай кнігі, напісанай Валянцінам Акудовічам.
Колькі словаў трэба сказаць і пра тое, што фармальна ўяўляе зь сябе кніга й чаму ў ёй рэпрэзэнтаваны тыя тэксты, якія рэпрэзэнтаваны?
Перадусім — гэта збор інтэлектуальных тэкстаў, створаных у Беларусі й па-за ейнымі межамі цягам прыкладна дзесяці апошніх год. З увагі на азначаны вышэй кантэкст мысьленьня большасьць тэкстаў нельга назваць “навуковымі”. Яны напісаны ў жанры філязофскай, літаратуразнаўчай, мастацтвазнаўчай ці проста інтэлектуальнай эсэістыкі. Эсэ й выступае тут як найменш фармалізаваны й найбольш свабодны жанр пісаньня й мысьленьня. Да таго ж, аб’ектам мысьленьня ў гэтых тэкстах зьяўляюцца не фармалізаваныя праблемы й ня тэксты іншых, хай сабе й выбітных, філёзафаў і мысьліўцаў.
Праўда, некаторыя тэксты былі напісаны й у філязофска- ці літаратуразнаўча-навуковай манеры, але пры гэтым іхная кантэкстуальная прамаркераванасьць вельмі заўважная: яны маглі паўстаць толькі ў беларускай культурніцкай і інтэлектуальнай топіцы гэтага часу.
Пераважная большасьць пададзеных тут тэкстаў была, натуральна, створана ў беларускай мове, і толькі зусім невялікая іх частка перакладзена з расейскай. Беларуская культурніцкая й інтэлектуальная кантэкстуальнасьць перакладзеных тэкстаў відавочная, і гэта ёсьць падставай улучэньня іх у “Анталёгію...”.
Аўтары пададзеных тэкстаў рэпрэзэнтуюць розныя інтэлектуальныя асяродкі, а самі тэксты былі напісаны ў розны час, што стварае пэўны зрэз беларускага інтэлектуалізму апошняга дзесяцігодзьдзя. Агульнымі для іх зьяўляюцца, аднак, праблемнае поле й мысьленьне як такое.
Некаторыя тэксты нясуць на сабе адбітак моўнага экспэрымэнтаваньня. Рэдактары выданьня не ўніфікоўвалі правапісу й пакінулі тэксты ў тых беларуска-моўных вэрсіях, у якіх яны былі напісаны.
Нельга не сказаць і пра тое, што “Анталёгія сучаснага беларускага мысьленьня” зьяўляецца ў пэўным сэнсе працягам той працы, якую прарабіў у Польшчы шаноўны сп.Юры Гарбіньскі, які выдаў там кнігу пад назвай “Беларуская думка”. У дачыненьні да “Анталёгіі сучаснага беларускага мысьленьня” выдадзеная ім кніга ўяўляе зь сябе грунтоўны экскурс у гісторыю беларускага мысьленьня. Гэта дало нам магчымасьць засяродзіцца толькі на той інтэлектуальнай сытуцыі, якая паўстала напачатку 90-х гг. і працягвала разьвівацца пазьней. А таму зусім натуральна, што сярод аўтараў тэкстаў, якія ўвайшлі ў “Анталёгію...”, ёсьць і зусім маладыя людзі, які рэпрэзэнтуюць новую генэрацыю беларускіх інтэлектуалаў.
Кніга падрыхтавана “Беларускім калегіюмам”, і дарэчы будзе сказаць, што ладная колькасьць аўтараў пададзегных тут тэкстаў — выкладчыкі БК.
Напрыканцы хачу выказаць шчырую падзяку Польскаму інстытуту ў Менску й Галяндзкай каралеўскай амбасадзе ў Польшчы й Беларусі за дапамогу ў падрыхтоўцы й выданьні гэтай кнігі.
Сучасная беларуская філасофія: гісторыя паўставання
З’яўленне нацыянальнага філасофскага дыскурсу, які пачаў фармавацца ўсяго толькі напрыканцы васьмідзесятых гадоў ХХ ст., ёсць адной з самых буйных падзеяў у культурнай гісторыі сучаснай Беларусі.
Без рэфлексіі і самарэфлексіі — як з прычыны быцця, так і з падставы саміх сябе — сапраўдная карціна нашай уласнай сутвы заставалася як бы недапраяўленай і для нас саміх, і для астатняга свету. (Дарэчы, з сітуацыі непрааналізаванасці і неадрэфлексаванасці Беларусі як аб’екту быцця і суб’екту бытнага, мы нядаўна атрымалі шэраг сур’ёзных сацыяльна-палітычных праблем. Бо ў сваіх стратэгіях ды тактыках рэфармавання грамадства пасля развалу СССР зыходзілі не з саміх сябе, якія мы ёсць, а толькі з уяўлення пра сябе на падставе таго, якімі ёсць іншыя...)
Зыходзячы з таго, што адбылося, мы і паспрабуем тут распавесці, як адбывалася і адбылося тое, аб чым сёння ўжо наважваемся казаць: “сучасная беларуская філасофія”. Але ад пачатку я хацеў бы падкрэсліць, што нашая гаворка будзе менавіта пра беларускую філасофію, а не пра філасафаванне ўвогуле, якое ў нас, акрамя як у беларускім, адбываецца і ў расейскім моўна-ментальным модусе. Сваім аб’ёмам апошні відавочна пераважвае ўласнабеларускі, прынамсі, калі звяртаць увагу на фармальны вымер – бальшыня беларускіх кандыдатаў і дактароў філасофскіх навукаў (як і інстытуцыяў, якія яны прадстаўляюць) працуюць у расейскай мове і ў полі праблематык, з’арыентаваных на прыярытэты расейскага інтэлектуалізму. Разам з тым, мы, бадай, не шмат перабольшым, калі скажам, што пры ўсёй сваёй колькаснай перавазе, іх праца, з прычыны яе глыбокай нутраной перыферыйнасці, застаецца, па вялікім рахунку, аднолькава незапатрабаванай як расейскім, так і беларускім мысленнем.
І апошняе, на што, здаецца, не лішне звярнуць увагу перад тым, як перайсці непасрэдна да заяўленай тэмы. Карэл Чапэк неяк сказаў:”Кітаец, які зажадаў бы стварыць кітайскую філасофію, быў бы напэўна добрым кітайцам, але дрэнным філосафам”. Гэтая заўвага Чапэка нагадалася тут дзеля таго, каб падкрэсліць, што мы добра ўсведамляем усю ўмоўнасць такога словазлучэння, як “беларуская філасофія”, і калі кажам пра стварэнне нацыянальнага філасофскага дыскурсу, то акцэнтуем не яго нацыянальную адметнасць, а адметнасць факту яго з’яўлення ў шматвымернай прасторы нацыянальнай культуры.
Не станем сягаць у даўнiя стагоддзi, калi мысленне на прасторы, цяпер пазначанай дзяржаўнымi межамi Рэспублiкi Беларусь, разгортвалася адпаведна з агульнаеўрапейскiмi тэндэн¬цыямi. Ужо хаця б таму, што метадалагiчна яго, бадай, заўсёды будзе досыць няпроста залiчваць да ўласна беларускага: цi то з прычыны iншамоўнасцi, цi то з прычыны адслоненасцi ад Беларусi як яшчэ не выяўленага суб’екту еўрапейскай гiсторыi...
Фармуючы традыцыю беларускага мыслення, мы, безумоўна, не пакiдаем тыя ранейшыя здабыткi па-за нашай увагай, бо і ў Вялікім княстве Літоўскім, і ў Рэчы Паспалітай, гэтаксама, як і ў тадышняй Цэнтральнай Еўропе, філасофія дамінавала не толькі у сістэме адукацыі, але арганізоўвала і рэгламентавала ўсю мыслядзейнасць грамадства. Таму зусім натуральна, што ў рэканструкцыі гісторыі філасофіі мы не прамінаем увагай спадчыну Кірылы Тураўскага, Францішка Скарыны, Казіміра Лышчынскага, Андрэя Волана, наробак Полацкай езуіцкай Акадэміі і Віленскай філасофскай школы. Але рэальна пачатак ужо ўласна беларускага мыслення нам даводзiцца звязваць з “нашанiўскiм” перыядам беларускай гiсторыi, з тагачаснай лiтаратурай, публiцыстыкай, гiстарыяграфiяй, света¬по¬гляд¬нымi рэфлексiямi. Найвялiкiм дасягненнем айчыннага мыслярства той пары мы небеспадстаўна лiчым эсэ Ігната Абдзiра¬ло¬вiча (Канчэўскага) “Адвечным шляхам” (1921 г.) i эсэ Уладзіміра Сулiмы (Самойлы) “Гэтым пераможаш!..” (1924 г.).
На вялікі жаль, неўзабаве аўтэнтычная хада беларускага мыслярства была на дзесяцігоддзі і дзесяцігоддзі перапынена бальшавіцкім гвалтам. Між іншым, нейкім дзіўным чынам гэты гвалт прычыніўся і да інтэлектуальнага заняпаду вольнай ад бальшавікоў Заходняй Беларусі. Прынамсі, нічога роўнавялікага тэкстам Абдзіраловіча ды Сулімы там, як пазней і на эміграцыі, не было створана.
Ёсць досыць распаўсюджанае меркаванне, што чалавеку можна забаранiць усё, нават дыхаць, але нельга забаранiць мыслiць... Магчыма, аднаму асобнаму чалавеку i нельга забаранiць мыслiць сам-насам, але грамадству — можна. Цяпер мы гэта добра ведаем. За камунiстамi беларусам было дазволена пiсаць апавяданнi i раманы, маляваць карцiны i ствараць скульптуры, ставiць спектаклi i спяваць песнi, але нельга было мыслiць...
Беларусам было забаронена мыслiць. Тут карцiць дадаць — самастойна, толькі iнакшага мыслення, акрамя самастойнага, не бывае.
Не станем шмат казаць пра дыялектычны матэрыялiзм — адзiную дазволеную нам форму мыслення, бо рэч не ў тым, добрая цi благая была гэтая форма, а ў тым, што мысленне ў нейкай адной форме ўжо не ёсць iм. I адсюль яго кардынальная адрознасць ад мастацтва i лiтаратуры, якiя могуць быць зацiснуты звонку — цi самi сябе зацiснуць у катух нейкага аднаго метаду (класiцызм, барока, рамантызм, рэалiзм, мадэрнізм, сацрэалiзм...),— i пры гэтым заставацца творнымi, бо эстэтычнаму, каб выявiцца, усё роўна патрэбен нейкi канон, не той дык iншы.
Дзеля ўвідавочання тэзы пра “забарону” згадаю ўсяго адзін факт. За семдзесят год камуністычнага панавання на Беларусі па-беларуску, лічы, нічога не было выдадзена з класікі сусветнага і еўрапейскага мыслення. І гэта пры тым, што ва ўсю тую пару існавалі магутныя выдавецтвы, якія друкавалі даволі замежнай літаратуры самага рознага кшталту. Тое самае адбывалася і ў прасторы шматлікіх часопісаў, альманахаў, газет... — татальнае табу на хоць якія праявы мыслення — як айчыннага, гэтак і замежнага мыслярства.
Адным словам, у ХХ ст. нам было забаронена мыслiць... ад пачатку дваццатых аж да канца васьмідзесятых, да “перабудовы”, калi ўсе забароны неўпрыкмет спарахнелi, а дазволу, каб нават па звычцы закарцела, не было ў каго запытацца.