На гэта Тарквемада ўсклікнуў:
— Добра, хай жа будзе ваша воля і хай даведаюцца ўсе хрысціянскія краіны, як тут, у Каталіцкім Каралеўстве, шануюцца асновы веры. Ісуса ўжо раз прадалі за трыццаць сярэбранікаў. Вашыя Каралеўскія Мосці хочуць прадаць Ісуса другі раз за трыццаць тысяч дукатаў.
Кароль Фердынанд здрыгануўся і шырока разяўленым ротам хапіў паветра.
— Ойча, ты гаворыш з каралевай і каралём.
Падрэ Тарквемада ступіў яшчэ крок наперад, узяў сярэбраны крыж, які стаяў на стале, і падняў яго ўгору.
— Вось Ісус! Бярыце яго і прадавайце.
Назаўтра герольды чыталі на гарадскіх плошчах каралеўскі эдыкт, які абвяшчаў, што па волі каталіцкага каралеўства ўсе неахрышчаныя жыды пад пагрозай сама суровай кары, пакінуўшы ўсю сваю маёмасць, павінны за тры месяцы назаўсёды пакінуць гішпанскую зямлю.
Таго ж самага дня, не папярэдзіўшы ні двор, ні блізкае атачэнне, падрэ Тарквемада выехаў з Севіллі. Вялебны айцец толькі выклікаў пана дэ Мантэса і перадаў яму сваё рашэнне неадкладна выехаць у Сеговію.
Неўзабаве ўзброены рэгімент, акружыўшы карэту Вялікага інквізітара, вырушыў з кляштара Санта Клара. Ужо запаў змрок, і пахолкі паходнямі асвятлялі дарогу сярод пустых заснулых вуліц. Мінуўшы гарадскія муры пры Пуэрта дэль Соль, атрад дамоўнікаў скіраваў трактам на Кордабу.
Ноч была зорная, вельмі спакойная, як на добрую, ясную пагоду. У глыбіні цемры, у сяйве, выплываў вялікі руды месяц.
Падрэ Тарквемада не спаў, маўчаў. Апошнім часам яго ўсё менш і менш гарнула да адпачынку, і ён часта падоўгу, а то і аж да світання праседжваў у самотным чуванні. Спачатку брат Дыега хацеў падтрымаць вялебнага айца, але неўзабаве стома і манатоннае калыханне карэты перамаглі яго добрую волю.
Ноч спакваля раз'яснялася нябесным свяцілам, патушылі паходні, і ўзброены атрад пад мерны тупат коней хутка рухаўся па гладкай раўніне. Брат Дыега, пахіліўшы галаву на плячо, пахропваў. А падрэ Тарквемада ўсё сядзеў і толькі зрэдчасу, нібы ад холаду, падцягваў пад шыю плашч.
Недзе апоўначы, а можа, і пазней падрэ Тарквемада неспакойна заварушыўся і гучна, нібы гаварыў да кагосьці, сказаў:
— А калі памылка ўсё гэта?
Брат Дыега адразу прачнуўся.
— Клікалі мяне, ойча? — спытаўся.
Тарквемада адказаў праз хвіліну:
— Не, мой сыне. Спі спакойна.
Раздзел пяты
Аўтар неаднаразова памянёнай кронікі піша:
«У першай палове верасня года ад нараджэння Госпада Бога нашага тысяча чатырыста дзевяноста восьмага, на шаснаццатым годзе кіравання, г. зн. маючы гадоў семдзесят і восем, Вялікі інквізітар каралеўстваў Кастыліі і Арагон, вялебны айцец Томас Тарквемада, прыехаўшы з горада Таледа, цяжка занядужаў.
Вартыя найбольшага даверу сведкі, асабліва найбліжэйшы давераны Вялікага інквізітара, сакратар Каралеўскай інквізіцыйнай рады айцец Дыега Манэнтэ, дамініканец, пазней інквізітар Сарагосы, у шчаслівыя часы, калі словы пра нядаўнія гістарычныя падзеі мы для памнажэння славы божай запісваем, аднадушна сцвярджаюць, што вялебны айцец Вялікі інквізітар каталіцкага каралеўства, не зважаючы на глыбокія старэчыя гады і падарванае здароўе, пастанавіў задаць сабе клопат падарожжа з Валадоліда ў Таледа і толькі з тою мэтай, каб асабіста выясніць і ў пэўным святле каталіцкай веры высветліць складаную справу нейкага Ларэнца Перэза, рамесніка з Бургіласа.
Калі чалавек, такі святы і знакаміты, надаваў гэтай справе столькі значэння, то і мы не можам збыць яе ў некалькіх словах, на слушны бо маглі б сябе надарыць на папрок, што, захапіўшыся вонкавым бляскам, угоньваемся толькі за слаўнымі падзеямі і ўчынкамі, абмінаючы легкадумным маўчаннем усё тое, што ў здарэннях менш цудоўных сведчыць пра веліч нязбытных праўд. А таму мы ўдзелім працэсу Ларэнца Перэза столькі слоў, колькі таго наша служба ў салодкіх аковах веры вымагае.
Памянёны Ларэнца Перэз, мужчына трыццаці васьмі гадоў, у час, пра які мы распавядаем, быў увязьнены і прыцягнуты да адказнасці перад Святым трыбуналам у Таледа, і гэта ўсё з той прычыны, што з бессаромнай і агіднай яўнасцю, характэрнай для зацятых непапраўных ератыкоў, пашыраў бязбожныя погляды, сцвярджаючы, што нібыта не існуе ніякіх д'яблаў, дэманаў і іншых пякельных стварэнняў, якія былі б здольныя завалодаць чалавечай душой.
Вялебны айцец Тарквемада, атрымаўшы на прагляд паказанні абвінавачанага, палічыў не толькі за карыснае, але нават за неабходнае асабіста справу на месцы даследаваць, і хоць бліжэйшае атачэнне і — як сцвярджаюць відавочцы — нават Іх Каралеўскія Мосці адгаворвалі яго ад падарожжа, такога цяжкага, ён адважыўся на яго, даючы гэтым рашэннем прыклад самаахвярнасці, якое кожны з нас не павінен шкадаваць дзеля патрэб веры.
Паводле сабраных сведчанняў, правільна і з дазволу царквы перапісаных намі з судовых пратаколаў Святой інквізіцыі, памянёны Ларэнца Перэз прызнаў перад Святым трыбучалам даслоўна наступнае:
«Я зведаў у сваім жыцці з сама ранняга дзяцінства так многа згрызот і няшчасцяў, што, калі мой лёс пачаў мне здавацца над усякую меру вартым шкадавання, я ў хвіліну роспачы паклікаў д'ябла, каб ён дапамог мне ў нядолі, ахвяруючы яму ўзамен сваю душу. Выклікаў я яго некалькі разоў, але марна. Д'ябал не з'явіўся. Тады я звярнуўся да аднаго ўбогага чалавека, які лічыўся чараўніком. Ён сказаў мне, што завядзе мяне да адной кабеты, якая ў чарах больш за яго спанатраная, абароцістая і ўпрактыкаваная, хадзілі бо пра яе чуткі, што яна, прымаючы вобраз чорнага казла, патрапляла ў месячныя ночы завабіць на пусткі маладых хлопцаў, пасля чаго тыя, спачатку бессаромна агаліўшыся, таксама ад яе чараў у чорных казлоў ператвараліся, папярэдне намасціўшы сваё цела сліззю рапухі і крумкачовымі выдзяленнямі, а потым усім сполам удзельнічалі ў блюзнерчым набажэнстве, званым чорнай імшой. Я пайшоў да той кабеты. Яна парадзіла мне тры дні падрад хадзіць за вёску на курган Сан-Эстэбан і выклікаць Люцыпара словамі: «Анёле светласці!», кашчуючы на Святую Тройцу і хрысціянскую рэлігію. Я зрабіў усё, што мне тая кабета наказала. Але нічога не ўбачыў. Тады яна дарадзіла мне, каб я выкінуў ражанец, скапулір, а таксама ж каб я сваёй крывёй напісаў вераадступны цырограф. І гэта я зрабіў. Але д'ябал не з'явіўся. І вось, вычарпаўшы ўсе магчымасці, я падумаў, што калі б д'яблы існавалі і калі б было праўдай, што яны змагаюцца за чалавечыя душы, то ім цяжка было б знайсці лепшую нагоду, бо я сапраўды вельмі шчыра прагнуў прадаць сваю душу Люцыпару».
Цяжка ў гэтым месцы не ўсклікнуць хрысціяніну: Божа ўсемагутны, ці ж можна знайсці большае сведчанне д'ябальскага апантання, чым гэта? Сапраўды, д'ябальскія віжоўкі, сатанінскія інтрыгі перш за ўсё грунтуюцца на тым, што ў апантанасці адбіраецца здольнасць распазнаваць непрыяцеля.
І вось, учыняючы такія агідныя жарты з цёмным рамеснікам, вымушаны быў сатана скапітуляваць перад пранікнёнай мудрасцю вялебнага айца Вялікага інквізітара.
Было ўсім вядома, што айцец Тарквемада рэдка калі асабіста вёў следства ератыкоў, абвішвачаных у злачынствах супраць веры, таму што святасць, шырокія тэалагічныя веды і глыбокае пранікненне ў людскія натуры ўкараніліся ў ім так моцна, што ён мог без пахібы разабрацца ў сутнасці кожнай справы толькі па адным абвінаваўчым акце. Мала хто ў такой меры, як ён, разумеў, што лішнія падрабязнасці могуць толькі зацямніць вобраз злачынства, а таксама — і гэта гаварыла за яго вялікі розум, не забываўся ён, што грэх, хай сабе сама мізэрны, ніколі не бывае адасоблены і там, дзе нараджаецца адзін, павінна іх быць больш. На гэты, аднак, раз айцец Тарквемада адступіў ад сваіх правілаў і, не зважаючы на цяжкі стан здароўя і не шкадуючы вялікага напружання думкі, асабіста старшыняваў на пасяджэнні Святога трыбунала і сам задаваў пытанні, каб, нягледзячы на супраціўленне абвінавачанага, дабрацца да самага споду сутнасці праўды.