П. — Усё скажу, Ваша Мосць.
Т. — Шчодрасць божая бязмежная. Хай абвінавачаны назаве Святому трыбуналу імёны і прозвішчы людзей, з якімі быў у змове супраць Іх Каралеўскіх Вялікасцяў і царквы.
П. — Божа!
Т. — Нагадваю абвінавачанаму, што заклік імя божага не ёсць паказанне, якога цярпліва чакае Святы трыбунал.
П. — Ваша Мосць, вялебныя айцы, я ніколі не ўступаў ні ў якую змову.
Т. — Няхай абвінавачаны звернецца да сваёй памяці.
П. — Клянуся, ніколі не быў змоўшчыкам, я просты чалавек. Чаго вы хочаце ад мяне?
Т. — Праўды.
П. — Сатана — носьбіт зла.
Т. — Хто разам з абвінавачаным удзельнічаў у змове супраць Іх Каралеўскіх Вялікасцяў і царквы?
П. — Я не ўдзельнічаў ні ў якай змове, Ваша Мосць. Малю вас, паверце мне. Памыляўся я, нячысты ўблытаў, гэта ён уцягнуў мяне ва ўсё гэта.
Т. — Святы трыбунал, заклапочаны адзіна турботай пра душу абвінавачанага, ахвотна верыць абвінавачанаму.
П. — Дзякую, Ваша Мосць.
Т. — Аднак раней абвінавачаны мусіць даказаць сваю заяву.
П. — Не разумею, Ваша Мосць.
Т. — Абвінавачаны сцвярджае, што не меў ніякіх бунтоўных намыслаў, а таксама не ўваходзіў ні ў якую змову супраць свецкай і духоўнай улады. Якія доказы на карысць слушнасці гэтых слоў абвінавачаны можа прывесці?
П. — Я невінаваты, Ваша Мосць!
Т. — Дык няхай абвінавачаны дасць доказы сваёй невінаватасці.
П. — Ваша Мосць, прысягаю, за ўсё жыццё, ніколі-ніколі, не ўзнікала ўва мне аніводнай бунтоўнай думкі.
Т. — Хвіліну назад абвінавачаны па сваёй волі прызнаў, што вярхоўныя ўлады дзяржавы і царквы вінаватыя за зло, якое так шырока разышлося па зямлі.
П. — Сатана звёў мяне, Ваша Мосць.
Т. — Яшчэ раз паўтараю абвінавачанаму, што Святы трыбунал нічога так не прагне, як паверыць абвінавачанаму. Хай жа абвінавачаны, заклапочаны выратаваннем сваёй душы, дакажа Святому трыбуналу, што сапраўды ніколі не меў мяцежных намыслаў і не ўваходзіў ні ў якую змову.
П. — Клянуся крыжам Госпада нашага Ісуса Хрыста — невінаваты.
Т. — Ці адзіны гэта доказ невінаватасці, які абвінавачаны жадае прывесці?
П. — Чым жа яшчэ я магу даказаць, Ваша Мосць?
Т. — На гэта пытанне няхай адкажа сам абвінавачаны.
П. — (Маўчыць.).
Т. — Ці азначае маўчанне абвінавачанага адмову прывесці Святому трыбуналу пераканаўчыя доказы невінаватасці?
П. — Я не адмаўляюся, Ваша Мосць, але, бадай што, адзін Бог можа засведчыць маю невінаватасць.
Т. — Святы трыбунал з жалем зазначае, што абвінавачаны, насуперак шматлікім заклікам да разумнасці, упарта адмаўляецца прывесці доказы таго, што ён не меў ніякіх мяцежных намыслаў супраць свецкай і духоўнай улады і не ўваходзіў ні ў якую змову, якая мае на мэце пагвалчанне парадку, што пануе ў каралеўстве. Так абвінавачаны сама відавочным чынам засведчыў свае злачынствы. Усім вядома, што любы закон, устаноўлены Каралеўскай Вялікасцю, мае на мэце дбанне пра дабрабыт усіх падданных, Святой жа царкве давераны Госпадам нашым Ісусам Хрыстом клопат пра непагрэшнасць чалавечых душ. Абвінавачаны ж з незвычайна мярзотнай зацятасцю імкнецца аспрэчыць гэты натуральны і спрадвечны парадак, абгаворваючы абедзве ўлады ў нібыта іхняй прыхільнасці да насаджэння зла на зямлі. Нягледзячы на гэта, Святы трыбунал не адмаўляецца ад клопату пра душу абвінавачанага і яшчэ раз узнаўляе сваю спробу, заклікаючы: хай абвінавачаны прызнае ўсю праўду. Абвінавачаны, як гэта ён сам паказаў на першым следстве, не шкадаваў энергіі і намогаў, калі заходзіла пра шашні з сатаной. Ці пацвярджае гэта абвінавачаны?