П. — Так, Ваша Мосць.
Т. — Хто ў Каталіцкім Каралеўстве ўстаноўлівае законы?
П. — (Маўчыць.)
Т. — Каралеўская Вялікасць?
П. — Так, Ваша Мосць.
Т. — І хто яшчэ?
П. — (Маўчыць.)
Т. — Каталіцкая царква?
П. — Так, Ваша Мосць.
Т. — Абвінавачаны прызнаў, што паводле яго сама свядомага меркавання ўсе законы ў Каталіцкім Каралеўстве ўстаноўлены Каралеўскай Вялікасцю і каталіцкай царквой. Ці абвінавачаны пацвярджае гэта?
П. — Так, Ваша Мосць.
Т. — Святы трыбунал сцвярджае, што ў святле сваіх ранейшых прызнанняў абвінавачаны яўна прызнаўся ў змове супраць вярхоўнай свецкай улады і ўлады духоўнай.
П. — Ваша Мосць, я бунтаўнік? Я не бунтаўнік.
Т. — Святы трыбунал абапіраецца на прызнанні абвінавачанага і не верыць у яго цяперашнія галаслоўныя пярэчанні. Абвінавачаны сцвярджаў, што на зямлі існуе зло? Абвінавачаны прызнаў, што сам зведаў шмат зла?
П. — Так, Ваша Мосць, я сказаў гэта.
Т. — Не сатана, на думку абвінавачанага, спраўца зла, бо сатана, паводле слоў абвінавачанага, не існуе. Усемагутнага Бога таксама абвінавачаны не дакарае за зло на зямлі. Хто ж тады, на думку абвінавачанага, можа быць спраўцам зла, калі не тыя, што ўстаноўліваюць законы?
П. — (Маўчыць.)
Т. — Святы трыбунал канстатуе, што абвінавачаны Перэз, абвінавачаны ў цяжкіх грахах ерасі і адступніцтве ад асноў каталіцкай веры, паказаў пад час следства асабліва бунтоўныя думкі, сцвярджаючы, што за зло, якое існуе на зямлі, адзіную і выключную адказнасць нясе свецкая і духоўная ўлада.
П. — Ваша Мосць, прысягаю, што ніколі так не думаў.
Т. — Значыцца, Святы трыбунал хлусіць?
П. — (Маўчыць.)
Т. — Падазраючы Святы трыбунал у хлусні, абвінавачаны тым самым пацвярджае свае прызнанні пра бунтоўныя намыслы.
П. — Ваша Мосць, прызнаюся.
Т. — У чым абвінавачаны прызнаецца?
П. — Памыляўся, Ваша Мосць, дазволіў звесці сябе глупству і несвядомасці, але бажуся, я не мяцежнік і ніколі ім не быў. Я веру ў існаванне сатаны, ён — носьбіт ліха, усякага ліха.
Т. — Святы трыбунал не мае ніякіх падстаў верыць у шчырасць гэтай заявы. Ці ведае абвінавачаны, што бунт супраць Каралеўскай Вялікасці караецца смерцю?
П. — Ведаю, Ваша Мосць, але я не мяцежнік. Памыляўся, прызнаюся. Вялікі гэты грэх мой. Веру ў сатану, і ён — носьбіт зла.
Т. — Святы трыбунал не можа верыць абвінавачанаму, бо яго цяперашняя заява прадыктаваная не так шчырым раскаяннем, як усведамленнем кары, якая яго чакае. Адно толькі можа ўратаваць абвінавачанага — сказаць Святому трыбуналу ўсю праўду.
П. — Божа праведны, я кажу праўду!
Т. — Няхай абвінавачаны адкіне свае страхі. Святы трыбунал на тое і існуе, каб выводзіць аблуднікаў на правільную дарогу. На жаль, Святы трыбунал не зможа ўратаваць абвінавачанага, калі абвінавачаны сам сябе ратаваць не хоча. Абвінавачаны мусіць сказаць усю праўду.